Асаблівасці чытання і аналізу твораў розных жанраў
На ўроках літаратурнага чытання навучанне чытанню ажыццяўляецца на матэрыяле разнастайных па форме і зместу мастацкіх твораў. У адпаведнасці з вылучанымі ў тэорыі літаратуры родамі вывучаюцца эпічныя, лірычныя і драматычныя творы. Па форме творы падзяляюцца на паэтычныя і празаічныя, адпаведна пісьменнікі могуць быць паэтамі і празаікамі. Жанравая разнастайнасць вывучаемых твораў шматлікая. З эпічных жанраў у пачатковай школе вывучаюцца мастацкае апавяданне, эпічны верш, казка, байка. Значнае месца надаецца вывучэнню твораў так званых малых жанраў (прыказак, прымавак, загадак, скорагаворак, лічылак). З лірычных твораў вучні знаёмяцца з жанрам лірычнага верша. Адбор твораў названых жанраў прадыктаваны псіхалагічнымі асаблівасцямі ўспрымання вучнямі мастацкай літаратуры, іх магчымасцямі ў асэнсаванні твораў, узроўнем навучанасці.
К.Д.Ушынскі распрацаваў спецыяльную методыку чытання навукова-пазнавальных тэккстаў, якая адрознівалася ад методыкі чытання мастацкіх твораў. Ён дае настаўніку ўказанні па методыцы чытання дзелавых артыкулаў, мастацкіх апавяданняў, казак, басен, вершаў, справядліва лічыў, што прыёмы чытання, сістэма разбору павінны вызначацца літаратурнымі ўласцівасцямі відаў і жанраў мастацкіх тэкстаў”
Азнаямленне з вобразна-выяўленчымi сродкамi ў мастацкiх творах.
У пачатковых класах дыферэнцыяцыя вобразна-выяўленчых сродкаў мастацкіх твораў не прадугледжваецца як і спасцігаецца вучнямі на практычным узроўні падчас працы з мовай твора, у працэсе вызначэння аўтарскай пазіцыі ў творы, характарыстыкі героя твора. Пры гэтым вучні не называюць і не адрозніваюць эпітэты, параўнанні, гіпербалы. Не ўжываюцца таксама і тэрміны. Аднак у мове твора па заданні настаўніка вучні знаходзяць і называюць канкрэтныя словы, якія паказваюць, напрыклад, моц чалавека (як дуб), прыгажосць навакольнага асяроддзя, рысы жывой істоты ў нежывых прадметаў (сонейка зазірнула).
Вобразна-выяўленчыя сродкі ці сродкі мастацкай выразнасці найбольш яскрава выяўляюць вобраз, апасродкавана яго характарызуюць і даюць магчымасць больш глыбокага яго ўяўлення і асэнсавання. У арсенале літаратурна-мастацкай творчасці выкарыстоўваецца вялікая колькасць сродкаў мастацкай выразнасці. У пачатковай школе ўвага вучняў звяртаецца на некаторыя з іх, найбольш даступныя для вылучэння і асэнсавання вучнямі. Гэта найпростыя тропы – мнагазначнасць, эпітэты, параўнанні, метафары, эмацыянальна-ацэначная лексіка, словы ў пераносным значэнні.
Эпітэт – мастацкае азначэнне, якое найбольш выразна паказвае пэўныя ўласцівасці прадмета ці з‘явы, якія апісвае аўтар, сваё стаўленне да іх.
Параўнанне – спосаб паказу ўласцівасцей прадмета ці з’явы, заснаваны на супастаўленні з іншым прадметам ці з’явай з мэтай патлумачыць адзін з дапамогай другога.
Гіпербала – прыём мастацкага перабольшвання, які выкарыстоўваецца для ўзмацнення яскравасці вобраза.
Увасабленне – паказ неадушаўлённых прадметаў, якім надаюцца ўласцівасці жывых істот (здольнасць гаварыць, адчуваць, самастойна дзейнічаць, думаць).
Алегорыя – іншасказанне, паказ абагуленых паняццяў у канкрэтных вобразах. Звычайна ўжываецца ў байках.
Метафара – ад грэч. metaphora – прыхаванне, перанясенне –ужыванне слова цi выраза ў пераносным значэннi праз супастаўленне пэўнай з’явы цi прадмета з iншай з’явай цi прадметам на аснове агульных для iх адзнак i ўласцiвасцей, аднасастаўнае параўнанне, у адрозненні ад класічнага параўнання, заснаванае часцей за ўсё на адухаўленні з’яў: “На струнах хвой спявае вецер”; “Пакліч – былое адгукнецца” (А. Куляшоў).
