Дзейнасць Часовага ўрада ў сферы суда ў сакавіку–кастрычніку 1917 г. была накіравана на дэмакратызацыю правасуддзя. Гэта выявілася ў ліквідацыі элементаў саслоўнасці, пашырэнні практыкі выбарнасці суддзяў і замацаванні прынцыпу іх нязменнасці. Гэта значна памяншала ступень залежнасці суда ад адміністрацыйнай улады, а значыць адпавядала задачам пабудовы дэмакратычнай прававой дзяржавы. Ажыццяўленне на практыцы згаданых мерапрыемстваў Часовага ўрада праходзіла ў вельмі цяжкіх умовах: агульная палітычная нестабільнасць і вострыя сацыяльныя супярэчнасці ў грамадстве, недахоп фінансавання, праблема кадравага забеспячэння абноўленых судовых устаноў. На тэрыторыі Беларусі гэтыя з’явы ўзмацняліся прыфрантавой абстаноўкай. У такой сітуацыі судовая сістэма не заўсёды спраўлялася з задачамі абароны правоў грамадзян і кантролю выканання законнасці ў дзяржаве ўвогуле. Такія важныя пераўтварэнні, як укараненне інстытутаў адміністрацыйнай юстыцыі і выбарнага міравога суда, да кастрычніка 1917 г. так і не былі да канца рэалізаваны.

RSS





















