Беларускія фразеаграфічныя слоўнікі. Парэміялагічныя зборнікі.
Ідыёмныя слоўнікі – клас лексікаграфічных прац, у якіх асноўным аб’ектам апісання з’яўляюцца падзельна аформленыя моўныя адзінкі і сінтаксічныя канструкцыі.
1. Слоўнікі фразем – тып семантычных ідыёмных слоўнікаў, у якіх сістэматызуюцца фраземы – устойлівыя, узнаўляльныя моўныя адзінкі, якія спалучаюцца са словамі свабоднага ўжывання і маюць цэласнае значэнне, не роўнае суме значэнняў іх кампанентаў.
Гісторыя беларускай фразеаграфіі пачалася ў ХІХ ст., калі ўстойлівыя выразы пачалі сістэматызавацца і тлумачыцца ў працах Я. Ляцкага, І.І. Насовіча, Е.Р. Раманава, А. Рыпіньскага, Яна Чачота, П.М. Шпілеўскага і інш.
Адрозніваюць тлумачальныя і перакладныя слоўнікі фразем. Тлумачальныя слоўнікі могуць уключаць як матэрыял літаратурнай мовы, так і фраземы, пашыраныя ў народных гаворках.
Вяршыняй беларускай фразеаграфіі з’яўляюцца працы І.Я. Лепешава: “Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы” (у 2 т.; Мн., 1993; каля 6 тыс. сл. арт.) і “Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы” (у 2 т.; Мн., 2008; каля 7 тыс. сл. арт.).
У гэтых слоўніках фраземы маюць трохбаковую характарыстыку – семантычную, граматычную і стылістычную. У іх уключаны выразы актыўнага фразеалагічнага фонду, якія па сферы ўжывання адносяцца да агульнамоўных. Прадстаўлены асобныя выразы пасіўнага складу з паметамі устар. і абл.
Мікраструктура слоўніка складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) з. намінацыі; 2) з. граматычнай інфармацыі; 3) з. стылістычнай інфармацыі; 4) з. функцыянальнай інфармацыі; 5) з. семантычнай інфармацыі; 6) з. ілюстрацый; 7) з. пашпартызацыі.
ГУЛЯЙ • ГУЛЯЙ-ВЕЦЕР(1). Мн. не ўжыв. Вык. ці азн.(2) Разм. Неадабр.(3) Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы.(4) Легкадумны, пусты чалавек; ветрагон.(5) Сін.: узвей-вецер.(4) – А цікава было б пабачыць гэта, – задзіркавата падхапіў ліслівы гуляй-вецер Юзік. Мурашка. Ды ён [Сінёў] і не такі гуляй-вецер, як ты…(6) Масарэнка.(7) Аскольд казаў, што я па натуры гуляй-вецер і што ўсіх у семнаццаць [гадоў] некуды цягне.(6) Марчук(7).
У “Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў” І.Я. Лепешава (Мн., 2004; каля 1750 сл. арт.) тлумачыцца сэнс і раскрываецца паходжанне фразем беларускай мовы.
Слоўнікавы артыкул складаецца з наступных інфармацыйных зон: 1) з. намінацыі; 2) з. этымалагічнай інфармацыі; 3) з. семантычнай інфармацыі; 4) з. ілюстрацый; 5) з. пашпартызацыі.
Турусы на калёсах.(1) Відаць, недакладная паўкалька з італ. м. (turres ambulatoriae, літаральна “турусы рухомыя, якія ходзяць”).(2) Бязглуздзіца, балбатня, небыліцы.(3) [Голас з грамады:] Разводзь, разводзь, даўгавалосы, турусы на калёсах!(4) (Якуб Колас. На шляхах волі).(5)
Турусамі ў старажытнасці называлі вялікія перасовачныя вежы для асады крэпасцей. Многія не верылі ў існаванне такіх асадных машын і гаворку пра іх успрымалі як лухту. Выраз фіксуецца ў “Зборніку беларускіх прыказак” І.І. Насовіча: гоніць турусы на калёсах ‘гаворыць бязглуздзіцу’(2).
Для школьнікаў прызначаны “Фразеалагічны слоўнік” Н.В. Гаўрош, І.Я. Лепешава, Ф.М. Янкоўскага (Мн., 1973; 1339 сл. арт.).
