Навучанне пісьму ў перыяд навучання грамаце
Мэта і задачы навучання пісьму
Навучанне першапачатковаму пісьму ў І класе ажыццяўляецца паралельна з навучаннем чытанню. Урокі пісьма праводзяцца на матэрыяле пропісяў: “Пропісь 1”, “Пропісь 2”, “Пісьмо”.
Асноўная мэта навучання пісьму – фарміраванне выразнага, разборлівага, дастаткова прыгожага пісьма, якое з’яўляецца неад’емнай прыметай культуры пісьмовых зносін.
З мэтай захавання здароўя вучняў выключаецца патрабаванне абавязковага безадрыўнага напісання літар, складоў і слоў. У час пісьма дзіцяці неабходны чаргаванні напружанняў і расслабленняў. Вучань мае права рабіць невялікія паўзы пасля прапісвання асобных элементаў, літар і складоў. Гэта дае магчымасць своечасова зняць мускульнае напружанне рукі і цела.
У перыяд навучання грамаце вырашаюцца наступныя асноўныя задачы:
- Навучыць правільна сядзець вучняў за партай, трымаць ручку (аловак) у руцэ, размяшчаць сшытак (пропісь) на парце.
- Навучыць асэнсоўваць слова, якое ўспрымаецца на слых і зрокава, вылучаць у ім гукі, абазначаць гукі літарамі.
- Навучыць пісаць усе літары, правільна злучаць іх паміж сабой у словах, пры гэтым захоўваць вышыню і шырыню, нахіл; адпрацоўваць рытмічнасць і плаўнасць пісьма.
- Навучыць правільна спісваць літары, склады, словы і кароткія сказы з пісьмовага і рукапіснага шрыфтоў.
- Навучыць пісаць пад дыктоўку словы, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем, і кароткія сказы з такіх слоў.
- Развіваць маўленне і мысленне вучняў.
У падрыхтоўчы (дабукварны) перыяд навучання грамаце ажыццяўляецца:
- Выпрацоўка правільнай паставы вучня. Засваенне правіл размяшчэння сшытка на парце. Выпрацоўка ўмення трымаць ручку (аловак) у руцэ.
Правілы пасадкі падчас пісьма.
У час пісьма вучань павінен сядзець прама. Тулава не павінна дакранаецца да краю парты, але і не быць далёка ад яе (адлегласць ад жывата дзіцяці да парты – шырыня далоні). Спіна пры гэтым абапіраецца на спінку крэсла. Плечы павінны быць на аднолькавай вышыні. Галаву неабходна нахіліць крыху ўніз. Локці павінны крыху выступаць за край парты і знаходзіцца на невялікай адлегласці ад тулава. Ногі сагнутыя пад прамым вуглом стаяць паралельна і цвёрда абапіраюцца на падлогу або спецыяльную падстаўку.
Правільная пасадка патрэбна не толькі для фарміравання почырку, але і для захавання здароўя, правільнага развіцця арганізма вучня.
Правілы размяшчэння сшытка на парце.
Сшытак павінен ляжаць пад вуглом. Левы край сшытка знаходзіцца на ўзроўні сярэдзіны грудзі (для вучняў, якія пішуць левай рукой, – левы верхні край павінен быць вышэй, ніжні правы – ніжэй). Сшытак перамяшчаецца ўверх па меры запаўнення старонкі. Тое, што вучань піша, знаходзіцца насупраць сярэдзіны грудзі. Край сшытка не павінен выступаць за край парты, каб не загінацца.
Правільнае размяшчэнне ручкі ў руцэ.
Трымаць ручку трэба трыма пальцамі правай рукі: вялікім, указальным і сярэднім. Ручка павінна ляжаць на левым баку сярэдняга пальца; указальны палец прытрымлівае ручку зверху; вялікі палец – з левага боку. Усе тры пальца крыху сагнутыя і не сціскаюць ручку моцна. Два астатнія пальцы падгінаюцца і служаць апорай пры пісьме. Адлегласць ад кончыка стрыжня да ўказальнага пальца каля 2 см. Верхняя частка ручкі накіравана да правага пляча. У час пісьма рука абапіраецца на мезенец.
Вучні, якія пішуць левай рукой, трымаюць ручку трыма пальцамі левай рукі: вялікім, указальным і сярэднім. Ручка павінна ляжаць на правым баку сярэдняга пальца, указальны палец прытрымлівае ручку зверху, вялікі палец – з правага боку. Адлегласць ад кончыка стрыжня да ўказальнага пальца крыху большая (каля 3-4 см). Верхняя частка ручкі накіравана да левага пляча.
