Арганізацыя і змест працы ў падрыхтоўчы перыяд навучання грамаце
Задачы падрыхтоўчага перыяду навучання грамаце па раздзеле “Навучанне чытанню”:
- пазнаёміць з вучэбнай кнігай – букваром;
- пазнаёміць з наступнымі паняццямі: маўленне (вуснае і пісьмовае), сказ, слова, гукі, зычныя гукі, цвёрдыя і мяккія зычныя гукі; вучыць свядома аперыраваць засвоенымі тэрмінамі;
- фарміраваць уменне аналізаваць і будаваць сказы, аналізаваць словы з апорай на ўмоўныя графічныя схемы;
- фарміраваць уменне адрозніваць на слых і пры вымаўленні цвёрдыя і мяккія зычныя гукі; падбіраць словы з зададзеным гукам;
- развіваць маўленне вучняў па чатырох асноўных накірунках: работа над гукавой культурай мовы; работа над словам; работа над сказам і звязным маўленнем.
Маўленне. Сказ. Вучні даведваюцца аб тым, што маўленне бывае вусным і пісьмовым. Маўленне дзеліцца на сказы, фарміруецца элементарнае асэнсаванне функцыі сказа (сказ выражае думку, у ім пра кагосьці або пра штосьці гаворыцца). Вучні практыкуюцца ў вызначэнні паслядоўнасці і колькасці слоў у сказе; прыдумванні сказаў па малюнках з зададзенай колькасцю слоў, з апорай на схемы; адлюстраванні з дапамогай схемы слоўнага складу сказа. Арганізуецца работа над інтанацыяй сказа.
Слова. Вучні знаёмяцца з намінатыўнай роляй слова, з тым, што слова мае значэнне (сэнс) – словамі называюць прадметы, іх прыкметы і дзеянні; знаёмяцца з разнастайнасцю слоў (этыкетныя словы і выразы, формы слоў са значэннем ацэнкі (мамачка, сынок, дачушка, добранькі …), словамі розных тэматычных груп (“Радзіма”, “сваякі”, “школьныя прылады” і г. д.) і інш.). Вучні даведваюцца, што для называння аднаго і таго ж прадмета могуць выкарыстоўваюцца розныя словы (заяц, бяляк; урач, доктар).
Гукі. Цвёрдыя і мяккія зычныя гукі. Вучні практыкуюцца ў выдзяленні зычнага гука ў пачатку слова. Фарміруецца ўменне адрозніваць на слых і пры вымаўленні зычныя гукі, цвёрдыя і мяккія зычныя гукі, падбіраць словы з зададзеным гукам.
Методыка знаёмства з асноўнымі моўнымі паняццямі:
- Падрыхтоўка да ўвядзення новага паняцця. Гутарка па тэме ўрока з мэтай назірання над новай моўнай з’явай.
- Высвятленне ўяўленняў вучняў пра моўную з’яву.
- Удакладненне і канкрэтызацыя ведаў у працэсе выканання заданняў.
- Абагульненне настаўніка, увядзенне новага паняцця.
- Знаёмства з новым спосабам дзеяння, складанне алгарытму дзеяння.
- Знаёмства са спосабам праверкі.
- Замацаванне ведаў, адпрацоўка ўменняў і навыкаў. Практычная работа вучняў.
Пасля знаёмства з новым паняццем на наступных уроках абавязкова арганізуецца паўтарэнне і замацаванне ведаў на матэрыяле практыкаванняў.
Прыёмы для адрознівання галосных і зычных гукаў:
- Назіранне за работай органаў маўлення.
Чым гучней вымаўляем галосныя гукі, тым шырэй раскрываем рот; чым гучней вымаўляем зычныя гукі, тым шчыльней сціскаем рот.
Праводзіцца фанетычны эксперымент. Вучням прапануецца адкрыць рот і вымавіць зычныя гукі; закрыць рот і вымавіць галосныя гукі.
2. Назіранне за спосабам вымаўлення.
Пры вымаўленні галосных гукаў паветра праходзіць свабодна, без перашкод; пры вымаўленні зычных гукаў – у роце сустракаюцца перашкоды.
3. Назіранне за характарам гучання.
Галосны гук утвараецца толькі з дапамогай голасу, зычны – з дапамогай голасу і шуму або толькі шуму. Галосныя гукі можна праспяваць.
4. Здольнасць ўтвараць склад.
Галосныя гукі ўтвараюць склад, зычныя – не.
Прыёмы для адрознівання цвёрдых і мяккіх зычных гукаў:
- Супастаўленне па гучанні цвёрдых і мяккіх зычных гукаў у словах, тыпу вазы – вязы, нос – нёс, лысы – лісы, вазы – вязы.
- Супастаўленне вымаўлення гукаў, парных па цвёрдасці / мяккасці ([н] – [н’], [б] – [б’], [л] – [л’] і г. д.).
- Назіранне за ўтварэннем і артыкуляцыяй гукаў, парных па цвёрдасці / мяккасці.
Пры вымаўленні мяккіх гукаў вусны быццам расцягваюцца, утвараючы ўсмешку.
Пры вымаўленні цвёрдых зычных гукаў язык напружваецца; пры вымаўленні мяккіх зычных гукаў язык расслабляецца, становіцца больш мяккім.
- Назіранне за асаблівасцямі вымаўлення і артыкуляцыі гукаў.
Пры вымаўленні мяккага гука язык у большай ступені прыўздымаецца да нёба і звужае праход, па якім праходзіць паветра, чым пры вымаўленні цвёрдага зычнага гука.
Мэтазгодным з’яўляецца выкарыстанне дыдактычных гульняў “Цім і Том” (Д. Б. Эльконін), “Камень – вата”, “Кіпцік – падушачка” і інш.
Прыёмы для адрознівання звонкіх і глухіх зычных гукаў [11]:
- Назіранне за слыхавым аналізатарам.
Вучням прапануецца закрыць далонямі вушы і паслухаць, як гучаць пары гукаў ([д – т], [ж – ш], [б – п], [б’ – п’] і г.д.). Калі ў вушах чуецца звон – зычны гук звонкі, калі не чуецца – глухі.
- Назіранне за дзейнасцю галасавых звязак.
Вучням прапануецца пакласці руку на галасавыя звязкі і вымавіць гукі, парныя па звонкасці / глухасці. Калі пры вымаўленні гука адчуваецца вібрацыя – зычны гук звонкі, калі вібрацыі няма – зычны гук глухі.

RSS





