Гіпербала – ад грэч. hyperbole – перавага, лішак – прыём мастацкага перавялічэння з’явы ці яе складнікаў, часты ў казках, былінах, легендах, баладах. Яркія ўзоры яе далі А. Куляшоў у “Баладзе пра вока”, П. Панчанка ў баладзе “Герой”.
Алегорыя – ад грэч. allẽgoria – іншасказанне – адлюстраванне абстрактных паняццяў ці з’яваў праз канкрэтныя вобразы; персаніфікацыя чалавечых якасцей з дапамогай аналогіі: баран – увасабленне тупасці, ліс – хітрасці, свіння – неахайнасці, конь – працавітасці.
Для іх асэнсавання спачатку настаўнікам арганізуецца назіранне за ўжываннем тропаў у мастацкім тэксце. Можа быць выкарыстаны прём, калі вобразныя сродкі прапускаюцца і гучыць тэкст без іх. Потым вучні чытаюць тэкст з вобразнымі сродкамі. Арганізуецца мэтанакіраванае назіранне і вынік, якую функцыю выконваюць гэтыя словы ў творы. Спачатку дастаткова паназіраць за вобразна-выразнымі словамі без вызначэння іх асаблівасцей і тым больш без дыферэнцыяцыі па відах. Важна, каб вучні зразумелі, што гэтыя словы ствараюць вобраз, дапамагаюць уявіць яго. Таму патрабуецца не толькі назаць вобразныя словы, а ўявіць той вобраз, які апісвае аўтар.
Звычайныя словы ў мастацкім творы набываць уласцівасць вобразна-выяўленчага сродка мовы. У гэтым выпадку яны становяцца эмацыянальна-ацэначнымі словымі. Іх трэба паступова і сістэматычна выяўляць у працэсе працы над творам, калі раскрываецца партрэт героя, даецца яго характарыстыка, матывы ўчынкаў, аўтарскія пачуцці і адносіны.
У працэсе выяўлення і асэнсавання ролі вобразных сродкаў у мове мастацкага слова вучні павінны зразумець, што менавіта слова дасціпнае, трапнае, дакладнае, з’яўляецца галоўным сродкам стварэння мастацкага твора. Паступова па пытаннях настаўніка вучні вучацца знаходзць іх у творы. Потым самастойна вылучаюць тропы, якія выкарыстаў аўтар для стварэння вобраза ці раскрыцця з’явы.
Работа з вобразна-выяўленчымі сродкамі мовы адбываецца на ўсіх этапах працы з творам. Так, у падрыхтоўчай гутарцы звяртаецца ўвага вучняў на словы, якія могуць “аздобіць” мову па пэўнай тэме. Праверка першаснага ўспрымацца дае магчымасць адзначыць словы, якія дапамаглі стварыць эмацыяльны водгук на твор. Падчас аналізу твора вобразна-выяўленчыя сродкі вылучаюцца ў сувязі з характарыстыкай героя, эмацыянальна-вобразным фонам твора, вылучэннем аўтарскай пазіцыі ў адносінах да дзейнай асобы і падзей твора.
Методыка чытання i аналiзу апавяданняў.
Жанр апавядання адносіцца да эпічнай літаратуры. Яго характэрнымі рысамі з’яўляецца наяўнасць выражанага сюжэта, сістэмы канкрэтных вобразаў, кампазіцыйная вызначанасць. У адпаведнасці з названымі асаблівасцямі праца над апавяданнем разгортваецца ў кірунках асэнсавання сюжэту, паводзін і характараў дзейных асоб. Вядучымі прыёмамі работы над апавяданнем становіцца складанне плана пасля падзелу твора на сэнсавыя часткі, падрыхтоўка і пераказ твора.
