Змены гукаў у маўленчай плыні
У выніку ўзаемадзеяння ў маўленчай плыні адны гукі могуць уплываць на некаторыя характарыстыкі другіх гукаў. Гэта звязана з асаблівасцямі іх артыкуляцыі: органы маўленчага апарату не паспяваюць вярнуцца ў зыходнае становішча для ўтварэння наступнага гука і “прыстасоўваюцца” да яго артыкуляцыі.
Якасць гука вызначаецца:
- пазіцыяй гука ў слове (пад націскам або не, у пачатку слова або ў абсалютным канцы);
- асаблівасцямі спалучэння гука з іншымі гукамі.
Змены, якія залежаць ад пазіцыі гукаў у слове або ўплыву аднаго гука на другі, называюцца фанетычнымі працэсамі.
Адрозніваюць пазіцыйныя і камбінаторныя змены гукаў.
І. Пазіцыйныя змены гукаў
Пазіцыйныя гукавыя змены абумоўлены становішчам гукаў у слове. Да іх адносяцца:
- рэдукцыя галосных;
- аглушэнне звонкіх на канцы слова;
- пратэза.
1. Рэдукцыя (ад лац. reductio ‘вяртанне назад’) – змяненне акустычных і артыкуляцыйных характарыстык гука ў пэўных фанетычных умовах, звычайна ў ненаціскным становішчы. Рэдукуюцца ў асноўным галосныя гукі, бо менавіта яны з’яўляюцца складаўтваральнымі.
У беларускай мове галосныя гукі пад націскам больш доўгія, у першым пераднаціскным складзе – больш кароткія, а ў іншых ненаціскных складах – яшчэ больш кароткія.
Адрозніваюць колькасную і якасную рэдукцыю галосных гукаў:
- колькасная рэдукцыя – скарачэнне часу вымаўлення ненаціскнога галоснага гука ([і], [ы], [у], [а]), г. зн. змяншэнне яго працягласці; напр., рэдукцыя гука [а] назіраецца ў словах трава́ – травяны́, але адсутнічае ў слове тра́вы;
- якасная рэдукцыя – страта ненаціскным галосным гукам сваёй якасці, напр., гукі [о], [э] не пад націскам вымаўляюцца як [а]: ст[о́]л – ст[а]ле́шніца; с[в’э́]тлы ‒ с[в’а]тло́ – с[в’а]тле́ць.
Рэдукцыя зычных гукаў – іх паслабленне ў пэўных фанетычных умовах (у цэлым беларускай мове не ўласцівая).
Рэдукцыя гукаў можа быць поўнай і частковай. Вынікам поўнай рэдукцыі з’яўляюцца:
- сінкопа (ад грэч. synkopē ‘сцісканне’) – выпадзенне гука або групы гукаў унутры слова: гэт[ø]кі і гэт[а]кі, не[йа]к і не[й]к;
- апокапа (грэч. apokope ‘усячэнне’) – адпадзенне гука або некалькіх гукаў у абсалютным канцы слова: можа і мо, хтосьці і хтось, мама – мам (зварот).
2. Аглушэнне на канцы слова – замена звонкіх зычных глухімі ў абсалютным канцы слова: дубы – ду[п]; сказаць – ска[с]; снягі – сне[х].
3. Пратэза (ад грэч. prothesis ‘пастаноўка спераду’) – узнікненне гука ў пачатку слова; адрозніваюць:
- кансанантную пратэзу – узнікненне зычных гукаў перад галоснымі ў пачатку слова: [в], [γ], [й], якія ўзнікаюць перад пачатковымі гукамі [о], [у], [э]: [в]окны, [в]уда, [γ]эты, [γ]альшанскі, [йо]н, [йа]на;
- вакалічную пратэзу – узнікненне галосных гукаў (у беларускай мове [і], [а]) перад складаным для вымаўлення спалучэннем зычных у пачатку слова: [і]мгла, [і]льну, [а]ржаны.
|
Пратэзу трэба адносіць, хутчэй, да пазіцыйна-камбінаторных гукавых змен, таму што ўзнікненне гука, з аднаго боку, абумоўлена пазіцыяй (пачаткам слова), а з другога боку, камбінаторна (перад неўласцівымі мове пачатковымі галоснымі або перад збегам зычных, цяжкім для вымаўлення) (В.І. Рагаўцоў).
|
ІІ. Камбінаторныя змены гукаў
1. Камбінаторныя гукавыя змены ўзнікаюць у выніку ўзаемадзеяння гукаў у маўленчай плыні; адрозніваюць:
- поўныя і няпоўныя змены;
- рэгрэсіўныя і прагрэсіўныя змены;
- кантактныя і дыстактныя змены.
