Практычныя заняткі па тэме “Аднародныя і неаднародныя азначэнні. Формы выказніка з аднароднымі дзейнікамі. Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа”
Пытанні:
1. Як вызначаюцца аднародныя і неаднародныя дапасаваныя азначэнні? Назавіце лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя крытэрыі іх размежавання. 2. Назавіце асноўныя правілы ўжывання знакаў прыпынку пры аднародных і неаднародных азначэннях.
3. Якія формы выказніка ўжываюцца ў сказах з аднароднымі дзейнікамі?
4. Калі паміж аднароднымі членамі коска ставіцца, а калі не ставіцца?
5. Якая роля абагульняльных слоў пры аднародных членах? Якія знакі прыпынку ставяцца пры аднародных членах у сказах з абагульняльнымі словамі?
Заданні:
1. Размяжуйце аднародныя і неаднародныя азначэнні. Пастаўце, дзе неабходна, коскі.
1. Калі хлопец дайшоў да краю сяла, з апошняга двара высунулася рудая з белай лысінкаю карова, якую падганяла чарнявая дзяўчына з дубцом (І.Мележ). 2. За ноч патаўсцелі ўсланыя лёгкім пухам тонкія стрэхі гумнаў і хат (В.Адамчык). 3. З сівога трохі жаўтлявага неба дробна зацерушыўся снег (В.Адамчык). 4. Кацярына засталася круглай сіратой (П.Броўка). 5. Лапчатка гусіная лясная з’яўляецца лекавай раслінай. 6. У кутку ляжала трохі ўчарнелага сена і бялела некалькі зжаўцелых брудных паперын (В.Быкаў). 7. Ва ўсім, што нам пакінуў В.Дунін-Марцінкевіч, выразна бачна жаданне пісьменніка ўзвялічыць селяніна, мужыка, зрабіць яго галоўным героем літаратуры, паказаць і яму самому, і адукаванаму свету прыгожую шырокую багатую душу народа (І.Навуменка).
2. Спішыце, падкрэсліце аднародныя члены сказа і абагульняльныя словы. Вызначце сінтаксічную ролю абагульняльнага слова і аднароднага члена сказа, характар сэнсавых адносін паміж імі, марфалагічнае выражэнне абагульняльнага слова, яго месца ў адносінах да аднародных членаў. Пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку.
1. І двор і дарога і лес словам ўсё было занесена белым снегам, ад яго бялела ў вачах (І.Пташнікаў). 2. Перад дзяўчынай адчыняўся цэлы свет новага жыцця вучнёўскія гурткі работа ў іх вечары даклады (Якуб Колас). 3. Колас любіў упрыгожваць зямлю. Пасля вайны ён насадзіў сад ля свайго дома высаджваў там і іншыя дрэвы напрыклад дубкі арабінкі бярозкі (М.Лынькоў). 4. Тонкі знаўца прыроды, улюблёны ў яе вечную красу, Якуб Колас і ў прозе і ў паэзіі ўвасобіў незабыўныя карціны роднай прыроды палескія краявіды гулкія гоманы бароў фарбы і водар вясновых лугоў шолахі аўсянай нівы блакітны разліў ільняных палёў (М.Лынькоў). 5. Золкі, сіберны, выхаладжаны парывістым ветрам дождж лужыны і гразь на тратуарах і на вуліцы машыны па самыя вокны запырсканыя гразёю, туман, які ледзь не кожны дзень вісеў над камяніцамі, усё гэта круціла настрой, раздражняла і начыста падмінала тое радаснае, светлае і шчымлівае ўзрушэнне, у якім жыве чалавек, чакаючы свята (Я.Сіпакоў). 6. Разбітыя талеркі парваныя партрэты адзенне яго кніжкі сшыткі адным словам усё было параскідана злой рукой па падлозе (М.Лынькоў.
3. Вызначце стылістычныя функцыі аднародных членаў сказа (узмацніць сэнсавы змест выказвання, надаць мове вобразнасць, эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць, выразнасць; пераканаўча аргументаваць выказанае палажэнне, канкрэтызаваць думку; даць вобразнае ўяўленне аб кім-небудзь ці чым-небудзь; выклікаць у чытача ці субяседніка пэўны настрой і г.д.).
І. Насця, ці, як пасля ўсе ў школе пачалі зваць, Насцечка, была бойкая і рухавая дзяўчынка, белатварая, з густымі валасамі, якія роўна ляжалі на яе галаве пад грабянцом. Да самых халадоў яна прыходзіла ў школу ў шарсцяной кофтачцы, шэрай, у карычневыя палоскі, а калі стала халадней, – пачала надзяваць на кофтачку чорнае ватовае паліто з простым бобрыкавым каўняром і вузенькім суконным паяском. Яна не была чым-небудзь адметнейшая ад іншых дзяцей. Таксама, як і ўсе, любіла бегаць па двары на вялікім перапынку, любіла слухаць расказы, гуляла ва ўсе гульні, у якія толькі гулялі дзеці, і заўсёды ўносіла ў гэтыя гульні весялосць: яна любіла парагатаць. Яе звонкі голас і смех чуліся заўсёды, – ці то ў калідоры, ці то на двары (К. Чорны).
ІІ. Ён смяецца спачатку ціха, хіхікае, пасля рагоча (Сач.).
ІІІ. Доджык крапаў, марасіў, Прыпускаў і ліўнем ліў, А пасля сцяной стаяў, Барабаніў, травы мяў (Г.Дзмітрыеў).
