Новости События Общее

Арганізацыя і змест працы ў асноўны перыяд навучання грамаце

17-03-2020 Лекции
Дыферэнцыраваны падыход пры навучанні грамаце

Дыферэнцыраваны падыход пры навучанні грамаце абумоўліваецца двума прычынамі:

  1. ён забяспечвае трываласць засваення матэрыялу, дапамагае ў ажыццяўленні прынцыпаў даступнасці, сістэматычнасці, індывідуальнага падыходу ў межах агульнакласнай работы;
  2. дзеці, якія прыйшлі ў 1 клас істотна адрозніваюцца па ўзроўні падыхтаванасці да чытання і пісьма.

Для ажыццяўлення дыферэнцыраванага падыходу ў перыяд навучання грамаце клас умоўна падзяляецца на некалькі груп. Для кожнай групы вызначаюцца свае задачы і свая методыка дыферэнцыраванага навучання. Напрыклад,  клас можна падзяліць на 5 груп:

1 група – дзеці, якія чытаюць словамі;

2 група – дзеці, якія чытаюць па складах;

3 група – дзеці, якія чытаюць па літарах (дзве падгрупы –дзеці, якія паступілі ў школу з замацаванымі навыкамі палітарнага чытання; дзеці, якія пакуль не назапасілі значнага вопыту палітарнага чытання);

4 – дзеці, якія прыйшлі ў школу нечытаючымі, але авалодваюць чытаннем хуткімі тэмпамі;

5 – дзеці, якія авалодваюць чытаннем у запаволеным тэмпе.

Задачы 1 і 2 груп – удасканальваць навыкі чытання на дадатковым матэрыяле шляхам самастойнага чытання. Дзеці павінны пастаянна ўключацца ў агульнакласную работу і дапамагаць слабым.

Дзеці з 3 групы павінны перавучвацца, неабходна кансультаваць іх бацькоў.

Спынімся на відах самастойных прац, якія можна выкарыстоўваць у перыяд навучання грамаце. Паколькі вучні 1 кл. не маюць яшчэ навыку самастойнай работы ў класе, таму кожны новы від яе спачатку выконваецца пад кіраўніцтвам настаўніка.

У асноўны перыяд трэба карыстацца такімі відамі самастойных прац, якія садзейнічаюць выпрацоўцы навыкаў гукавога аналізу і сінтэзу, чытанню слоў і сказаў, дапамагаюць развіццю навыкаў звязнага вуснага і пісьмовага маўлення. Іх можна падзяліць на самастойныя працы 1) з разразной азбукай, разразнымі складамі, словамі і сказамі, 2) па буквары, 3) па малюнках і табліцах. Найбольш эфектыўнымі і актыўнымі з’яўляюцца наступныя віды самастойных прац:

1 група ‑ самастойныя працы, якія маюць на мэце падрыхтоўку дзяцей да тлумачэння новага матэрыялу

  • Знайсці вывучаемую літару ў неразрэзанай азбуцы, выразаць яе і запоўніць ёю адпаведную кішэньку касы.
  • Прачытаць выстаўленыя настаўнікам на дошцы склады, набраць іх на сваім наборным палатне і прачытаць. Саставіць словы з прапанаваных складоў.
  • Настаўнік набірае на класным наборным палатне слова, дзеці чытаюць яго, потым кожны самастойна набірае яго на сваім наборным палатне. Пасля дзецям прапануецца замяніць адну літару ў слове так, каб атрымалася новае слова (напрыклад, мука ‑ рука ‑ рукі ‑ ракі ‑ рака).
  • У набраных настаўнікам словах вучням прапануецца дадаць у пачатку або ў канцы літары ці склады, каб атрымаліся новыя словы, набраць гэтыя словы на сваім наборным палатне і прачытаць (луг – лугі ‑ плугі, аса – раса ‑ расада). Гэты від працы можа прадугледжваць не нарашчэнне, а скарачэнне слоў (расада ‑ раса ‑ аса).
  • Запомніць загадку, адгадаць яе, саставіць на сваім наборным палатне слова-адгадку і прачытаць яго.
  • Прыдумаць словы з 2-ма, 3-ма і больш складамі.
  • Скласці знаёмыя дзецям словы па першай і апошняй літарах: м....а (машына), с.....т (самалёт)                                                                    
  • Скласці з прапанаваных настаўнікам слоў сказ і набраць яго на сваім наборным палатне.
  • Прыдумаць сказ з трох слоў і набраць яго на наборным палатне.
  • Скласці апавяданне са сказаў, запісаных на асобных палосках паперы.
  • Скласці сказы са слоў, змешчаных на розных картках (словы аднаго сказа змяшчаюцца на картках аднаго колеру). З гэтых сказаў скласці апавяданне (з 3 – 4 сказаў). (Мама даіла карову. І наш Варкот тут як тут. Чаго ён чакае? Ды малачка!)                                                                           

