Новости События Общее

Лекция "Система работы по развитию связной речи учащихся начальных классов"

15-12-2020 Лекции
У лекцыі падрабязна разгледжаны напрамкі развіцця звязнага маўлення вучняў пачатковых класаў

Сістэма працы па развіцці звязнага маўлення вучняў (узровень тэксту)

Звязным называецца такое маўленне, якое накіравана на задавальненне чалавекам патрэбнасці выказвання. Яно перадае тэму, арганізавана па законах логікі і граматыкі, валодае самастойнасцю і завершанасцю, падзяляецца на больш або менш значымыя часткі, звязаныя паміж сабой. Праца па развіцці звязнага маўлення прадугледжвае выпрацоўку ў навучэнцаў уменняў успрымання, разумення, узнаўлення і стварэння тэкстаў розных тыпаў, стыляў і жанраў.

У методыцы выкладання беларускай мовы пад тэкстам разумеюць два ці больш сказы, што звязаны агульнасцю задумы, адзінствам тэмы і рэалізуюць пэўную камунікатыўную задачу, характар якой абумоўлівае адбор моўных сродкаў і кампазіцыйную структуру выказвання. Звязнасць тэксту – гэта сэнсавая, граматычная і інтанацыйная сувязь сказаў у складзе складанага сінтаксічнага цэлага.

На думку многіх псіхалінгвістаў, сутнасцю ўспрымання тэксту з’яўляецца стварэнне ў вучняў вобраза зместу тэксту. Сапраўдным прадметам успрымання з’яўляецца не тэкст як лінгвістычная данасць, а змест тэксту ў шырокім сэнсе, г. зн. тое ў яго змесце, што неабходна для далейшага выкарыстання ў дзейнасці. На ўспрыманне тэксту ўплываюць аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары. Да аб’ектыўных належаць уласцівасці і якасці самога тэксту, да суб’ектыўных – індывідуальна-асобасныя ўласцівасці і якасці тых, хто ўспрымае тэкст.

Калі разуменне немастацкага тэксту (тэксты масавай камунікацыі, навуковыя тэксты, афіцыйныя тэксты) заснавана галоўным чынам на асэнсаванні моўных сродкаў у іх асноўным значэнні, то пры інтэрпрэтацыі мастацкіх тэкстаў галоўным становіцца пошук вобразнага сэнсу, які ствараецца пры дапамозе моўных сродкаў. Асноўнае ж адрозненне ва ўспрыманні мастацкіх і немастацкіх тэкстаў заключаецца ў тым, што пры ўспрыманні першасных вобразаў у немастацкіх тэкстах суб’ектыўнае праламленне і індывідуальная інтэрпрэтацыя вобразаў вызначаюцца якасцямі асобы чытача (слухача) і значымасцю для яго зместу, а пры ўспрыманні мастацкіх тэкстаў успрыманне зместу залежыць не толькі ад гэтых фактараў, але і ад вобразнасці моўных сродкаў, якія ёсць у тэксце. Змястоўны аналіз вызначае ўспрыманне і разуменне тэксту.

Дыдактычным матэрыялам практыкаванняў падручнікаў па беларускай мове для пачатковых класаў у асноўным з’яўляюцца мастацкія і навукова-папулярныя тэксты, якія ўтрымліваюць інфармацыю пра прыроду Беларусі, пра людзей і ўзаемаадносіны паміж імі. Такі падбор матэрыялу дае магчымасць фарміраваць лінгвакультуралагічную кампетэнцыю навучэнцаў. У сувязі з гэтым выкананне любога практыкавання, пачынаецца з чытання тэксту, аналізу яго зместу, вылучэння пад кіраўніцтвам настаўніка лінгвакультуралагічнай інфармацыі і асэнсавання яе.

Методыка работы настаўніка, якая арыентуе навучэнцаў на ўспрыманне тэксту пастаянна ўдакладняецца па меры павышэння ўзроўню і якасці ўспрымання і асэнсавання вучэбнага зместу. Слоўнікавы састаў, тэксты, якія прапаноўваюцца на занятках па беларускай мове, у пэўнай меры рыхтуюць дзяцей да ўспрымання вучэбнага зместу па іншых прадметах.

