Арганізацыя і змест працы ў асноўны перыяд навучання грамаце
Задачы асноўнага перыяду навучання грамаце па раздзеле “Навучанне чытанню”:
- пазнаёміць з гукамі беларускай мовы і іх асноўнымі характарыстыкамі (галосныя і зычныя гукі, зычныя мяккія – цвёрдыя, звонкія – глухія), са ўсімі літарамі беларускага алфавіта;
- навучыць правільна суадносіць гукі і літары, адрозніваць гукі ад літар (гукі чуем і вымаўляем, літары бачым і чытаем);
- сфарміраваць уменні: адрозніваць галосныя і зычныя гукі, правільна вымаўляць мяккія і цвёрдыя зычныя гукі ў слове і ізалявана, падбіраць словы з зададзеным гукам;
- пазнаёміць з падзелам слоў на склады;
- фарміраваць уменне вызначаць месца націску ў слове;
- фарміраваць уменне злітна чытаць аднаскладовыя і двухскладовыя словы і плаўна па складах – шматскладовыя словы; чытаць невялікія тэксты і вусна расказваць аб прачытаным.
Методыка знаёмства з паняццем “склад”.
Пры знаёмстве з паняццем склад выкарыстоўваюцца наступныя прыёмы:
- параўнанне двух спосабаў вымаўлення аднаго і таго ж слова – па гуках і па складах, поўнасцю і па складах;
- гульня “Адгадай слова” (настаўнік паказвае прадметныя малюнкі, называе першы склад у слове і прапануе вучні дагаварыць склад да цэлага слова);
- стварэнне сітуацыі, калі чалавек несвядома пераходзіць да вымаўлення слова па складах (мадэляванне гульнёвых сітуацый).
Гульня “У лесе”, “Заблукалі”. Вучням прапануецца ўявіць, што яны ў лесе разам з бацькамі (бабуляй і дзядулем, сябрамі). Яны адышлі і іх неабходна паклікаць. Напрыклад: “Ма-ма, та-та”. Настаўнік тлумачыць, што калі мы завём каго-небудзь у лесе, то вымаўляем слова па частках – па складах.
Гульня “На стадыёне”. Вучням прапануецца ўявіць, што яны знаходзяцца на стадыёне і ўспомніць, як крычаць заўзятары, калі хочуць, каб хакеісты забілі гол – “Шай-бу!”. Вучні вымаўляюць слова, выдзяляючы голасам кожны склад. Настаўнік робіць абагульненне: балельшчыкі вымаўляюць слова па частках – па складах.
Для фарміравання ўмення вызначаць колькасць складоў у слове мэтазгодна выкарыстоўваць наступныя прыёмы:
- падлік колькасці ўдараў падбародка аб кісць рукі (колькі разоў апускаецца падбародак, столькі ў слове і складоў);
- арыенцір на колькасць галосных гукаў слове (колькі ў слове галосных гукаў, столькі і складоў);
- вымаўленне слова па складах можа суправаджацца воплескамі, ударамі далоні па стале (колькі воплескаў – столькі складоў у слове).
Пры вызначэнні колькасці складоў у слове заданне для вучняў неабходна фармуляваць пакрокава: 1) падзяліць слова на склады;
2) падлічыць колькасць складоў.
Методыка знаёмства з паняццем “націск”.
Пры знаёмстве з націскам звяртаецца ўвага вучняў на дзве асноўныя прыметы: націскны склад вымаўляецца з большай сілай голасу; націскны склад вымаўляецца больш працяжна.
Спосабы вызначэння націскнога складу ў слове:
- “пазваць” слова (ма-ШЫ-на);
- здзівіцца пры вымаўленні слова (ма-ШЫ-на?!);
- запытаць, перапытаць (Гэта ма-ШЫ-на?);
- папераменнае перамяшчэнне націску ў слове (МАшына, маШЫна, машыНА).
Спосаб праверкі правільнасці пастаноўкі націску – папераменная перастаноўка націску ў слове і суаднясенне гучання слова з нормай (гульня “Ці кажуць так па-беларуску?”).
Методыка знаёмства з гукамі мовы
Пры знаёмстве з гукамі мовы неабходна звяртаць увагу на наступныя аспекты работы: назіранне над вымаўленнем гука ў слове; правільная артыкуляцыя (настаўнік абавязкова прад’яўляе ўзор вымаўлення); дзейнасць па вызначэнні асаблівасцей гука; характарыстыка гука (для галоснага – націскны або ненаціскны; для зычнага – цвёрды або мяккі, звонкі або глухі).