Устойлівыя выразы, выкарыстаныя асобнымі класікамі беларускай літаратуры, сістэматызавана ў “Фразеалагічным слоўніку мовы твораў Якуба Коласа” пад. рэд. А.С. Аксамітава (Мн., 1993; больш за 6 тыс. сл. арт.) і “Слоўніку фразеалагізмаў мовы твораў Янкі Купалы” В.А. Ляшчынскай і З.У. Шведавай (Гомель, 2007; каля 2 тыс. сл. арт.).
Дыялектая фразеалогія прадстаўлена ў цэлым шэрага слоўнікаў: “Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі” Е.С. Мяцельскай і Я.М. Камароўскага (Мн., 1972; 2015 сл. арт.), “З народнай фразеалогіі: дыферэнцыяльны слоўнік” І.Я. Лепешава (Мн., 1991; каля 700 сл. арт.), “Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны” М.А. Даніловіча (Гродна, 2000; 2167 сл. арт.), “Рубельскі лексіка-фразеалагічны слоўнік” М.І. Пашкевіча (Брэст, 2008; 200 фразеалагізмаў), “Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны” А.Ф. Зайкі (Брэст, 2014; каля 2,5 тыс. сл. арт.), у серыі выданняў Г.Ф. Юрчанкі: “І коціцца і валіцца” (Мн., 1972), “І сячэ і паліць” (Мн., 1974), “Слова за слова” (Мн., 1977) (у трох слоўніках серыі 4425 сл. арт.) і інш.
У перакладных фразеалагічных слоўніках прыводзяцца нацыянальныя ўстойлівыя выразы і іх адпаведнікі ў іншых мовах. Да такіх выданняў адносяцца: “Англа-беларускі слоўнік фразеалагізмаў параўнальнага тыпу” Л.Д. Корсак і Л.С. Марціновіч (Мн., 1984; 348 сл. арт.), “Słownik frazeologiczny białorusko-polski” А. Аксамітава і М. Чурак (Варшава, 2000; 1877 сл. арт.), “Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем” З.Ф. Санько (Мн, 1991; 871 фразеалагізм), “Руска-беларускі фразеалагічны слоўнік: для сярэдняй школы” І.А. Кісялёва (Мн., 1991; каля 800 сл. арт.), “Кароткі лацінска-руска-беларускі слоўнік юрыдычнай фразеалогіі” Н.А. Ганчаровай і М.Г. Антанюк (Мн, 2000; каля 1,3 тыс. сл. арт.), “Англа-беларускі слоўнік саматычных фразеалагізмаў; Беларуска-англійскі слоўнік саматычных фразеалагізмаў” Л.У. Кулік і В.А. Ляшчынскай (Гомель, 2010; 586 сл. арт.), “Слоўнік фразеалагізмаў з кампанентамі-заонімамі: на матэрыяле беларускай і нямецкай моў” С.В. Мілач (Брэст, 2010; 139 сл. арт. у белар. частцы), “Беларуска-англійскі ідэаграфічны слоўнік фразеалагізмаў з прасторавай семантыкай” В.А. Арцёмавай (Мн., 2013; 2-е выд. 2014; каля 550 сл. арт.).
2. Слоўнікі парэмій – тып семантычных ідыёмных слоўнікаў, у якіх апісваюцца (тлумачацца, перакладаюцца) прыказкі – кароткія вобразныя суджэнні, якія характарызуюцца рытмічнай арганізацыяй і ўжываюцца ў мове па прынцыпе аналогіі.
Гісторыя беларускай парэміяграфіі пачынаецца прыкладна з сярэдзіны ХІХ ст. Беларускія прыказкі (побач з фраземамі) прадстаўлены ў “Сборнике белорусских пословиц” І.І. Насовіча (СПб., 1874; 3715 сл. арт.) і працы “Люд беларускі на Русі Літоўскай” М. Федароўскага (Варшава, т. 4, 1935; 13231 сл. арт.).
