Праца з прыказкамі, прымаўкамі і загадкамі
на ўроках мовы і літаратурнага чытання
«Крынічным звонам бессмяротнасці роднае мовы» назваў Янка Брыль народныя прыказкі і прымаўкі. Яны складаюць залаты фонд беларускага фальклору, надаюць мове выразнасць і паэтычнасць. “Хата без кутоў не будуецца, без прымаўкі і гутарка не вядзецца,” – кажуць у народзе. Звычайна адрозненнем паміж прыказкай і прымаўкай лічаць ступень лагічнай і сэнсавай завершанасці. Прыказка – заўсёды закончанае меркаванне, а прымаўка – частка меркавання. Яна канчаткова афармляецца і набывае канкрэтны сэнс толькі ў кантэксце.
Калі абагуліць самыя тыповыя рысы, уласцівыя прыказкам і прымаўкам, можна даць азначэнне іх падабенства і адрознення. Прыказка ўяўляе сабой глыбокае па думцы, сціслае па форме гатовае выслоўе, у якім абагулены вялікі народны вопыт, сцвярджаецца важная філасофская думка, робіцца глыбокі вывад, даецца пэўнае правіла. З прычыны сваёй мнагазначнасці і абагуленасці падобных або аднатыпных з’яў, якія ахоплівае прыказка, яна можа ўжывацца па прынцыпу аналогіі ў розных сітуацыях. Звычайна прыказка валодае ўстойлівасцю кампанентаў, замацаваных адпаведным рытмам і рыфмай.
Калі прыказка вучыць, узводзіць думку ў ступень усеагульнага правіла, настойлівае на справядлівасці сцверджання і часта мае форму катэгарычнага вываду, загаду або адмаўлення, то прымаўка ўяўляе гатовае выслоўе для вобразкай экспрэсіўна-эмацыянальнай ацэнкі прадмета і служыць сродкам упрыгожання мовы. Звычайна ў форме прымавак перадаюцца прыкметы, даюцца гаспадарчыя парады, правілы этыкету і г.д.: Посуд б’ецца на шчасце.
Шырокай распаўсюджанасці прыказак і прымавак, іх жывучасці спрыяюць дзве ўласцівыя ім рысы: дасканаласць формы і глыбіня думкі. Чытаць прыказку трэба павольна, удумваючыся ў яе змест. Важная задача настаўніка заключаецца ў тым, каб паглыбіць веды вучняў аб прыказках як жанры вуснай народнай творчасці, паказаць невычэрпнае багацце і адметнасць беларускіх прыказак і прымавак. Аналізуючы прыказку, спачатку вучні павінны ўстанавіць яе прамы змест, г. зн. канкрэтны факт, які пакладзены ў аснову прыказкі, затым выявіць яе пераноснае значэнне і суаднесці прыказку з пэўнымі жыццёвымі абставінамі, якія апісаны ў мастацкім творы ці адбываліся ў жыцці вучняў.
Пад кіраўніцтвам настаўніка вучні заўважаюць, што большасць прыказак па сваёй будове падзяляюцца на дзве часткі: у адной паказваецца з’ява, пра нешта паведамляецца, у другой – робіцца вывад. Вельмі карысным будзе наведванне бібліятэк і знаёмства вучняў са шматлікімі зборнікамі прыказак і прымавак розных гадоў выдання. Праца над прыказкамі і прымаўкамі павінна быць скіравана на іх трывалае засваенне вучнямі і ўжыванне ў маўленні.
Прыказкі і прымаўкі вывучаюцца ў пачатковай школе як прадстаўнікі малых жанраў вуснай народнай і творчасці. Пры вывучэнні мастацкіх твораў прыказкі можна выкарыстоўваць на ўсіх этапах работы з творам: на этапе першаснага сінтэзу (у час падрыхтоўкі да ўспрымання твора), на этапе аналізу (вучні вызначаюць галоўную думку і ілюструюць яе прыказкай ці прымаўкай) і на этапе другаснага сінтэзу (вучні ўспамінаюць раней вывучаныя прыказкі і прымаўкі і тлумачаць, якія з іх падыходзяць да зместу твора і чаму).
У працы з прыказкамі і прымаўкамі прапануюцца наступныя прыёмы:
- тлумачэнне сэнсу прыказкі ці прымаўкі з апорай на жыццёвыя сітуацыі
Напрыклад: прачытайце прыказкі. Растлумачце, як вы іх разумееце.
А)Лёгка пасварыцца, цяжэй памірыцца. Шануй людзей, то і цябе пашануць. Ласкавае слова –што дзень ясны.
Б) Летнюю часінку зімовым тыднем не заменіш. Лета прагуляўшы, восенню ўраджай не збярэш.
- актыўнае запамінанне прыказак і прымавак (заданні тыпу: прачытай пачатак прыказкі, падбяры канцоўку і г.д). Напрыклад, злучэнне пачатку і канца прыказак:
Хто чужога не шкадуе… так і адзавецца.