Падрыхтоўка да першаснага ўспрымання апавядання арганізуецца настаўнікам і мае на мэце ўвесці чытачоў у сэнсавае поле тэксту, зацікавіць і натхніць на ўспрыманне твора. Увядзенне ў сэнсавае поле тэксту можна арганізаваць праз гутарку (эўрыстычную гутарку), праблемнае пытанне, верагоднаснае прагназаванне зместу па малюнку ці малюнках, загалоўку, пачатку тэксту. На падрыхтоўчым этапе могуць выкарыстоўвацца наступныя віды працы: разгляданне малюнкаў, рэпрадукцый карцін, гутарка, расказ настаўніка, свабодныя выказванні вучняў на аснове ўласных назіранняў, экскурсіі, праслухоўванне музычных твораў, абмеркаванне этычнай сітуацыі, аналагічнай той, што апісана ў творы, прагляд фільма, віктарына па раней вывучаных творах аўтара, загадкі і інш.
Падчас падрыхтоўкі да першаснага ўспрымання праводзіцца слоўнікавая работа. Яе змест складаецца з устанаўлення значэнняў слоў, разуменне якіх вельмі важнае для асэнсавання твора. Звычайна, гэта словы, якія вызначаюць асноўную падзею ці звязаны з галоўнымі дзейнымі асобамі. Спосабы правядзення слоўнікавай працы абіраюцца настаўнікам у залежанасці ад здольнасці вучняў устанавіць і засвоіць значэнне незразумелага слова (паказ малюнка, увядзенне слова ў зразумелы кантэкст, пераклад на рускую мову, тлумачэнне і інш.). Завяршаецца падрыхтоўка да першаснага ўспрымання мэтавай устаноўкай, якая канцэнтруе ўвагу вучняў, скіроўвае яе на асэнссаванне падзей твора. Мэтавая ўстаноўка задаецца ў выглядзе пытання ці задання, якія носяць выразны стымульны характар: “Паслухайце твор і скажыце, чаму …”, “Прачытайце і назавіце таго, хто …”. Пажадана, каб мэтавая ўстаноўка была скіравана на прыцягванне ўвагі вучняў да асноўных падзей твора ці важных учынкаў персанажаў.
Першаснае ўспрыманне апавядання можа адбывацца на слых, калі настаўнік чытае ці расказвае твор, а вучні ўспрымаюць яго толькі на слых, ці калі вучні слухаюць чытанне твора настаўнікам і сочаць па тэксце, альбо перамяжаецца чытанне твора настаўнікам і асобныя эпізоды падрыхтаваным вучнем ці вучнямі ланцужком, вучні могуць прачытаць твор самастойна напаўголаса. У кожным канкрэтным выпадку выбар спосабу першаснага ўспрымання залежыць ад складанасці тэксту для ўспрымання і асэнсавання вучнямі. Складанасць тэксту вызначаецца не столькі памерамі, колькі наяўнасцю незразумелай лексікі, выразнасцю кампазіцыйнай будовы, глыбінёю падтэксту.
Пасля ўспрымання апавядання праводзіцца праверка першаснага ўспрымання. У гэты час настаўнік праз гутарку выяўляе эмацыянальную рэакцыю вучняў на ўспрыняты твор, ці адэкватна зразумелі вучні падзеі і ўчынкі герояў.
Пасля праверкі першаснага ўспрымання ідзе паўторны зварот да тэксту (чытанне твора) і праводзіцца яго аналіз. Твор аналізуецца праз сістэму пытанняў і заданняў, якія павінны дапамагчы вучням узнавіць сюжэт твора, ахарактарызаваць дзеючых асоб, устанавіць прычынна-выніковыя сувязі паміж падзеямі і ўчынкамі персанажаў, асэнсаваць аўтарскую і ўласную пазіцыю, раскрыццё кампазіцыі твора, пранікнуць у падтэкст твора. Аналіз мастацкіх сродкаў твора праводзіцца ў адзінстве з раскрыццём канкрэтнага зместу і ацэнкай матываў паводзін галоўных герояў.
Пасля аналізу твора арганізуецца праца па другасным сінтэзе, калі твор узнаўляецца вучнямі з мэтай перадачы ўласнага яго асэнсавання вучнямі. Для апавядання можа быць прапанаваны пераказ (поўны ці частковы), выразнае чытанне па ролях. Выбар тыпу пераказа залежыць ад кампазіцыйных асаблівасцей твора. Калі твор мае выразную паслядоўную апавядальную структуру, яго лепш прапанаваць для падрабязнага пераказу. Пры наяўнасці у тэксце апісанняў лепш прапанаваць выбарачны пераказ. Калі тэкст утрымлівае мноства дэталяў і падрабязнасцей, то лепш скарыстацца сціслым пераказам. Апавяданне, насычанае дыялогамі персанажаў, трэба рыхтаваць да выразнага чытання па ролях.
