Новости События Общее

Лекция "Выработка орфографических умений и навыков"

01-12-2020 Лекции
Прапануюцца прыёмы выпрацоўкі арфаграфічнай пільнасці, методыка правядзення арфаграфічных практыкаванняў і работы над памылкамі

Выпрацоўка арфаграфічных уменняў і навыкаў

Навукова-метадычныя даследаванні беларускіх і расійскіх вучоных, настаўнікаў-практыкаў сведчыць пра тое, што «слабасць арфаграфічнай зоркасці» з’яўляецца адной з найважнейшых прычын памылак вучняў у пісьмовых работах.

Арфаграфічная зоркасць – гэта здольнасць, уменне хутка выяўляць у тэксце, які прызначаны для запісу або ўжо напісаны, арфаграмы, а таксама вызначаць іх тыпы. Пры сістэматычнай трэніроўцы зоркасць аўтаматызуецца і становіцца часткай арфаграфічнага навыку, забяспечваючы паспяховае выкананне арфаграфічнага дзеяння. Калі пішучы ўсведамляе наяўнасць арфаграмы ў слове, ён выконвае арфаграфічнае дзеянне. Знаходзіць арфаграмы ў словах дапамагаюць іх апазнавальныя прыкметы (гл. вышэй).

Арфаграфічная зоркасць развіваецца паступова ў працэсе выканання разнастайных практыкаванняў, якія забяспечваюць зрокавае, слыхавое, артыкуляцыйнае, маторнае ўспрыманне і запамінанне арфаграфічнага матэрыялу.

Асноўныя віды практыкаванняў, якія накіраваны на развіццё арфаграфічнай зоркасці:

  • гука-літарны аналіз слова – вызначэнне гукавога складу слова, суаднясенне гукаў і літар у слове (вядучы від аналізу ў І класе, выкарыстоўваецца і ў наступных класах; асабліва каштоўны пры рабоце са словамі, напісанне якіх разыходзіцца з вымаўленнем);
  • знаходжанне і падкрэсліванне арфаграм у словах;
  • самастойны падбор вучнямі слоў з арфаграмай, якая маецца ў прапанаваным слове;
  • падбор прыкладаў на прапанаванае арфаграфічнае правіла;
  • групоўка слоў з улікам наяўнасці арфаграм;
  • розныя віды навучальных дыктантаў (папераджальны, тлумачальны, “Правяраю сябе” і інш.);
  • каменціраванае пісьмо – від практыкавання, якое ўключае ў сябе тлумачальнае разважанне падчас запісу слоў, сказаў;
  • пісьмо з пропускам літар на месцы арфаграм (пісьмо з «дзіркамі») – від практыкавання, у працэсе якога вучні пры запісе слоў (сказаў, тэксту) прапускаюць літары, калі не ведаюць або сумняваюцца ў іх напісанні, на месцы пропуску літар ставіцца прочырк; пасля запісу ажыццяўляецца арфаграфічны аналіз слоў з прапушчанымі літарамі, пропускі запаўняюцца;
  • пісьмо па памяці;
  • арфаграфічны разбор;
  • какаграфічныя практыкаванні (з грэч. “kakos” – дрэнны, і “grapho” – пішу) прадугледжваюць выпраўленне вучнямі наўмысна дапушчаных у словах (сказах, тэкстах) памылковых напісанняў. Такія практыкаванні не прымяняюцца на этапах знаёмства і замацавання навыкаў правапісу, а толькі пасля таго, як правіла адпрацавана на практычным узроўні і ў вучняў сфарміраваны правільны спосаб дзеянняў. Перад тым, як прапаноўваць выканаць вучням практыкаванне, іх неабходна праінфармаваць аб наяўнасці памылак у словах (іх не павінна быць шмат).

Неабходна звярнуць увагу на тое, што практыкаванне, у якім вучням прапануецца ўставіць прапушчаныя літары ў словы, не будзе садзейнічаць развіццю арфаграфічнай зоркасці, паколькі арфаграмы ў словах ужо знойдзены і ўказаны (выкананы першы этап арфаграфічнага дзеяння).

Фарміраванне арфаграфічнай зоркасці прадугледжвае развіццё навыкаў самакантролю. Трэба фарміраваць у вучняў звычку правяраць запісанае.

 

Віды арфаграфічных практыкаванняў і методыка іх правядзення

Як і любы іншы навык, арфаграфічны навык выпрацоўваецца ў працэсе шматразовага выканання практыкаванняў.

Да арфаграфічных практыкаванняў адносяцца наступныя віды работ: спісванне, дыктант, арфаграфічны разбор, свабоднае або самастойнае пісьмо (падбор уласных прыкладаў, пераказ, сачыненне і інш.), карэктура тэксту (выпраўленне памылак).

Спісванне – гэта найбольш распаўсюджаны від пісьмовых практыкаванняў, які прадугледжвае перадачу ў пісьмовай форме зрокава ўспрымаемага слова, сказа, тэксту. Выкарыстоўваецца пры навучанні пісьму і каліграфіі, а таксама арфаграфіі і граматыцы (як правіла, з дадатковымі заданнямі).

У пачатковых класах павінна быць сфарміравана ўменне спісваць у адпаведнасці з правіламі арфаграфіі і каліграфіі.

