Новости События Общее

Лекция "Научные основы методики развития речи"

07-12-2020 Лекции
У змесце лекцыі ўвага звяртаецца на асаблівасці маўлення як часткі культуры чалавека, вылучаюцца прынцыпы развіцця маўлення, патрабаванні да вуснага і пісьмовага маўлення

Навуковыя асновы методыкі развіцця маўлення

Адным з важнейшых паказчыкаў узроўню культуры чалавека, яго мыслення, інтэлекту з’яўляецца маўленне. Упершыню ўзнікаючы ў раннім дзяцінстве ў выглядзе асобных слоў, якія не маюць яшчэ выразнага граматычнага афармлення, яно паступова ўзбагачаецца і ўскладняецца. Развіццё маўлення — канчатковая мэта і асноўны сродак навучання беларускай мове ў школе.

Тэрмін ‹‹маўленне›› неаднастайна тлумачыцца вучонымі-лінгвістамі, метадыстамі, псіхолагамі і псіхалінгвістамі. У лінгваметодыцы маўленнем называюць дзейнасць чалавека, які выкарыстоўвае мову ў мэтах зносін, выражэння эмоцый, афармлення думкі, пазнання навакольнага свету, для планавання сваіх дзеянняў. Метадысту вельмі важна ведаць, што ўяўляе сабой маўленне як від дзейнасці, як адбываецца працэс стварэння і ўспрымання выказвання.

Аб’ектам даследаванняў метадыстаў з’яўляецца маўленне як прадмет навучання, менавіта таму яны звычайна гавораць пра ‹‹развіццё маўлення››. Абапіраючыся на звесткі з псіхалогіі і лінгвістыкі, метадысты распрацоўваюць пытанне аб тым, чаму і як трэба вучыць дзяцей, каб навучыць іх паўнацэнным зносінам з людзьмі. У методыцы прынята гаварыць пра працу па развіцці маўлення навучэнцаў, гэта значыць, пра дзейнасць настаўніка, якая накіравана на выпрацоўку і ўдасканальванне вуснага і пісьмовага маўлення дзяцей.

Паколькі маўленне — грамадская з’ява, яно разглядаецца як частка культуры, адзін з яе кампанентаў. Праца па культуры моўных зносін дазваляе дзецям не толькі авалодаць спосабамі камунікацыі, выражэння думак (пачуццяў), але і спасцігнуць нацыянальную культуру. Выхаванне гарманічнай асобы немагчыма без выхавання высокай маўленчай культуры.

Пры асваеннні культуры роднага маўлення чалавек мае чатыры важныя арыенціры:

1) сукупнасць норм літаратурнай мовы;

2) сукупнасць этычных установак свайго народа;

3) сукупнасць мэтаў і абставінаў зносін;

4) нацыянальнае ўяўленне пра прыгажосць маўлення.

Адпаведна вылучаюцца моўны, этычны, камунікатыўны і эстэтычны кампаненты культуры маўлення.

У сучаснай лінгваметодыцы абгрунтоўваюцца наступныя прынцыпы методыкі развіцця маўлення:

1) прынцып адзінства і ўзаемасувязі развіцця мовы, маўлення і мыслення;

2) прынцып узаемасувязі развіцця вуснага і пісьмовага маўлення;

3) прынцып актыўнай камунікацыі;

 4) прынцып апоры на тэкст у яго жанрава-стылявой разнастайнасці;

5) прынцып сувязі развіцця маўлення з вывучэннем лінгвістычнага матэрыялу і з вывучэннем літаратуры.

Развіццё маўлення грунтуецца на тэорыі маўленчай дзейнасці (Л. С. Выгоцкі), на тэорыі паэтапнага фарміравання разумовых дзеянняў (П. Я. Гальперын), на звестках з псіхалінгвістыкі пра суадносіны сістэмы мовы і моўнай здольнасці чалавека (А. А. Лявонцьеў), на тэорыі фарміравання моўнай асобы (Ю. М. Караулаў). Каб эфектыўна навучаць маўленчай дзейнасці, настаўнік павінен мець элементарнае ўяўленне пра механізмы маўлення (М. І. Жынкін), пра структуру маўленчай дзейнасці..