Чытанне i аналiз вершаў.
Чытанне і аналіз лірычных твораў у пачатковых класах – найбольш праблемная частка методыкі навучання літаратурнаму чытанню. Гэта звязана найперш з узростава-псіхалагічнымі асаблівасцямі ўспрымання мастацкіх твораў вучнямі гэтага ўзросту. Пэўную складанасць у асэнсаванні вершаў дае недасфарміраваны навык чытання, што не дазваляе вучням, якія скіроўваюць усе намаганні на дэкадзіроўку тэксту, асэнсаваць прыгажосць мастацкага слова, пранікнуць у вобразны сэнс вершаваных радкоў.
Навучанне чытанню-асэнсаванню вершаваных твораў мэтазгодна пачынаць з эпічных вершаў, якія нагадваюць апавяданне, толькі ў вершаванай форме. У такіх вершах можна абмяркоўваць сюжет і паводзіны герояў, а таксама назіраць створаныя аўтарам вобразныя карціны. Методыка працы над эпічным вершам падобная да методыкі працы над апавяданнем.
Методыка працы над лірычнымі вершамі скіраванана на асэнсаванне вучнямі пачуццяў і перажыванняў чалавека, перададзеных праз малюнкі прыроды і жыцця,іх эмацыянальна-вобразнага адлюстравання ў вершаваных радках. Для правільнага асэнсавання лірычных вершаў вучнямі аналізуюцца створаныя аўтарам вобразныя малюнкі, іх падтэкст. Асаблівая ўвага надаецца лексічнаму афармленню вершаванага твора. Для паўнаты ўспрымання вобразаў могуць прымяняцца, аудыязапісы мастацкага чытання вершаў, музыкальнае суправаджэнне, адпаведнае настрою верша, творы жывапісу.
Чытанне баек, вызначэнне iх мастацкiх асаблiвасцей.
Байка як від мастацкага твора з’яўляецца замалёўкай з жыцця павучальнага зместу. Байкапісец на прыкладзе асобнага эпізода выяўляе людскія парокі, вучыць народнай мудрасці. Заключаныя ў байцы трапны гумар і сатырычнасць зацікаўлена ўспрымаецца вучнямі. Глыбокае асэнсаванне байкі патрабуе ад вучняў значных намаганняў, таму творы гэтага жанру прапануюцца для чытання пры дастатковым развіцці навыку чытання.
Методыка работы над байкай улічвае спецыфіку байкі як мастацкага твора. Спецыфіка байкі па форме заключаецца ў наяўнасці маралі (павучальнай ідэі байкі) і алегорыі (іншасказанне). Зместавай асаблівасцю байкі з’яўляецца яе выразная павучальная накіраванасць, што дае магчымасць для маральнага выхавання вучняў. Сціслае і яркае вобразнае апісанне падзей, наяўнасць выразнага сюжэтнага малюнка зацікаўлівае вучняў, спрыяе яе паспяховаму асэнсаванню. Моцнае развіццёвае ўздзеянне на вучняў аказвае і мова байкі: яскравая, лаканічная, выразная, насычаная народнымі выразамі, эпітэтамі і параўнаннямі.
У метадычным аспекце працы над байкай галоўнае месца займае раскрыццё маралі байкі і асэнсаванне вучнямі алегарычнасці яе зместу. Сярод метадыстаў няма адзінага меркавання ў падыходах да работы з байкай. Вучоныя зыходзяцца на тым, што работа над байкай шмат у чым вызначаецца асаблівасцямі канкрэтнай байкі. Адначым асноўныя метадычныя кампаненты працы над байкай (паводле Т.Р.Рамзаевай):
успрыманне канкрэтнага зместу байкі;
раскрыццё кампазіцыі ва ўзаемасувязі з характарыстыкай персанажаў, матываў іх паводзін;
вызначэнне галоўнай думкі канкрэтнай часткі байкі;
раскрыццё алегорыі,
аналіз маралі байкі.