Прыёмы гукавога аналізу і сінтэзу ў перыяд
навучання грамаце
Асноўная задача выкарыстання прыёмаў гукавога аналізу – дапамагчы вучням усвядоміць гукавы склад слоў і паслядоўнасць гукаў у словах.
Аналіз (з грэч. analysis раскладанне, раздзяленне) – “прыём разумовай дзейнасці, звязаны з разумовым (або рэальным) раскладаннем прадмета, з’явы, працэсу на часткі”.
Прыёмы гукавога аналізу:
- Вылучэнне сказаў з маўлення – падзел сказаў на словы –вылучэнне са сказа (або па малюнку, загадцы) слова для аналізу – падзел слова на склады, вызначэнне іх колькасці, вызначэнне націскнога склада –вылучэнне новага гука са склада, яго характарыстыка.
- Вылучаюць разнастайныя спосабы выдзялення новага гука:
- прыём гукапераймання (Як шыпіць змяя? – [ш-ш-ш-ш]);
- выдзяленне са сказа гука-слова (“мама і дзеці” – гук [і]);
- пералік слоў з аднолькавым пачатковым гукам (напрыклад, са скорагаворкі);
- выдзяленне галоснага, які ўтварае цэлы склад (а-са);
- выдзяленне зычнага з закрытага склада (лак);
- выдзяленне зычнага з адкрытага склада (Ж-ж-жора);
- дагаворванне слова з апорай на малюнак (до_____м);
- выдзяленне глухіх зычных на канцы слоў (слуп, бот);
- выдзяленне звонкіх зычных у пачатку слова са збегам зычных (брама, глобус).
3. Пералічванне гукаў у слове і паслядоўнае іх называнне; падлік колькасці гукаў у слове, вызначэнне месца канкрэтнага гука ў гукавой структуры слова; разбор складовага саставу.
4. Супастаўленне і параўнанне слоў па гучанні і напісанні (асабліва эфектыўны гэты прыём пры знаёмстве з парамі мяккіх-цвёрдых, звонкіх-глухіх зычных гукаў).
5. Аналіз утварэння гука, яго артыкуляцыі.
Сінтэз (з грэч. synthesis злучэнне, спалучэнне, складанне) – “практычнае або разумовае злучэнне частак або ўласцівасцей (бакоў) аб’екта, які вывучаецца, у адзінае цэлае”.
Прыёмы гукавога сінтэзу
1. Вымаўленне слова (склада), якое папярэдне было прааналізавана, складанне яго з разразной азбукі; чытанне слова (склада).
2. Утварэнне складовых табліц на аснове галосных і зычных; чытанне гэтых табліц; складанне табліц з літар разразной азбукі.
3. Чытанне слоў па падабенстве (Даша – Саша – каша).
4. Нарашчэнне галосных або зычных у пачатку або ў канцы слова (рак – грак, дуда – дудар).
5. Дабаўленне гука ў сярэдзіне слова (плот – пілот).
6. Перастаноўка гукаў (сіла – ліса).
7. Перастаноўка складоў (зала – лаза).
8. Адкідванне гукаў або складоў (жарт – жар, чарот – рот).
9. Дабаўленне склада (кара – карагод).
Сінтэз неразрыўна звязаны з аналізам і не існуе асобна ад яго. Аналіз стварае аснову для авалодання чытаннем, сінтэз фарміруе навык чытання.
Такім чынам, навучанне грамаце ідзе праз гукавы аналіз і сінтэз слоў, што дае магчыць хутчэй навучыцць правільна і свядома чытаць і пісаць.
Методыка знаёмства з літарамі
На пачатковым этапе навучання алфавітную назву літары выкарыстоўвае ў сваім маўленні толькі настаўнік. Вучні называюць гукі, паколькі пры чытанні прамога склада вучні вымаўляюць гукі, а не называюць адпаведныя літары. Уводзіцца правіла чытання адной літары: каб прачытаць адну літару трэба назваць яе цвёрдым гукам.
Паслядоўнасць знаёмства з новай літарай:
- Гукавы аналіз слоў з мэтай вылучэння новых гукаў (гука). Словы можна вылучыць са сказа, увесці праз загадкі, скорагаворку і інш. Узятыя для аналізу словы павінны быць зразумелымі для вучняў, абазначаць назвы вядомых прадметаў. Выдзяляемы са слова гук павінен вымаўляцца выразна (не паддавацца асіміляцыі і іншым зменам).