У пачатковых класах у вучняў выпрацоўваюцца ўменні

1) вылучаць асноўныя прыметы тэкстаў (вызначаць тэму, асноўную думку, загаловак, суадносіць загаловак з тэмай і асноўнай думкай тэксту, падбіраць загаловак да тэксту, абгрунтоўваць адпаведнасць загалоўка тэксту, фармуляваць асноўную думку тэксту ў ходзе суаднясення прыказак са зместам тэксту, вылучаць сказы ў тэксце, у якіх заключаецца яго асноўная думка);

2) аналізаваць іх будову (падзяляць тэкст на часткі (уступ, асноўная частка, заключная частка), на аснове аналізу будовы тэкстаў складаць план з пытальных і апавядальных сказаў, выкарыстоўваць план пры падрыхтоўцы вусных і пісьмовых выказванняў);

3) знаходзіць сродкі сувязі сказаў у тэксце (лексічныя паўторы аднаго і таго ж слова або аднакаранёвых слоў, сінонімы, антонімы, выкарыстанне слоў ён, яна, яно, яны, гэты, той, там, так, адзінства часавых форм дзеясловаў);

4) адрозніваць тэксты розных тыпаў (апавяданне, апісанне, разважанне), вызначаць іх структурныя часткі;

5) выяўляць ролю вобразна-выяўленчых сродкаў мовы ў тэксце;

6) ствараць самастойныя вусныя і пісьмовыя выказванні розных відаў: рабіць ўласныя запісы (запіска, віншаванне, перапіска з сябрамі, сваякамі); ствараць нескладаныя маналагічныя выказванні па плане на даступныя навучэнцам тэмы (пра свае захапленнні, прыгоды, любімыя кнігі, прафесіі людзей, добрыя ўчынкі, родную краіну(горад, вёску), прыроду роднага краю), пераказваць вусна і пісьмова па плане змест праслуханага і прачытанага тэксту;

Пералічаныя ўменні фарміруюцца як на ўроках па раздзеле “Тэкст”, так і на спецыяльных уроках развіцця маўлення.

Сучасная методыка развіцця маўлення патрабуе размежавання вучнямі пачатковых класаў функцыянальна-сэнсавых тыпаў тэксту. Тэксты падзяляюцца на апісанні, апавяданні або разважанні. Звычайна ў пачатковых класах даводзіцца працаваць са змешанымі тэкстамі, у якіх пераважае апавяданне, апісанне ці разважанне. Кожны з тыпаў тэксту мае свае асаблівасці ў адборы і выкарыстанні моўных сродкаў.

Увага вучняў звяртаецца на тое, што ў апавяданні гаворыцца пра нейкія падзеі, звязаныя часавымі і прычыннымі сувязямі. У апавядальных тэкстах ёсць сюжэт. Паслядоўнасць выкладання звычайна вызначаецца рэальным ходам падзей. У апавядальным тэксце дзейнічаюць персанажы, можа быць перададзены дыялог паміж імі. Тут галоўная ўвага надаецца фактам, падзеям, таму ў тэксце шмат назоўнікаў, дзеясловаў.

 Схема пабудовы тэксту-апавядання:

1. Пачатак (называецца месца,час дзеяння).

2. Асноўная частка (называецца дзеючая асоба, перадаюцца асаблівасці і парадак дзеяння).

3. Заключная частка (указваецца, чым скончылася гісторыя).

У апавядальным тэксце могуць быць элементы апісання (напрыклад, замалёўкі карцін прыроды або знешнасці людзей) і элементы разважання (прычыннае абгрунтаванне, вывады). Апавяданне – самы рухомы, дынамічны, а таму найбольш даступны навучэнцам пачатковых класаў тып сачынення, пераказу.

