ЯКУБ КОЛАС -- ЗАСНАВАЛЬНІК АЙЧЫННАЙ МЕТОДЫКІ РАЗВІЦЦЯ МАЎЛЕННЯ ДЗЯЦЕЙ
Народны паэт Беларусі Якуб Колас унёс значны ўклад у абарону беларускай мовы і нацыянальнай школы. У аснове яго асветніцкай дзейнасці ляжала ідэя народнасці, патрыятызму, глыбокая любоў да Радзімы, вера ў творчыя сілы народа. Вялікая роля адводзілася ім навучанню на роднай мове як «яркім выяўленні народнасці». Паслядоўнік К. Дз. Ушынскага і іншых прагрэсіўных педагогаў-дэмакратаў, Якуб Колас бачыў у ідэі навучання на роднай мове зыходную пазіцыю для барацьбы за прызнанне беларускай мовы, за ўвядзенне яе ў дарэвалюцыйных школах як прадмета. У 1906 г. Якубам Коласам быў надрукаваны артыкул «Беларуская мова ў казённай школе», у якім малады настаўнік спрачаўся з праціўнікамі беларускай мовы [1]. Яго словы пра тое, што беларускі народ пранёс сваё роднае слова, сваю мову праз вякі і не страціў яе, гучаць актуальна і ў наш час.
У далейшым праблемы развіцця нацыянальнай школы былі ў цэнтры ўвагі паэта і педагога на працягу ўсяго яго творчага жыцця. Якуб Колас імкнуўся ў маладых выхаванцаў выклікаць пачуццё любові і «замілавання» да роднай мовы. Звяртаючыся да дзяцей, ён пісаў: «...Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. Пагэтаму вам неабходна так старанна вывучацъ сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры. I, перш за ўсё, трэба ведаць свой народ, яго гісторыю, яго багатую вусную творчасць» [2].
У пачатку 20-х гадоў школы Беларусі пераходзілі на навучанне на роднай мове. Асабліва востра адчуваўся недахоп у падручніках і метадычнай літаратуры.
Якуб Колас уважліва сачыў за развіццём педагагічнай думкі ў нашай краіне, за метадычнай літаратурай па пытаннях выкладання моў. Ён добра ведаў праблемы выкладання роднай мовы, яго моцныя і слабыя бакі. Гэта вызначыла змест распрацаванага ім дапаможніка «Методыка роднае мовы», у якім упершыню было паказана месца роднай беларускай мовы ў першапачатковым навучанні, выкладзена метадычная канцэпцыя навучання дзяцей беларускай мове, чым былі закладзены навуковыя асновы методыкі беларускай мовы, азначана яе далейшае развіццё. Выдадзены ў 1926 годзе дапаможнік – гэта вынік шматгадовай навукова-педагагічнай працы Якуба Коласа. На старонках сваей вучэбнай кнігі Якуб Колас даў мноства парад і рэкамендацый па методыцы навучання беларускай мове і чытанню, апрабаваных самім аўтарам у працэсе яго працы ў школе [3].
Заслуга Я. Коласа ў тым, што сістэматызаваў і абагульніў усё тое каштоўнае, што выказвалася ў педагагічнай літаратуры па методыцы пачатковага навучання, і выклаў гэтыя палажэнні з улікам спецыфікі беларускай мовы. Свае метадычныя погляды Якуб Колас абгрунтаваў, зыходзячы як са свайго асабістага вопыту, так і з вопыту перадавых настаўнікаў. Пазней у публікацыях даследчыкаў педагагічнай спадчыны Якуба Коласа адзначалася, што яго «Методыка...» з’явілася «своеасаблівай энцыклапедыяй педагагічных ведаў для настаўнікаў Беларусі» [4].
Перш за ўсё, Якуб Колас вызначыў месца роднай мовы сярод іншых прадметаў у пачатковай школе. Гэтае месца вызначаецца, на думку аўтара, трыма высновамі: а) агульнаасветным значэннем яе, як мовы; б) выхаваўчым значэннем, як роднай мовы; в) практычным значэннем яе па сувязі з чытаннем і пісьмом.
Агульнаасветнае значэнне мовы выходзіць з факта цеснай сувязі яе з мысленнем. I псіхолагі, і мовазнаўцы, пісаў Якуб Колас, прызнаюць, што развіццё мыслення цесна звязана з развіццём мовы. Удзел мовы ў дзейнасці мыслення заключаецца ў тым, што яна дае разумениям і ўяўленням, з якімі мае дачыненне мысленне, слоўныя вызначэнні. Вызначаючы кожнае пабудаванае намі разуменне словам, мы робім сталым яго змест. Без падтрымання словам наша мысленне было б перарваным і невыразным. Развіццё мыслення педагог цесна звязваў з авалоданнем роднай мовай як інструментам мыслення. Актуальнасць выказаных Якубам Коласам думак падцвярджаецца сучасным падыходам да развіцця маўлення і навучання дзяцей роднай мове, якія спалучаюцца з іх кагнітыўным развіццём, развіццём уменняў атрымліваць інфармацыю, рабіць элементарныя высновы, бачыць магчымыя спосабы пераўтварэння наваколля.
