Методыка фарміравання граматычных паняццяў
У час вывучэння мовы вучням трэба засвоіць складаныя, але даступныя іх узросту граматычныя паняцці, якія абазначаюцца тэрмінамі “назоўнік”, “прыметнік”, “дзеяслоў”, “займеннік”, “род”, “лік”, “склон”, “асоба” і інш. Дзяцей таксама навучыць карыстацца паняццямі кораня, прыстаўкі, суфікса, канчатка.
Вучэбная праграма патрабуе ад вучняў фарміравання ўмення спецыяльна аналізаваць слова, успрымаць яго як “канструктыўнае адзінства лагічнага і граматычнага значэнняў” (В.У. Вінаградаў), гэта значыць думаць па-асабліваму – граматычна. Раней слова для малодшага школьніка замяняла прадмет, з’яву. У школе ў час вывучэння мовы дзіця павінна навучыцца бачыць у слове 2 значэнні: лексічнае і граматычнае. Першае выражаецца цэлым словам, другое – асобнымі несамастойнымі элементамі яго (марфемамі).
У школьнай сітуацыі і ўзнікае неабходнасць дапоўніць лагічнае мысленне мысленнем граматычным, не ўласцівым для моўнай практыкі дзяцей. У гэтым заключаецца адна з першых цяжкасцей пры засваенні вучнямі граматычных паняццяў, якія валодаюць значэннем і формай у іх адзінстве. Пры аналізе, напрыклад, слова школа вучань павінен разумець яго цэласнае значэнне, потым зрабіць вывад аб тым, што яно абазначае прадмет і з’яўляецца назоўнікам, затым заўважыць фармальную прымету слова (канчатак -а) і нарэшце ўстанавіць сінтаксічную сувязь слова і вызначыць граматычныя значэнні роду, ліку і склону. Слова, такім чынам, мае цэлы комплекс граматычных паняццяў. Яны судакранаюцца паміж сабой і ў свядомасці вучняў у працэсе навучання амаль ніколі не выступаюць незалежна. Акрамя таго, узаемасувязь граматычных паняццяў, магчымасць супастаўляць і супрацьпастаўляць спрыяе сэнсаваму засваенню.
Без граматычных значэнняў граматыка не існуе. Граматычныя паняцці ўтварыліся ў выніку абагульнення шматлікіх аднатыпных з’яў і фактаў мовы. Тэрмінам “склон”, напрыклад, абазначаецца не які-небудзь прадмет рэчаіснасці, а адносіны любога назоўніка пэўнай формы да іншых слоў у сказе. Граматычныя паняцці, такім чынам, абстрактныя. Абстрактнасць граматычных паняццяў – другая прычына цяжкасцей, з якімі сустракаюцца вучні. Ім уласціва канкрэтна-нагляднае мысленне. Пераадольваць супярэчнасць паміж канкрэтна-наглядным у сваёй аснове мысленнем школьніка ў патрабаваннямі думаць абстрактна – значыць развіваць пазнавальныя працэсы дзяцей, выпрацоўваць іх граматычнае мысленне.
Граматычныя паняцці, як і ўсе іншыя абстрактныя паняцці, вельмі эканомныя, пазбаўлены збытковасці інфармацыі і таму ўспрымаюцца не з аднаго прад’яўлення, не адразу пасля таго, як уведзены адпаведны тэрмін. Яны эмацыянальна нейтральныя, за імі не стаяць ніякія вобразы. Граматычныя паняцці самі па сабе не могуць выклікаць станоўчых ці адмоўных перажыванняў. Толькі за кошт лексікі, выкарыстоўваючы эфектыўныя прыёмы работы, можна абудзіць у дзяцей цікавасць да слова, выклікаць эмацыянальныя адносіны да засваення граматычных паняццяў.
У час навучання граматыцы трэба памятаць, што адно і тое ж граматычнае паняцце можа выступаць у параўнальна шматлікіх адметных формах і значэннях. Напрыклад, вучням няпроста авалодваць уменнямі распазнавання склонаў назоўнікаў. Іх 6, за выключэннем назоўнага склону, да кожнага з пяці склонаў ставяцца як склонавыя (фармальныя), так і сэнсавыя пытанні. Пры вызначэнні склонаў звяртаюцца да сінтаксічных пытанняў, а яны не заўсёды адназначныя ( Гуляў (дзе? у чым?) – у лесе (М.с.), расце (дзе? каля чаго?) – каля школы (Р.с.). Становішча ўскланяецца яшчэ дзвюма акалічнасцямі:
- У адным і тым жа склоне назоўнікі могуць мець розны набор канчаткаў (напрыклад, у месным склоне: у лесе, на вішні, на ўзгорку, на возеры, на рацэ).
- Сярод фармальных паказчыкаў слоў сустракаюцца аманімічныя. Напрыклад, канчатак –у выступае ў чатырох склонавых формах: ад марозу (Р.с), сталу (Д.с.), руку (В.с.), у воблаку (М.с.). Тое ж назіраецца і ў сістэме форм прыметнікаў.
Этапы фарміравання моўных паняццяў
Працэс фарміравання моўных паняццяў умоўна падзяляецца на 4 этапы:
1. Аналіз моўнага матэрыялу з мэтай выдзялення істотных прымет паняцця.
2. Абагульненне прымет, устанаўленне сувязяў паміж прыметамі паняцця (устанаўленне ўнутрыпаняційных сувязяў.
3. Усведамленне фармулёўкі азначэння паняцця, удакладненне сутнасці прымет і сувязяў паміж імі.
4. Канкрэтызацыя вывучаемага граматычнага паняцця на новым моўным матэрыяле. Устанаўленне сувязяў вывучаемага паняцця з раней засвоенымі (устанаўленне міжпаняційных сувязяў).
Метадычныя ўмовы эфектыўнага асваення паняццяў
- Актыўная разумовая дзейнасць навучэнцаў.
2. Мэтанакіраваная работа па развіцці лінгвістычных адносін да слова і сказа.
3. Усведамленне істотных і неістотных прымет паняцця.
4. Уключэнне новага паняцця ў сістэму раней вывучаных.
5. Раскрыццё сутнасці сувязі пэўных моўных катэгорый.
6. Нагляднае вывучэнне паняцця.
Сістэма практыкаванняў прадугледжвае строгі адбор відаў практыкаваннняў у адпаведнасці з этапам засваення паняцця і яго спецыфікай, устанаўленне паслядоўнасці іх выканання з улікам узрастання складанасці і росту самастойнасці навучэнцаў. Сістэма заснавана на сувязі практыкаваннняў.
Класіфікацыя граматычных практыкаванняў ажыццяўляецца па розных высновах, у залежнасці ад гэтага атрымліваюцца розныя тыпы практыкаванняў.
Па характары ведаў, якія фарміруюцца, вылучаюць марфалагічныя і сінтаксічныя практыкаванні.
Па характары дзейнасці (характары разумовых аперацый) вучняў вылучаюць аналітычныя, сінтэтычныя практыкаванні, практыкаванні на параўнанне, класіфікацыю, абагульненне.

RSS





