Паслядоўнасць раскрыцця гэтых асноўных кампанентаў у працэсе працы над байкай можа быць рознай. Т.Р.Рамзаевай прапануецца наступная паслядоўнасць працы над байкай. “Байка як твор, якому ўласціва высокая ступень абагуленасці, заключаная ў маралі, патрабуе дакладнага ўспрымання канкрэтна-вобразнага зместу. Ад правільнага разумення канкрэтнага зместу і матываў паводзін дзейных асоб байкі вучні пераходзяць да выдзялення яе галоўнай думкі. Працэс раскрыцця маралі байкі прадстаўляе для вучняў абстрагаванне найбольш істотных палажэнняў, якія заключаны ў канкрэтнай частцы байкі. Галоўная думка – вывад з канкрэтнай часткі байкі, а мараль – абагуленае выражэнне ідэі”.
Разгледзім метадычныя аспекты працы над элементамі зместу байкі. Аналіз канкрэтнага зместу байкі ажыццяўляецца па пытаннях, скіраваных на асэнсаванне падзей і паводзін дзейных асоб, што адбываецца падчас гутаркі, складання вобразных малюнкаў (дыяфільма), узнаўлення падзей у празаічнай, апісальнай форме.
На асэнсаванне вучнямі выбару аўтарам дзеючых асоб байкі з пункту погляду рыс характараў ці ўласцівасцей асобы, якія яны выражаюць, накіраваны пытанні “Якімі рысамі характару аўтар надзяліў Воўка, Лісу?” Якія іх учынкі пацвярджаюць гэта?” Неабходна прывучаць чытачоў вызначаць у творы і рабіць вывад з аўтарскай ацэнкі ўчынкаў дзеючых асоб байкі, а таксама фарміраваць уласныя адносіны да дзейных асоб. Як адзначае Т.Р.Рамзаева, “разуменне ролі кожнай дзейнай асобы – аснова раскрыцця ідэйнай накіраванасці байкі”. Для арганізацыі гэтай працы выкарыстоўваецца выбарачнае чытанне, слоўнае маляванне, адказ на пытанні.
Асаблівай увагі патрабуе асэнсаванне вучнямі абагуленасці вобразаў байкі. Для гэтага вучні адказваюць на пытанні “Як вы думаеце, хто яшчэ мог так сказаць?”, “Каму яшчэ маглі належаць гэтыя словы?”, “Каго мы яшчэ бачым за вобразам гэтага персанажа?”, “Каму мы можам даць такія ж характарыстыкі, як і дзеючай асобе байкі?” Такая праца спрыяе асэнсаванню вучнямі алегарычнага зместу байкі.
Яшчэ адным важным метадычным аспектам працы з байкай з’яўляецца аналіз мовы твора, які ўключае працу з вобразнымі словамі і выразамі, аўтарскімі словамі-характарыстыкамі дзейных асоб і іх учынкаў, устойлівымі спалучэннямі слоў, народнымі параўнаннямі. Работа з лексікай байкі праводзіцца ў непасрэднай узаемасувязі з аналізам канкрэтнага змету байкі і раскрыццём вобразаў персанажаў байкі. Вучні вызначаюць у тэксце байкі патрэбныя для характарысты дзейнай асобы словы, складаюць з іх дапамогай яе партрэт. З дапамогай настаўніка адбываецца вызначэнне сэнсу ўстойлівых выразаў, іх ролі ў змесце байкі для асэнсавання яе галоўнай думкі.
Для асэнсавання маралі байкі важна правесці аналогіі з жыццём, сітуацыямі якія ёсць у вопыце вучняў. Аднак у гэтым выпадку трэба пазбягаць указанняў на канкрэтных асоб, не парушаць межы недатыкальнасці асобы вучня.
Казка як жанр мастацкага твора. Усведамленне вучнямі кампазiцыi казкi.
Казка як літаратурны твор прысутнічае ў жыцці вучняў з ранняга дзяцінства. У працэсе літаратурнага чытання вучні знаёмяцца з народнымі і аўтарскімі казкамі. У пачатковых класах казка вывучаецца як мастацкі твор. Асэнсаванне яе жанравых асаблівасцей адбываецца практычным шляхам праз назіранне і абагульненне. У працэсе чытання і аналізу казкі пад кіраўніцтвам настаўніка вылучаюцца дзве істотныя асаблівасці казкі як жанра: наяўнасць выдумкі, своеасаблівая кампазіцыя, якая складаецца з зачына, паўтораў, казачнай канцоўкі.