Размяжоўваюць два асноўныя віды спісвання:

  • спісванне няўскладненае (з гатовага ўзору), калі вучням прапануецца спісаць без памылак і скажэнняў словы (сказы, тэкст); такі від спісвання прымяняецца пераважна ў І класе;
  • спісванне ўскладненае – спалучаецца з выкананнем разнастайных дадатковых заданняў арфаграфічнага, граматычнага, лексічнага або словаўтваральнага характару (напрыклад, спісаць словы, устаўляючы прапушчаныя літары); спісванне з групоўкай, якое мае на мэце размеркаванне слоў, словазлучэнняў, сказаў па групах (напрыклад, размеркаваць словы ў тры слупкі ў залежнасці ад тыпу скланення); выбарачнае спісванне прадугледжвае выпісванне з тэксту асобных слоў, словазлучэнняў, сказаў па вызначаным заданні (напрыклад, выпісаць з тэксту дзеясловы); творчае спісванне прадугледжвае аднаўленне дэфармаваных сказаў або тэксту (напрыклад, спісаць сказы і дапоўніць іх словамі, якія падыходзяць па сэнсе).

У практыцы навучання беларускай мове спісванне часцей за ўсё спалучаецца з выкананнем заданняў граматычнага, лексічнага або словаўтваральнага характару.

Кантрольнае спісванне з’яўляецца спосабам праверкі сфарміраванасці ўмення беспамылкова спісваць з друкаванага ці рукапіснага тэксту, вызначаць межы сказаў і правільна афармляць іх на пісьме.

Урокі кантрольнага спісвання праводзяцца ў канцы І класа і 1-ым паўгоддзі ў ІІ класе.

Тэкст для кантрольнага спісвання варта надрукаваць на асобных лістах для кожнага вучня ў класе, паколькі падчас навучання вучні пераважна практыкуюцца ў спісванні з пропісяў (падручніка), а не з класнай дошкі. Шрыфт тэксту павінен адпавядаць шрыфту пропісяў (падручніка).

Методыка правядзення кантрольнага спісвання

1. Знаёмства з тэкстам.

Настаўнік чытае тэкст услых, вучні ўважліва слухаюць. Пасля знаёмства з тэкстам вучні называюць незразумелыя словы (калі яны былі). Іншыя вучні або настаўнік тлумачаць іх значэнне.

Можна прапанаваць вучням прачытаць тэкст самастойна.

2. Праверка разумення прачытанага.

Настаўнік задае 2-3 пытанні на разуменне зместу тэксту.

3. Паўтарэнне алгарытму (правілаў) спісвання. Настаўнік нагадвае, што перад тым, як запісаць сказ, яго неабходна папярэдне прачытаць, пастарацца запомніць. Падчас запісу трэба дыктаваць сабе, прагаворваючы словы па складах. Пасля запісу – выканаць праверку. Такім чынам неабходна працаваць з кожным сказам.

4. Самастойнае спісванне тэксту вучнямі.

5. Самаправерка вучнямі напісанага. Вучні звяраюць напісанае з узорам (тэкстам на картках).

 

Дыктант – гэта від арфаграфічнага практыкавання, сутнасць якога заключаецца ў запісе ўспрымаемых на слых слоў, сказаў, тэкстаў.

Па мэце правядзення дыктанты падзяляюцца на навучальныя, якія праводзяцца з мэтай фарміравання арфаграфічнага навыку, і кантрольныя, якія маюць на мэце праверку сфарміраванасці арфаграфічных і пунктуацыйных уменняў і навыкаў вучняў.

У метадычнай літаратуры адзначаецца, што для эфектыўнага фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці для выканання вучням неабходна прапаноўваць практыкаванні, разлічаныя не толькі на зрокавае, але і слыхавое ўспрыманне.

У практыцы навучання значную частку складаюць практыкаванні, заснаваныя на зрокавым успрыманні (практыкаванні ў падручніку, на дошцы, на індывідуальных картках). Пры запісе пад дыктоўку колькасць арфаграфічных памылак у вучняў значна павялічваецца. Гэта звязана з тым, што дыктант як від арфаграфічнага практыкавання мае сваю арыенціровачную аснову. Падчас запісу пад дыктоўку вучань пастаўлены ва ўмовы імгненнага рэагавання: неабходна вызначыць арфаграму ў слове, выбраць адпаведнае правіла, прымяніць яго і зрабіць правільны запіс. Трэба адзначыць, што для праверкі сфарміраванасці арфаграфічных уменняў і навыкаў прымяняецца менавіта дыктант. Таму настаўніку на ўроках беларускай мовы мэтазгодна прымяняць розныя віды навучальных дыктантаў, якія будуць займаць частку ўрока (да 10 хвілін).

Папераджальны дыктант – від слыхавога дыктанта, які прадугледжвае вызначэнне арфаграм у словах і тлумачэнне іх правапісу да запісу слоў, сказаў, тэксту. Гэты від дыктанта выкарыстоўваецца на першапачатковым этапе вывучэння пэўных тэм або калі вучэбны матэрыял доўгі час не паўтараўся.

Паслядоўнасць дзеянняў:

  1. Настаўнік чытае тэкст поўнасцю для азнаямлення вучняў з яго зместам, пасля адказвае на іх пытанні пра незразумелыя словы і выразы.
  2. Настаўнік чытае тэкст па сказах. Перад запісам сказа вучань тлумачыць напісанне кожнага слова (разбіраюцца ўсе арфаграмы).
  3. Пасля запісу тэксту вучні выконваюць самаправерку.

Тлумачальны дыктант – від слыхавога дыктанта, які прадугледжвае тлумачэнне напісання арфаграм пасля запісу слоў, сказаў, тэксту; праводзіцца з мэтай замацавання і паўтарэння вывучанага матэрыялу.

Паслядоўнасць дзеянняў:

  1. Настаўнік чытае тэкст поўнасцю для азнаямлення вучняў з яго зместам, пасля адказвае на іх пытанні пра незразумелыя словы і выразы.
  2. Тэкст чытаецца і запісваецца па сказах.
  3. Пасля запісу кожнага сказа вучні вусна тлумачаць арфаграмы. Тлумачэнне арфаграм можа быць праведзена і пасля запісу ўсяго тэксту. У такім выпадку пажадана, каб у час запісу асобных сказаў вучні падкрэслівалі арфаграмы.

