Партытура чытання
Працуючы над увасабленнем зместу мастацкага твора ў вусным слове, трэба авалодаць не толькі ўменнем праводзіць выканальніцкі аналіз твора, а і тэхнікай гэтага працэсу. Неабходна графічна фіксаваць вынікі сваёй творчай працы. Умоўна гэты этап распрацоўкі мастацкага чытання літаратурнага твора можна назваць складаннем партытуры чытання.
Партытура чытання (ад італ. partitura – дзяленне, размеркаванне)– графічнае абазначэнне элементаў мастацкага чытання. Асноўная функцыя партытуры – сімвалічны паказ сродкаў мастацкага чытання, што спрыяе іх актуалізацыі ў памяці чытача: умоўны знак асацыіруецца з вядомымі спосабамі інтанацыйнага чытання тэксту. Партытуру можна параўнаць з нотным станам, на якім спецыфічнымі сродкамі запісана гучанне ўсяго твора.
Выкарыстоўваюцца наступныя ўмоўныя значкі:
┴ Кароткія паўзы (аддзяляюць маўленчыя такты)
│ - лагічна завершаны фрагмент тэксту
║ - канец сказа
V – псіхалагічная паўза
_______________ - націскныя словы
________________ - больш значныя паводле сэнсу націскныя словы
______________ - словы, звязаныя паводле сэнсу з націскнымі
↑ - узыходны рух тону голасу
↓ - зыходны рух тону голасу
(+) – паскарэнне тэмпу маўлення
(-) – запавольванне тэмпу маўлення
Складанне партытуры чытання – гэта дадатковы аналіз тэксту. Партытура служыць творчым арыенцірам для выканаўцы ў яго будучай працы над творам. Чытальнік, аднойчы распісаўшы партытуру чытання, можа вярнуцца да яе кожны раз, калі зноў возьме для выканання гэты самы твор.
Партытурныя знакі (абазначэнне акцэнту над націскным галосным, лагічныя паўзы, лагічны націск, павышэнне і паніжэнне тону, паскарэнне тэмпу і інш.). Іх выбар залежыць ад характару канкрэтнага твора.
У адпаведнасці з задачай выбіраюцца інтанацыйныя сродкі (тон, тэмп чытання, лагічныя паўзы і націскі, робіцца разметка тэксту). Работа з партытурай цесна звязана з аналізам мастацкага твора. Патрэбна ўмець дзяліць твор на часткі, вызначаць галоўную думку кожнай часткі.
Уменне дэкламаваць вершы мела вялікае значэнне ў многія часы. Напрыклад, у XVIII стагоддзі трэба было ўмець прамаўляць ўрачыстыя оды, хвалебныя словы. На жаль, у ХХ і ХХІ стагоддзі мастацтва дэкламаваць вершы крыху страціла сваё значэнне. Мы можам чуць яго ў прафесійным мастацтве акцёраў.
Стварыць партытуру – значыць зафіксаваць мастацкую перспектыву выканання – выбраць і размеркаваць на працягу ўсяго тэксту выразныя сродкі. Пры складанні партытуры часта выкарыстоўваюцца і каляровыя арыенціры. Лагічныя сродкі выразнасці абазначаюцца асноўным колерам (чорным ці сінім). Псіхалагічныя сродкі – зялёным колерам. Рытмічныя, фізіялагічныя паўзы – алоўкам.
Прызначэнне партытуры – практычнае. Яна абапіраецца на лінгвістычны аналіз тэксту і павінна даць некаторае ўяўленне пра яго правільнае інтанаванне. Стварэнне партытуры, інтанацыйная разметка тэксту і выразнае чытанне на аснове інтанацыйнай разметкі узбагачаюць чытальніка вопытам ў сферы правільнага мастацкага чытання. Гэты вопыт паступова стане часткай штодзённага вуснага маўлення і надасць яму рысы большай выразнасці.

RSS





