- Вылучэнне новых гукаў (гука) са слоў, іх артыкуляцыя (настаўнік паказвае ўзор вымаўлення, вучні пераймаюць), даецца характарыстыка гукам (гуку).
- Выкананне заданняў, накіраваных на развіццё фанематычнага слыху: гульні на распазнанне новых гукаў у словах, самастойны падбор вучнямі слоў з новымі гукамі (гукам).
- Знаёмства з літарай, якой на пісьме абазначаюцца вылучаныя гукі (гук).
Алфавітная назва літары ўводзіцца як імя літары.
Прад’яўленне літары ў розным шрыфтавым афармленні. Параўнанне друкаванай і пісьмовай літар; вялікай і маленькай літар; параўнанне новай літары з раней вывучанымі; параўнанне літары з канкрэтнымі прадметамі праз гульню “На што падобна літара?”.
- Знаходжанне месца літары на ленце літар (у касе літар і інш.).
- Выкананне практыкаванняў, накіраваных на запамінанне вобраза літары: канструяванне літары з розных матэрыялаў (падлікавых палачак, нітак, вяровак і інш.), лепка з пластыліну; складанне літары са спецыяльна падрыхтаваных шаблонаў; дапісванне літары; абвядзенне літары па контуры; пісьмо літары ў паветры, “друкаванне”; работа з касай літар.
- Выкананне практыкаванняў на распазнанне новай літары: знаходжанне новай літары сярод іншых літар разразной азбукі; падкрэсліванне літары ў тэксце; распазнанне літары, надрукаванай часткова і інш.
На кожным наступным уроку абавязкова арганізуецца паўтарэнне раней вывучаных літар праз дыдактычныя гульні, у працэсе выканання заданняў.
Этапы фарміравання навыку чытання
Чытанне складоў
- Навучанне чытанню прамога склада (“зычны+галосны”).
Прыёмы навучання чытанню прамых складоў:
1. Чытанне “па падабенстве”, па аналогіі (рэалізаваны ў буквары А. К. Клышкі).
Склады ма, на, ра, та, са і г.д. размяшчаецца ў слупок, прачытваюцца хорам (без тлумачэння), спачатку разам з настаўнікам, затым – самастойна.
2. Чытанне з арыенцірам на галосны (прадстаўлены ў букварах на рускай мове беларускіх аўтараў – Н. А. Сторажавай, В. І. Цірынавай).
Пры чытанні складоў важна бачыць літару галоснага гука, арыентавацца на яе: “камандзір склада – літара галоснага гука”. На першапачатковым этапе навучання пры тлумачэнні звяртаецца ўвага на тое, што ў складзе з літарамі а, о, у, ы, э зычны гук вымаўляецца цвёрда, а ў складзе з літарай і – мякка.
а о у ы і
ма мо му мы мі
Спачатку вучням прапануецца хорам прачытаць толькі галосныя, затым – прачытаць галосны і адпаведны склад, потым – чытаюцца толькі склады.
3. Працяжнае вымаўленне зычнага гука і далучэнне да яго галоснага (прымяняецца ў расійскіх букварах для дашкольнікаў, у прыватнасці ў буквары Н. С. Жукавай).
Настаўнік дае наступнае тлумачэнне для вучняў: першы гук неабходна вымаўляць працяжна і “бегчы па дарожцы” да другой літары ў складзе; другі гук неабходна вымавіць коратка, “не разрываючы дарожку”.
У буквары В. І. Цірынавай прымяняюцца наступныя гульнёвыя прыёмы навучання чытанню прамых складоў: “чытанне па дарожках” з чарапахай (павольна) і ракетай (хутка) [11].
Пры навучанні чытанню прамога склада звяртаецца ўвага на тое, што дзве літары неабходна чытаць разам, без паўзы. Пры гэтым не дапускаць прачытанне складоў па літарах.
- Адпрацоўка чытання прамога склада.
Прымяняюцца розныя прыёмы: чытанне прапанаваных на дошцы складоў “снежным комам”, у рознай паслядоўнасці, з рознай інтанацыяй; чытанне складоў у буквары (хорам, самастойна сам сабе, суседу па парце, адзін вучань чытае ўслых – астатнія сочаць).
Калектыўная і індывідуальная работа па спецыяльна падрыхтаваных складовых табліцах з выкананнем розных заданняў: прачытаць склады па гарызанталі (вертыкалі); прачытаць “снежным комам”; прачытаць з рознай інтанацыяй; прачытаць склады з цвёрдымі (мяккімі) зычнымі гукамі; прачытаць склад і дагаварыць яго да цэлага слова; прачытаць паслядоўна 2-3 склады, каб атрымалася слова і інш.