Вучні даведваюцца пра тое, што ў тэксце-апісанні няма сюжэту і звычайна адсутнічаюць дзеючыя асобы, што пры дапамозе яго апісваюцца (характарызуюцца) карціны прыроды, асобныя прадметы і з’явы. Сутнасць апісання заключаецца ў больш або менш разгорнутым указанні на прыметы прадметаў і з’яў, звычайна прыметы істотныя. Таму ў ім часцей выкарыстоўваюцца прыметнікі. У мастацкім апісанні пісьменнік перадае свае адносіны да таго, што ён апісвае. Спецыфіка апісання – у ім шмат эпітэтаў, параўнанняў, метафар; простая мова ў апісанні звычайна адсутнічае; сюжэту няма, кампазіцыю вызначае або паслядоўнасць назіранняў, або шэраг назіраемых прадметаў.

Схема пабудовы тэксту-апісання:

1. Называецца прадмет апісання.

2. Пералічваюцца яго характэрныя прыметы.

3. Даецца ацэнка прадмету, выказваюцца адносіны да яго.

У пачатковых класах вучні чытаюць тэксты-апісанні, пераказваюць і складаюць іх.

Навучэнцы знаёмяцца з тым, што разважанне – гэта тэкст, у якім для доказу якога-небудзь сцвярджэння (або для яго адмаўлення) выкарыстоўваюцца меркаванні, прыклады, супастаўленні, якія вядуць да новых меркаванняў, да вывадаў. Разважанне – найбольш цяжкая форма тэксту, таму ў сачыненнях у пачатковых класах часцей выкарыстоўваюцца толькі элементы разважання.

Схема пабудовы тэксту-разважання:

1. Думка, якая даказваецца.

2. Доказ думкі.

3. Вывад, да якога прыходзіць аўтар.

Пры планаванні працы па развіцці звязнага маўлення неабходна прадугледжваць практыкаванні розных тыпаў і арганізоўваць паступовае навучанне апавяданню, апісанню, элементам разважання. Такі падыход тлумачыцца тым, што:

1) праца над тэкстамі-апавяданнямі вучыць схватваць аб’ём зместу, запамінаць месца і час дзеяння, дзеючых асоб, тым самым у агульным вызначаць тэму тэксту;

2) аналіз тэкстаў-апісанняў спрыяе вызначэнню і выяўленню істотных знешніх характарыстык прадметаў, дзеючых асоб;

3) праца з тэкстамі-разважаннямі дапамагае вучням разумець падзеі, дзеючых адносіны, узаемасувязі паміж імі і на гэтай аснове свядома вызначаць тэму тэксту.

Сістэма працы па развіцці звязнага маўлення навучэнцаў пачатковых класаў уключае:

1) пабудову выказванняў па апорных словах і алгарытмах;

2) падрыхтоўку вусных паведамленняў на даступныя навучэнцам тэмы на аснове прачытаных і праслуханых тэкстаў і з выкарыстаннем розных крыніц інфармацыі на беларускай мове (дзіцячыя энцыклапедыі, Інтэрнэт-рэсурсы.)

3) пераказ тэксту па пытаннях, па плане і апорных словах;

4) складанне сачыненняў па серыі сюжэтных малюнкаў, па сюжэтным малюнку, з апорай на рэпрадукцыю карціны.

 Пабудова выказванняў па апорных словах і алгарытмах

Прыклады заданняў, якія прадугледжваюць пабудову вучнямі выказванняў па апорных словах і алгарытмах:

2 клас

  • Вусна раскажыце пра сваю любімую кветку. Карыстайцеся словамі ў дужках.

Мая любімая кветка – … . У … (тонкая, гнуткая, доўгая, тоўстая) сцяблінка, (доўгія, тонкія, маленькія, зялёныя, прыгожыя) лісцікі. Пялёсткі ў … (чырвонага, сіняга, блакітнага, жоўтага, ружовага) колеру.

3 клас

  • Прачытайце віншаванне. Назавіце ў ім пабуджальны клічны сказ. Якім словам ён пачынаецца?

Дарагі сябар!

Прымі мае віншаванні з днём нараджэння. Я жадаю табе здароўя і поспехаў у вучобе. Няхай збудуцца ўсе твае мары!   Сяргей.

