Новости События Общее

Методика изучения морфемной структуры слова

23-10-2020 Лекции
Раскрываюцца прынцыпы, метады, задачы і змест вывучэння тэмы "Марфемная будова слова" ў пачатковай школе

Методыка вывучэння марфемнага складу слова

Значэнне працы над марфемным складам слоў заключаецца ў тым, што ў ходзе яе правядзення вучні працягваюць сваё маўленчае развіццё: 1) авалодваюць адным з вядучых спосабаў раскрыцця лексічнага значэння слоў; 2) усведамляюць асноўную крыніцу папаўнення мовы новымі словамі; 3) пашыраюць веды пра навакольны свет, паглыбляюць уяўленні пра сувязі паміж прадметамі, працэсамі рэальнага жыцця; 4) авалодваюць уменнямі дакладна ўжываць у маўленні словы рознай марфемнай будовы;  5) набываюць асновы ведаў і ўменняў, неабходныя для фарміравання навыкаў правапісу марфем слова (фарміраванне навыкаў правапісу кораня, прыставак, суфіксаў, канчаткаў на тэарэтычнай аснове патрабуе мэтанакіраванага прымянення фанетычных, словаўтваральных і граматычных ведаў); 5) развіваюць разумовыя здольнасці (напрыклад, уменне абстрагаваць семантычнае значэнне кораня, прыстаўкі і суфікса ад лексічнага значэння слова, вызначаць у слове значымыя часткі, параўноўваць словы з мэтай устанаўлення іх семантыка-структурнай агульнасці або адрознення).

Прынцыпы вывучэння марфемнага складу слова

Пры вывучэнні марфемнага складу слова ў пачатковых класах неабходна абапірацца на наступныя прыватнаметадычныя прынцыпы:

 1) структурна- словаўтваральны;

 2) лексіка-словаўтваральны;

3) матывацыйны.

Структурна-словаўтваральны прынцып прадугледжвае супастаўленне структуры слова і спосабу яго ўтварэння (лімонны – лімон, дзённік – дзённы – дзень).

Лексіка-словаўтваральны прынцып мае на ўвазе супастаўленне лексічнага значэння слова і словаўтваральнага значэння мадэлі (напрыклад, сасоннік ‑ сасновы лес і ельнік, асіннік і г.д. – словы са значэннем лес, у якім растуць пароды дрэў, якія абазначаны коранем). Матывацыйны прынцып заключаецца ў вызначэнні структуры слова шляхам яго матывацыі (тлумачэння). Паводле гэтага прынцыпу будову вытворнага слова лепш вызначаць шляхам яго матывавання (напрыклад: паказаць – даць магчымасць убачыць, разгледзець каго-небудзь, што-небудзькорань -паказ- ; прадказаць ‑ наперад сказаць аб тым, што будзе, што павінна здарыцца ‑ корань -каз-).

Задачы і змест вывучэння тэмы “Склад слова”

1) Фарміраванне першапачатковых ведаў па марфеміцы.

2) Падрыхтоўка вучняў да разумення асаблівасцей утварэння назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў.

3) Развіццё ўяўленняў пра ўзаемасувязь паміж лексічным значэннем слова і яго марфемным складам, уменняў свядома выкарыстоўваць у маўленні словы рознай марфемнай будовы.

4) Выпрацоўка навыкаў правапісу марфем слова.

5) Развіццё разумовых здольнасцей навучэнцаў.

