Назоўнік як часціна мовы. Лексіка-граматычныя разрады назоўніка. ЛК 1.
Назоўнік – гэта самастойная, зменная, знамянальная часціна мовы з 1) агульным граматычным значэннем прадметнасці, 2) прыватнымі граматычнымі катэгорыямі роду, ліку і склону, 3) асноўнымі спосабамі ўтварэння намінацыяй і марфемным афіксальным, 4) асноўнай сінтаксічнай функцыяй дзейніка і дапаўнення.
Паводле агульнага граматычнага значэння прадметнасці назоўнікі падзя
ляюцца на агульныя і ўласныя, канкрэтныя і абстрактныя, адушаўлёныя і неадушаўлёныя, рэчыўныя і зборныя ( гл. падручнік “Сучасная беларуская мова” пад агульнай рэдакцыяй Л.М. Грыгор’евай). Уласныя назоўнікі называюць адзінага прадстаўніка з класа прадметаў, параўн.: сярэдняя школа і "Сярэдняя школа № 153 г. Мінска". Канкрэтныя назоўнікі за невялікім выключэннем маюць формы адзіночнага і множнага ліку, абстрактныя – толькі адзіночнага, параўн.: вучань -- вучні, школа – школы, канцэрт – канцэрты; але шчасце, шчырасць, моладзь. Значэнне адушаўлёнасці / неадушаўлёнасці, як і і значэнні агульнасці/ уласнасці, канкрэтнасці/ абстрактнасці, з’яўляецца граматычным і вызначаецца формай вінавальнага склону назоўніка: форма вінавальнага склону адушалёных назоўнікаў супадае з формай роднага склону, а неадушаўлёных – з формай назоўнага склону, параўн.: бачу нябожчыка, артыста, вожыка, стаўлю фярзя; бачу дом, горад, натоўп.
Паводле прыватнай граматычнай катэгорыі роду назоўнікі падзяляюцца на назоўнікі мужчынскага роду : настаўнік, універсітэт, стэп, пачак; жаночага : гусь, сталіца, аўдыторыя, краіна; ніякага: сэрца, натхненне, люстэрка, Палессе; агульнага: забіяка, непаседа, капрызуля.
Паводле граматычнай катэгорыі ліку назоўнікі падзяляюцца на назоўнікі, якія маюць формы адзіночнага і множнага ліку: бацька – бацькі, чалавек – людзі, брыво – бровы, бервяно – бярвёны; толькі адзіночнага ліку: мука, воцат, натхненне, сумленне; толькі множнага ліку: акуляры, канікулы, крупы, сані.
Паводле прыватнай граматычнай катэгорыі склону назоўнікі падзяляюцца на скланяльныя і нескланяльныя. У залежнасці ад склонавых канчаткаў скланяльныя назоўнікі размяркоўваюцца па тыпах скланення : назоўнікі І скланення, назоўнікі ІІ скланення, назоўнікі ІІІ скланення, рознаскланяльныя назоўнікі.
Тыпы скланення назоўніка як часціны мовы.
Назоўнікі І скланення. Асаблівасці скланення назоўнікаў І скланення.
Да І скланення адносяцца назоўнікі жаночага роду і назоўнікі агульнага роду ў значэнні жаночага з канчаткамі –а,-я ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку: школа, зямля, лодка, вуліца, гарэза, плакса. Для назоўнікаў І скланення характэрны чатыры тыпы асноў: на цвёрды зычны (аснова назоўніка заканчваецца на цвёрды зычны гук): радзіма, барада, калона; на мяккі зычны: зямля, дабрыня, кнігарня; на –г,-к,-х: дарога, загадка, чаромха; на зацвярдзелы зычны: сцюжа, вячэра, задача, душа, навальніца.