Каменціраваны дыктант (каменціраванае пісьмо) – від слыхавога дыктанта, які прадугледжвае каменціраванне ўсіх арфаграм (вызначэнне тыпу арфаграмы, падбор праверачнага слова, фармуляванне вываду) падчас запісу тэксту. Гэты від дыктанта накіраваны на адпрацоўку прыёмаў прымянення правіла ў працэсе пісьма.

Паслядоўнасць дзеянняў:

  1. Настаўнік чытае тэкст поўнасцю для азнаямлення вучняў з яго зместам, пасля адказвае на іх пытанні пра незразумелыя словы і выразы.
  2. Настаўнік чытае тэкст па сказах. Выбіраецца вучань для каменціравання, які ў працэсе пісьма тлумачыць усе арфаграмы. Такім чынам увесь клас працуе ў адным тэмпе. Да каменціравання, па магчымасці, прыцягваюцца ўсе вучні класа.

Дыктант “Правяраю сябе” – від слыхавога дыктанта, падчас правядзення якога вучням дазваляецца карыстацца слоўнікамі, даведнікамі, задаваць пытанні настаўніку пры ўзнікненні цяжкасцей і інш. Пры напісання дыктанта вучань падкрэслівае арфаграму, у напісанні якой ён сумняваецца. Пытанні ад вучняў і іншыя спосабы самаправеркі падтрымліваюцца настаўнікам.

Дыктант “Правяраю сябе” садзейнічае выпрацоўцы навыкаў самакантролю, развіццю арфаграфічнай зоркасці.

Разнавіднасцю дыктанта “Правяраю сябе” з’яўляецца пісьмо з пропускам літар (пісьмо з “дзіркамі”). Сутнасць гэтага віду дыктанта заключаецца ў наступным: у працэсе запісу сказа, тэксту вучань прапускае літару, у напісанні якой ён сумняваецца, – на месцы пропуску ставіцца прочырк на ніжняй лініі рабочага радка. Пасля запісу сказа, тэксту арфаграмы калектыўна разбіраюцца, аналізуюцца, пропускі запаўняюцца.

Выбарачны дыктант (можа быць і слыхавым, і зрокавым) выкарыстоўваецца з мэтай развіцця арфаграфічнай зоркасці, фарміравання ўменняў аналізаваць словы, сказы, тэкст да запісу, знаходзіць пэўныя моўныя з’явы. Гэты від дыктанта прадугледжвае запіс не ўсяго тэксту, а асобных слоў, спалучэнняў слоў, сказаў.

Паслядоўнасць дзеянняў:

  1. Настаўнік чытае сказы (тэкст) поўнасцю, пасля адказвае на пытанні вучняў пра незразумелыя словы і выразы.
  2. Настаўнік тлумачыць заданне, якое неабходна выканаць падчас запісу пад дыктоўку.
  3. Вучні запісваюць словы (спалучэнні слоў, сказы) пад дыктоўку ў адпаведнасці з прапанаваным заданнем.
  4. Пасля выканання задання вучні робяць самаправерку.

Размеркавальны дыктант з’яўляецца разнавіднасцю выбарачнага дыктанта. Ён прадугледжвае выбар пэўных слоў з тэксту і іх групоўку або групоўку асобных слоў, якія прапануюцца для запісу пад дыктоўку.

Паслядоўнасць дзеянняў:

  1. Настаўнік чытае тэкст для азнаямлення, агульнага ўспрымання (калі прапануецца тэкст).
  2. Настаўнік тлумачыць заданне, якое неабходна выканаць падчас запісу пад дыктоўку.
  3. Настаўнік чытае тэкст (сказы, словы). Вучні выбіраюць пэўныя словы і групуюць іх у адпаведнасці з прапанаваным заданнем.
  4. Вучні выконваюць самаправерку.

Свабодны дыктант забяспечвае замацаванне ўмення пісаць словы з раней вывучанымі арфаграмамі, садзейнічае развіццю звязнага маўлення дзяцей. Гэты від дыктанта можна разглядаць як практыкаванне па падрыхтоўцы да напісання пераказу.

Паслядоўнасць дзеянняў:

  1. Настаўнік чытае тэкст поўнасцю для агульнага ўспрымання, пасля адказвае на пытанні вучняў пра незразумелыя словы і выразы.
  2. Настаўнік чытае тэкст па частках – па 3-4 сказы. Кожная з вылучаных частак запісваецца пасля паўторнага прачытання. Вучань запісвае кожную частку па памяці, пераказвае, што запомніў.
  3. Вучань робіць самаправерку запісанага тэксту.

Творчы дыктант дазваляе выпрацаваць навык прымянення канкрэтных правілаў, а таксама замацаваць раней вывучаны матэрыял, садзейнічае развіццю граматычнага ладу маўлення, узбагачэнню слоўнікавага запасу дзяцей.

Паслядоўнасць дзеянняў:

  1. Настаўнік чытае ўвесь тэкст, пасля адказвае на пытанні вучняў пра незразумелыя словы і выразы.
  2. Настаўнік тлумачыць заданне, якое неабходна выканаць падчас запісу тэксту пад дыктоўку.
  3. У час запісу тэксту пад дыктоўку вучань па заданні настаўніка дапаўняе яго пэўнымі словамі, змяняе форму слоў і да т. п.
  4. Пасля запісу ўсяго тэксту вучань ажыццяўляе самаправерку.

