Новости События Общее

Методика изучения основ фонетики и графики

09-10-2020 Лекции
Змест лекцыйнага матэрыялу складаюць задачы, прынцыпы і метады вывучэння асноў фанетыкі і графікі ў пачатковых класах

Методыка вывучэння асноў фанетыкі і графікі

 

Значэнне вывучэння фанетыкі і графікі

Маўленчае развіццё дзяцей, іх паспяховае навучанне ў школе знаходзяцца ў пэўнай залежнасці ад правільнай арганізацыі і зместу працы над элементамі ведаў з вобласці фанетыкі і графікі. Калі ў дзіцяці недастаткова развіты маўленчы слых, то яно будзе адчуваць цяжкасці ў зносінах. Вялікая роля засваення фанетычных ведаў для фарміравання вуснага і пісьмовага маўлення малодшых школьнікаў:

а) з апорай на фанетычныя веды першакласнікі авалодваюць працэсам чытання і пісьма ў перыяд навучання грамаце;

 б) фанетычныя веды складаюць аснову правільнага вымаўлення слоў(правільнае вымаўленне гукаў, выдзяленне націскнога складу, захаванне арфаэпічных нормаў);

в) фанетычныя веды ва ўзаемадзеянні з марфалагічнымі і словаўтваральнымі ствараюць базу для фарміравання шэрагу арфаграфічных навыкаў, у прыватнасці для правапісу парных звонкіх і глухіх зычных у корані слоў;

 г) фанетычныя веды неабходныя для свядомага інтанавання сказаў, захавання лагічных націскаў і паўз у структуры сказа; д) веданне гукавога складу слова вельмі важна для ўсведамлення яго лексічнага значэння і свядомага выкарыстання ў маўленні.

Згодна са школьнай праграмай, вучні пачатковых класаў авалодваюць комплексам фанетыка-графічных уменняў:

1) уменнямі вычляняць гукі ў словах;

2) вызначаць іх паслядоўнасць;

3) адрозніваць гук і літару;

 4) правільна вымаўляць гукі і правільна называць літары;

5) адрозніваць галосныя і зычныя гукі, парныя звонкія і глухія зычныя, правільна вымаўляць цвёрдыя і мяккія зычныя гукі ў слове і па-за словам;

6) абазначаць мяккасць зычных гукаў на пісьме галоснымі (е, ё, ю, я, і) і мяккім знакам;

7) падзяляць словы на склады, знаходзіць і выдзяляць у слове націскны склад.

Вусная і пісьмовая разнавіднасці літаратурнай мовы з’яўляюцца раўнапраўнымі формамі яе рэалізацыі. Авалоданне мовай патрабуе выпрацоўкі як фанетыка-арфаэпічных, так і графіка-арфаграфічных уменняў і навыкаў. Пра асноўныя функцыі фанетыкі і графікі ў займальнай форме распавядаецца ў вершах:

Фанетыка я, важная навука,

Бо вывучаю я змяненні гука,

І як патрэбна словы вымаўляць,

Заўсёды рада вам паведамляць. (В.І.Паўлоўская.“Мова: цікава і займальна”)

 

Я – Графіка. Хачу сказаць,

Не прамаўчу,

Усіх я навучу

Прыгожа літары пісаць. (В.І.Паўлоўская “Мова: цікава і займальна”).

 

Работа па фарміраванні ў вучняў фанетычных і графічных ведаў, уменняў і навыкаў з’яўляецца найважнейшай часткай пачатковага курса мовы. Ад яе паспяховасці залежыць узровень пісьменнасці навучэнцаў, культура іх вуснага і пісьмовага маўлення. Акрамя таго, такая работа ўплывае на развіццё здольнасці ўспрымаць знешнюю (гукавую ці літарную) абалонку слоў і выказванняў, адчуваць яе эстэтычную ролю ў паэтычных і празаічных тэкстах, садзейнічае фарміраванню мастацкага густу, моўнага чуцця.

Фанетычныя веды складаюць аснову правільнага вымаўлення слоў (правільнае вымаўленне гукаў, выдзяленне націскнога складу, захаванне арфаэпічных норм); без апоры на фанетычныя веды немагчыма выпрацаваць арфаграфічныя ўменні і навыкі (памылкі ў напісанні літар галосных і зычных гукаў у большасці выпадкаў абумоўлены неразуменнем гукавой і складовай структуры слова, няўменнем устанаўліваць адпаведнасць паміж гукам і літарай, вызначаць націскныя склады); фанетычныя веды неабходныя для свядомага інтанавання сказаў, захавання лагічных націскаў і паўз у структуры сказа; веданне гукавога складу слова вельмі важна для ўсведамлення яго лексічнага значэння і свядомага выкарыстання ў маўленні.