- Падрыхтоўка рукі дзіцяці да пісьма: расфарбоўка, маляванне ўзораў, абвядзенне па контуры, штрыхоўка ў розных напрамках.
- Знаёмства с асноўнымі элементамі літар. Напісанне элементаў літар, іх злучэнне.
У асноўны (букварны) перыяд навучання грамаце ажыццяўляецца:
- Знаёмства з напісаннем усіх вялікіх і малых літар, асноўнымі тыпамі іх злучэнняў. Выпрацоўка звязнага і рытмічнага напісання літар і іх злучэнняў у словах, правільнае суаднясенне літар па велічыні, нахілу, раўнамернае размяшчэнне літар і слоў у радку.
- Засваенне алгарытму спісвання. Спісванне слоў і сказаў з узораў (пісьмовых і друкаваных) з арфаграфічным прагаворваннем. Праверка напісанага праз параўнанне з узорам.
- Засваенне алгарытму пісьма пад дыктоўку. Пісьмо пад дыктоўку літар, складоў і слоў, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем.
- Знаёмства з афармленнем сказа на пісьме: вялікая літара ў пачатку сказа, кропка ў канцы яго. Прапедэўтычнае знаёмства з арфаграфічнымі правіламі: вялікая літара ў пачатку сказа, у імёнах і прозвішчах людзей, мянушках жывёл, назвах гарадоў, вёсак, краін, рэк, азёр. Звяртаецца ўвага на словы, напісанне якіх разыходзіцца з вымаўленнем (словы з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі).
- Фарміраванне ўмення пераводзіць друкаваны тэкст у пісьмовы.
- Замацаванне і ўдасканаленне прадуктыўных спосабаў чытання слоў і сказаў. Чытанне пісьмовага тэксту.
- Удасканальванне работы маўленчага апарату вучняў, навыкаў склада-гукавога аналізу слоў, развіццё вуснага маўлення.
У заключны (паслябукварны) перыяд навучання грамаце ажыццяўляецца:
- Замацаванне асноўных гігіенічных патрабаванняў да пісьма.
- Удасканальванне навыку пісьма, замацаванне графічна правільных напісанняў літар і спосабаў злучэння іх у слове.
- Удасканальванне ўмення правільна (без пропускаў і перастановак літар і складоў) спісваць невялікія тэксты з дошкі і падручніка; пісаць пад дыктоўку словы, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем.
- Практычнае прымяненне наступных правіл: правапіс вялікай літары ў імёнах і прозвішчах людзей, мянушках жывёл, назвах гарадоў, вёсак, краін, рэк, азёр; афармленне сказа на пісьме (вялікая літара ў пачатку, кропка ў канцы сказа). Падзел слоў на склады, перанос слоў па складах.
Элементы арфаграфіі ў перыяд навучання грамаце
Асновы арфаграфіі закладваюцца ў перыяд навучання грамаце адначасова з фарміраваннем графічнага навыку.
На ўроках пісьма навучэнцы вучацца:
- суадносіць літары і гукі – спачатку, у пазіцыях, дзе напісанне не разыходзіцца з вымаўленне, а потым і ў пазіцыях несупадзення гука і літары (словы з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі);
- ужываць вялікую літару ў пачатку сказа, у імёнах і прозвішчах людзей, клічках жывёл, назвах гарадоў, вёсак, краін, рэк, азёр;
- асобна пісаць словы ў сказе;
- пераносіць словы з аднаго радка на другі на аснове складападзелу з улікам некаторых абмежаванняў (адну літару нельга пераносіць і пакідаць на радку; літары й, ў, ь нельга адрываць ад папярэдняй літары).
У перыяд навучання грамаце праводзіцца работа па фарміраванні арфаграфічнай зоркасці: вучні практыкуюцца ў выкананні частковага гука-літарнага аналізу слоў у вуснай форме; прыцягваецца ўвага дзяцей да напісанняў, якія разыходзяцца з вымаўленнем не толькі падчас пісьма, але і пры чытанні слоў у буквары.
У вучняў фарміруюцца элементарныя навыкі самаправеркі – важны этап у алгарытме спісвання, які засвойваюць першакласнікі. Вучні абавязкова параўноўваюць свой запіс з прапанаваным узорам.