Поўныя і няпоўныя гукавыя змены адрозніваюцца вынікам узаемадзеяння гукаў:
- пры поўных зменах адзін гук цалкам прыпадабняецца да другога: зжаты – [ж:]аты, у спаднічцы ‒ у спадні[ц:]ы, крыўдзішся ‒ крыўдзі[с:’]я;
- пры няпоўных гукавых зменах адбываецца частковае прыпадабненне гукаў, напрыклад змякчэнне: сліва ‒ [с’л’]іва, з’есці ‒ [з’й]есці, смешны ‒ [с’м’]ешны.
Рэгрэсіўныя і прагрэсіўныя змены абумоўлены напрамкам уздзеяння гукаў:
- пры рэгрэсіўных зменах наступны гук выклікае змену папярэдняга: напр., у слове хрэсьбіны пад уздзеяннем звонкага і мяккага гука [б] азванчаецца і памякчаецца папярэдні яму гук [с]: хрэ[з’]біны (параўн. з хро[с]т);
- у выніку прагрэсіўных змен папярэдні гук выклікае змену наступнага (сучаснай беларускай літаратурнай мове гэтая з’ява не ўласцівая).
2. Да камбінаторных гукавых змен адносяцца:
- акамадацыя;
- асіміляцыя;
- дысіміляцыя.
Акамадацыя (ад лац. ассоmоdаcіо ‘прыстасаванне’) – частковае прыстасаванне артыкуляцыі сумежных гукаў (галоснага да зычнага ці наадварот):
- вакалічная акамадацыя – прыстасаванне галосных гукаў да зычных: напр., галосныя непярэдняга рада [а], [о], [у] пад уздзеяннем мяккіх зычных становяцца больш пярэдняга ўтварэння: мята ‒ [м’˙а]та, лёд ‒ [л’˙о]д, людзі ‒ [л’˙у]дзі;
- кансанантная акамадацыя – прыстасаванне зычных гукаў да галосных: лабіялізацыя або палаталізацыя зычных.
Перад лабіялізаванымі галоснымі зычныя гукі лабіялізуюцца: параўн. [с]ад і [с˚]он, [д]ым і [д˚]умка, [м]эта і [м˚]узыка.
Пры спалучэнні цвёрдых зычных з галоснымі пярэдняга рада [і], [э] зычныя гукі палаталізуюцца: бры[д]у – бры[z’]еш; пля[т]у – пля[ц’]еш.
Асіміляцыя (ад лац. аssіmilаtіо ‘прыпадабненне’) – артыкуляцыйна-акустычнае прыпадабненне аднатыпных (зычных ці галосных) гукаў у межах слова ці спалучэння слоў; адрозніваюць:
- поўную асіміляцыю – адзін гук цалкам прыпадабняецца да іншага: надта ‒ на[т:]а; мучышся ‒ мучы[с’:]я; сшыць ‒ [ш:]ыць;
- няпоўную асіміляцыю – гук прыпадабняецца да іншага часткова, па адной або некалькіх прыметах:
- па звонкасці: бара[z’]ба;
- па глухасці: баро[т]ка;
- па мяккасці: [з’н’]янацку;
- па цвёрдасці: астраха[нс]кі;
- па шыпячасці: пя[шч]аны;
- па глухасці і шыпячасці: перака[шч]ык;
- па глухасці і мяккасці: ве[с’ц’]і (параўн. з вя[з]у).
У выніку прагрэсіўнай асіміляцыі ў беларускай мове ўтварыліся ўсе фанетычна падоўжаныя гукі: світа[н’:]е, вясе[л’:]е, збо[ж:]а і г. д. У гэтых словах гук [й] поўнасцю прыпадабніўся да папярэдніх зычных [н], [л], [ж] (параўн. са словамі пер’[й]э, каліў[й]э).
Рэгрэсіўная асіміляцыя шырока прадстаўлена ў беларускай мове: прыка[с]ка, даро[ш]ка, [з’б’]ерагчы, падне[с’ц’]і і г. д.
Дысіміляцыя (ад лац. dіssітіlаtіо ‘распадабненне’) ‒ распадабненне двух аднолькавых або артыкуляцыйна блізкіх гукаў, замена аднаго з гукаў менш падобным.
Вынікам гэтага працэсу з’яўляецца ўтварэнне інфінітыўных формаў дзеясловаў на -сці (напрыклад, *vedti → *vetti → весці). У наш час дысіміляцыя характэрна пераважна для дыялектнай мовы, прастамоўя і дзіцячага маўлення. Адрозніваюць два тыпы дысіміляцыі:
- кансанантная:
- паводле спосабу ўтварэння: тра[х]тар замест тра[к]тар;
- паводле месца ўтварэння: тра[н]вай замест тра[м]вай; ла[н]па замест ля[м]па;
- вакалічная – сустракаецца ў некаторых беларускіх гаворках (вымаўленне гукаў [ъ] або [ы] замест галоснага [а] пасля цвёрдых зычных у першым пераднаціскным складзе перад складам з [а]): вада ‒ в[ъ/ы]да, галава ‒ г[ъ/ы]л[ъ/ы]ва, трава ‒ тр[ъ/ы]ва).