Прынцыпы вывучэння фанетыкі і графікі

Вывучэнне фанетыкі і графікі займае цэнтральнае месца ў 2 класе. У 3 – 4 класах ніякіх новых звестак пра гукі і літары вучні не атрымліваюць. Яны замацоўваюць у час вывучэння іншых тэм тыя фанетычныя і графічныя веды і ўменні, якія былі атрыманы раней. Праца над раздзелам “Гукі і літары” павінна абапірацца на прыватнаметадычныя прынцыпы, абумоўленыя спецыфікай фанетыкі і графікі: апора на фанематычны слых саміх вучняў, што вядзе да ўсвядомленага ўспрымання гукаў і правільнага вызначэння іх уласцівасцей; разгляд гука ў марфеме, што садзейнічае разуменню яго змянення ў залежнасці ад слабай і моцнай пазіцыі і з’яўляецца тэарэтычнай асновай работы над арфаграмамі; супастаўленне гукаў і літар, што папярэджвае змешванне фактаў фанетыкі і графікі і таксама істотна ўплывае на авалоданне арфаграфіяй.

Задачы і змест вывучэння раздзела “Гукі і літары”

Задачы вывучэння раздзела:

1) Фарміраванне першапачатковых ведаў пра фанетычную сістэму беларускай мовы.2) Засваенне арфаэпічных нормаў беларускай мовы.

3) Засваенне асаблівасцей беларускай графікі і фарміраванне арфаграфічных навыкаў.

Змест вывучэння раздзела ўключае ў сябе фарміраванне ў навучэнцаў комплексу ведаў і ўменняў:

фанетычныя веды: правільнае навуковае ўяўленне пра гук, галосныя і зычныя гукі, сэнсаадрознівальная роля гукаў і націску ў словах, складаўтваральная роля галосных гукаў, цвёрдыя і мяккія зычныя, парныя звонкія і глухія зычныя гукі;

фанетычныя ўменні: правільнае вымаўленне гукаў, адрозніванне гукаў і літар, галосных і зычных гукаў, цвёрдых і мяккіх зычных, парных звонкіх і глухіх зычных, выдзяленне гукаў са слоў, характарыстыка іх у адпаведнасці з вывучанымі прыметамі, вызначэнне іх паслядоўнасці ў словах, падзел слоў на склады, вызначэнне націскных і ненаціскных складоў;

арфаэпічныя ўменні: захаванне арфаэпічных норм вымаўлення гукаў [о], [э]‑ [а], [ў], [г], [г'], [ч], [дз`], [дж], [р], [ц`], спалучэння гукаў [шч], парных звонкіх і глухіх зычных);

графіка-арфаграфічныя веды: засваенне беларускага алфавіта, правапісуо, э – а пад націскам і ў ненаціскных складах;  правапісу ё, е – я пад націскам, у першым пераднаціскным складзе і іншых ненаціскных складах; правапісу парных звонкіх-глухіх зычных на канцы слоў і перад зычнымі; правапісу т ц, д – дз, зацвярдзелых зычных і галосных пасля іх, падоўжаных зычных; напісання апострафа і раздзяляльнага мяккага знака, напісанне ў пасля літар галосных гукаў;

графіка-арфаграфічныя ўменні: правільнае называнне літар,  абазначэнне гукаў літарамі ў адпаведнасці з вывучанымі нормамі беларускай графікі і правапісу; падзел слоў для пераносу; праверка рознымі спосабамі правапісу слоў з парнымі звонкімі і глухімі зычнымі.

Асноўны аб’ект фанетыкі – гукі, а графікі – літары. Для нас гук мовы рэальна існуе тады, калі мы ведаем яго літару. Успрымаючы літару, мы адначасова ўспрымаем і адпаведны ёй гук.

Метады і прыёмы вывучэння фанетыкі і графікі

Гукавая сістэма беларускай мовы пабудавана на супрацьпастаўленні, таму гэты прыём павінен быць адным з асноўных пры арганізацыі работы над фанетычнымі з’явамі ў I – IV класах. Падмацаваны непа срэднымі назіраннямі і артыкуляцыйнай практыкай другакласнікаў прыём супрацьпастаўлення набывае метадычную каштоўнасць пры знаёмстве з галоснымі і зычнымі гукамі, мяккімі і цвёрдымі, звонкімі і глухімі зычнымі. Акрамя таго, з мэтай пераадолення адмоўнага ўплыву інтэрферэнцыі частка практыкаванняў будуецца на супастаўленні беларускай і рускай фанетыкі і графікі.