Адрозніваюць тлумачальныя і перакладныя парэміялагічныя слоўнікі. Да тлумачальных адносяцца “Крынічнае слова” І.Р. Шкрабы і Р.І. Шкрабы (Мн., 1987; каля 750 сл. арт.), “Слоўнік беларускіх прыказак” І.Я. Лепешава і М.А. Якалцэвіч (Мн., 1996; 3-е выд., дапоўн.; Мн., 2006; 1629 сл. арт.), “Слоўнік беларускіх прыказак, прымавак і крылатых выразаў” С.Ф. Івановай і Я.Я. Іванова (Мн., 1997; 141 сл. арт.), “Прыказкі і прымаўкі: тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак i прымавак з архіўных, кафедральных збораў, рэдкіх выданняў XIX i XX стст.” А.С. Аксамітава (Мн., 2000; 2-е выд., дапрац. Мн., 2002; каля 3,5 тыс. сл. ст.).
Найбольш поўным сучасным парэміялагічным слоўнікам з’яўляецца “Тлумачальны слоўнік прыказак” І.Я. Лепешава і М.А. Якалцэвіч (Гродна, 2011; каля 1,8 сл. арт.), у якім апісаны афарызмы народнага паходжання. Слоўнік створаны на аснове картатэкі, сабранай шляхам франтальнага і выбарачнага распісвання мастацкай і публіцыстычнай літаратуры галоўным чынам ХХ ст. (выкарыстаны творы амаль 400 аўтараў). Пры распрацоўцы мікраструктуры аўтары імкнуліся ўлічваць сінанімічныя сувязі паміж прыказкамі.
Да перакладных парэміялагічных слоўнікаў належаць: “Малы руска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем” З.Ф. Санько (Мн., 1991; 478 прыказак), “Русско-белорусский словарь пословиц” Я.Я. Іванова (у 2 ч.; Магілёў, 2001; 777 сл. арт.), “Беларуска-нямецкі парэміялагічны слоўнік” Я.Я. Іванова і Н.К. Раманавай (Магілёў, 2006; каля 500 прыказак на беларускай мове і больш за 800 прыказак на нямецкай мове), “Русско-белорусский паремиологический словарь” Я.Я. Іванова і В.М. Макіенкі (Магілёў 2007; каля 300 сл. арт.), “Польска-беларускі парэміялагічны слоўнік” Я.Я. Іванова і С.Ф. Івановай (Магілёў, 2007; 200 сл. арт. ), “Англа-беларускі парэміялагічны слоўнік” пад рэд. Я.Я. Іванова (Магілёў, 2009; каля 300 сл. арт.) і інш.
3. Слоўнікі параўнанняў – тып функцыянальных ідыёмных слоўнікаў, што змяшчаюць фігуры, пабудаваныя на падабенстве двух прадметаў, у якіх праяўляецца агульная прымета.
Беларускія параўнанні прадстаўлены ў невялікім выданні Ф.М. Янкоўскага “Беларускія народныя параўнанні: кароткі слоўнік” (Мн., 1973). У сучасным “Слоўніку беларускіх народных параўнанняў” Т.В. Валодзінай і Л.М. Салавей (Мн., 2011; больш за 8 тыс. сл. арт.) змяшчаюцца параўнальныя выразы рознага тыпу, адабраныя з дыялектных слоўнікаў, фальклорных зборнікаў і інш. крыніц. У слоўнікавым артыкуле пазначаецца зона пашырэння таго або іншага параўнання, даецца стылістычная характарыстыка, тлумачыцца значэнне, указваецца крыніца інфармацыі:
|
ланту́х |
разрабíцца як ланту́х. Віл. Няўхв. Пра тоўстага і непаваротлівага чалавек. СПЗБ 2, 617. ˂ Лантух – мех. |
|
пры́ца |
лíпнуць як пры́ца. Мсцісл. Пра прыліпанне нечага глейкага. Юрчанка, 194. |
“Слоўнік параўнанняў у мове мастацкіх твораў Янкі Купалы” В.А. Ляшчынскай і З.У. Шведавай (Гомель, 2004; больш за 800 сл. арт.) сістэматызуе параўнанні, якія сабраны з мастацкіх твораў Янкі Купалы і адлюстроўваюць асацыятыўнае поле паэта.
4. Слоўнікі перыфраз – тып функцыянальных ідыёмных слоўнікаў, у якіх адлюстраваны семантычна непадзельныя, іншасказальныя выразы, якія з’яўляюцца апісальнай перадачай зместу іншых слоў або іх спалучэнняў.