У аснове сучаснай методыкі развіцця маўлення ляжаць тэорыя маўленчай дзейнасці і лінгвістыка тэксту.

Палажэнні тэорыі маўленчай дзейнасці

Асноўныя палажэнні тэорыі маўленчай дзейнасці коратка фармулююцца так:

1. Маўленне — асобы від псіхічнай дзейнасці чалавека,мэтай якой ‑ зносіны паміж людзьмі. Зносіны — абавязковая ўмова і ў той жа час вынік існавання чалавечага грамадства. Адрозніваюць тры бакі працэсу зносін: камунікатыўны аспект, пазнаваўча-дзейсны і разуменне іншай асобы. Прычым камунікатыўны, па словах Ю. М. Караулава, ацэньваецца ў якасці родавага і пакрывае іншыя аспекты.

2. Маўленне як асобы від псіхічнай, інтэлектуальнай дзейнасці непарыўна звязана з мысленнем і з’яўляецца сродкам фарміравання і фармулявання думкі пры дапамозе мовы. Псіхалагічнай асновай маўлення служыць думка і ўмовай яго развіцця з’яўляецца ўзбагачэнне думкі. Толькі на аснове развітай сістэмы паняццяў, на аснове авалодання сістэмай разумовых дзеянняў магчыма паспяховае развіццё маўлення. У адцягненым мысленні важная роля належыць паняццям, у якіх абагульнены істотныя ўласцівасці з’яў рэальнага свету. Паняцці ж абазначаюцца словамі (або словазлучэннямі). Веданне слова (словазлучэння), якое абазначае паняцце, дазваляе чалавеку аперыраваць гэтым паняццем на ўзроўні знешняга маўлення (у значнай ступені і на ўзроўні ўнутранага), гэта значыць, ажыццяўляць паняційнае мысленне. Такім чынам, маўленне развіваецца на аснове мыслення. Разам з тым, развіццё маўлення спрыяе фарміраванню думкі, удасканальвае яе. У гэтым праяўляецца дыялектычная ўзаемасувязь развіцця мыслення і маўлення ў працэсе школьнага навучання.

Добра развітае маўленне — адзін з важнейшых сродкаў актыўнай дзейнасці чалавека ў сучасным грамадстве, а для вучня — сродак паспяховага навучання ў школе. З дапамогай мовы на працягу адносна хуткага часу чалавек засвойвае асноўныя веды, якія назапасілі людзі за тысячагоддзі, а потым пачынае рабіць новыя адкрыцці. Так працэс пазнання становіцца неабарачальным і пастаянна паскараецца. Такім чынам, маўленне — спосаб пазнання рэчаіснасці. З аднаго боку, багацце мовы ў значнай ступені залежыць ад узбагачэння дзіцяці новымі ўяўленнямі і паняццямі; з другога — добрае валоданне мовай, маўленнем спрыяе паспяховаму пазнанню складаных сувязей у прыродзе і ў жыцці грамадства.

3. Маўленне не існуе дзеля маўлення. Маўленчая дзейнасць уключана ў агульную дзейнасць чалавека (камунікатыўную, пазнаваўчую, эстэтычную, фізічную). А. А. Лявонцьеў заўважае: «З адным маўленнем чалавеку рабіць няма чаго — яно не самамэта, а сродак, прылада, хоць і можа па-рознаму выкарыстоўвацца ў розных відах дзейнасці». Такім чынам, прыняты ў методыцы тэрмін «развіццё маўлення» не адлюстроўвае ў поўным аб’ёме істотных характарыстык апошняга пры навучанні маўленчай дзейнасці. Больш дакладна адлюстроўвае змест працы па навучанні дзяцей маўленчай дзейнасці тэрмін «навучанне маўленчым зносінам», які апошнім часам выкарыстоўваюць у методыках выкладання беларускай і рускай моў. Тут на першы план ставіцца паняцце «зносіны», здольнасць да іх — важны кампанент асобы чалавека.

Каб мець паўнацэнныя зносіны, чалавек павінен умець

1) хутка і правільна арыентавацца ва ўмовах зносін;

2) правільна спланаваць сваё маўленне, выбраць змест акта зносін;

3)знайсці адэкватныя сродкі для перадачы зместу;

4) забяспечыць адваротную сувязь.