Асноўнымі метадамі ўдасканалення артыкуляцыйнага навыку і фанематычнага слыху з’яўляюцца актыўнае слуханне і імітацыя. Для таго каб слуханне было сапраўды актыўным, яно павінна суправаджацца заданнямі, якія дапамагаюць прыцягнуць увагу да гука. Падняццем рукі ці сігнальнай карткі вучні могуць паказваць, што яны пачулі (напрыклад, слова з гукам [ў] або [дз’]). Такія заданні шліфуюць слых і падводзяць вучняў да практыкаванняў у вымаўленні.

Эфектыўнасць імітацыйных практыкаванняў значна ўзрастае, калі ўзнаўленню папярэднічае праслухоўванне ўзору незалежна ад таго, новы гэта матэрыял ці стары. Мэтазгодна прапаноўваць дзецям для паўтарэння лічылкі, скорагаворкі, рыфмоўкі, прыказкі і прымаўкі, вершы, песні.

Пры станаўленні вымаўленчых навыкаў мэтазгодна чаргаваць харавую і індывідуальную формы работы. Харавая работа дазваляе павялічыць час трэніроўкі: кожны вучань вымаўляе патрэбныя гукі. Індывідуальная работа павышае адказнасць кожнага вучня, дазваляе сачыць за ўзроўнем сфарміраванасці пэўнага навыку. У асобных выпадках пазбавіцца ад недахопаў вымаўлення дапамагае азнаямленне з артыкуляцыяй гукаў.

Слыхавыя і вымаўленчыя навыкі неабходна пастаянна ўдасканальваць праз чытанне ўслых, выкананне фанетычных зарадак.

Фанетычная зарадка ‑ гэта спецыяльныя трэніровачныя практыкаванні ў вымаўленні, якія перашкаджаюць дэаўтаматызацыі навыкаў. Пры выкананні фанетычнай зарадкі вучні павінны мабілізаваць як адвольную, так і неадвольную ўвагу. Матэрыялам фанетычнай зарадкі могуць быць асобныя гукі, склады, словы, сказы і невялікія тэксты. Яна можа праводзіцца на любым этапе ўрока. Выкарыстанне яе на пачатку ўрока дапамагае ўвесці вучняў у атмасферу новага моўнага асяроддзя, нейтралізаваць ўплыў рускай мовы і папярэдзіць ў пэўнай ступені інтэрферэнцыю.

Мэтазгодна на ўсіх уроках пры знаёмстве вучняў з новым словам звяртаць увагу на яго вымаўленне, вызначаць месца націску. Пры чытанні ўслых важна сачыць не толькі за тым, як вучні вымаўляюць словы, але і за тэмпам чытання, рытмікай і інтанацыяй. 

Улічваючы характар навучальнай дзейнасці вучняў, выдзяляюць аналітычныя і рэпрадуктыўныя фанетычныя практыкаванні.

Аналітычныя практыкаванні – гэта практыкаванні на пасіўнае і актыўнае назіранне. У першым выпадку пэўная з’ява фанетыкі растлумачваецца настаўнікам. Матэрыялам фанетычных назіранняў могуць выступаць розныя адзінкі мовы – гук, склад, слова. Актыўныя назіранні вучняў пачынаюцца з моманту, калі са словамі трэба зрабіць што-небудзь самастойна (напрыклад, параўнаць колькасны састаў гукаў і літар у прапанаваных словах).

Як практыкаванне аналітычнага характару выступае фанетычны разбор у дзвюх яго разнавіднасцях – гукавы і гука-літарны. Трэба, каб дзеці навучыліся правільна вымаўляць гукі ў слове; чуць кожны гук у слове i адрозніваць яго ад суседняга; падзяляць слова на склады; вызначаць націскны склад; называць гукi ў слове па парадку i вызначаць ix колькасць; даваць якасную характарыстыку кожнаму гуку ў межах, прадугледжаных школьнай праграмай; адрозніваць на слых блізкія па гучанні беларускія i рускія гукі. Частковы аналіз звычайна практыкуецца тады, калі трэба засяродзіць увагу вучняў на пэўнай з’яве.