Выхаваўчае значэнне роднай мовы Якуб Колас ва ўласцівай яму паэтычнай манеры вызначыў наступным чынам: «Скрозь адчыненыя дзверы роднай мовы льецца ў школу шырокая, магутная плынь, плынъ асветы, людкуючы розум і пачуцці дзяцей».
3 прычыны таго, што навучанне роднай мове спалучаецца з навучаннем чытанню і пісьму, яно набывае асаблівы характар: мэтаю гэтага навучання з’яўляюцца не столькі веды, сколькі навыкі. Гэтае навучанне з’яўляецца крыніцай новага і глыбокага выхаваўчага ўплыву на ўвесь псіхічны стан вучняў, паколькі чытанне пашырае кругагляд дзіцяці, узбагачае ўспрымальную душу яркімі вобразамі і малюнкамі незнаёмага яму дагэтуль жыцця. Цераз кнігу дзіця набывае многа розных ведаў з розных навук.
Якуб Колас фармулюе канчатковую мэту навучання роднай мове на ніжэйшай ступені навучання. Гэта – умелае карыстанне роднай мовай для выказвання ўласных думак і перажыванняў. Вызначаныя месца роднай мовы і мэта навучання ёй абумоўліваюць задачы навучання: 1) навучыць чытаць; 2) навучыць пісаць; 3) давесці да разумения самого ладу роднай мовы; 4) развіць вусную мову вучняў. Як відаць, задачы навучання роднай мове, вылучаныя Якубам Коласам, блізкія да тых, што былі сфармуляваны К.Дз. Ушынскім (развіццё дару слова; увядзснне дзяцей у свабоднае валоданне скарбніцамі роднай мовы; засваенне логікі роднай мовы, г. зн. яе граматычных законаў у іх лагічнай сістэме) [5].
Кожная з названых асноўных задач навучання роднай мове, паводле Якуба Коласа, падзяляецца ў сваю чаргу на некалькі прыватных.
Навучыць чытаць – гэта перш за ўсё навучыць тэхніцы чытання, прывучыць да свядомага чытання і развіць навык самастойнага чытання дома. Не выклікае сумненняў, наколькі пастаўленая задача актуальная ў сучаснай практыцы дзіцячага сада і пачатковай школы, калі сённяшнія дзеці змалку пераважную ўвагу надаюць электронным сродкам і адрываюцца ад кнігі, губляюць цікавасць да яе.
Другая задача – навучыць дзяцей пісаць – таксама складваецца з трох задач: навучыць тэхніцы пісьма, правапісу і выпрацаваць уменне складна запісваць свае думкі. Названая задача тычыцца пачатковай школы, у дзіцячым садзе вядзецца толькі падрыхтоўка рукі дзіцяці да пісьма.
Трэцяя задача – увесці вучняў у разуменне будовы роднай мовы – ёсць справа граматыкі, якая павінна ўяўляць сабою першапачатковы аналіз роднай мовы. Гэтая задача сёння пастаўлена не толькі ў пачатковай школе, але і ва установе дашкольнай адукацыі. У дзяцей дашкольнага ўзросту фарміруюць элементарнае асэнсаванне адносін паміж словамі (азнаямленне з мнагазначнасцю слова, сінонімамі, антонімамі), спосабаў ўтварэння слоў (назваў дзяцянят жывёл, прафесій, складаных слоў і інш.), структуры тэксту (пачатак, працяг і канец) гукавой і складовай будове слова і г.д. Першапачатковы аналіз роднай мовы прыводзіць да асэнсавання яе заканамернасцей, садзейнічае свядомаму адбору моўных сродкаў для свайго выказвання – вуснага ці пісьмовага.
Чацвёртая задача – развіццё ў дзяцей здольнасці вуснай мовы. Погляды Якуба Коласа на методыку вырашэння названай задачы маюць важнае значэнне для сучаснай дашкольнай лінгвадыдактыкі. Асаблівае значэнне вуснай мовы, паводле педагога, выходзіць з яе цеснай сувязі з нашым мысленнем: слова – дзеяльны супрацоўнік нашай думкі. Вялікі запас слоў – адна з умоў для больш дакладнага і яснага выказвання нашай думкі. Вось чаму развіццё вуснай мовы ёсць развіццё аднае з прылад нашага мыслення. Адзначым, што задача ўзбагачэння слоўніка дзяцей, яго ўдакладнення і актівізацыі ў маўленні на основе азнаямлення з наваколлем – адна з вядучых задач адукацыйнага працэсу ў сучаснай ўстанове дашкольнай адукацыі.