- Навучанне чытанню складоў рознай структуры.
- Самастойнае складанне вучнямі складоў з літар разразной азбукі, іх чытанне; замена асобных літар у складах і чытанне новых складоў.
Чытанне слоў
Пры навучанні чытанню слова арыенцірам з’яўляецца склад.
Для першапачатковага навучання чытанню слоў з новай літарай выкарыстоўваюцца слупкі слоў. Пры гэтым можна прымяняць разнастайныя практыкаванні ў чытанні:
- Чытанне слоў і тлумачэнне іх лексічнага значэння.
- Чытанне слоў з папярэднім аналізам: вызначэнне колькасці складоў, націскнога склада.
- Чытанне слоў зверху ўніз і знізу ўверх, у розным парадку.
- Выбарачнае чытанне слоў па заданні настаўніка (напрыклад, чытанне слоў, якія адрозніваюцца адной літарай (складам); чытанне двухскладовых, трохскладовых слоў; чытанне слоў блізкіх (супрацьлеглых) па значэнні і інш.).
- Чытанне слова і складанне з ім сказа.
Выкарыстанне розных прыёмаў чытання слоў забяспечвае свядомасць прачытання.
Прачытаць словы дапамагаюць графічныя прыметы, арыенціры, якія выкарыстоўваюць аўтары буквароў, або настаўнік пры запісе слоў на дошцы. Напрыклад:
- выдзяленне літары галоснага гука (кропкай, колерам, падкрэсліванне і інш.): мама, мама, мама;
- выдзяленне ў слове націскнога склада (дудá);
- выдзяленне ў слове складоў (То ма).
У працэсе навучання прымяняюцца практыкаванні ў чытанні слупкоў слоў з нарошчваннем або скарачэннем літар (складоў) у пачатку або ў канцы слоў.
рот нара
чарот Нарач
Адпрацоўцы навыку чытання слоў, трэніроўцы поля зроку спрыяе прымяненне спецыяльных табліц слоў, трэнажораў.
Чытанне сказаў і тэкстаў
На аснове свядомага чытання слоў у вучняў выпрацоўваецца навык свядомага чытання сказаў і звязных тэкстаў. Для таго, каб вучань свядома чытаў сказ, ён павінен разумець сэнс кожнага слова ў сказе. З гэтай мэтай арганізуецца чытанне “цяжкіх” слоў, якія сустрэнуцца ў тэксце. Як правіла, такія словы змешчаны ў буквары перад тэкстам або настаўнік запісвае іх на дошцы. Арганізуецца чытанне слоў вучнямі. Пры ўзнікненні пытанняў, настаўнік удакладняе або тлумачыць значэнне невядомых слоў.
Пры чытанні сказаў і тэкстаў праводзіцца работа па выпрацоўцы навыку выразнага чытання. Звяртаецца ўвага вучняў на знакі прыпынку ў канцы сказаў.
Тэкст, змешчаны ў буквары, служыць як для сэнсавага, так і структурнага аналізу прачытанага (вызначэнне колькасці сказаў у тэксце, колькасці слоў у асобных тэкстах, знаходжанне слоў з новай літарай і інш.).
На першапачатковым этапе навучання работа з тэкстам буквара арганізуецца наступным чынам:
- Прагназаванне вучнямі зместу тэксту па загалоўку (калі ён ёсць).
- Выразнае чытанне тэксту настаўнікам. Вучні ў гэты час уважліва слухаюць.
- Паўторнае павольнае чытанне тэксту настаўнікам. Вучні сочаць за чытаннем настаўніка па буквары.
- Самастойнае чытанне тэксту вучнямі шэптам.
- Чытанне тэксту некаторымі вучнямі ўслых.
- Работа з тэкстам па пытаннях настаўніка, выбарачнае чытанне сказаў па заданні настаўніка.
- Суаднясенне зместу тэксту і ілюстрацыі (калі яна ёсць).
- Суаднясенне зместу тэксту і загалоўка.
Пры арганізацыі працы з букварнымі тэкстамі можна праводзіць разнастайныя практыкаванні і заданні творчага характару: прыдумванне назвы тэксту, расказванне па аналогіі, складанне працягу тэксту, драматызацыя. Важным этап з’яўляецца выпрацоўка выразнасці чытання.

RSS





