Пісьмо па памяці або самадыктант – гэта самастойны запіс вучнем вывучага на памяць тэксту, які ўспрымаецца зрокава або на слых.

Паслядоўнасць дзеянняў:

  1. Вучань чытае тэкст. Запытваецца пра незразумелыя словы і выразы.
  2.  Гутарка па змесце тэксту.
  3. Вучань чытае тэкст, называе вядомыя арфаграмы і тлумачыць іх напісанне. Арфаграмы пажадана падкрэсліваць.
  4. Вучань вучыць тэкст на памяць.
  5. Вучань запісвае тэкст і робіць самаправерку свайго запісу.
  6. Вучань робіць праверку: звярае кожнае напісанае слова з узорам.

Кантрольны дыктант

Колькасць і аб’ём кантрольных дыктантаў для кожнага класа вызначаецца нарматыўнымі дакументамі. Для кантрольнага дыктанта выкарыстоўваюцца тэксты, блізкія па тэматыцы і зразумелыя па лексіцы вучням пачатковых класаў. Тэкст павінен быць насычаны вывучанымі на момант пісьма арфаграмамі і пунктаграмамі, якія раўнамерна размеркаваны па тэксце. Дапускаецца наўянасць слоў з невывучанымі арфаграмамі, але не больш за тры. У дыктант уключаюцца простыя па структуры сказы, якія складаюцца з 2-8 слоў.

Кантрольны дыктант з граматычным заданнем складаецца з дыктанта і граматычных (фанетычных, марфалагічных, лексічных, сінтаксічных і д. п.) заданняў. Колькасць граматычных заданняў – не больш за тры.

На напісанне кантрольнага дыктанта адводзіцца цэлы ўрок. Пішацца ён у сшытках для кантрольных работ.

Перад напісаннем кантрольнага дыктанта звяртаецца ўвага вучняў на напісанне слова (слоў) з невывучанымі арфаграмамі, калі такія сустракаюцца ў тэксце. У час правядзення дыктанта гэта слова (словы) павінна быць перад вачыма дзяцей (запісана на дошцы). Пра пастаноўку знакаў прыпынку, якія яшчэ не вывучаліся, трэба папярэдзіць падчас запісу пэўнага сказа.

Паслядоўнасць дзеянняў:

  1. Настаўнік выразна чытае ўвесь тэкст. Вучні ўважліва слухаюць і асэнсоўваюць яго змест.
  2. Настаўнік адказвае на пытанні вучняў пра незразумелыя словы і выразы.
  3. Настаўнік чытае тэкст па асобных сказах. Кожны сказ чытаецца два разы: першы раз – для ўспрымання, другі – для запісу. У тым выпадку, калі сказ складаны для ўспрымання або ўскладнены аднароднымі членамі, ён можа быць прачытаны па частках. Вучні запісваюць сказ толькі пасля таго, як настаўнік закончыў яго чытаць.

Дыктаваць тэкст неабходна з захаваннем арфаэпічных нормаў, без падказак, захоўваць роўны тэмп чытання.

  1. Пасля запісу ўсіх сказаў настаўнік чытае тэкст яшчэ раз поўнасцю з працяглымі паўзамі паміж сказамі. Вучні ў гэты час выконваюць самаправерку.

Пры выкананні граматычных заданняў настаўнік чытае і каменціруе запісаныя на дошцы заданні для кожнага варыянта. Затым вучні самастойна выконваюць іх. Пасля выканання граматычных заданняў кожны вучань робіць самаправерку.

Арфаграфічны разбор – від моўнага аналізу, які мае на мэце знаходжанне ў словах (словазлучэннях, сказах, тэкстах) арфаграм, іх тлумачэнне, указанне спосабу праверкі і выкананне арфаграфічнага дзеяння – праверкі. Арфаграфічны разбор можа быць поўным (разбіраюцца ўсе арфаграмы) і выбарачным, тэматычным (аналізуюцца пэўныя арфаграм па заданні настаўніка). У пачатковых класах арфаграфічны разбор звычайна праводзіцца толькі ў вуснай форме.

Сістэма арфаграфічных практыкаванняў

Сістэма практыкаванняў павінна прадугледжваць рэгулярнасць, бесперапыннасць трэніровачнай работы, паступовае ўдасканаленне самастойнасці вучняў у працэсе выканання практыкаванняў, ускладненне характару заданняў, пашырэнне агульнамаўленчай і стылістычнай накіраванасці практыкаванняў, садзейнічаць маўленчаму і інтэлектуальнаму развіццю вучняў.

Як ужо адзначалася, што вывучэнне арфаграфіі ў пачатковай школе знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі з іншымі раздзеламі школьнага курса беларускай мовы, а прырода арфаграфічнага навыку заснавана на разумовых аперацыях абагульнення, зместам якіх з’яўляюцца фанетычныя і граматычныя веды. Адпаведна выкананне арфаграфічных практыкаванняў прадугледжвае прымяненне ведаў па фанетыцы, марфеміцы, марфалогіі.

З мэтай эфектыўнага навучання арфаграфіі неабходна выкарыстоўваць рознаўзроўневыя фанетыка-арфаграфічныя, марфеміка-арфаграфічныя, граматыка-арфаграфічныя практыкаванні, распрацаваныя з улікам этапаў фарміравання арфаграфічнага навыку.

Фанетыка-арфаграфічныя практыкаванні пераважна выкарыстоўваюцца пры вывучэнні напісанняў, заснаваных на фанетычным прынцыпе арфаграфіі: правапіс слоў з ў; о, эа; е, ёя; тц; ддз; няпарнымі цвёрдымі зычнымі гукамі; падоўжанымі зычнымі гукамі; раздзяляльнымі знакамі (апострафам і мяккім знакам).

