Cучасны гукавы аналітыка-сінтэтычны метад навучання грамаце
Гукавы аналітыка-сінтэтычны метад навучання грамаце з’яўляецца самым эфектыўным метадам, паколькі з навуковых пазіцый ён дае магчымасці паслядоўна і паспяхова пераадольваць усе цяжкасці ў працэсе навучання дзяцей пісьму і чытанню ў перыяд авалодання імі граматй.
У Расіі ўпершыню гэты метад быў уведзены К. Д. Ушынскім як метад “пісьма – чытання”. У школе ён выкарыстоўваецца з сярэдзены 60-х гг. ІXX ст. з невялікім перарывам (з 1922 па 1935 гг. – метад цэлых слоў) па цяперашні час.
З часоў К. Д. Ушынскага гукавы аналітыка-сінтэтычны метад навучання грамаце прайшоў складаны шлях развіцця. Сучасныя буквары распрацоўваюцца на аснове гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду з улікам апошніх дасягненняў у галіне лінгвістыкі, дзіцячай псіхалогіі, педагогікі.
Гукавым гэты метад называецца таму, што навучанне чытанню праводзіцца на аснове дэталёвага вывучэння кожнага выдзеленага са слова гука, з наступным засваеннем літары, якой ён абазначаецца на пісьме, чытаннем складоў і слоў з гэтай літарай.
Працэс навучання грамаце вядзецца на аснове аналізу. Чытанню папярэднічае аналіз, таму метад называецца аналітычным. Выпрацоўка навыку чытання завяршаецца сінтэзам, таму метад лічыцца сінтэтычным.
Асноўныя рысы сучаснага гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду:
- Навучанне грамаце абапіраецца на маўленне; прадугледжвае развіццё маўлення (накірункі працы: работа ад гукавой культурай маўлення; лексічная работа; развіццё граматычнага ладу маўлення; развіццё звязнага вуснага маўлення) і мыслення (разгадванне загадак, рэбусаў) вучняў.
Развіццё маўлення і мыслення вучняў адбываецца пры рабоце з матэрыяламі, прадстаўленымі ў буквары, пропісях, і выкананнем спецыяльных практыкаванняў над словам (лагічныя практыкаванні тыпу групоўкі, абагульнення і класіфікацыі, назіранні над аманімічнасцю, мнагазначнасцю слоў, антанімамі, словаўтварэннем і словазмяненнем), сказам (складанне сказаў па малюнках, складанне сказаў па схемах і інш.), звязным маўленнем (складанне невялікіх вусных апавяданняў, пераказ тэксту па пытаннях і інш.).
- Асновай навучання грамаце з’яўляецца гук. Гукі вылучаюцца з маўленчай плыні, са слоў у працэсе аналізу. Шмат увагі надаецца гукавому аналізу слоў, артыкуляцыі гукаў, развіццю маўленчага слыху (уменню вылучаць асобныя гукі з маўленчай плыні, выдзяляць гукі са слоў і складоў). Сінтэз ідзе ўслед за аналізам. Гукавы аналіз і сінтэз у працэсе навучання чытанню і пісьму маюць вялікае значэнне для развіцця мыслення вучняў.
- Адзінкай чытання з’яўляецца склад (прынцып пазіцыйнага чытання). Асаблівая ўвага надаецца чытанню і вымаўленню складоў, выкарыстанню складовых табліц.
Уводзіцца не толькі гукавы, але і склада-гукавы аналіз слова, якія мае на мэце не толькі падзел слоў на склады, вызначэнне націскнога склада, вылучэнне гукаў, вызначэнне іх паслядоўнасці, колькасці, але і ўстанаўленне сувязі паміж гукамі ў складзе “зычны+галосны”.
- Вылучаны перыяды навучання грамаце: падрыхтоўчы (дабукварны), асноўны (букварны) і паслябукварны (заключны).
- З улікам прынцыпу частотнасці ўстаноўлена пэўная паслядоўнасць вывучэння гукаў і літар.
- Навучанне чытанню і пісьму адбываецца паралельна.
- На практычнай аснове сістэматычна ўводзяцца элементы граматыкі, словаўтварэння, арфаграфіі (без тэарэтычных звестак).
- У працэсе навучання грамаце ўводзяцца элементы мадэлявання: выкарыстоўваюцца схемы-мадэлі сказаў, слоў, складоў.
- Навучанне грамаце носіць развіццёвы характар, забяспечвае разумовае развіццё вучня праз сістэму практыкаванняў і заданняў у аналізе і сінтэзе, практыкаванняў па развіцці маўлення.
- Навучанне грамаце носіць выхаваўчы характар. Задачы патрыятычнага, духоўнага, сямейнага, працоўнага выхавання рэалізуюцца праз выкарыстанне дыдактычных матэрыялаў, тэкстаў, змешчаных у буквары.
- У працэсе навучання грамаце рэалізуюцца індывідуальны і дыферэнцыраваны падыходы да вучняў. Гэта звязана з іх адрозненнямі ў агульным развіцці і ступені падрыхтаванасці да навучання чытанню і пісьму.

RSS





