Падрыхтоўчая работа перад пісьмом, сістэматычная самаправерка напісанага, назіранне над арфаграфіяй чытаемых слоў, сказаў, тэкстаў садзейнічае паступоваму фарміраванню арфаграфічнай зоркасці.
У І класе прымяняюцца такія віды арфаграфічных практыкаванняў, як спісванне і пісьмо пад дыктоўку.
Навучанне спісванню
Вучыць першакласнікаў спісванню неабходна сістэматычна, пачынаючы з букварнага перыяду навучання грамаце. Знаёміць з правіламі спісвання вучняў трэба пры запісе першага слова ў пропісі.
Поўны алгарытм спісвання можа быць наступным:
- Прачытай слова.
- Закрый узор. Паўтары слова па памяці.
- Адкрый узор. Пастаў у слове націск, падкрэслі “небяспечнае” месца (калі яно ёсць).
- Закрый узор. Паўтары слова па памяці.
- Запішы слова. Дыктуй сам сабе па складах.
- Правер. Прачытай свой запіс па складах.
- Падкрэслі алоўкам “небяспечнае” месца (калі яно ёсць).
- Адкрый узор. Параўнай з узорам.
Калі сказ, які прапаноўваецца для запісу вялікі, і вучань не можа яго запомніць, ён разбіваецца на часткі. Кожная частка адпрацоўваецца асобна па памятцы.
На першапачатковым этапе навучання выкарыстоўваецца толькі поўны алгарытм спісвання, які засвойваецца вучнямі пад непасрэдным кіраўніцтвам настаўніка. У ІІ класе, калі вучні засвоілі поўны алгарытм спісвання, уводзіцца скарочаны алгарытм:
1. Прачытай сказ і паўтары яго па памяці.
2. Прачытай сказ яшчэ раз так, як ён запісаны.
3. Прагаворвай сабе кожнае слова падчас запісу.
4. Правер напісанае: уважліва прачытай кожнае слова.
5. Адкрый узор і параўнай напісанае з узорам.
Навучанне пісьму пад дыктоўку
У І класе для запісу пад дыктоўку прапануюцца літары, склады, словы, у якіх напісанне не разыходзіцца з вымаўленнем, і невялікія сказы з такіх слоў.
Запіс пад дыктоўку літар праводзіцца праз гульню “Гук – літара” (В. І. Цірынава). Сутнасць гульні: настаўнік называе гукі, вучні абазначаюць гукі адпаведнымі літарамі на пісьме. Мяккія зычныя гукі ў гульні не выкарыстоўваюцца.
Паслядоўнасць дзеянняў:
- Настаўнік выразна вымаўляе гук.
- Вучні паўтараюць яго хорам.
- Настаўнік прапануе заданне: абазначыць гук літарай і запісаць яе.
- Вучні запісваюць літару з прагаворваннем (вымаўляюць адпаведны гук).
- Самаправерка напісанага. Пасля запісу ўсіх літар настаўнік паўтарае ўсе гукі. Вучні правяраюць ці правільна абазначылі іх літарамі. Пры неабходна выпраўляюць памылкі.
Паслядоўнасць дзеянняў пры запісе пад дыктоўку складоў:
- Настаўнік выразна вымаўляе склад.
- Вучні паўтараюць яго хорам.
- Вучні запісваюць склад з прагаворваннем.
- Самаправерка напісанага. Вучні чытаюць усе запісаныя склады і падкрэсліваюць літары галосных гукаў.
- Настаўнік называе склады. Вучні яшчэ раз правяраюць правільнасць запісу. Пры неабходна выпраўляюць памылкі.
Паслядоўнасць дзеянняў пры запісе пад дыктоўку слоў:
- Настаўнік вымаўляе слова.
- Вучні паўтараюць яго хорам.
- Вучні вымаўляюць слова па складах, выдзяляючы націскны склад.
- Вучні запісваюць слова, прагаворваючы яго па складах.
- Самаправерка напісанага. Вучням можна прапанаваць паставіць у слове націск.
- Настаўнік называе слова. Вучні яшчэ раз правяраюць правільнасць запісу. Пры неабходна выпраўляюць памылкі.
Паслядоўнасць дзеянняў пры запісе пад дыктоўку сказаў:
- Настаўнік чытае сказ для азнаямлення.
- Настаўнік чытае сказ, выразна прагаворваючы кожнае слова.
- Вучні хорам вымаўляюць кожнае слова ў сказе так, як будуць запісваць.
- Вучні запісваюць сказ, прагаворваючы кожнае слова па складах.
- Самаправерка напісанага.