Важнай умовай выканання фанетыка-арфаграфічных практыкаванняў з’яўляецца літаратурнае вымаўленне слоў, успрыманне іх на слых. У адваротным выпадку, не падрыхтаваны вуснымі практыкаваннямі пераход ад правіла да пісьма прыводзіць да замацавання памылковых напісанняў.

Марфеміка-арфаграфічныя практыкаванні выкарыстоўваюцца пры вывучэнні напісанняў, заснаваных як на фанетычным, так і на марфалагічным прынцыпах беларускага правапісу. У пачатковых класах з прымяненнем марфеміка-арфаграфічных практыкаванняў звязана засваенне наступных арфаграм: правапіс прыставак на б-, д-; правапіс прыставак на з-, с-; правапіс зычных, парных па звонкасці – глухасці, у корані слова; правапіс апострафа пасля прыстаўкі.

У названых практыкаваннях значная роля адводзіцца вызначэнню марфемнай структуры слова, што спрыяе выбару правільнага напісання. Акрамя таго, марфеміка-арфаграфічныя практыкаванні прадугледжваюць апору на фанетычныя веды і ўменні.

Граматыка-арфаграфічныя практыкаванні прымяняюцца пры вывучэнні склонавых канчаткаў назоўнікаў і прыметнікаў, асабовых канчаткаў дзеясловаў, правапіс якіх заснаваны на розных прынцыпах беларускай арфаграфіі.

Названы від практыкаванняў прадугледжвае апору на веданне граматычных катэгорый часцін мовы (роду, ліку, склону і г.д.), марфемныя ўменні і навыкі (вызначаць корань, канчатак і аснову слова), у некаторых выпадках – фанетычныя ўменні і навыкі (вызначаць характар асновы, націск, дыферэнцыраваць зычныя). Пры выбары пэўных склонавых канчаткаў часам улічваецца і лексічнае значэнне слова.

Складаны працэс аналізу і сінтэзу, абстрагавання і абагульнення, што ляжыць у аснове засваення правапісу склонавых і асабовых канчаткаў, ускладняе і характар практыкаванняў, колькасць і змест заданняў да іх.

Методыка вывучэння слоў з цяжкімі арфаграмамі (слоўнікавых слоў)

Адной з умоў дасягнення вучнямі арфаграфічнай пісьменнасці з’яўляецца засваенне імі правапісу слоў з цяжкімі арфаграмамі. У практыцы навучання мове такія словы, як правіла, адносяць да слоўнікавых.

Вылучаюць некалькі разнавіднасцей цяжкіх напісанняў:

  • словы з арфаграмамі, якія не падпарадкоўваюцца правілам;
  • словы з арфаграмамі, якія цяжка правяраюцца.

Работа са слоўнікавымі словамі патрабуе асаблівай увагі. Аднак, як сведчыць адукацыйная практыка, пры іх вывучэнні часта галоўная ўстаноўка робіцца на механічнае запамінанне. Гэта не забяспечвае доўгатэрміновага і якаснага засваення іх правапісу.

Вельмі важна захоўваць алгарытм знаёмства з новым слоўнікавым словам:

1. Усведамленне лексічнага значэння слоўнікавага слова (яго неабходна вылучыць з маўленчай плыні, увесці праз загадку, рэбус і інш.).

2. Гукавы аналіз слова (слова неабходна вымавіць, падзяліць на склады, вызначыць націскны склад, назваць гукі ў ім).

3. Зрокавае ўспрыманне (запіс слова на дошцы або прад’яўленне карткі з надрукаваным словам).

4. Арфаграфічнае чытанне (вучням прапануецца прачытаць слова так, як яно запісана).

5. Устанаўленне супадзення / розніцы ў вымаўленні і напісанні слоўнікавага слова (вучні вызначаюць, ці супадае вымаўленне і напісанне слова).

6. Рашэнне арфаграфічнай задачы (вучні знаходзяць усе арфаграмы ў слове; пры неабходнасці ўзгадваецца арфаграфічнае правіла, алгарытм выкарыстання правіла, падбіраецца праверачнае слова).

7. Запіс слоўнікавага слова вучнямі ў сшытак, пастаноўка націску, падкрэсліванне арфаграм.

8. Падбор аднакаранёвых слоў, іх запіс, падкрэсліванне арфаграм; вызначэнне лексічнага значэння аднакаранёвых слоў.

9. Складанне словазлучэнняў, сказаў са слоўнікавым словам.

У працэсе работы са слоўнікавымі словамі мэтазгодна выкарыстоўваць сенсаматорны метад, які прадугледжвае актыўную дзейнасць слыхавой, зрокавай і рухальнай (маўленчарухальнай і рукарухальнай) памяці [3].

Ахарактарызуем найбольш эфектыўныя прыёмы вывучэння слоўнікавых слоў, праз якія рэалізуецца сенсаматорны метад.

Паскладовае арфаграфічнае прагаворванне, якое прымяняецца на этапе знаёмства са слоўнікавым словам.

Сутнасць прыёму заключаецца ў наступным:

а) настаўнік запісвае слова па складах (напрыклад: га-ра-дскі);

б) настаўнік прагаворвае слова, выразна аддзяляючы склады адзін ад аднаго;

в) вучні прагаворваюць слова некалькі разоў, абапіраючыся на паскладовы запіс.

Падчас арфаграфічнага прагаворвання дзейнічаюць два віды памяці – слыхавая і маўленчарухальная. Спецыяльна праведзеныя даследаванні сведчаць аб тым, што прагаворванне ўслых, дакладны складовы аналіз слоў з цяжкімі арфаграмамі актывізуе як запамінанне, так і прыпамінанне напісання слоў.