4 клас

  • Вусна апішыце сняжынкі. Выкарыстайце патрэбныя прыметнікі з прапанаваных:

Белыя, мяккія, прыгожыя, цёплыя, іскрыстыя, дужыя, лёгкія, шырокія, бязважкія, маленькія, крохкія.

Падрыхтоўка вусных паведамленняў

Пры арганізацыі працы па падрыхтоўцы вусных паведамленняў з выкарыстаннем розных крыніц інфармацыі на беларускай мове неабходна вучыць дзяцей:

1) утрымаліваць у памяці падрыхтаваны матэрыял, план выкладу думак, неабходную лексіку (дапускаецца выкарыстанне запісаў); 2) улічваць, каму адрасуецца паведамленне, асаблівасці ўспрымання адрасата;

3) трымацца свабодна, упэўнена, захоўваць не толькі акустычны, але і зрокавы кантакт са слухачамі;

4) выступаць з аўдыё-, відэа- і графічным суправаджэннем;

5) гаварыць у сярэднім тэмпе, дастаткова гучна, захоўваць адпаведныя інтанацыі, націскі, паўзы.

Пераказ тэксту

Значнае месца ў развіцці маўленчых уменняў і навыкаў навучэнцаў пачатковых класаў займаюць пераказы розных тэкстаў. Узнаўленне прачытанага – адна з асноўных форм работы навучэнцаў з вучэбным матэрыялам і адзін з эфектыўных прыёмаў развіцця іх мыслення і маўлення. У залежнасці ад паўнаты перадачы зместу зыходнага тэксту вылучаюць падрабязныя, выбарачныя, сціслыя, творчыя пераказы, у залежнасці ад формы правядзення размяжоўваюць вусныя і пісьмовыя пераказы.

Падрабязны пераказ выкарыстоўваецца для ўзбагачэння маўлення дзяцей, увядзення ў яго аўтарскіх слоў і выразаў. Прыёмы навучання: падзел тэксту на часткі і складанне плана (каб нічога не прапусціць пры пераказе); складанне слоўных ілюстрацый (малюнкавага плана) са шматразовым зваротам да тэксту для ўдакладнення дэталяў; выпісванне апорных слоў, вобразных выразаў.

Сціслы пераказ выкарыстоўваецца тады, калі твор з’яўляецца вялікім па аб’ёме. Прыёмы навучання: увядзенне матывуючай камунікатыўнай сітуацыі (напрыклад, «Кінастудыя просіць напісаць сцэнарый фільма»); складанне плана тексту; адбор для пераказу галоўнай, неабходнай інфармацыі.

Выбарачны пераказ выкарыстоўваецца для ўзнаўлення эпізоду, сюжэтнай лініі, апавядання пра героя. Прыёмы навучання: паметка ў тэксце або на закладцы неабходных фрагментаў, іх нумарацыя; трэніроўка ў звязным выбарачным пераказе.

Творчы пераказ бывае ад імя героя, са зменай кампазіцыі, дапаўненнем пачатку (канцоўкі твора) і г.д. Каб падрыхтавацца да творчага пераказу розных відаў, навучэнцам неабходна:

1) уявіць сабе, што былі сведкамі падзей, апісаных у апавяданні, і расказаць пра тое, што бачылі, ад свайго імя;

2) уявіць сябе на месцы аднаго з герояў твора, расказаць пра падзеі ад імя гэтага героя;

3) пераказаць тэкст па змененаму плану (змяніўшы паслядоўнасць падзей);

4) дапоўніць змест тэксту, уключыўшы ў яго апісанне месца дзеяння, партрэта героя, падзеі, якія маглі б папярэднічаць сюжэту або прадоўжыць яго.

Вусныя і пісьмовыя пераказы ў пачатковых класах носяць навучальны характар. Калі ў вуснай форме навучэнцы робяць падрабязныя, сціслыя, выбарачныя і творчыя пераказы, то ў пісьмовай – толькі падрабязныя. Пры іх правядзенні вельмі важным з’яўляецца выбар тэксту і вызначэнне тыпу пераказу. Тэкст павінен адпавядаць патрабаванням да аб’ёму пераказу, ён павінен быць зразумелым дзецям як па мове, так і па змесце, быць узорным па форме, цікавым па змесце, выконваць выхаваўчую функцыю.