- Настаўнік чытае сказ. Вучні яшчэ раз правяраюць свой запіс. Пры неабходна выпраўляюць памылкі.
Прынцыпы навучання пісьму
Фарміраванне навыку пісьма ажыццяўляецца на аснове сукупнасці разнастайных прынцыпаў: агульнадыдактычных і прынцыпаў, якія вылучаюць з улікам спецыфікі фарміравання графічнага навыку.
Прынцып свядомасці. Вельмі важна, каб фарміраванне графічнага навыку было свядомым. Усе тлумачэнні настаўнікі павінны быць зразумелыя вучням. Напрыклад, вучні павінны ведаць, у якім парадку пішацца тая ці іншая літара, як правільна злучаць літары падчас пісьма і інш. Некаторыя веды аб працэсе пісьма становяцца для вучняў правіламі (напрыклад, пасадка падчас пісьма, палажэнне і перамяшчэнне сшытка на парце, размяшчэнне ручкі ў руцэ пры пісьме).
Прынцып нагляднасці забяспечваецца дэманстрацыяй настаўнікам працэсу пісьма на дошцы і ў пропісях (сшытках) вучняў, выкарыстаннем пропісяў, табліц і іншых наглядных дапаможнікаў. Навучанне пісьму павінна суправаджацца не толькі вуснымі каментарыямі настаўніка, але і дэманстрацыяй узорнага напісання літар (складоў, слоў). Адзін з асноўных шляхоў фарміравання выразнага почырку вучняў – перайманне почырку настаўніка і капіраванне ўзорнага пісьма.
Прынцып паўторнасці рэалізуецца ў працэсе шматразовага выканання практыкаванняў. Навык пісьма аўтаматызуецца, замацоўваецца і ўдасканальваецца ў працэсе выканання практыкаванняў. Важна памятаць, што калі практыкаванне ператвараецца проста ў паўторнае выкананне, без аналізу напісанага, без параўнання з узорам і выпраўлення памылак, то яно становіцца механічным і малаэфектыўным. Таму практыкаванні павінны быць свядомымі, разнастайнымі і эфектыўнымі.
У працэсе фарміравання графічных навыкаў неабходна ўлічваць фізіялагічныя і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Для дзяцей 6-7 гадоў працэс пісьма з’яўляецца складаным, таму пры навучанні пісьму важна кіравацца прынцыпам даступнасці і пасільнасці, які мае на мэце паступовае нарастанне цяжкасцей, пераход ад простага да складанага. На ўроках навучання пісьму вучні спачатку практыкуюцца ў выкананні падрыхтоўчых практыкаванняў (размалёўванне, маляванне ўзораў, абводка па контуры, штрыхоўка), затым практыкуюцца ў напісанні асноўных элементаў літар, потым знаёмяцца з напісаннем літар, практыкуюцца ў запісе спалучэнняў літар, слоў, сказаў. Асаблівасці развіцця арганізма дзіцяці ўлічваюцца пры дазіроўцы колькасці пісьмовых практыкаванняў і хуткасці іх выканання.
Прынцып уліку індывідуальных асаблівасцей прадугледжвае ацэнку здольнасцей кожнага вучня да пісьма. Настаўнік павінен заўважаць адхіленні ў маторыцы вучняў (дрыжанне пальцаў, падрыгванне рукі падчас пісьма і інш.), улічваць асаблівасці зроку (блізарукасць, дальназоркасць) і г. д. У працэсе навучання пісьму неабходна звяртаць увагу на пасадку вучняў, размяшчэнне ручкі ў руцэ, пропісі (сшытка) на парце, адзначаць хуткасць пісьма, фіксаваць складанасці ў засваенні напісання літар вучнямі. Усё гэта дасць магчымасць правільна арганізаваць працу, падабраць дадатковыя індывідуальныя практыкаванні, а таксама даць канкрэтныя парады бацькам.
Спецыфічным лічыцца прынцып сумеснага навучання чытанню і пісьму, які ўпершыню быў уведзены К. Д. Ушынскім. Гэты прынцып апраўдаў сябе ў практыцы навучання і паспяхова рэалізуецца ў цяперашні час: навучанне чытанню і пісьму адбываецца адначасова.
Метадычныя прыёмы навучання пісьму
Прыём аналізу формы літар прымяняецца з мэтай вылучэння зрокавых элементаў у літары. Аналіз формы літары можа ажыццяўляцца па-рознаму. Напрыклад, настаўнік паслядоўна абводзіць указкай кожны элемент літары, вучні называюць іх. Можна аналізаваць форму літары, раскладваючы яе на састаўныя элементы. Пры гэтым для аналізу дзецям прапануюцца літары, сканструяваныя з шаблонаў.