Кінь перад сабою …ды свой розум май.
У людзей пытай …знойдзеш за сабою.
Як гукнеш …той свайго не мае.
- Аўкцыён прыказак на пэўную тэму. Вучні спаборнічаюць у падборы прыказак і прымавак па пэўнай тэме. Заданне можа мець і варыянт пад назвай “Назаві тэму прыказкі “: вучні павінны назваць тэму, на якую падабраны пэўныя прыказкі і дапоўніць пералік яшчэ некалькімі прыказкамі на гэту тэму. Напрыклад, тэмы “Сяброўства”, “Адносіны да працы”, “ Адносіны да бацькоў” і інш.
- Запамінанне прыказак па пытаннях. Вучням прапануецца творчае заданне: адказаць на пытанні і, карыстаючыся адказам, скласці прыказку. Даецца ўзор выканання:
-Ці трэба адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння?
- Не адкладвай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння.
Ніжэй прапануюцца прыклады прыказак:
- Што лягчэй зрабіць: зламаць ці наладзіць? (Зламаць лягчэй, чым наладзіць).
- Што лягчэй: добра работу рабіць ці ў далоні пляскаць? (У далоні лягчэй пляскаць, чым работу рабіць).
- Што бачыць далей: вока ці розум? (Далёка вока бачыць, а розум – яшчэ далей).
- Што лягчэй зрабіць: з’есці яблык ці вырасціць яблыню? (З’есці яблык лягчэй, чым вырасціць яблыню).
- Хто ўзімку галадае: той, хто летам халадку шукае, ці той, хто не шукае? (Хто летам халадку не шукае – той зімой не галадае.)
Праца над загадкамі на ўроках мовы і чытанняі
З загадкамі дзеці знаёмяцца яшчэ ў дашкольным дзяцінстве, з задавальненнем адгадваюць іх. Школьнікі ведаць пра гульнёвы характар тэксту загадак: ён патрабуе не простага чытання, але і адгадвання, расшыфроўвання. Практычны ўдзел у стварэнні тэкстаў пэўнага жанру (на аснове прапанаванай жанравай схемы, сюжэтных ліній ці самастойна) – яшчэ адзін прыём, які дапамагае малодшаму школьніку не проста запамінаць, але свядома засвойваць даступныя яго разуменню жанравыя асаблівасці тэкстаў. Напрыклад, так засвойваецца сюжэтная схема загадкі.
Сярод прыёмаў пабудовы загадак можна пералічыць наступныя:
- Адмаўленне:
Ні мора, ні зямля, караблі не плаваюць, і хадзіць нельга. (Балота);
- Параўнанне:
Слуп бялёны, на ім кажух зялёны. (Бяроза);
- Выкарыстанне ўласнага імя:
Між гор стаіць Рыгор, слупком падпёрся, капелюшом накрыўся. (Грыб).
Падчас працы з народнымі загадкамі настаўнік паведамляе, што загадкі даносяць да нас асаблівасці ўспрымання навакольнага свету нашых продкаў, развіваюць назіральнасць і разважлівасць, здагадлівасць і кемлівасць. У загадцы павінны быць кантрэтныя прыметы прадмета-адгадкі, інакш загадка можа мець некалькі розных адгадак.
Сустрэчы з загадкамі на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці патрэбна планаваць і праводзіць так, каб у вучняў з’явілася жаданне не толькі ўмець адгадваць загадкі, але і запамінаць іх, спрабаваць ствараць уласныя загадкі. Заданні, накіраваныя на фарміраванне ўмення складаць загадкі (не абавязкова з рыфмаванымі радкамі) накіравана на абуджэнне назіральнасці дзяцей, іх здольнасці звярнуць увагу на яркія, характэрныя асаблівасці тых прадметаў, якія зашыфроўваюцца; навучанне карыстанню прыёмам параўнання і адушаўлення: калі загадваецца нежывы прадмет (самі літаратуразнаўчыя тэрміны вучням не называюцца).
Загадкі ўзбагачаюць слоўнік і дапамагаюць засвойваць граматычны лад мовы. Таму вялікае значэнне трэба надаваць як загадцы, так і адгадцы. Карысным з’яўляецца адмеркаванне таго, па якіх прыкметах ўдалося вучню знайсці правільную адгадку. Заўважым, што кожны вучань мае права на ўласнае меркаванне, на сваю адгадку. У такім выпадку дзіця вучыцца разважаць услых, абгрунтоўваць і даказваць сваю думку.
Загадкі можна выкарыстоўваць у працэсе лексічных гульняў. Мэтазгодна дубліраваць слова-адгадку і малюнак-адгадку, паколькі малюнак – адзін са спосабаў тлумачэння сэнсу слова. Загадкі могуць служыць матэрыялам для выпрацоўкі ў вучняў навыкаў беларускага літаратурнага вымаўлення.
