Новости События Общее

Навучанне пісьму ў асноўны перыяд навучання грамаце

17-03-2020 Лекции
Графічныя навыкі пісьма як маўленчыя навыкі. Задачы навучання пісьму і этапы фарміравання графічнага навыку. Метадычныя прыёмы навучання пісьму

Пісьмо – гэта адзін з найбольш цяжкіх урокаў для першакласнікаў.

Авалодаць графічным навыкам — гэта значыць трывала засвоіць спосаб фіксацыі на паперы вуснага паведамлення, навучыцца перадаваць гукі мовы адпаведнымі літарамі, пры гэтым усвядоміць і запомніць прынятыя нормы графічных элементаў і іх спалучэнняў.

Графічныя навыкі пісьма належаць да сэнсаматорных навыкаў чалавека. Яны фарміруюцца не ізалявана, а разам з чытаннем, арфаграфіяй, развіццём маўлення. На вышэйшым узроўні сфарміраванасці працэсу пісьма арфаграфічны і каліграфічны бакі яго не ўсведамляюцца ці мала ўсведамляюцца. Сам працэс напісання слоў здзяйсняецца лёгка і хутка.

Згодна з патрабаваннямі існуючай праграмы школьнікі ў перыяд навучання грамаце павінны набыць наступныя спецыфічныя навыкі пісьма:

  1. тэхнічныя, гэта значыць навучыцца правільна карыстацца пісьмовымі прыладамі, каардынаваць рухі рукі, прытрымлівацца пэўных гігіенічных правіл;
  2. графічныя, інакш кажучы, без скажэнняў перадаваць форму літар, захоўваць паміж імі і іх элементамі роўную адлегласць, сачыць за нахілам і да т. п.;
  3. арфаграфічныя, фундаментам якіх выступае гука-літарны аналіз і добра развіты фанематычны слых вучняў.

Працэс пісьма вельмі складаны і ахоплівае розныя сферы разумовай дзейнасці чалавека.

Выдзелім стрыжнявыя лініі, якія пранізваюць усе этапы працы над каліграфічным пісьмом:

  1. Здыманне псіхалагічнай напружанасці вучняў, якая звязана з авалодваннем імі графічнымі навыкамі і каліграфічным пісьмом.
  2. Уключэнне ў канкрэтную дзейнасць па авалодванню графічным навыкам і арфаграфічным пісьмом усіх сфер псіхікі дзіцяці: яго ўвагі, цікавасці, жадання, волі, пачуццяў, усведамлення. У момант навучання пісьму неабходна выключыць адмоўныя пачуцці, якія звязаны з авалодваннем пісьмом.
  3. Устаноўка на эстэтычнасць выконваемай працы, на сумленную работу, што звязана з забеспячэннем  маральнага ўплыву на дзяцей выкарыстаных прыёмаў навучання. 
  4. Устаноўка на фарміраванне і захоўванне навыку санітарна-гігіенічных норм на працягу ўсяго навучання.
  5. Арыенціроўка дзяцей на дэталёвы аналіз будовы літар-знакаў, вылучэнне ў іх асаблівасцей, прапорцый, прасторавых адносін, выяўленне і паказ дзецям галоўнага алгарытму пісьма.
  6. Пастаянная накіраванасць працэсу навучання на больш поўнае асэнсаванне дзецьмі ўсіх дэталей графікі пісьма, на фарміраванне ў іх здольнасцей выражаць ў слове, мове характарыстыку напісання літар і іх элементаў, злучэнняў.

 

Прыёмы, неабходныя для пісьма:

1. Валоданне прыладай пісьма.

2. Захаванне правільнага становішча сшытка і пасоўванне яго падчас пісьма.

3. Захаванне правільнай паставы, пасадкі пры пісьме.

4. Рух рукі ўздоўж радка падчас пісьма.

Прыёмы пісьма:

1. Уменне параўноўваць узор з вынікам пісьма.

2. Прыёмы пераводу гука ў пісьмовую літару і друкаванай літары ў пісьмовую.

3. Прыёмы напісання літар (пачатак, кірунак пісьма, паварот, злучэнні).

4. Прыёмы злучэнняў літар (без адрыву, з адрывам, зверху, знізу і г. д.).

5. Прыём супастаўлення літар па вышыні — захаванне аднолькавай вышыні літар на радку.

