Заданні на практычныя заняткі
Для студэнтаў груп 591419-591719
Тэма Назоўнік
- Прачытайце прыказкі з захаваннем арфаэпічных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Вызначце назоўнікі , іх разрады і скланенне:
1.Пісаць – не сякерай махаць. 2. Лёгка толькі кашу есці з вялікай міскі. 3. Цяжэй за ўсё чакаць і нічога не рабіць. 4. За сном няма калі адпачываць. 5. Калі іграць не ўмееш, за гармонь не бярыся. 6. Каб хлеб мець, трэба зямліцу глядзець.7. Вучыцца ніколі не позна. 8. Добры чалавек і сабакі дражніць не будзе. 9. Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. 10. За вочы дык і мышаня кату хвост адкусіць пагражае.
Узор. Сякерай – назоўнік, п.ф. сякера, агульны, неадушаўлёны, канкрэтны, жаночы род, адзіночны лік, творны склон, І скланенне.
- Запішыце назоўнікі І скланення ў месным склоне адзіночнага ліку, ІІ скланення – у родным і месным склонах адзіночнага ліку, ІІІ скланення – у творным склоне адзіночнага ліку. Растлумачце іх канчаткі ў залежнасці ад тыпу асновы. Рэспубліка. Мяжа. Даліна. Кніжка. Надзея. Гром. Герой. Мазыр. Капыль. Хлеб. Стог. Васіль. Мікалай. Чай. Сакавік. Загад. Радасць.
Узор. М. (аб) рэспубліцы – І скланенне, аснова на к, які чаргуецца з ц і націскам на аснову.
3. Спішыце словазлучэнні, паставіўшы назоўнікі ў дужках у патрэбнай склонавай форме: Аддаць гасцінец (дзіця, Каця), быць на (від), быць на судзе (абвінаваўца, суддзя), весці гутарку аб (народ, чалавек), выйсці з (парк, універсітэт), гаварыць аб (Саша Чарнова, Саша Чарноў), галіны (вішні), ганарыцца (бацька, маці), жыць пры (муж, сын), заліты (кроў), застацца пры (дачка Таня, Таццяна), звіць гняздо на (дуб), кавалак (хлеб), каля цёмнага (лес), клубы (снег), кіраваць (верф), колер (арнамент), многа (дарогі), мэбля з (дуб), на высокай (гара, сасна), на лясной (сцежка), на нізкай (хвоя), на прыгожай (ружа), на самай (страха), на старонках (кнігі), на суседняй (мяжа), недахоп (калій), не чуваць (вецер), пад засень (ліпы), парывы (дождж), па дзіцячай (шчака), па ўхабістай (дарога), перыяд (заняпад), песня (бусел), піск (парася), плаваць у (возера, малако), плошча (горад), пры сваёй (сястра, сястрычка), прысутнічаць на (мітынг), рамонт з (гарантыя), сказаць (дзядуля, мужчына), слухаць з (цікавасць), схавацца за чужымі (плечы), сустрэцца (ноч), у глыбокай (вада), у малой (рака, рэчка), у матчынай (рука), у новай (машына), у рупнай (праца), у самай (душа), укладка (асфальт), успаміны аб (Іван Мележ), у цёплай (лазня), у шкляным (слоік), хлопец з чорнымі (вочы), шапачка (грыб).
Тэма Прыметнік
4.Утварыце усе магчымыя формы ступеняў параўнання прыметнікаў.
Бурачковы, вялікі, дажджлівы, дужы, гладкі, гняды, карысны, позні, рагаты, сляпы, стракаты, чарнавокі, шурпаты, яркі.
Узор. Вузкі – вузейшы, больш (менш) вузкі, найвузейшы, самы вузкі.
5. Утварыце ад назоўнікаў у дужках прыналежныя прыметнікі, дапасуйце іх да прапанаваных назоўнікаў.
(Бацька) хата, (матуля) калыханка, (бабулька) казкі, (дзед) парады, (цётка) падарунак, (сусед) дзеці, (Алеська) сябры, (ластаўка) гняздо, (бусел) клёкат, (настаўніца) словы.(Васіль) прыгоды, (Міхась) хутар, (заяц) след, (мядзведзь) бярлог, (сінічка) ціньканне, (дзядзька) лыжы, (сябар) просьба, (вавёрка) дупло, (лісіца) нара, (бацька) пакаранне.
Узор. Бацькава хата, матуліна калыханка.
Тэма Лічэбнік
6.Прачытайце тэкст. Запішыце лічэбнікі словамі, вызначце іх разрад паводле структуры і значэння.
У спіс 7 цудаў свету ўключана і статуя Калоса Радоскага. Гэта бронзавая фігура, вышыня якой дасягае 37 метраў, узвышалася над гаванню вострава Радос, плошча якога роўная 1404 кіламетрам. Скульптар Харэт вырашыў складаныя тэхнічныя праблемы стварэння каменна-металічнай махіны, і ў 282 годзе да н.э. статуя была ўстаноўлена на вызначанае месца. Але да 227 года да н.э. Радос прыйшоў ужо без знакамітага стварэння, таму што яно было разбурана землятрусам. Нізрынуты бог праляжаў да сярэдзіны УІІ стагоддзя н.э., пакуль арабы не разнялі яго на часткі і не вывезлі на 900 вярблюдах.
Узор. Сямі (цудаў) – лічэбнік, п.ф. сем, колькасны, пэўнаколькасны, просты.
Тэма Займеннік
7.Запішыце фразеалагічныя адзінкі, устаўляючы прапушчаныя займеннікі. Вызначце разрад і граматычныя асаблівасці займеннікаў.
Ведае кошка, .. сала з’ела. .. дразду па свайму гнязду. Загляне сонца і ў .. аконца.
.. карэнне, .. і насенне. Кожны кулік .. балота хваліць. Мы і .. з вусамі. Не .. гаспадыня, што збярэ гаспадарку, а .., што ўтрымае. .. сярмяжка ніколі не цяжка. Я не .., і хата не .. .
Узор.Ведае кошка, чыё сала з’ела. Чыё (сала) - займеннік, п.ф. чый, адносны, адзіночны лік, ніякі род, вінавальны склон.

RSS





