Загадкі можна выкарыстоўваць з мэтай рэалізацыі міжпрадметных сувязей. Напрыклад, у час падрыхтоўкі да ўспрымання твора настаўнік прапануе паслухаць, а пасля прачытаць загадку, правільна вымаўляючы словы з гукам [р]:
У мяне была кар-рона,
я цар-рыцаю была,
смачна ела і піла.
А цяпер вось я без тр-рона,
Пр-роста чор-рная …(варона).
-Хто гэта? Як вы здагадаліся? Успомніце, што цікавага вы ведаеце пра гэту птушку, яе паводзіны. Як часцей за ўсё характарызуюць варону? Успомніце, што вы раней даведаліся пра варону з урокаў курса “Чалавек і свет”.
Прывядзем яшчэ адзін фрагмент урока.
-Прачытайце і адагадайце загадку:
Дуб-дубавін, дванаццаць галін.
На кожнай галіне чатыры гняздзіны.
У кожным гняздзечку па сем яечкаў.
Кожнае мае сваё імя. Хто адгадаў, што за сям’я? (Год) В. Вітка
-Які дуб мае на ўвазе аўтар? Што абазначаюць дванаццаць галін? Якое імя мае кожная з іх? Пра якія чатыры гнязды гаворыць паэт? Як яны называюцца? Што за сем яечкаў у кожным гняздзечку? Назавіце іх.
З мэтай развіцця пазнавальнага інтарэсу вучняў мэтазгодна пазнаёміць іх з рознымі відамі загадак: загадкамі-задачамі, загадкамі-жартамі, акразагадкамі, загадкамі-паліндромамі, шарадамі і інш. Паведаміць, што існуюць народныя і аўтарскія загадкі, напісаныя ў паэтычнай ці празаічнай форме.
Загадкі-жарты звычайны напісаны ў форме пытання і патрабуюць для адгадвання пэўнай кемлівасці, таму што прымет прадмета, які апісваецца, у ёй мала. Напрыклад:
Што гарыць без агню?(Сонца)
Што бяжыць без ветру? (Вада)
Што ляціць без крылаў? (Вецер)
Што без вады плавае? (Хмара)
Хто малюе без рук і алоўка?(Мароз)
Які бацька штодня дзяцей пералічвае?(Настаўнік)
Што ў першы дзень года пачынаецца, а ў апошні канчаецца?(Каляндар)
Для адгадвання загадак-задач вучням патрабуецца выкарыстаць не толькі кемлівасць, але і веды па матэматыцы. Вядомы паэт Васіль Вітка так звяртаецца да вучняў з прапановай знайсці адказ на загадкі-задачы:
Хто паможа, хто падкажа, хто задачу развяжа?
Прыклады загадак-задач:
- Сядзяць у крузе чатыры кошкі, супраць кожнай па тры кошкі. Колькі кошак разам? (4)
- Ляцелі дзве чарады гусей. Першая чарада кажа:
-Дайце нам адну гусь, тады ў нас будзе пароўну.
А другая чарада кажа: дайце вы нам адну гусь, тады ў нас будзе ў два разы больш.
Колькі гусей у адной і ў другой чарадзе? (Пяць і сем).
Акразагадка – гэта загадка, першыя літары вершаваных радкоў якой, прачытаныя зверху ўніз, утвараюць слова-адгадку. Напрыклад:
Мы дамоў праз лес ішлі,
У ім цуда-дом знайшлі.
Робіцца з ігліцы ён,
А работнікаў – мільён.
Шчыра завіхаюцца.
На гару ўзбіраюцца.
І расце той дом уверх –
Кожны дзень гатоў паверх. (Мурашнік) У.Мацвеенка
Бор зялёны і густы,
А ў бары растуць кусты.
Разгарні іх пакрысе,
Аглядзі кусточкі ўсе.
Вунь схаваўся ў траве
І кажу: «пайду к табе –
Кошык маеш ты ці не?» (Баравік) У.Мацвеенка
Ледзь вясна са двара –
Едзе, абагнаўшы май,
Тая светлая пара.
А якая? – адгадай! (Лета) У.Мацвеенка
Загадка-паліндром – слова ці сказ, якія маюць аднолькавы сэнс пры чытанні злева направа і справа налева. Напрыклад:
У памідора назваў шмат.
Найбольш вядомая …(тамат). У.Мазго
Загадкі, прыказкі, прымаўкі на ўроках беларускай мовы выступаюць багатым моўным матэрыялам, які дазваляе праводзіць назіранні за вывучаемай моўнай з’явай, замацоўваць пэўныя тэмы ў працэсе арфаграфічнай працы, развіваць творчыя здольнасці вучняў.

RSS





