Калі якое-небудзь са звенняў акта зносін будзе парушана, то яны будуць неэфектыўнымі. Навучаць маўленню — значыць вучыць дзіця маўленчым зносінам. Аднак па традыцыі мы карыстаемся тэрмінам «развіццё маўлення», але ўкладваем у яго больш шырокі сэнс: навучанне маўленчай дзейнасці, маўленчым зносінам на беларускай мове.

4. Маўленчая дзейнасць праходзіць чатыры фазы:

Ι) матыў дзейнасці, мэтавая ўстаноўка;

ΙΙ) арыентацыя ва ўмовах дзейнасці і планаванне;

ΙΙΙ) рэалізацыя яе ў канкрэтных дзеяннях і аперацыях;

ΙV) кантроль.

Каб стварыць аптымальныя ўмовы для працы па развіцці маўлення вучняў, трэба ўлічваць названыя асаблівасці маўленчай дзейнасці, а таксама яе структуру. Маўленчая дзейнасць прадугледжвае моўную кампетэнцыю, гэта значыць, веданне сістэмы мовы, правілаў, моўнага матэрыялу. Тут маюцца на ўвазе гукавы лад мовы, лексіка, граматыка, на аснове вывучэння якіх выпрацоўваюцца лексічныя, граматычныя і вымаўленча-інтанацыйныя навыкі.

Валоданне правіламі мовы складае аснову маўленчай дзейнасці (або здольнасці) чалавека, але яе не вычэрпвае. Навучанне маўленню павінна арыентавацца не толькі на сістэму мовы, але і на правілы маўленчых паводзін. Веданне гэтых правілаў звязана ўжо з камунікатыўнай кампетэнцыяй чалавека — уменнем выбраць моўныя сродкі, якія найбольш падыходзяць у адпаведнасці са зместам выказвання і ўмовамі зносін. Да ўмоў зносін належаць сфера зносін, тэма, камунікатыўная задача, сітуацыя зносін, камуніканты. Камунікатыўная кампетэнцыя праяўляецца на ўзроўні маўленчых уменняў: аўдзіравання, гаварэння, чытання і пісьма.

Умовы фарміравання і развіцця маўленчай дзейнасці

Асаблівасці маўленчай дзейнасці вызначаюць асноўныя ўмовы яе фарміравання і развіцця. Стварэнне ў вучняў станоўчых матываў да авалодання мовай. Матывы могуць быць бліжэйшымі (цікаўнасць, цікавасць да новых слоў, выкарыстанне беларускай мовы ў зносінах з равеснікамі для ўдзелу ў гульнях, як сродку самавыражэння, для разумення тэле-, радыёперадач на беларускай мове, для зносін у розных жыццёвых сітуацыях) і перспектыўнымі (ведаць мову, каб чытаць кнігі беларускіх аўтараў, каб мець зносіны з людзьмі ў сферы прафесійнай дзейнасці).

  1. Матыў маўлення ўзнікае ў дзяцей пры наяўнасці эмоцый, звязаных з яркімі ўражаннямі, цікавасцю да працы, якую прапануе настаўнік. У аснове выказвання вучня павінен ляжаць непасрэдны маўленчы матыў, гэта значыць, жаданне паведаміць іншым пра свае ўражанні ад убачанага, перажытага. Іменна ён нараджаецца сітуацыяй жывых зносін з дзецьмі. У працэсе такіх зносін выказванні школьнікаў павінны быць свабоднымі па форме.
  2. Праца па развіцці маўлення патрабуе разнастайных прыёмаў і сродкаў. У працэсе заняткаў шматразова змяняюцца вучэбная сітуацыя і матывы маўлення. Вучні то выказваюцца свабодна, то выконваюць заданне, якое накіроўвае ў строгае рэчышча іх маўленчую дзейнасць. У працы па развіцці маўлення неабходна спалучаць і тое, і другое.
  3. Трэба забяспечыць развіццё разумовай дзейнасці вучняў, таму што маўленне цесна звязана з мысленнем. Гэта неабходна для таго, каб дзіця вучылася думаць, параўноўваць, абагульняць, рабіць вывады, каб у яго ўзніклі думкі і каб яно захацела падзяліцца імі з настаўнікам.
  4. Неабходна памятаць, што мова засвойваецца не толькі свядомасцю, але і праз пачуцці, эмацыянальную сферу. Калі слова яркае, выразнае, яно прыцягвае міжвольную ўвагу вучняў, лепш запамінаецца. Узорная мова, якая ўздзейнічае не толькі на думкі, але і на пачуцці дзяцей, — залог поспеху навучання маўленню.
  5. Развіццё маўлення дзяцей характарызуецца не проста перайманнем узораў маўлення дарослага, іх запамінаннем, а развіццём у дзіцяці моўных абагульненняў і элементарнага асэнсавання ім моўных з’яў. Веданне правілаў вымаўлення гукаў, веданне слоў і правілаў пабудовы сказаў, тэкстаў — неабходная аснова развіцця маўлення.