Падрабязны пісьмовы пераказ з’яўляецца сродкам  замацавання ў памяці дзіцяці зместу прачытанага ва ўсіх яго дэталях; сродкам засваення логікі тэксту-ўзору, яго мовы. Роля пісьмовых пераказаў заключаецца ў тым, каб час ад часу на фоне пастаяннай і разнастайнай вуснай маўленчай дзейнасці трэніраваць вучняў у складанні такіх тэкстаў, якія маглі б быць адбуманыя імі, старанна правераныя спачатку самастойна, а потым і настаўнікам. Акрамя таго, пісьмовыя пераказы дапамагаюць далучыць дзяцей да лепшых узораў мовы. Высокамастацкія тэксты, пісьмова пераказаныя дзецьмі, спрыяюць фарміраванню маўленчых навыкаў, павышаюць культуру маўлення, прывіваюць мастацкі густ, развіваюць чуццё мовы.

Складанасць пісьмовых пераказаў ў параўнанні з вуснымі, павольны тэмп пісьма навучэнцаў пачатковых класаў вымушае прапаноўваць для гэтага віду творчых прац тэксты, меншыя па памеры, і больш простыя структурна.

Традыцыйна склалася наступная методыка правядзення пісьмовага пераказу:

  1. Падбор тэксту, папярэдні аналіз яго настаўнікам з пункту гледжання зместу, кампазіцыі, моўных сродкаў;
  2. Уступнае слова настаўніка: мэта пераказу, яго від, кароткая характарыстыка тэксту (тып, тэма, асноўная думка, аўтар).
  3. Папярэдняе тлумачэнне незразумелых слоў (калі яны ёсць).
  4. Чытанне тэксту настаўнікам.
  5. Высвятленне незразумелага ў змесце, тлумачэнне цяжкіх у арфаграфічных і лексічных адносінах слоў, выпісванне іх на дошку.
  6. Праца над зместам тэксту (тэма, асноўная думка, мікратэмы, тэматычныя, апорныя словы).
  7. Вызначэнне тыпу тэксту, аналіз яго кампазіцыі (апавяданне (пачатак дзеяння, развіццё падзей, развязка), апісанне (прадмет апісання, асноўная яго прымета, дэталі)).
  8. Праца над моўнымі сродкамі тэксту (лексіка, тыпы сказаў, сродкі выразнасці).
  9. Складанне плана тэксту.
  10. Напісанне пераказу. Самаправерка.

Гэты поўны пералік этапаў працы з тэкстам можа вар’іравацца,  скарачацца.

Сачыненне

У працэсе навучання дзяцей вусным і пісьмовым сачыненням на практыцы рэалізуюцца агульныя ўменні ў звязным маўленні: уменне зразумець і раскрыць тэму,  падпарадкаваць сваё сачыненне пэўнай думцы, сабраць матэрыял, сістэматызаваць яго, размясціць, скласці план і пісаць па плане, выкарыстоўваць сродкі мовы ў адпаведнасці з задумай і маўленчай сітуацыяй,  удасканальваць напісанае.

Сачыненні (вусныя і пісьмовыя) класіфікуюцца па:

крыніцах матэрыялу (на аснове жыццёвага вопыту, на аснове назіранняў, экскурсій, на аснове прачытанага, па малюнках, з апорай на рэпрадукцыю карціны, па фільмах, спектаклях, на аснове творчага ўяўлення);

ступені самастойнасці і спосабах падрыхтоўкі (калектыўна падрыхтаваныя і індывідуальныя)

тыпах тэксту (апавяданні, апісанні, разважанні): у пачатклвых класах часцей выкарыстоўваюцца апавяданні з элементамі апісання і разважання;

жанрах (у пачатковых класах: пісьмо, апавяданне, заметка у газету, водгук на прачытаную кнігу, замалёўка карцін прыроды)

стылях (мастацкія, навуковыя): у пачатковых класах часцей выкарыстоўваюцца мастацкія сачыненні.