Шматразовы запіс слова, у працэсе якога актыўна дзейнічае рухальная памяць, што станоўча ўплывае на фарміраванне арфаграфічных навыкаў. Важна, каб цяжкае ў арфаграфічных адносінах слова было шматразова запісана пры першым яго прад’яўленні, але не шляхам механічнага дубліравання запісу. Значную ролю адыгрывае паўтарэнне рукарухальных дзеянняў праз пэўныя інтэрвалы часу, паколькі пры аднаразовым або двухразовым напісанні слова неабходны арфаграфічны навык не выпрацоўваецца. Праца з любым слоўнікавым словам не павінна абмяжоўвацца адным урокам. На працягу 3 ‑ 4 тыдняў слоўнікавае слова неабходна выкарыстоўваць да 5 ‑ 7 разоў у разнастайных па змесце практыкаваннях. Прымяненне такіх пісьмовых практыкаванняў будзе садзейнічаць не толькі засваенню правапісу слоўнікавых слоў, але і пашырэнню і ўдакладненню актыўнага слоўнікавага запасу вучняў, развіццю іх маўлення, творчых здольнасцей.

Працу са слоўнікавымі словамі мэтазгодна звязваць з праграмным матэрыялам. Пасля засваення пэўнай колькасці слоўнікавых слоў карысным з’яўляецца правядзенне разнастайных па форме прад’яўлення слоўнікавых дыктантаў: малюнкавы дыктант (настаўнік прапануе малюнкі, на якіх адлюстраваны пэўныя прадметы, з’явы, а вучні запісваюць адпаведныя словы), дыктант на матэрыяле загадак (настаўнік загадвае загадкі (у якіх адгадкамі з’яўляюцца вывучаныя слоўнікавыя словы), а вучні запісваюць адгадкі), зрокавы дыктант (слоўнікавыя словы запісваюцца на дошцы, вучням даецца 1 хвіліна на іх запамінанне, потым вучні запісваюць словы па памяці) і інш.

Падкрэсліванне або выдзяленне колерам, памерам арфаграмы ў слове (пэўнай літары, спалучэння літар, складу), што садзейнічае зрокаваму запамінанню слоўнікавых слоў.

Сістэма падкрэсліванняў можа ажыццяўляцца не толькі пры знаёмстве са слоўнікавым словам, але і ў працэсе самастойнага выканання вучнямі практыкаванняў, у якія ўключаны слоўнікавыя словы. Гэта дазваляе паспяхова развіваць зрокавую памяць і арфаграфічную пільнасць.

Прыёмы, заснаваныя на мнематэхніцы.

Мнемоніка – сукупнасць прыёмаў, якая мае на мэце забяспечыць запамінанне магчыма большай колькасці звестак, фактаў.

Мнеманічныя прыёмы дазваляюць мабілізаваць увагу і памяць вучняў, а паспяховае запамінанне аблягчае працэс засваення. Выкарыстанне мнеманічных прыёмаў пры засваенні слоўнікавых слоў прадугледжвае прымяненне схем, табліц, малюнкаў, асацыяцый. Для засваення правапісу слоўнікавых слоў вучням ІІ–ІV класаў мэтазгодна прапаноўваць зрокавыя апоры (малюнкі). З дапамогай малюнка робіцца акцэнт на літары (літару), напісанне якіх(ой) трэба запомніць. Настаўнік можна прадставіць гатовыя зрокавыя апоры або прапанаваць вучням прыдумаць свае спосабы (малюнкі) запамінання слова.

Зрокавае запамінанне слоўнікавых слоў, цікавасць да іх вывучэння забяспечвае ўстанаўленне асацыяцый. Напрыклад, вучням можна прапанаваць адказаць на наступныя пытанні:

Якое імя “схавалася” ў слове талерка? (таЛерка)

Што “схавалася” ў пенале? (пенал)

Якая рыба і якая рака “схаваліся” ў слове воблака? (воблака, воблАка)

Якая расліна “схавалася” ў слове булён? (булён)

Важна, каб асацыіраванне праводзілася шляхам актыўнага ўяўлення, асабліва зрокавага. Так, для эфектыўнасці запамінання вылучаныя вышэй словы могуць быць аформлены ў малюнках. Напрыклад:

Такім чынам, эфектыўнасць вывучэння слоўнікавых слоў на ўроках беларускай мовы абумоўлена выкарыстаннем разнастайных прыёмаў, выбар якіх вызначаецца з улікам спецыфікі канкрэтнага слоўнікавага слова.

 

Работа над арфаграфічнымі памылкамі вучняў

Тыпалогія і прычыны арфаграфічных памылак вучняў

Арфаграфічныя памылкі ў пісьмовых работах вучняў – заканамерная з’ява працэсу навучання. Сфарміраваць арфаграфічную пісьменнасць без аналізу дапускаемых вучнямі памылак, без высвятлення прычын іх узнікнення, прагназавання магчымых памылак, распрацоўкі методыкі іх папярэджання немагчыма.

Спецыяльна праведзенае даследаванне ўзроўню сфарміраванасці арфаграфічнай пісьменнасці вучняў пачатковых класаў ва ўмовах руска-беларускага білінгвізму сведчыць аб тым, што тыповымі арфаграфічнымі памылкамі малодшых школьнікаў з’яўляюцца памылкі ў:

  • правапісе ў;
  • правапісе о, э, а;
  • правапісе прыставак на зычны;
  • правапісе раздзяляльных знакаў;
  • правапісе слоў з падоўжанымі зычнымі гукамі;
  • правапісе т-ц;
  • правапісе д-дз [2].