6. Пісьмо літар паміж лініямі радка і на лініі.

7. Пачатак пісьма. Запаўненне радка.

8. Прыёмы правільнага нахільнага пісьма.

 

2. Задачы навучання пісьму і этапы фарміравання графічнага навыку

 

У перыяд навучання грамаце паралельна з чытаннем першакласнікі авалодваюць элементарным навыкам пісьма. За гэты час школьнікі павінны:

 а) навучыцца правільна сядзець, трымаць сшытак, карыстацца ручкай, выконваць правілы гігіены пісьма, прытрымлівацца радка, захоўваць палі;

 б) асэнсоўваць словы, успрынятыя на слых або зрокава, падзяляць іх на гукі (фанемы), пазначаць апошнія літарамі (графемамі);

 в) сфарміраваць выразна дыферэнцыраваныя зрокава-рухальныя выявы пісьмовых літар;          

г) навучыцца пісаць у адпаведнасці з «Пропісямі» ўсе літары беларускага алфавіта, маленькія і вялікія, суадносіць іх памеры, размяшчаць на радку, злучаць літары паміж сабой, рабіць прабелы паміж словамі; пераводзіць друкаваны тэкст у пісьмовы;

 д) умець запісваць словы і сказы з трох ці чатырох слоў пасля іх гука-літарнага аналізу з дапамогай настаўніка і без дапамогі;

 е) спісваць, а таксама пісаць пад дыктоўку словы, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем; правяраць напісанае, параўноўваючы з узорам, а таксама спосабам прагаворвання;

 ж) запісваць уласныя сказы, узятыя з вусна складзенага апавядання [1].

У фарміраванні графічнага навыку могуць быць вылучаны наступныя этапы:

 а) заштрыхоўка фігур, абводка трафарэтаў і іншыя практыкаванні, накіраваныя на выпрацоўку ўмення захоўваць радок, патрэбным чынам размяшчаць і трымаць пісьмовыя прылады, весці прамую лінію і закругляць яе і г.д.;

б) пісьмо элементаў літар: лініі кароткай і доўгай, петляў, авалаў, паўавалаў і іншых элементаў;

в) пісьмо асобных літар — маленькіх і вялікіх — без злучэння з іншымі літарамі;

 г) пісьмо спалучэнняў літар, складоў, пісьмо цэлых слоў з мэтай выпрацоўкі навыку злучэння літар.

Прыёмы навучання дзяцей каліграфіі:

1. Першараднае значэнне пры навучанні каліграфіі маюць паказ настаўнікам працэсу пісьма і тлумачэнне спосабаў напісання літар, складоў, слоў, сказаў падчас гэтага паказу. Гэта і ёсць асноўны прыём навучання каліграфічным навыкам пісьма. Паказ здзяйсняецца на класнай дошцы для ўсяго класа або індывідуальна ў сшытку вучня. Задача вучня — убачыць і зразумець, як трэба напісаць, і выканаць у сябе ў сшытку дадзены яму ўзор.

Паказ пісьма літары, літараспалучэння павінен суправаджацца тлумачэннем настаўніка: дзе пачынаць пісаць літару, куды весткі руку, дзе зрабіць паварот, якой формы або велічыні тая або іншая частка літары. Калі спачатку гэта робіць настаўнік, то праз некаторы час і вучань павінен навучыцца тлумачыць, як пісаць, як злучаць літары.

2. Наступным прыёмам пры навучанні каліграфіі варта лічыць спісванне навучэнцамі з гатовага ўзору — пропісяў, узору настаўніка на дошцы або ў сшытку. Гэта вельмі стары прыём, заснаваны на тым, што навучэнцы пераймаюць, узнаўляюць узоры пісьма. Неабходна адрозніваць спісванне з пропісяў ад капіравальнага спосабу, пры якім адбываецца абвядзенне гатовага ўзору або яго калькаванне. Пры спісванні з узору адбываецца зрокавы аналіз узору і параўнанне яго з узноўленым. Пры спісванні працэс актыўны, паколькі добрае выкананне магчыма толькі пры аналізе і параўнанні ўзору з выкананнем.

Важна, каб любыя запісы настаўніка ў сшытку навучэнца былі выкананыя акуратна, прыгожым разборлівым почыркам.