Змест вывучэння тэмы ўключае ў сябе фарміраванне ў навучэнцаў комплексу ведаў і ўменняў:

веды па марфеміцы: часткі слова (канчатак, корань, суфікс, прыстаўка, аснова), іх роля ў слове; прыметы аднакаранёвых слоў, адрозненне прыставак ад прыназоўнікаў;

аналітыка-сінтэтычныя ўменні: аналіз і характарыстыка складу слоў выразнай будовы, падбор аднакаранёвых слоў;

арфаграфічныя веды: засваенне правапісу парных звонкіх і глухіх зычных у корані слова, падвоеных зычных на стыку прыстаўкі і кораня, кораня і суфікса, прыставак аб-, ад-, над-, пад-, з-(с-), раз-/рас-, без-/бес-,    уз-/ус-, апострафа ў словах з прыстаўкамі;

арфаграфічныя ўменні: правільнае напісанне падвоеных зычных на стыку марфем, слоў з вывучанымі прыстаўкамі, з апострафам пасля прыставак, злітнае напісанне прыставак.

Сістэма вывучэння марфемнага складу слова складаецца з 4 этапаў:

  1. Прапедэўтычныя назіранні за аднакаранёвымі словамі. (1 ‑ 2 класы).
  2. Знаёмства з асаблівасцямі аднакаранёвых слоў і кораня слова; назіранні над аднастайным напісаннем кораня ў аднакаранёвых словах (3 клас).
  3. Вывучэнне спецыфікі і ролі ў мове канчатка, прыставак, суфіксаў; азнаямленне з сутнасцю марфалагічнага прынцыпу правапісу; фарміраванне навыку правапісу кораня і прыстаўкі (3 клас).
  4. Знаёмства з асновай слова. Паглыбленне ведаў пра марфемны склад слова і элементы словаўтварэння ў сувязі з вывучэннем назоўніка, прыметніка, дзеяслова; фарміраванне навыкаў правапісу склонавых канчаткаў назоўнікаў і прыметнікаў, асабовых канчаткаў дзеясловаў (4 клас).

Пра ўзровень усведамлення вучнямі ролі той або іншай марфемы настаўнік можа меркаваць па наступных паказчыках: уменне выдзеліць марфему са слова і растлумачыць яе ролю, самастойна падабраць слова пэўнага марфемнага складу, правільна выкарыстаць у сказе словы з прыстаўкамі і суфіксамі.

Умовамі паспяховага засваення марфемнага складу слоў з’яўляюцца: фарміраванне ў навучэнцаў пачатковых класаў навыкаў аналітыка-сінтэтычнай дзейнасці, апора на атрыманыя веды па фанетыцы (яны забяспечваюць усведамленне структуры слова, размежаванне граматычных форм слова), разгляд на практычнай аснове элементаў словаўтварэння пры вызначэнні марфемнага складу слоў (словаўтваральныя мадэлі, спосаб словаўтварэння, словаўтваральныя ланцужкі слоў).

Метады і прыёмы вывучэння марфемнага складу слова

Пры вывучэнні марфемнага складу слова ў пачатковых класах актыўна выкарыстоўваюцца такія метады працы як паведамленне настаўніка, эўрыстычная гутарка, моўны аналіз (марфемны, частковы словаўтваральны), моўнае канструяванне (утварэнне слоў з прапанаваных марфем; складанне гнёздаў аднакаранёвых слоў; утварэнне форм слоў), наглядныя метады, метад практыкаванняў.

Паведамленне настаўніка – адна з важных крынц атрымання навучэнцамі ведаў пра значымыя часткі слова, першапачатковых уяўленняў пра элементы словаўтварэння. З улікам узроставых асаблівасцей вучняў настаўнік паведамляе патрэбныя звесткі коратка, наглядна, пераважна ў выглядзе даведак, кароткіх тлумачэнняў пры марфемным аналізе.