Асаблівасці скланення назоўнікаў І скланення ў форме адзіночнага ліку:
- супадзенне формаў роднага склону, давальнага і меснага для назоўнікаў з асновай на мяккі зычны і зацвярдзелы (Р.=Д.=М.): Р. зямлі, сцюжы, Д. зямлі, сцюжы, М. на зямлі, на сцюжы;
- змена заднеязычных г, к, х на з ,ц, с. адпаведна ў давальным і месным склонах (Д.=М.): Д. дарозе, загадцы, чаромсе; М. на дарозе, у загадцы, на чаромсе;
- наяўнасць варыянтных канчаткаў –ай, -аю; -яй, -яю;-ёй, -ёю; -ой, -ою ў форме творнага ліку: радзімай – радзімаю; кнігарняй – кнігарняю; зямлёй – зямлёю; душой – душою. Абедзве формы э’яўляюцца нормай сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Асаблівасці скланення назоўнікаў І скланення ў форме множнага ліку:
- наяўнасць канчаткаў –аў, -яў або нулявога канчатка ў форме роднага склону. Выбар канчатка залежыць ад характару асновы: нулявы канчатак маюць назоўнікі дзвюх груп : 1) у якіх на канцы асновы няма збегу зычных, напрыклад, вежа – вежы – Р. мн. веж; краіна – краіны – Р. мн. краін, калона – калоны – Р. мн. калон; 2) назоўнікі, у якіх на канцы асновы ёсць збег зычных, але апошняя к, напрыклад, шапка – шапкі – Р. мн. шапак; адінка – адзінкі – Р. мн. адзінак; думка – думкі – Р. мн. думак. Канчаткі –аў, -яў маюць назоўнікі, у якіх на канцы асновы ёсць збег зычных, але апошняя не к, напрыклад, стрэльба – стрэльбы – Р. мн. стрэльбаў; легенда – легенды – Р. мн. легендаў; просьба – просьбы – Р. мн. просьбаў, брытва – брытвы – Р. мн. брытваў. Для некаторых назоўнікаў характэрны дзве варыянтныя формы : з канчаткамі –аў, -яў і нулявым ( форма з нулявым канчаткам узнікла пад уплывам моўнай практыкі), напрыклад, земляў і зямель; вішняў і вішань;
- наяўнасць канчаткаў –ах, -ях у форме меснага склону ( без выключэнняў), напрыклад, па землях, па справах, па краінах, у крыніцах.
Назоўнікі ІІ скланення. Асаблівасці скланення назоўнікаў ІІ скланення. ЛК.2
Да ІІ скланення адносяцца назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам у форме назоўнага склону адзіночнага ліку: студэнт, вецер, струмень, цень, бок, гарадок; назоўнікі ніякага роду з канчаткамі –а, -о, -е, -ё ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку: возера, акно, поле, галлё; пяць назоўнікаў на –мя: полымя, цемя, семя, вымя, бярэмя. Для назоўнікаў ІІ скланення характэрны чатыры тыпы асноў: на цвёрды зычны (аснова назоўніка заканчваецца на цвёрды зычны гук): горад, сон, дупло,; на мяккі зычны: дзень, боль поле, герой; на –г,-к,-х: стог, аловак, гарох; на зацвярдзелы зычны: чытач, гушчар, палац.
- Асаблівасці скланення назоўнікаў ІІ скланення ў форме адзіночнага ліку:
- наяўнасць канчаткаў –а,-я або –у,-ю ў форме роднага склону назоўнікаў мужчынскага роду. Выбар канчатка рэгламентуецца лексічным значэннем назоўніка. Канчаткі –у, -ю маюць назоўнікі 6 лексічных груп: 1) якія абазначаюць з’явы прыроды: вецер -- Р. ветру; дождж – Р. дажджу; гром – Р. грому; лівень – ліўню, цень – ценю; 2) якія абазначаюць абстрактныя разумовыя паняцці: розуму, таленту, гераізму, клопату, страху; 3) якія абазначаюць зборныя прадметы і прасторавыя паняцці: : гаю, лесу, бэзу, лугу, стэпу, краявіду, далягляду; 4) рэчывы, хімічныя элементы, захворванні:шоўку, квасу, мёду, асфальту, пяску, кіслароду, вадароду, грыпу, бранхіту; 5) аддзеяслоўныя назоўнікі, якія абазначаюць апрадмечанае дзеянне: пералёту, плачу, бегу, крыку; 6) якія абазначаюць грамадскія фармацыі, навуковыя напрамкі і тэорыі ( усе, якія заканчваюцца на –ізм): дэмакратызму, капіталізму, рамантызму, рэалізму, гуманізму, апартунізму;
- наяўнасць канчаткаў –у, -ю ў форме меснага склону назоўнікаў мужчынскага роду 1) якія абазначаюць асобу: пры чалавеку, пры дыпламату, пры міністру, пры патрыёту, пры кавалю, пры хірургу ; 2) з асновай на –г, –к , -х (і не адбываецца гістарычнага чаргавання):у гарадку, у дзённіку, на рагу, у рэху, у жэмчугу, на мітынгу, на даху, у шораху.