У выданне Г.М. Малажай “Беларуская перыфраза (кароткі слоўнік)” (Мн., 1974; 692 сл. арт.) уключаны і індывідуальна-аўтарскія, і традыцыйныя апісальныя выразы. Асноўнай крыніцай матэрыялу для слоўніка стала мова мастацкай літаратуры і публіцыстычных выданняў. Кожнай перыфразе прысвечаны невялікі артыкул, у якім тлумачыцца значэнне апісальнага выразу, даецца стылістычная характарыстыка (грэбл. – з адценнем грэблівасці, узнёсл. – з адценнем узнёсласці і інш.), запісваецца ілюстрацыйны прыклад. У дужках падаюцца варыянтныя формы кампанентаў перыфразы.
Крылатыя малацьбіты. Жартаўл. Птушкі.
Крылатыя малацьбіты з азартам дзюбамі разбівалі каробачкі путазелля і наперабой выцягвалі зярняты (“Звязда”, 1967, 24 лютага).
Параўн.: Крылатыя памочнікі хлебаробаў.
У сучаснай лінгвістыцы слоўнікі параўнанняў, перыфраз і інш. лексікаграфічныя выданні, у якіх апісваюцца разнастайныя “фігуры пераасэнсавання”, аб’ядноўваюць у групу слоўнікаў вобразна-выяўленчых сродкаў.
5. Слоўнікі афарызмаў – тып інвентарызацыйных ідыёмных слоўнікаў, у якіх сабраны кароткія арыгінальныя выслоўі закончанага зместу і дасканалай формы.
Афарыстычныя выслоўі беларускіх пісьменнікаў розных гістарычных эпох сабраны і сістэматызаваны ў слоўніку Ф.М. Янкоўскага “Крылатыя словы і афарызмы” (Мн., 1960; 220 сл. арт.), выданні А.Я. Леванюк “Майстры кажуць… Беларускія літаратурныя афарыстычныя выслоўі” (Брэст, 2010; каля 150 сл. арт.) і працы Н.В. Гаўрош, Н.М. Нямковіч “Афарыстычныя выслоўі беларускіх пісьменнікаў” (Мн., 2012; каля 3,6 тыс. сл. арт.).
У слоўніку Ф.М. Янкоўскага да асобных афарызмаў прыводзіцца экстралінгвістычная інфармацыя і каментарыі.
68. Жартачкі – ён так мудра піша, што тлумачэнне патрабуецца
Выраз з апавядання Змітрака Бядулі “Тры крыжыкі” (1926).
Герой апавядання “Тры крыжыкі” селянін Янка Гарбач – непісьменны. Калі трэба распісацца, то ён, “як сахою па раллі. Водзіць пяром па паперы”, ставячы тры крыжыкі. Пісьменныя людзі ставяць пры гэтых крыжыках яго імя і прозвішча. Так даецца тлумачэнне да іх, каб у канцылярыі ведалі, што гэтыя крыжыкі абазначаюць “Янка Гарбач”.
Янка вельмі гардзіцца тлумачэннем пісьменных: жартачкі – ён так мудра піша, што тлумачэнне патрабуецца.
Змітрок Бядуля, Збор твораў, т.1, Мінск, 1951, стар. 193.
У слоўніках А.Я. Леванюк, Н.В. Гаўрош і Н.М. Нямковіч выслоўі падаюцца па розных тэматычных групах (напр., “Пра прыроду, грамадства, Сусвет”, “Пра чалавека, чалавечыя якасці”, “Пра мінуўшчыну і будучыню”). Пасля кожнага афарызма ўказваецца аўтар і крыніца.
Пакуль са мною плачуць вочы друга
Над цяжкай стратай – ёсць яшчэ жыццё.
Караткевіч У. Крумкачы [46, с. 21]
Крылатыя выразы беларускай мовы, якія паходзяць з антычных, заходнееўрапейскіх, амерыканскіх і ўсходнеславянскіх літаратурных і фальклорных крыніц прыводзяцца ў працах “Крылатыя выразы ў беларускай мове: тлумачальны слоўнік” пад рэд. Я.Я. Іванова і С.Ф. Івановай (у 2 ч.; Магілёў, 2004 – 2006; каля 450 сл. арт.), “Крылатыя афарызмы ў беларускай мове: тлумачальны слоўнік” Я.Я. Іванова (Магілёў, 2011; каля 160 сл. арт.) і інш.

RSS





