Арфаграфічныя памылкі ўзнікаюць па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах. У метадычнай літаратуры вылучаюць наступныя аб’ектыўныя прычыны арфаграфічных памылак:

  • няведанне вучнямі арфаграфічнай нормы ў час выканання работы;
  • аперыраванне лексікай, якой вучні карыстаюцца пераважна ў вусным маўленні;
  • псіхафізічная стомленасць вучняў к канцу пісьмовай работы;
  • наяўнасць у словах з той ці іншай арфаграмай цяжкіх выпадкаў ва ўжыванні арфаграфічных правілаў.

Вылучаюць наступныя прычыны арфаграфічных памылак малодшых школьнікаў ва ўмовах руска-беларускага білінгвізму:

  • лінгвадыдактычныя (несфарміраванасць уменняў выкарыстоўваць арфаграфічныя правілы на практыцы);
  • прыватнаметадычныя (недастатковае засваенне нормаў беларускага літаратурнага вымаўлення, недастатковае засваенне базавых моўных ведаў і несфарміраванасць адпаведных уменняў);
  • псіхалінгвістычныя (арыентацыя вучэбнай дзейнасці вучняў на першыя тры этапы фарміравання арфаграфічнага навыку, інтэрферэнцыя, нізкі ўзровень сфарміраванасці арфаграфічнай зоркасці, слаба развітыя зрокавая памяць і маўленчы слых).

Такія памылкі, як пропуск і замена літар, перастаноўка і ўстаўка літар і складоў часам тлумачыцца бедным слоўнікавым запасам (неразуменнем значэння слова), індывідуальнымі псіхалагічнымі асаблівасцямі вучняў.

Папярэджанне арфаграфічных памылак у пісьмовых работах вучняў

З мэтай папярэджання арфаграфічных памылак малодшых школьнікаў настаўніку неабходна арганізоўваць спецыяльную слоўнікава-арфаграфічную работу на розных этапах навучання. Сродкам папярэджання і выпраўлення арфаграфічных памылак з’яўляюцца: папярэдні арфаграфічны разбор сказаў або тэксту, які прапануецца для запісу; каменціраванае пісьмо; прымяненне розных відаў навучальных дыктантаў (папераджальны, каменціраваны, тлумачальны і інш.); работа вучняў з арфаграфічным слоўнікам; паўторнае выкананне практыкаванняў з новай мэтай і інш.

Папярэджанню арфаграфічных памылак будзе садзейнічаць развіццё ў вучняў навыкаў самакантролю (наўмыснае перачытванне вучнем напісанага з мэтай знаходжання магчымых памылак і іх выпраўлення) за выкананнем работы.

Прыёмы фарміравання навыкаў самакантролю:

  • паскладовае арфаграфічнае прагаворванне (эфектыўны прыём пры праверцы спісвання, дыктанта, пераказу, сачынення);
  • паслоўнае параўнанне напісанага з прапанаваным узорам у падручніку або на дошцы (пры спісванні);
  • праверка напісанага з выкарыстаннем арфаграфічнага слоўніка (можна прымяняць пры выкананні любых работ);
  • вызначэнне ў словах марфем з мэтай знаходжання ў іх арфаграм.

Знаёмства з пералічанымі прыёмамі самакантролю адбываецца паступова.

Фіксацыя настаўнікам арфаграфічных памылак у пісьмовых работах вучняў

Арфаграфічная памылка фіксуецца на палях (акрамя І класа) умоўным знакам (/), нягрубая арфаграфічная памылка – / (н). Памылкі на правілы, якія яшчэ не вывучаліся, настаўнік падкрэслівае, выпраўляе, але на палях не адзначае. няправільна напісаная літара падкрэсліваецца адной рыскай, закрэсліваецца наўскос і ўверсе запісваецца патрэбная літара (літары, знак);

Арганізацыя работы над арфаграфічнымі памылкамі

Сістэматычная работа над памылкамі – адна з важных умоў фарміравання арфаграфічных навыкаў.

Вучняў неабходна вучыць выконваць работу над памылкамі. Як правіла, на наступным уроку пасля вывучэння новага правіла настаўнік тлумачыць і дэманструе ўзор выканання работы над памылкамі, якія адносяцца да адзначанага тыпу.

У практыцы навучання прымяняюцца спецыяльна распрацаваныя памяткі па рабоце над памылкамі, у якіх пералічваюцца арфаграмы і падаецца ўзор выканання работы над памылкамі (пазначаецца паслядоўнасць дзеянняў, якую неабходна выканаць; паказаны ўзор).

Неабходна звярнуць увагу на тое, што работа над памылкамі, дапушчанымі ў класных і дамашніх работах, выконваецца самастойна вучнямі ў рабочых сшытках пасля кожнай работы.

Работа над памылкамі, дапушчанымі ў кантрольных работах (у сшытках для кантрольных работ) і пераказах, сачыненнях (у рабочых сшытках, паколькі гэтыя віды работ носяць навучальны характар у пачатковых класах) пад кіраўніцтвам настаўніка калектыўна разбіраюцца тыповыя памылкі, затым – вучні самастойна аналізуюць індывідуальныя памылкі, аналіз якіх не праводзіўся.

На наступным уроку пасля кантрольнай работы, напісання пераказу ці сачынення настаўнік адводзіць фрагмент урока для аналізу дапушчаных памылак.

 

Прыклад памяткі па рабоце над памылкамі

1. ПРОПУСК, ЗАМЕНА ЛІТАР
Напішы слова правільна, падкрэслі літару, пастаў націск. Запішы слова яшчэ раз, падзяляючы яго на склады.
Узормашына, ма-шы-на.
2.ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ Ў КАНЦЫ СКАЗА
Напішы сказ, пастаў патрэбны знак, падкрэслі яго. Запішы яшчэ адзін сказ з такім знакам прыпынку.
УзорПрыляцела ластаўка. Прашумела навальніца. 