Патрабаванні да вуснага і пісьмовага маўлення школьнікаў

У першыя гады дзіця само “займаецца” развіццём маўлення, ловячы і асэнсоўваючы кожнае слова, уводзячы яго ў сказ. Аднак да школы дзіця засвойвае маўленчыя сродкі практычна. У сувязі з гэта вучням патрэбны не толькі ўзоры маўлення, але і маўленчае асяроддзе, бо калі няма ўмоў для зносін з дарослымі і адагодкамі, дзіця ў агульным развіцці значна адстане.

1. Адно з найважнейшых у сістэме навучання маўленню – патрабаванне змястоўнасці маўлення (вуснага і пісьмовага). Настаўнік дапамагае адабраць і падрхтаваць матэрыял у адпаведнасці з тэмай, прывучае іх гаварыць і пісаць змястоўна, расказваць толькі пра тое, што добра вядома.

2.Не менш важнае патрабаванне – лагічнасць маўлення. Добрае разуменне таго, што вучань гаворыць ці піша, дапамагае яму не прапускаць істотнага, важнага, лагічна пераходзіць ад адной часткі да другой. Лагічнасць маўлення заключаецца ў паслядоўным выкладзе думак, дакладнай будове маўлення. (выкладаць думкі ў адпаведнасці з планам, не паўтарацца, не дапускаць у выказванні супярэчнасцей).

3.Правільнасць маўлення. Вучні адказваюць на пытанні, пераказваюць, выступаюць перад класам, захоўваючы пра гэтым нормы літаратурнага вымаўлення, граматычныя нормы (будова сказаў, ужыванне форм слоў), а пры пісьме – арфаграфічныя і пунктуацыйныя нормы.

4.Дакладнасць маўлення забаспечваецца ўменнем перадаваць факты. Пачуцці, настрой у адпаведнасці з рэчаіснасцю, адборам неабходных выяўленчых сродкаў – слоў, словазлучэнняў, сказаў, якія ярка, вобразна, па-мастацку перадаюць тое, пра што збіраецца гаварць ці пісаць вучань. Дакладнасць патрабуе багацця і разнастайнасці маўленчых сродкаў, якія адпавядаюць зместу выказвання.

5.Маўленне павінна быць ясным, даступным усім, да каго звернута. Яснасць залежыць ад многіх умоў: паўнаты і пасляоўнасці выкладу думкі, правільнай будовы сказаў. Яснасць выказвання часам парушаецца ад непатрэбнага ўжывання тэрмінаў, цытат, “прыгожых” слоў.

6.Выразнасць маўлення – гэта ўменне ярка, упэўнена, коратка выказваць думкі з дапамогай інтанацыі, лагічнага націску, тэмпу, пабудовы фразы, адбору слоў, фактаў.

 

задание УМК

Похожие публикации


Система классного белорусского литературного чтения в начальной школе

19-03-2020 Лекции
Адукацыйнае, развіццёвае і выхаваўчае значэнне ўрокаў літаратурнага чытання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Заканамернасці і прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў
задание УМК
подробнее

Факультативные занятия метапредметной и воспитательной направленности

19-03-2020 Лекции
Цель, задачи, подходы к организации факультативных занятий общеразвивающей и воспитательной направленности на первой ступени общего среднего образования
УМК
подробнее