Прымяненне прыёму аналізу спрыяе засваенню рухальных элементаў. Вучні ўсведамляюць асаблівасці ўтварэння рухальнага элемента: першы элемент заканчваецца там, дзе пачынаецца наступны.
Адным з асноўных прыёмаў навучання пісьма з’яўляецца паказ настаўнікам працэсу пісьма і тлумачэнне спосабаў напісання літар, складоў, слоў падчас паказу.
Паказ напісання літары ажыццяўляецца на класнай дошцы для ўсяго класа або індывідуальна для вучня ў пропісі (сшытку). Паказваць узор напісання на дошцы настаўнік павінен так, каб бачылі ўсе вучні. Калі некаторыя вучні не бачыць, неабходна паўтарыць напісанне літары ў іншым месцы дошкі. Можна яшчэ раз абвесці літару указкай, такім чынам паўтарыць паказ руху для ўсіх вучняў класа.
Дэманстрацыя напісання літары (спосабаў злучэння літар) павінна суправаджацца тлумачэннем настаўніка: дзе пачынаць пісаць літару, як і куды весці руку, якой формы або велічыні павінны быць пэўныя элементы літары і г. д.
З мэтай усведамлення рухальных элементаў літары ўжываецца прыём канструявання. Выкарыстоўваць яго можна як пры дэманстрацыі на дошцы для ўсяго класа, так і для індывідуальнай работы.
Пры канструяванні выкарыстоўваюцца шаблоны элементаў літар. Для інтэлектуальнага развіцця дзяцей элементы падбіраюцца настаўнікам не строга для адной, а для розных літар. Аналізуючы літару па форме, вучні выбіраюць неабходныя элементы і складаюць з іх літару. Адзначаны прыём дапамагае засвоіць форму кожнай літары як адзінства частак у цэлым.
Прыём капіравання прадугледжвае абвядзенне літар па контуры. Вучням можна прапаноўваць капіраваць праз празрыстую паперу, кальку. У пропісях для кожнай літары прадугледжаны практыкаванні для абвядзення літары (спалучэнняў літар) па контуры. Пры абвядзенні па ўзоры засвойваюцца рухальныя ўяўленні. Важна, каб капіраванне ажыццяўлялася з захаваннем правільных рухаў, паколькі ў адваротным выпадку капіраванне не дае патрэбнага эфекту.
Прыём спісвання з гатовага ўзору заснаваны на тым, што вучні пераймаюць, узнаўляюць узор пісьма настаўніка на дошцы або ў сшытку; узоры пісьма, што прапануюцца ў пропісі.
Неабходна адрозніваць спісванне з пропісяў ад капіравальнага спосабу. Пры капіраванні вучні абводзяць гатовыя ўзоры, пры гэтым замацоўваюцца правільныя рухі. Пры спісванні з ўзору адбываецца зрокавы аналіз прапанаванага ўзору і яго параўнанне са зробленым вучнем запісам.
Адным з дапаможных прыёмаў навучання пісьму з’яўляецца пісьмо ў паветры (уяўнае пісьмо). Прымяненне гэтага прыёму спрыяе засваенню рухаў рукі падчас напісання літары, зрокаваму ўспрыманню формы літары.
Пісьмо ў паветры праводзіцца або па напісаным настаўнікам узоры на дошцы або ўслед за пісьмом настаўніка на дошцы. Вучні могуць пісаць у паветры наогул без ўзору, па памяці.
Недахопам гэтага прыёму з’яўляецца тое, што настаўнік не можа прасачыць наколькі дакладна кожны вучань узнаўляе напісанне літары.
Прыём такціравання (пісьмо пад лік) спрыяе выпрацоўцы плаўнага рытмічнага пісьма пэўнага тэмпу, арганізацыі дружнай работы класа.
Адна з функцый дадзенага прыёму – зняцце напружання з рукі падчас пісьма. Сутнасць працэсу такціравання заключаецца ў наступным: усе рухі ўніз (“на сябе”) суправаджаюцца напружаннем рукі і выконваюцца пад лік “раз, два, тры” і г. д. Усе рухі ўверх (“ад сябе”) суправаджаюцца расслабленнем рукі і выконваюцца пад лік “і”.