ІV. Юнак, дзяўчынка, якім пашчасціла змалку сустрэць настаўнікаў і выхавацеляў, чуйных да хараства слова, праз усё жыццё будуць дзякаваць ім за душэўнае святло, за чысціню пачуццяў, якія якраз і робяць чалавека шчаслівым. Далікатнасць, сардэчнасць адносін, найтанчэйшыя перажыванні, чарадзейная сіла кахання, захапленне прыгажосцю прыроды, пачуцці адданасці і любові да Радзімы – усё, што на першы погляд немагчыма вызначыць і выказаць словамі, літаральна ўсё знайшло і знаходзіць сваё выяўленне ў слове, у вобразе, у паэзіі, у мастацтве. І навучыцца разумець і адчуваць душэўнае хараство чалавека, аказваецца, можна пры дапамозе таго ж слова, калі яно жыве ,гучыць, спявае ў душы настаўніка (В.Вітка).
V. Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман. Кожны год удзярэ ён якую-небудзь штуку: то выкаціць на чый-небудзь шнур стары, мокшы вякамі ў вадзе, труп дрэва, то выхваціць цэлую луку ў адных і прыточыць другім або падрэжа грунт, на якім доўгімі вякамі стаяў асілак-дуб у самай добрай згодзе з суседам Нёманам. Не знае стрымання ён, не ведае, куды дзець свае магутныя сілы. Але ніхто не жаліўся на яго свавольства. А ў нашым сяле яго надта любілі, бо ён для сяла быў як родны бацька: і карміў, і паіў, і на сваіх плячах кожнага вынасіў і кожнага за лета разоў тры ў Коўна і Гродна вазіў ды яшчэ і на дарогу даваў грошы (Якуб Колас).
VІ. Шматгалосы і бадзёры прачынаўся горад. У дружыннай кузні звонка ляскаталі цяжкія малаткі. З дзвінскага берага, дзе густа стаялі купецкія стругі, чуліся галасы арцельшчыкаў, рыпелі дошкі сходняў, па якіх паўголыя загарэлыя грузчыкі насілі велізарныя шэра-жоўтыя камяні воску, кіпы звярыных шкур, крыцы сырадушнага жалеза, амфары з заморскім віном, лубяныя кашалі са свежай рыбай, зернем, соллю. Апусцілі пад’ёмны мост, і пастухі пагналі на пашу кароў, свіней, коз і авечак. Дробны стукат капытоў, гром нашыйных званочкаў на нейкі міг заглушыў усе астатнія галасы і гукі (Л.Дайнека).
4. Спішыце тэкст. Падкрэсліце аднародныя члены ў адпаведнасці з іх сінтаксічнай функцыяй у сказе. Вызначце від сувязі аднародных членаў з агульным для іх членам сказа (дапасаванне, кіраванне, прымыканне, прэдыкатыўная сувязь).
Вялікай увагі заслугоўвае мова загадкавай паэзіі. Мова беларускіх загадак – гэта сапраўдная жывая мова народа, незвычайна паслухмяны яму цудоўны інструмент, якім ён выяўляў і выяўляе самыя разнастайныя зрухі сваёй паэтычнай душы. Яркая, сакавітая, прадметная лексіка, такая ж неаглядна-багатая, як і сам неаглядны прадметна-рэчыўны свет. Гнуткі, рухавы, незакасцянелы сінтаксіс, надзіва прыдатны для перадачы любога павароту думкі і самых нечаканых псіхалагічна-эмацыянальных імпульсаў. І пры гэтым – выключная чысціня нацыянальных формаў, поўная суладнасць з духам і прыродным складам мовы, са строем душы і характару народа! Уменне карыстацца сваім родным словам працоўны беларус засведчыў у загадках гэтак жа бліскуча, як і ў народных казках і паданнях, песнях і прыпеўках, прыказках і прымаўках. Здольнасць народа знаходзіць патрэбнае слова, у іншых выпадках – адзіна неабходнае слова, неаднойчы здзіўляла вялікіх майстроў літаратуры. Мы можам толькі сказаць (скаламбурыўшы): і не дзіва, што здзіўляла. (Н.Гілевіч)
5. Спішыце, падкрэсліце аднародныя члены сказа, вызначце іх сінтаксічную функцыю і марфалагічнае выражэнне. Пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку і растлумачце іх.
1. Летам хлопчык хадзіў у ягады і грыбы ці гуляў з дзецьмі на вуліцы або купаўся з імі ў возеры (У.Краўчанка). 2. Не кавылі пшаніца ззяе ў пацерках расы (М.Хведаровіч). 3. Я выйшаў на вуліцу і адчуў, як сцюдзёнае марознае паветра апаліла мне твар пачуў, як звонка рыпіць снег убачыў, як гарыць на сонцы аснежанае поле (А.Асіпенка). 4. Месяц свеціць да не грэе (Прыказка). 5. Ён (бацька) раскажа і пра паравоз і пра чыгунныя рэйкі і пра розныя сігналы (М.Лынькоў). 6. Была ноч і туман і доўгія конскія шыі над белым возерам (У.Караткевіч). 7. З машын здымалі канапы і сталы крэслы і ложкі чамаданы і клункі з розным дамашнім набыткам (С.Міхальчук). 8. Ва ўсіх сялян па сорак сыноў ды дачок па сорак коней ды валоў (У.Караткевіч). 9. Прыпамінаецца дзеду Талашу, што па лясах шмат схавана зброі, і зброі сапраўднай (Якуб Колас). 10. Замест бульбы парылі рэпу ці бручку (У.Караткевіч).

RSS





