Пры наяўнасці пропісяў скарачаецца праца настаўніка па прапісванні ўзораў у сшытках навучэнцаў. Аднак цалкам прапісванне ўзораў пісьма ў сшытках не здымаецца. Узоры пісьма ў сшытках вучняў выкарыстоўваюцца для індывідуальнай працы над почыркам.

3. Капіравальны спосаб. Яго варта ўжываць абмежавана ў сувязі з тым, што абвядзенне ўзору здзяйсняецца навучэнцамі без дастатковага ўсведамлення працэсу пісьма і нават бачання формы літары. Аднак пры капіраванні, калі яно здзяйсняецца правільна, вучань практыкуецца ў выкананні правільнага руху: порцыя, размах, памер, кірунак, форма, — таго, чаго часам, зрокава ўспрымаючы, ён не можа перанесці ў свой рух падчас пісьма. Псіхалагічнае значэнне спісвання з узору і абвядзенне ўзору рознае для фармавання навыку пісьма. Абвядзенне па ўзоры практыкуе рухальныя прадстаўленні. У любым выпадку капіравання важна, каб яно здзяйснялася як пісьмо, правільнымі рухамі, бо ў адваротным выпадку капіраванне не дае патрэбнага эфекту і можа прывесці да замацавання няправільных рухаў.

4. Уяўнае пісьмо, або абвядзенне над узорам, пісьмо ў паветры. Гэты прыём адрозніваецца ад капіравальнага спосабу тым, што навучэнец не проста абапіраецца на рухальныя адчуванні, але і на зрокава ўспрыняты ўзор. Калі, капіруючы, вучань можа не бачыць цэлага, проста весці па лініі, то ва ўяўным абвядзенні ён бачыць літару як бы праз нейкі аптычны прыбор, піша рэальна, але ў паветры. Гэта дапамагае вучню засвойваць як рух, так і правільную форму літары.

Уяўнае пісьмо праводзіцца або па напісаным настаўнікам узоры на дошцы, або ўслед за пісьмом настаўніка на дошцы, па пропісях.

Навучэнцы могуць пісаць літары і злучаць іх наогул без узору, па памяці, пісаць у паветры, трымаючы ручку ў руцэ. Такія практыкаванні ажыўляюць працэс навучання. Недахоп гэтага прыёму складаецца ў тым, што настаўнік не можа ўлічыць, які вынік абвядзення, паўторы руху, наколькі дакладна дзеці паказваюць рух і форму ўзору.

5. Аналіз формы літар. Аналіз формы літары можа здзяйсняцца па-рознаму. Можна аналізаваць форму літары, раскладваючы яе на зрокава вылучаемыя элементы.

Некаторыя літары, даволі складаныя па форме, пішуцца адным непадзельным рухам; напрыклад, так пішуцца літары в і б. У гэтым выпадку патрэбен аналіз элементаў руху пры пісьме. Настаўнік павінен памятаць, што паэлементны аналіз не падмяняе сабою разгляд формы літары і асаблівасцяў яе напісання. Таму настаўнік услед за гэтым тлумачыць, як пісаць літару, вылучаючы асноўныя элементы руху, асаблівасці формы літары, суадносіны элементаў.

Такім чынам, аналіз формы літары праводзіцца па-рознаму, у залежнасці ад таго, ці ўпершыню ўводзіцца літара, ці складаная яна па спосабе напісання. Калі лягчэйшая па форме літара ў букварны перыяд ідзе пасля напісання больш складанай, то досыць правесці параўнанне з ужо знаёмай літарай, назваць склад і колькасць элементаў і папярэдзіць магчымыя і ўжо вядомыя памылкі ў пісьме гэтай літары. Высвятляецца, на якую літару падобная новая літара, у чым падабенства і розніца ў іх пісьме.

 

Прикрепленные файлы

Похожие публикации


Арганізацыя і змест працы ў асноўны перыяд навучання грамаце

17-03-2020 Лекции
Дыферэнцыраваны падыход пры навучанні грамаце
ЭУМК
подробнее

Сістэма класнага чытання ў сучаснай школе

02-04-2020 Лекции
У лекцыі звяртаецца ўвага на значэнне лiтаратурнага чытання ў фарміраванні базавых кампанентаў культурынавучэнцаў пачатковых класаў, раскрываюцца прынцыпы арганізацыі ўрокаў чытання мастацкіх твораў на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
ЭУМК
подробнее