Прад’явіць слова для гукавога аналізу можна рознымі спосабамі: вымавіць яго, паказаць малюнак і папрасіць назваць адпаведнае слова, загадаць слова пры дапамозе лагічнага азначэння ці загадкі. Галоўнае, што слова, гукавая абалонка якога аналізуецца, павінна быць вымаўлена, а не напісана.

Гука-літарны аналіз слова праводзіцца на тым этапе, калі малодшыя школьнікі трывала засвоілі адрозненне паміж гукамі і літарамі і літары не перашкаджаюць аналізаваць гукі. Матэрыял гукавога разбору павінен быць даступным для вучняў пачатковых класаў.

Рэпрадуктыўныя практыкаванні патрабуюць пэўнай самастойнасці вучняў. Яны выконваюцца як у вуснай, так і ў пісьмовай форме.

Такім чынам, сістэма працы па вывучэнні тэмы “Гукі і літары” падпарадкоўваецца практычным мэтам − выпрацоўцы правільнага літаратурнага вымаўлення вучняў, навыкаў правапісу, які апіраецца на гука-літарны аналіз слоў. Неабходна стварыць аптымальныя ўмовы для авалодання вучнямі спецыфічнымі беларускімі гукамі і для выпрацоўкі навыкаў правільнага выкарыстання ўсёй гукавой сістэмы беларускай мовы ў працэсе зносін па-беларуску. Вучні павінны мець выразнае ўяўленне аб гукавых адзінках мовы, сэнсавараспазнавальнай функцыі гукаў, усведамляць сувязь гукавога ладу мовы з іншымі яе ўзроўнямі. Важна, каб дзеці навучыліся ўважліва адносіцца да гукавога боку мовы, крытычна ставіцца да пачутага, самастойна pабіць вывады аб адпаведнасці гучання нормам роднай мовы. Пры гэтым настаўніку неабходна ў дасканаласці валодаць беларускай фанетыкай і арфаэпіяй. Яго беларускае маўленне павінна адпавядаць нормам мовы, паколькі яно з’яўляецца для вучняў узорам для пераймання, а фанетыка-арфаэпічныя нормы мовы могуць быць засвоены дзецьмі толькі з маўлення і толькі праз перайманне.

Спецыфіка практыкаванняў пры вывучэнні фанетыкі

Паколькі пры вывучэнні фанетыкі прадметам назірання з’яўляецца гукавы бок мовы, вядучае месца на занятках па фанетыцы належыць вусным практыкаванням. Любое слова, любы гук, які аналізуецца з пункту гледжання фанетыкі, павінен быць вымаўлены самім вучнем. Як адзначаў Л.В. Шчэрба, усе заняткі па фанетыцы ў школе “павінны быць зведзены да назірання саміх вучняў пад кіраўніцтвам настаўніка над уласнай мовай”. Гэтаму падпарадкаваны ўсе фанетычныя практыкаванні, якія фарміруюць наступныя ўменні:

  • адрозненне гукаў у словах: адрозненне галосных і зычных; цвёрдых і мяккіх зычных, звонкіх і глухіх; вызначыць па слыху, якія зычныя вымаўляюцца на канцы слоў грыб, сноп,стог і інш.;
  • адрозненне гукаў ад літар: вызначыць, колькі гукаў і колькі літар у словах конь, лебедзь, лось і інш.;
  • падзел слоў на склады: вымавіць слова на складах, запісаць словы, дзелячы іх рысачкай на склады;
  • пастаноўка націску ў словах: вымавіць слова, выдзяляючы голасам націскны склад; пры спісванні паставіць націск у словах; запісаць словы пад дыктоўку, расстаўляючы ў іх націск; змяніць слова так, каб націск падаў на іншы склад (землі – зямля);
  • групоўка слоў з пэўнымі гукамі: запісаць у адзін слупок словы на канцы з цвёрдым зычным, у другі – з мяккім і інш.

Пры выкананні практыкаванняў фанетычнага характару вельмі важна, каб работа вучняў не была зведзена да механічнага супастаўлення гукаў і літар, вызначэння колькасці адных і другіх, а давала магчымасць актыўнага вымаўлення гукаў, складоў і слоў, вызначэння характарыстыкі зычных і галосных гукаў, развіцця фанематычнага слыху. Гэта дазволіць спасцігаць моўную з’яву ў той ступені яе складанасці, якая адпавядала б узросту і падрыхтаванасці вучняў.