Вельмі актуальным з сённяшняга пункту гледжання з’яўляецца падыход Якуба Коласа да развіцця маўлення дзяцей як сродку зносін. Вучоны пісаў, што асноўная памылка ранейшай школы была ў тым, што яна разглядала родную мову як прадмет выкладання, у той час як яна, перш за ўсё, ёсць сродак сацыяльных зносін паміж членамі школьнага калектыву. У гэтым, на думку Якуба Коласа, была не так метадычная памылка, як памылка педагагічна-арганізацыйная, бо тут не было прынята пад увагу значэнне мовы як фактара сацыяльнай дысцыпліны ў школе.
Следам за псіхолагам Дз. Дзюі, Якуб Колас адрознівае сацыяльнае і інтэлектуальнае ўжыванне мовы. Ён падкрэслівае, што настаўніку трэба ясна размяжоўваць мову як прадмет выкладання ад мовы як фактара сацыяльных зносін дзяцей. Толькі тады ён зможа ліквідаваць той канфлікт паміж гэтымі двума бакам адной і той жа з’явы, які няўхільна вынікае пры аднабаковым падыходзе да мовы як прадмету выкладання, адарванаму ад жывой стыхіі дзіцячай гутаркі.
Увесь корань зла старой школы ў адносінах да заняткаў роднай мовай, сцвярджаў Якуб Колас, заключаўся як раз у тым, што яна адкідала мову дзяцей, а падносіла сваю, штучна дастасаваную, кніжную мову падручнікаў. Настаўнік роднай мовы павінен вельмі добра разумець розніцу паміж роднаю мовай як предметам выкладання і роднай мовай як жывой стыхіяй дзіцячых зносін. Задача педагога і будзе заключацца у тым, каб устанавіць правільныя адносіны паміж роднай стыхіяй гаворкі і пэўнымі нормамі літаратурнай кніжнай мовы.
Патрабаванне Якуба Коласа абапірацца на інтарэсы дзяцей, фарміраваць у іх мову як сродак зносін на блізкім іх жыццёваму вопыту матэрыяле, з’яўляецца па-ранейшаму актуальным. Не выпадкова апошнім часам асаблівая ўвага надаецца менавіта сацыяльна-камунікатыўнаму, камунікатыўна-пазнавальнаму развіццю дзяцей як дашкольнага, так і малодшага школьнага ўзросту.
Сярод разнастайных метадаў навучання на пачатковай ступені асаблівае месца Якуб Колас адводзіў вуснаму выкладанню. Асаблівасць дадзенага метаду ў тым, што педагог, выкарыстоўваючы розныя эмацыянальныя ўздзеянні, імкнецца праз уплыў на псіхіку дзіцяці садзейнічаць развіццю ўсвядомленага і творчага ўспрымання вучэбнага матэрыялу. Для гэтага мова настаўніка павінна быць яркай і вобразнай, эмацыянальнай і, самае галоўнае, – выразнай па пастаноўцы думкі. А каб яна была больш даходлівай, настаўнік павінен шырока выкарыстоўваць сродкі нагляднасці.
Тлумачэнне вопытны педагог раіў будаваць так, каб выклікаць у дзяцей інтарэс да новага, абуджаць іх думкі. Абавязковым кампанентам тлумачэння павінны быць меркаванні, высновы, доказы, пры тлумачэнні настаўнік павінен звяртаць увагу на тыя моманты, якія асабліва вылучаюць галоўную думку, дапамагаюць яе разуменію. I ў той самы час тлумачэнні настаўніка павінны быць сціплымі і немнагаслоўнымі.
Важнасць такога метаду, як гутарка, Якуб Колас бачыў у тым, што яна з рознай мэтай можа быць выкарыстана на розных этапах навучання. Поспех гутаркі заўсёды залежыць ад правільнага вызначэння яе тэмы, ад матэрыялу і лагічнай пабудовы гутаркі. У сувязі з гэтым педагог пісаў: «План гутаркі. яе падрабязнасці, самі пытанні настаўнік вызначае сам, кіруючыся матэрыялам, узроўнем падрыхтаванасці вучняў, развіццём дзяцей і г. д.». Эфектыўнасць гутаркі ў асноўным залежыць ад таго, як настаўнік ці выхавальнік фармулюе пытанні, ад іх паслядоўнасці, ад умення ўключыць у работу ўсіх дзяцей. Колас лічыў, што пытанні маюць «каштоўнасць і сэнс» толькі пры ўмовах, што яны акрэсленыя і простыя; паслядоўныя, адно вынікае з іншых; не мае характер падказкі; не з'яўляюцца скупымі па змесце (напрыклад, «Што?», «Што можна дадаць?») і да т. п. Пры гэтым Якуб Колас адзначаў, што настаўнік павінен быць уважлівы не толькі да пытанняў, але і да адказаў вучняў: «Адказы павінны быць багатымі па змесце і правільнымі па форме».