Якая прыгажосць! Гэта першы дзень зімы!
Запомні! Сказы перадаюць закончаную думку. У канцы сказа ставіцца кропка (.), пытальнік (?) або клічнік (!). Выбар знака прыпынку залежыць ад сэнсу сказа і інтанацыі, з якой ён вымаўляецца.
3.ВЯЛІКАЯ ЛІТАРА Ў ПАЧАТКУ СКАЗА
Напішы сказ правільна. Прыдумай і запішы яшчэ адзін сказ, падкрэслі вялікую літару.
УзорУзняўся вецер. Паліў дождж.
Запомні! Першае слова ў сказе пішацца з вялікай літары.
4.ВЯЛІКАЯ ЛІТАРА Ў СЛОВАХ
Напішы слова правільна. Запішы яшчэ два словы на гэтае правіла, падкрэслі вялікую літару.
УзорВасіль, Вольга, Янка,. Нёман, Днепр, Свіслач.
Запомні! Імёны, імёны  па  бацьку і прозвішчы пішуцца з вялікай літары: Пётр Ільіч Клімук.

Мянушкі жывёл пішуцца з вялікай літары: кот Цішка, курыца Чубатка.
Назвы краін, гарадоў, вёсак, вуліц, рэк, азёр, мораў пішуцца з вялікай літары: рака Нарач, горад Полацк, возера Нарач.
5. ПЕРАНОС СЛОЎ
Напішы слова правільна, падзяляючы яго для пераносу. Запішы яшчэ тры словы, падзяляючы іх для пераносу.
Узорасі-на, лі-лея.
Запомні! Словы трэба пераносіць па складах. Адну літару нельга пакідаць на радку ці пераносіць на другі радок : пяю, юнак.
Літары й, ў, ь і апостраф ‘ пры пераносе нельга аддзяляць ад папярэдняй літары: пай-шлі, роў-ны, кань-кі, бур-ян.
Пры пераносе слоў з падоўжанымі зычнымі на наступны радок ёсць два варыянты пераносу: калос-се, кало-ссе, су-ддзя, суд-дзя.
Пры пераносе слоў літары дз, дж, падзяляць нельга: сту-дзень, ся-джу.

  1. ПРАВАПІС СЛОЎНІКАВЫХ СЛОЎ
    Напішы слова правільна, падзялі яго на склады. пастаў націск.
    Узор: дрымучы, дры-му-чы.
    Запомні! Напісанне гэтых слоў трэба праверыць па слоўніку і запомніць.
  2.  ПРАВАПІС ЛІТАРЫ  Ў
    Напішы слова або словазлучэнне правільна. Запішы яшчэ два словы на гэтае правіла. Падкрэслі галосную перад ў.
    Узормаляваў, чытаў, дрэўца; жыве ў лесе, хацелася ўбачыць.
    Запомні! Літара ў пішацца заўсёды пасля галосных у сярэдзіне слова, у канцы і ў пачатку, калі папярэдняе слова заканчваецце на галосную:лоўка, пайшоў, пакаціўся ўніз.
    Пасля знакаў прыпынку пішацца толькі у.
    Літара ў не бывае вялікай: вуліца Усходняя, балерына Уланава.
  3.  ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ О, Э А
    Напішы слова правільна. Запішы, ад якога слова яно ўтварылася, пастаў націск. Запішы яшчэ два словы на гэтае правіла.

Узордамы – дом, гарады – горад, бары – бор. 

 рака – рэкі, шаптаць – шэпчуць, цана – цэны.
Запомні! У беларускай мове галосныя о, э пішуцца пад націскам. Не пад націскам на іх месцы пішацца а.

8.ПРАВАПІС ГАЛОСНЫХ Е, Ё Я
Напішы слова правільна, пастаў націск. Падкрэслі першы склад перад націскам.

Запішы яшчэ два словы на гэтае правіла.

Узорсяло – сёлы, вярба – вербы, зямля – землі.

Запомні! У беларускай мове замест літар е,ё ў першым складзе перад націскам пішацца я.
9. ПРАВАПІС ПАРНЫХ ЗВОНКІХ І ГЛУХІХ ЗЫЧНЫХ

Напішы слова правільна, падбяры праверачнае. Запішы яшчэ два словы на гэтае правіла.
Узоргрыб – грыбы, плод – плады, нізкі – нізенькі.

Запомні! Напісанне слоў з парнымі зычнымі на канцы слова і перад глухімі зычнымі трэба правяраць. Для гэтага неабходна такім чынам змяніць слова, каб пасля зычнага стаяў галосны.
10. АБАЗНАЧЭННЕ МЯККАСЦІ ЗЫЧНЫХ НА ПІСЬМЕ МЯККІМ ЗНАКАМ
Напішы слова правільна. Запішы яшчэ два словы на гэтае правіла, падкрэслі літару зычнага гука разам з ь.

Узорвугаль, рысь, канькі, бульба.

Запомні! Мяккасць зычных гукаў абазначаецца на пісьме ь (мяккім знакам), а таксама літарамі е, ё, ю, я, і.

 

УМК

Похожие публикации


Система классного белорусского литературного чтения в начальной школе

19-03-2020 Лекции
Адукацыйнае, развіццёвае і выхаваўчае значэнне ўрокаў літаратурнага чытання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Заканамернасці і прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў
задание УМК
подробнее

Факультативные занятия метапредметной и воспитательной направленности

19-03-2020 Лекции
Цель, задачи, подходы к организации факультативных занятий общеразвивающей и воспитательной направленности на первой ступени общего среднего образования
УМК
подробнее