Пры дапамозе эўрыстычнай гутаркі настаўнік, абапіраючыся на веды вучняў пра слова, яго значэнне, узаемасувязі паміж прадметамі і з’явамі навакольнага свету, падводзіць дзяцей да ведаў пра марфемную будову слова. Актывізуючыя пытанні прымушаюць навучэнцаў параўноўваць, назіраць, рабіць вывады. Напрыклад,  у працэсе знаёмства з аднакаранёвымі словамі вучням прапануецца прааналізаваць словы ў слупках (1 слупок: радасць, весялосць, уцеха; 2 слупок: радок, радыё, радасць; 3 слупок: радасць, радасны, радаваць) і адказаць на наступныя пытанні:  Як называюцца словы першага слупка? (Сінонімы). Чаму? Што агульнае ў словах другога слупка? (Частка рад-.) Ці звязаны яны па значэнні? Што аб’ядноўвае словы трэцяга слупка? (а) Частка рад-, б) падабенства ў значэнні: усе маюць адносіны да пачуцця радасці, задавальнення.) Якім яшчэ словам можна дапоўніць трэці слупок? (Ра¢ды, парадаваць.) Запішыце трэці слупок слоў і дапоўніце яго словам рады. Аднолькавае ці рознае значэнне маюць запісаныя словы? (Рознае). Пры дапамозе эўрыстычнай гутаркі паглыбляюцца веды, актывізуецца мысленне, фарміруецца цікавасць да слова, развіваецца маўленне навучэнцаў.

Метад моўнага аналізу заключаецца ў тым, што вучні пад кіраўніцтвам настаўніка пільна ўглядаюцца ў будову слоў, вылучаюць у іх значымыя часткі (марфемы), назіраюць за іх значэннем, звяртаюць увагу на ўзаемнае размяшчэнне марфем у слове, іх узаемазалежнасць, прасочваюць змяненне гукаў аднаго і таго ж кораня, заўважаюць розніцу ў вымаўленні і напісанні марфем, заканамернасці пабудовы аднаструктурных слоў. Пералічаныя ўменні фарміруюцца ў дзяцей не адразу, а па меры авалодання такімі прыёмамі працы, як аналіз і сінтэз, параўнанне і замена. Важнае значэнне мае праца са словаўтваральнымі ланцужкамі слоў. Аднак яна павінна ўлічваць узровень ведаў і ўменняў навучэнцаў.

Моўнае канструяванне прадугледжвае утварэнне аднакаранёвых слоў і тлумачэнне іх значэння, утварэнне слоў па ўзоры, падбор слоў да прапанаваных схем марфемнага саставу, утварэнне форм слоў і вылучэнне ў іх канчаткаў.

Пры вывучэнні тэмы “Склад слова” часта выкарыстоўваюцца наглядныя метады. Славесная нагляднасць прымяняецца для арганізацыі назіранняў над выкарыстаннем роднасных слоў, слоў з пэўнымі каранямі, суфіксамі ў тэкстах. Зрокавая нагляднасць (табліцы, схемы) палягчаюць працэс моўнага аналізу і канструявання. Серыі малюнкаў выкарыстоўваюцца для падрыхтоўкі вусных і пісьмовых выказванняў вучняў з выкарыстаннем аднакаранёвых слоў, слоў пэўнай марфемнай будовы.

Сярод практыкаванняў найбольш эфектыўнымі з’яўляюцца наступныя віды: размежаванне форм слоў і аднакаранёвых слоў, групоўка слоў, лексіка-словаўтваральны аналіз тэксту, замена разгорнутага тлумачэння лексічнага значэння слова падборам роднаснага слова; складанне сказаў з аднакаранёвымі словамі розных часцін мовы; словаўтваральныя заданні.

Сістэматычная і паслядоўная  праца над марфемным складам слова і элементамі словаўтварэння развівае ў навучэнцаў цікавасць да структуры слова і да мовы ў цэлым, абуджае жаданне вывучаць беларускую мову.

 

УМК

Похожие публикации


Система классного белорусского литературного чтения в начальной школе

19-03-2020 Лекции
Адукацыйнае, развіццёвае і выхаваўчае значэнне ўрокаў літаратурнага чытання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Заканамернасці і прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў
задание УМК
подробнее

Факультативные занятия метапредметной и воспитательной направленности

19-03-2020 Лекции
Цель, задачи, подходы к организации факультативных занятий общеразвивающей и воспитательной направленности на первой ступени общего среднего образования
УМК
подробнее