Важна адзначыць, што ўжо ў той час Якуб Колас заклікае выкарыстоўваць у навучальным працэсе і гульнявыя метады. «Мы павінны улічваць гульнявыя інтарэсы і запатрабаванні дзіцяці. Методыка навучання ў пачатковых класах не павінна іх ігнараваць, бо яны садзейнічаюць развіццю ўяўлення, як важнай псіхалагічнай функцыі іх інтэлекту». Зараз гэтае патрабаванне рэалізуецца і ва ўстанове дашкольнай адукацыі, і ў пачатковай школе, асабліва ў першым классе, навучэнцы якога – дзеці ад шасці гадоў – па сваёй псіхалогіі з'яўляюцца яшчэ дашкольнікамі.
Праціўнік бяссэнсавага механічнага засваення ведаў, Якуб Колас звяртаў увагу настаўнікаў на важнасць выяўлення ўнутраных магчымасцей самога працэсу навучання, якія б выклікалі ў вучняў асаблівы інтарэс да розных відаў заняткаў і тым самым садзейнічалі ўдумліваму засваенню. Галоўнай мэтай навучання Якуб Колас лічыў развіццё ў вучняў творчага мыслення шляхам уключэння іх у самастойную, пазнавальную дзейнасць. Пры гэтым «Трэба зацікавіць дзяцей самой работай», — гэта вельмі важны тэзіс педагога. Як вядома, мэтай сучаснага адукацыйнага працэсу як раз з'яўляецца не столькі перадача дзецям гатовых ведаў, сколькі фарміраванне ў іх умення вучыцца, самастойна набываць веды.
Вялікае значэнне ў працэсе авалодання дзецьмі роднай мовай Якуб Колас надаваў фальклору і мастацкай літаратуры. Ён неаднаразова падкрэсліваў, што любоў да роднай мовы і літаратуры, цікавасць да чытання павінна прывіць дзецям школа. У сувязі са сказаным адзначым, што ў сучаснай методыцы развіцця маўлення дашкольнікаў, асабліва ў дачыненні да навучання рускамоўных дзяцей беларускай мове, пануе тэзіс пра тое, што ў гэтым працэсе мастацкае слова павінна ісці наперадзе. Эфектыўнымі Якуб Колас лічыў толькі тыя урокі, на якіх выпрацоўваюцца і удасканальваюцца ў вучняу навыкі і уменні асэнсаванага, правільнага і выразнага чытання мастацкіх твораў. Вялікую ўвагу педагог і паэт надаваў свядомаму засваенню прачытанага, а для гэтага «яшчэ мала зразумець асобныя словы і кожную думку, — трэба, каб вучні разумелі і самыя адносіны паміж мыслямі». Колас прапанаваў такія прыёмы работы над тэкстам, як гутарка, складанне плана, разнастайныя віды пераказу, вартыя увагі педагогаў і ў наш час.
Такім чынам, у працах Якуба Коласа адзначаецца, што родная мова бытуе ў народзе не толькі як сродак зносін у сумеснай дзейнасці людзей. Яна нясе ў сабе і зберагае назапашаны духоўны вопыт, унутраныя багацці душы чалавека з уласцівымі ёй асаблівасцямі і адметнасцямі. Сваёй педагагічнай дзейнасцю, сваімі цудоўнымі мастацкімі творамі Якуб Колас вучыць настаунікаў разумець і любіць родную мову і літаратуру, дапамагае выхоўваць падрастаючае пакаленне.
Спіс выкарыстанай літаратуры
1. Колас Я. Беларуская мова ў казённай школе / Я. Колас // Зб. тв.: у 14 т. – Мінск, 1976. -- Т. 12. – С. 303 – 305.
2. Колас Я. Шануйце і любіце сваю родную мову (нашым слаўным дзецям, піянерам і школьнікам) / Я. Колас // Зб. тв.: у 14 т. – Мінск, 1976. -- Т. 12. – С. 25 – 26.
3. Колас Я. Методыка роднае мовы / Я. Колас // Зб. тв.: у 14 т. – Мінск, 1976. -- Т. 12. – С. 313 – 323.
4. Зяневіч І. Ц. Аўтар першай методыкі роднай мовы / І. Ц. Зяневіч // Народны настаўнік Я. Колас. – Мінск, 1966.
5. Ушинский К. Д. О первоначальном преподавании русского языка / К. Д. Ушинский // Избр. пед. соч. : в 2 т. – М., 1974. – Т. 2. – С. 251 – 268.

RSS





