Вусныя сачыненні складаюцца часцей, чым пісьмовыя. Праца над сачыненнем пачынаецца з аб’яўлення тэмы (у большасці выпадкаў за некалькі дзён да напісання сачынення). Далей пачынаецца збор матэрыялу па тэме (у працэсе правядзення мэтанакіраваных назіранняў): робяцца неабходныя запісы, фіксуюцца ключавыя словы і выразы, пазначаюцца часткі тэксту, якія змяшчаюць патрэбную інфармацыю.

Сабраны матэрыял неабходна ўпарадкаваць, сістэматызаваць – гэта значыць выбраць з яго тое, што будзе дарэчы пры раскрыцці тэмы і асноўнай думкі сачынення; згрупаваць матэрыял па асобных пытаннях (пунктах плана), устанавіць сувязі паміж часткамі і размясціць іх у неабходным парадку. Састаўленне плана дапамагае вучням асэнсаваць змест будучага тэксту, яго структуру, фарміруе ўменне выказваць думкі ў неабходнай паслядоўнасці.

Урок напісання сачынення праводзіцца па наступным плане:

  1. Вызначэнне тэмы сачынення і пастаноўка задачы (пра што трэба напісаць, што галоўнае ў гэтым сачыненні).
  2. Гутарка, якая мае на мэце збіранне матэрыялу для сачынення (сачыненне па серыі сюжэтных малюнкаў, па сюжэтным малюнку з апорай на рэпрадукцыю карціны, на аснове прачытанага) або яго сістэматызацыю (сачыненні паводле назіранняў і з асабістага вопыту).
  3. Работа над планам або абмеркаванне гатовага плана.
  4. Падрыхтоўка тэксту (складанне тэксту або яго часткі ў вуснай форме, слоўнікавая работа).
  5. Арфаграфічная падрыхтоўка.
  6. Напісанне вучнямі сачынення і самаправерка.

Ацэньванне пісьмовых пераказаў і сачыненняў

Ацэнка пераказаў і сачыненняў праводзіцца з улікам двух параметраў: зместу і пісьменнасці. Змест пераказаў і сачыненняў ацэньваецца з улікам наяўнасці ці адсутнасці зместавых і маўленчых памылак. Зместавымі памылкамі лічацца неадпаведнасць зместу тэксту абазначанай у загалоўку тэме, нераскрыццё галоўнай думкі, парушэнне лагічнасці, паслядоўнасці развіцця думкі ў тэксце. Маўленчымі памылкамі лічацца неабгрунтаваны паўтор аднаго і таго ж слова, неабгрунтаванае ўжыванне побач аднакаранёвых слоў, ужыванне слоў у недакладным значэнні, ужыванне дыялектных і прастамоўных слоў, парушэнне лексічнай спалучальнасці слоў.

Пісьменнасць пераказаў і сачыненняў ацэньваецца з улікам наяўнасці ці адсутнасці арфаграфічных, граматычных і пунктуацыйных памылак. Арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі ‑ памылкі на арфаграфічныя і пунктуацыйныя правілы і памылкі ў слоўнікавых словах. Граматычнымі памылкамі лічацца парушэнне граматычнай спалучальнасці слоў, няправільнае ўжыванне і ўтварэнне форм склонаў, асабовых форм дзеясловаў, памылкі ў словаўтварэнні, парушэнне межаў сказа.

УМК задание

Прикрепленные файлы

Похожие публикации


Система классного белорусского литературного чтения в начальной школе

19-03-2020 Лекции
Адукацыйнае, развіццёвае і выхаваўчае значэнне ўрокаў літаратурнага чытання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Заканамернасці і прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў
задание УМК
подробнее

Факультативные занятия метапредметной и воспитательной направленности

19-03-2020 Лекции
Цель, задачи, подходы к организации факультативных занятий общеразвивающей и воспитательной направленности на первой ступени общего среднего образования
УМК
подробнее