Прыём паказу памылковага напісання. У І класе не рэкамендуецца выносіць на дошку прыклад памылковага напісання літар. Пасля выканання работы вучням можна прапанаваць праверыць, ці ўсё элементы ў літары напісаны правільна, ці захаваны нахіл і г. д.; знайсці ў сябе памылкі ў напісанні літар. У ІІ–ІV класах можна паказаць агульную для вучняў памылку ў напісанні літары і абавязкова выправіць яе, паказаць правільны варыянт напісання.
Тыповыя графічныя памылкі
Вылучаюць найбольш устойлівыя тыповыя графічныя памылкі вучняў.
1. Парушэнне нахілу 65 °. Як правіла, парушэнне нахілу прыводзіць да непаралельнасці элементаў літар. Парушэнне паралельнасці нярэдка з’яўляецца прычынай скажэння іншых элементаў літары.
2. Памылкі, звязаныя з парушэннем прапорцый: вертыкальных – розная вышыня літар або іх частак; гарызантальных – розная шырыня літар і іх элементаў; прапорцый паміж часткамі літар.
3. Скажэнні авалаў, паўавалаў і іншых элементаў, якія ўтрымліваюць закругленні, выгнутыя лініі. Да ліку такіх памылак адносяцца скажэнні, звязаныя з няўменнем правільна прапісваць прамыя з закругленнямі; памылкі, звязаныя з парушэннем прапорцый.
4. Пропуск элементаў асобных літар ці замена элементаў літар (напрыклад, замест м – л, замест б – д).
5. Памылкі ў злучэннях літар.
Для пераадолення графічных памылак неабходна ведаць прычыны іх узнікнення і ў кожным канкрэтным выпадку выбіраць адпаведны прыём.
Напрамкі работы па пераадоленні графічных памылак:
- адпрацоўка правільнага нахілу;
- выкарыстанне практыкаванняў для развіцця вакамера;
- адпрацоўка раўнамерных і прапарцыянальных адлегласцей паміж элементамі літар, літарамі, словамі;
- удасканаленне формы літар, адпрацоўка формы літар па групах;
- удасканаленне правільнасці злучэнняў літар;
- адпрацоўка плаўнасці і рытмічнасці пісьма.
На якасць фарміравання графічнага навыку аказвае ўплыў пачатак навучання пісьму (І клас), калі ўпершыню фармуецца вобраз літары, слова і ўпершыню гэтыя вобразы рэалізуюцца ў рухальным выкананні. Настаўніку неабходна ведаць, якія памылкі могуць узнікаць пры напісанні кожнай літары, і пры навучанні пісьму папярэджваць іх узнікненне.
Каб почырк вучняў быў выразным, разборлівым, акуратным, правільным на ўроках беларускай мовы ў ІІ-ІV класах неабходна пастаянна весці работу над асобнымі якасцямі пісьма з улікам індывідуальных графічных памылак вучняў.
Прыкладная структура ўрока пісьма ў асноўны перыяд навучання грамаце
1. Арганізацыйны этап.
2. Паведамленне тэмы і мэт урока.
3. Паўтарэнне гука (гукаў), вывучаных на ўроку чытання.
4. Знаёмства з рукапіснай літарай (зрокавае ўспрыманне літары). Аналіз элементаў, з якіх складаецца літара.
5. Тлумачэнне і дэманстрацыя настаўнікам напісання новай літары на дошцы. Вылучэнне рухальных элементаў літары.
6. Падрыхтоўка да пісьма (пісьмо ў паветры, такціраванне, абвядзенне літары па кальцы, выкарыстанне трафарэтаў і інш. прыёмы).
7. Самастойны запіс літары вучнямі ў пропісі. Адпрацоўка напісання літары вучнямі ў пропісі.
8. Прапісванне складоў, слоў.
• Чытанне пісьмовага шрыфту складоў, слоў вучнямі.
• Дэманстрацыя настаўнікам напісання новай літары ў злучэнні з іншымі вывучанымі літарамі.
• Адпрацоўка напісання злучэнняў літар вучнямі ў пропісі (прапісванне складоў, слоў).
9. Запіс сказаў.
Папярэдняе чытанне сказа, разбор яго сэнсу, вызначэнне колькасці слоў у сказе.
10. Выкананне практыкаванняў, накіраваных на развіццё маўлення, мыслення вучняў (гульні, творчыя заданні).
11. Падвядзенне вынікаў урока.
12. Рэфлексія.

RSS





