Гукі мовы. Іх абазначэнне на пісьме

Гук і літара непарыўна звязаны. Пры тлумачэнні фанетычных з’яў трэба мець на ўвазе, што літары могуць адмоўна ўплываць на вызначэнне гукаў у слове. Таму ў час знаёмства малодшых школьнікаў з гукавой сістэмай беларускай мовы, неабходна ісці ад гука, які вымаўляецца і ўспрымаецца на слых, да літары, якая з’яўляецца значком гука на пісьме. Значыць, гукавы аналіз вучні праводзяць, прыслухоўваючыся да гучання вымаўленага слова, а не разглядаючы напісанне.

У працэсе знаёмства з гукамі трэба правільна карыстацца паняццямі “гук” і “літара”. Неабходна запомніць выснову: гукі мы чуем і вымаўляем, літары бачым, чытаем і пішам. Важна своечасова выпраўляць памылкі ва ўжыванні тэрмінаў “гук” і “літара”. Напрыклад: няправільнымі з’яўляюцца фармулёўкі заданняў:”Падкрэсліце гук [м]”, “Як вымаўляецца зычная [ж]?”, “Падкрэсліце галосныя літары”.

Гукавой сістэме беларускай мовы ўласцівы прынцып супрацьпастаўлення. Правільнае выкарыстанне яго – асноўны метадычны прыём работы над фанетычнымі з’явамі ў пачатковай школе. Ён дасць адчувальныя вынікі калі будзе прымяняцца з апорай на моўную практыку дзяцей – сістэматычнае вымаўленне вучнямі гукаў, складоў, слоў пад кіраўніцтвам настаўніка.

Матэрыялам для фанетычных назіранняў і вывадаў могуць выступаць розныя адзінкі мовы: гук, склад, слова. Як сведчаць назіранні педагогаў, большы эфект дае работа над складам, а не над цэлым словам. Склад – менш звычная для дзіцяці моўная адзінка. У сувязі з гэтым склад міжвольна вымаўляецца некалькі больш старанна, выразна, чым слова, не суадносіцца з пэўным прадметам ці з’явай, уяўленне якіх можа адцягваць увагу вучняў ад моўнага аналізу.

Навучаючы дзяцей фанетыцы, трэба абапірацца на веды па ёй, якія яны атрымалі ў перыяд навучання грамаце. Гэта дазволіць эканоміць на ўроку час і будзе садзейнічаць актывізацыі разумовай дзейнасці вучняў.

У пачатковых класах не ўводзіцца азначэнне гука, бо гэта даволі складанае паняцце. Аднак трэба стварыць правільнае навуковае ўяўленне пра гук. Вядучым прыёмам з’яўляецца назіранне над вымаўленнем гукаў у слове, над залежнасцю гукавога складу слова ад яго лексічнага значэння (сом – сок, вал - вол). Важна ўстанавіць адпаведнасць паміж паняццямі “звук” у рускай мове і “гук” у беларускай мове, засяродзіць увагу вучняў на тых гуках, якія з’яўляюцца спецыфічнымі для беларускай мовы, пазнаёміць дзяцей з сэнсаадрознівальнай роляй гукаў. Трэба вучыць другакласнікаў вылучаць гукі ў словах, вызначаць іх паслядоўнасць, развіваць фанематычны слых дзяцей (здольнасць распазнаваць у моўнай плыні асобныя гукі мовы, якая забяспечвае разуменне слоў, адрозненне іх значэнняў). Неабходна ўстанавіць адпаведнасць паміж паняццямі “буква” ў рускай мове і “літара” у беларускай мове, пазнаёміць з роляй літар у мове.

Для фарміравання графічных навыкаў вучням неабходна ведаць, што

а) адна і тая ж літара можа абазначаць на пісьме розныя зычныя гукі;

б) літары е, ё, я, ю, і пасля літар зычных гукаў абазначаюць мяккасць гэтага зычнага і галосны гук.

Важна засяродзіць увагу вучняў на літары, якой няма ў рускай мове (ў), на літары, якая па-рознаму пішацца ў рускай і беларускай мовах (і), на ролі літары ь, на асаблівасцях перадачы на пісьме гукаў [дз’], [дж].

УМК

Прикрепленные файлы

Похожие публикации


Система классного белорусского литературного чтения в начальной школе

19-03-2020 Лекции
Адукацыйнае, развіццёвае і выхаваўчае значэнне ўрокаў літаратурнага чытання на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Заканамернасці і прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў
задание УМК
подробнее

Факультативные занятия метапредметной и воспитательной направленности

19-03-2020 Лекции
Цель, задачи, подходы к организации факультативных занятий общеразвивающей и воспитательной направленности на первой ступени общего среднего образования
УМК
подробнее