Асаблівасці скланення назоўнікаў ІІ скланення ў форме множнага ліку:
- наяўнасць канчаткаў –аў, -яў, -оў, -ёў у форме роднага склону: алоўкаў, тыдняў, мудрацоў, гадоў, медалёў (без выключэнняў);
- наяўнасць канчаткаў –ах, -ях у форме меснага склону ( без выключэнняў), напрыклад, па лугах, па палях, у займенніках, у дакументах, пры ўдзельніках.
Склонавыя канчаткі назоўнікаў ніякага роду ў форме творнага склону залежаць ад націску: пад націскам -- -ом, -ём, не пад націскам -- -ам, -ем: брывом, жыццём; небам, полем. У форме меснага склону – ад характару асновы: зарыва –у зарыве, поле –у полі, вымя – на вымі, збожжа –у збожжы, зярнятка –у зярнятку, вуха –у вуху, рэха –у рэху.
Назоўнікі ІІІ скланення. Асаблівасці скланення назоўнікаў ІІІ скланення.
Да назоўнікаў ІІІ скланення адносяцца назоўнікі жаночага роду з нулявым канчаткам у форме назоўнага склону адзіночнага ліку: Об, Свіцязь, Нарач; глыб, аповесць, ціш. Для назоўнікаў ІІІ скланення характэрны тры тыпы асноў: на цвёрды зычны (аснова назоўніка заканчваецца на цвёрды зычны гук): глыб, верф, любоў; на мяккі зычны: шчырасць, лань, рысь; на зацвярдзелы зычны: Сібір, роспач, рэч,фальш, глуш.
Асаблівасці скланення назоўнікаў ІІІ скланення ў форме адзіночнага ліку:
- супадзенне склонавых формаў роднага, давальнага і меснага склонаў (Р.=Д.=М.): Р. Обі, Свіцязі, Нарачы; Д. Обі, Свіцязі, Нарачы; М. на Обі, на Свіцязі, на Нарачы;
- падаўжэнне зычных асновы ў форме творнага склону: Об’ю, але Свіцяззю, Нараччу, рыссю, роспаччу, глушшу;
Асаблівасці скланення назоўнікаў ІІІ скланення ў форме множнага ліку:
- наяўнасць варыянтных канчаткаў –аў, -яў і –эй,-ей для некаторых назоўнікаў у форме роднага склону: асаблівасцяў і асаблівасцей; уласцівасцяў і ўласцівасцей, аповесцяў і аповесцей. Формы з канчаткамі –эй, -ей ужываюцца ў навуковым, публіцыстычным і афіцыйна-справавым стылях;
- наяўнасць канчаткаў –ах, -ях у форме меснага склону: у дэталях, у аповесцях, на печах, на ланях.
Парадыгмы скланення назоўнікаў І, ІІ, ІІІ тыпаў скланення ў адзіночным і множным ліку гл. падручнік “Сучасная беларуская мова” пад агульнай рэдакцыяй Л.М.Грыгор’евай , с.250-257.
- .b. Парадыгма слова -- гэта сукупнасць усіх склонавых формаў слова (формы адзіночнага ліку + формы множнага ліку).
Праскланяць слова – гэта значыць змяніць па склонах у адзіночным ліку і ў множным ліку.