2 група ‑ самастойныя працы на замацаванне вывучанага матэрыялу

  • Разгледзець малюнак у буквары, знайсці на малюнку (або на малюнках) прадметы, у назвах якіх ёсць вывучаемы гук, вымавіць гэтыя словы пра сябе і ўстанавіць на слых месца вывучемага гука ў словах.
  • Самастойна паўторна прачытаць або словы ў слупках, або тэкст, або ўсю старонку буквара.
  • Выбарачна прачытаць сказы з тэксту на старонцы буквара.
  • Надрукаваць літару, з якой вучні ўпершыню пазнаёміліся, і адшукаць у незнаёмым тэксце словы з гэтай літарай.
  • Разгледзець сюжэтны малюнак буквара і скласці па ім сваё апавяданне.
  • Даць назвы прадметным малюнкам буквара і набраць гэтыя словы з літар разразной азбукі.

3 група ‑ самастойныя працы, якія маюць на мэце праверыць веды дзяцей па матэрыялу папярэдняга ўрока або па ўсёй тэме

  • Падрыхтаваць па малюнку вуснае апавяданне, з якога потым выдзеліць словы для гукавого аналізу і сінтэзу.
  • Вывесіць на дошцы прадметныя малюнкі (набор малых малюнкаў раздаецца на партах вучням). Дзеці павінны падабраць да кожнага слова пачатковую літару і адкласці яе на парце. Гэты від працы можна пазней ускладніць, даючы дзецям заданне набраць усё слова, якім можна падпісаць малюнак.
  • Настаўнік рыхтуе малюнкі, пад якімі надрукаваны словы з пропускам адной літары, складу і дае іх дзецям для самастойнай працы. Вучні самастойна павінны ўстанавіць, якія гэта словы, набраць іх з літар сваёй разразной азбукі, прачытаць і адкласці на парце прапушчаныя літары або склады.
  • Падбор да малюнкаў, на якіх паказаны канкрэтныя прадметы (стол, парта), слоў з абагульняючым значэннем (мэбля).

Віды самастойных прац па пісьму ў перыяд навучання грамаце.

  • Пісьмо літар па ўзорах, прапанаваных настаўнікам на класнай дошцы, у сшытках вучняў.
  • Пісьмо складоў, слоў па ўзорах.
  • Пісьмо слоў па памяці.
  • Пісьмо па памяці вядомых дзецям галосных або зычных, складоў.
  • Падкрэсліць галосныя літары е, ё, ю, я, і або зычныя літары перад гэтымі галоснымі ў адным або некалькіх словах. Правільна прачытаць гэтыя словы.
  • Напісаць у сшытках некалькі літар па выстаўленых на наборным палатне друкаваных літарах. З гэтай мэтай лепш за ўсё браць літары з аднолькавымі недастаткова засвоенымі элементамі.
  • Пісьмо слоў па першай і апошняй літарах: т.....р (трактар). З гэтай мэтай бяруцца прааналізаваныя і прачытаныя на папярэднім уроку словы.
  • Набор слоў да малюнкаў і пісьмо гэтых слоў.
  • Дапісванне літар і складоў да слоў, запісаных на дошцы.
  • Напісаць усе вядомыя дзецям літары, у якіх ёсць названы настаўнікам элемент.
  • Спісаць словы або сказы і падкрэсліць у іх літары, якія абазначаюць мяккія зычныя гукі.
  • Спісаць словы ці сказы з друкаванага тэксту буквара.
  • Пісьмо па памяці загадак, прыказак, прымавак,змешчаных у буквары або прапанаваных настаўнікам.
ЭУМК

Прикрепленные файлы

Похожие публикации


Навучанне пісьму ў асноўны перыяд навучання грамаце

17-03-2020 Лекции
Графічныя навыкі пісьма як маўленчыя навыкі. Задачы навучання пісьму і этапы фарміравання графічнага навыку. Метадычныя прыёмы навучання пісьму
подробнее

Сістэма класнага чытання ў сучаснай школе

02-04-2020 Лекции
У лекцыі звяртаецца ўвага на значэнне лiтаратурнага чытання ў фарміраванні базавых кампанентаў культурынавучэнцаў пачатковых класаў, раскрываюцца прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
ЭУМК
подробнее