Да камбінаторных змяненняў гукаў традыцыйна адносяць і фанетычныя працэсы, якія ўзнікаюць на асіміляцыйнай і дысіміляцыйнай аснове, – эпентэзу, метатэзу, дыерэзу, гаплалогію, кантракцыю.
Эпентэза (ад грэч. epenthesis ‘устаўка’) – узнікненне ўнутры слова гука, які этымалагічна адсутнічаў, звычайна для палягчэння вымаўлення пэўных груп гукаў. У беларускай мове эпентэтычныя зычныя з’яўляюцца, напрыклад, у запазычаных словах з неўласцівым для мовы збегам галосных [іо], [іэ], [іа] (міль[йo]н, патры[йo]т, тры[йа]лет), а таксама паміж зычнымі ў фіналях слоў для лягчэйшага іх вымаўлення (вецер ← старабел. ветръ, рубель ← старабел. рубль і інш.).
Метатэза (ад грэч. metathesis ‘перастаноўка’) – перастаноўка гукаў або складоў у слове з мэтай пазбегнуць нязручнага вымаўлення: напр., з нямецкай мовы мальберт – Malbrett, друшляг – Durchschlag.
Дыерэза (ад грэч. diairesis ‘падзеленасць’) – выпадзенне гука ў выніку асіміляцыі або дысіміляцыі; напр., выпадзенне выбухных гукаў [д], [т], [к], [б], [п] у спалучэннях тыпу [рдц], [стн], [скн] і інш.: сэ[рц]а – параўн. са[рд]эчны; ненаві[сн]ы – параўн. нянаві[с’ц’]ь; няшча[сн]ы – параўн. шча[с’ц’]е. Разнавіднасцю дыерэзы з’яўляецца гаплалогія (ад грэч. gaplos ‘просты’ і logos ‘слова’) – выпадзенне аднаго з двух аднолькавых або падобных суседніх складоў на стыку марфем: трагікамедыя ← трагіка + камедыя, прастамоўнае бензапраўка замест бензазапраўка і г. д.
Кантракцыя (ад лац. contractio ‘сцяжэнне’) – сцяжэнне двух гукаў на сумежжы марфем у адзін: напр., казак- + -ск- → каза[ц]кі; прус- + -ск- → пру[с]кі; француз- + -ск- → францу[с]кі; чэх- + -ск- → чэ[с]кі; шавец- + -ск- → шаве[ц]кі і інш.
§ 7. Чаргаванні гукаў
Чаргаванне гукаў – змяненне гукаў у розных граматычных формах ці словах. Адрозніваюць:
- жывыя чаргаванні – змяненні гукаў, у аснове якіх ляжаць фанетычныя працэсы сучаснай беларускай мовы:
- чаргаванні цвёрдых і мяккіх гукаў: мо[ст] – мо[с’ц’]ік; а[сл]а – во[с’л’]ік;
- чаргаванні звонкіх гукаў з глухімі: бера[х]чы – бера[γ]у; даве[т]ка – ве[д]аць;
- чаргаванні свісцячых з шыпячымі: ля[т]аць – лё[ч:]ык.
- чаргаванні, звязаныя з рэдукцыяй галосных (аканне і яканне): р[э]заць – р[а]зьба; с[в’э]тлы – с[в’а]тло і інш.;
- гістарычныя (традыцыйныя) чаргаванні з’яўляюцца вынікам фанетычных законаў, якія дзейнічалі ў старажытнай мове:
- чаргаванні заднеязычных [γ], [к], [х] з шыпячымі [ж], [ч], [ш] і свісцячымі [з’], [с’], [ц] (вынік палаталізацыі): даро[γ]а – даро[ш]ка – на даро[з’]е; ра[к]а – рэ[ч]ка – у рэ[ц:]ы; стра[х]а – падстрэ[ш:]а – на стра[с’]е;
- чаргаванні свісцячых [з], [с] з шыпячымі [ж], [ш] (вынік палаталізацыі): ва[з’]іць – в[’а]зу – ва[ж]у; ка[с’]іць – пако[с] – ка[ш]у;
- чаргаванні [б] з [бл’], [п] з [пл’], [м] з [мл’] (вынік узаемадзеяння губных зычных з [й]): лю́[б]ы – лю[бл’]ю; ку[п’]іць – ку[пл’]ю; запля[м’]іць – запля[мл’]ю і інш.

RSS





