Казка паказвае дзецям ідэалізаваныя малюнкі жыцця, дзе дабро перамагае зло. Як мастацкі твор казка мае захапляльны сюжэт, выразную калізію, непрадказальнае з-за выдумкі развіццё падзей. У змесце казкі заўсёды прысутнічае ідэйная скіраванасць на паказ чалавечых якасцяў, дэманстрацыя сістэмы традыцыйных каштоўнасцей у адкрытым выглядзе. Праяўляецца выхаваўчы патэнцял казкі. Гэта дазваляе вучням лёгка вызначаць станоўчых і адмоўных герояў, даваць ім характарыстыкі, выяўляць свае сімпатыі і антыпатыі, выказваць іх праз ацэначныя меркаванні, абгрунтоўваць і тлумачыць, абагульняць і выкарыстоўваць для ацэнкі аналагічных падзей і ўчынкаў сучаснага жыцця. Такім чынам, стымулюецца маўленчая актыўнасць вучняў, пашыраецца іх слоўнік. Яшчэ адной крыніцай назапашвання лексікі становіцца сам тэкст казак, насычаны вобразнымі выразамі (эпітэтамі, параўнаннямі, гіпербаламі), часта гучаць ў ім прыказкі і прымаўкі. Своеасаблівым з’яўляецца і сінтаксічны строй мовы казак: напеўны, лірычны, з адваротным парадкам слоў, частымі паўторамі аднаго і таго ж выразу. З-за сваёй структурнай вызначанасці і традыцыйнасці тэксты казак з’яўляюцца даступнымі для пераказу малодшымі школьнікамі.
Яшчэ важным у педагагічным плане аспектам казкі з’яўляецца яе пазнавальны бок. З тэксту казкі вучні даведваюцца як жылі раней. Якія праблемы турбавалі людзей, як вялі побыт і будавалі ўзаемаадносіны. Паколькі народныя казкі ствараліся даўно, то ў іх часта прысутнічаюць састарэлыя словы і незразумелыя дзецям з’явы. Таксама для асэнсавання казкі патрабуецца ведаць, у якіх умовах тады жылі людзі. Таму метадычная праца над фальклорнай казкай павінна абавязкова ўключаць падрыхтоўчую гутарку, якая дапаможа вучням асэнсаваць гэтыя звесткі.
У літаратурным чытанні вучні знаёмяцца з казкамі пры жывёл, чароўнымі і бытавымі казкамі. Методыка працы над казкамі для жывёл падобная наметодыку працы з апавяданнем. Спачатку аналізуецца канкрэтны змест казкі: развіццё сюжэта, паводзіны і ўзаемаадносіны дзейных асоб, іх учынкі і матывы. На падставе аналізу вызначаюцца станоўчыя і адмоўныя персанажы, даюцца іх абагуленыя характарыстыкі. Вывады, якія гучаць пасля аналізу зместу казкі вымушаюць вучняў па-першае, перанесці атрыманыя звесткі ў сучаснае жыццё, па-другое адрозніць казачны, чароўны змест ад рэальнага. Асэнсаванне вучнямі малодшага школьнага ўзросту ўмоўнасці казачнага зместу адбываецца адразу падчас успрымання казкі і не патрабуе дадатковага тлумачэння.
Чароўныя казкі адрозніваюцца тым, што ў іх дзейнічаюць нейкія звышнатуральныя сілы ці ажыўляюцца і надзяляюцца чароўнымі здольнасцямі звычайныя прадметы. У гэтым праяўляецца жаданне стваральнікаў казак павялічыць межы магчымага, выйсці за існуючую рэальнасць. Спецыфіка аналізу чароўных казак заключаецца ў тым, што вызначаецца накіраванасць уздзеяння чароўных сіл і матывы яе праяў. У астатнім аналіз праводзіцца таксама, як і іншых казак.
Чытанне казкі мае добры патэнцыял для развіцця навыку чытання, правільнасці і выразнасці чытання. Як правіла, тэксты казак насычаны дыялогамі персанажаў, якія можна чытаць па ролях. Каларытнасць вобразаў перадаецца падчас падрыхтоўкі і чытання па ролях.
Казкі даюць падставы для ажыццяўлення літаратурна-творчай дзейнасці па інсцэніраванні казачных сюжэтаў, прыдумвання казак па аналогіі, ці далейшага развіцця сюжэту. Гэта станоўча ўплывае на развіццё фантазіі вучняў, іх творчага ўяўлення.

RSS





















