Этапы працы з мастацкім творам
Першы этап (першасны сінтэз ).
Задачы: падрыхтоўка вучняў да ўспрымання мастацкага твора, знаёмства з канкрэтным зместам, сюжэтнай лініяй, высвятленне эмацыянальнага ўздзеяння твора на школьнікаў.
Падрыхтоўчая праца да чытання твора мае на мэце: 1) пашырыць уяўленні вучняў пра факты, падзеі, з’явы, пададзеныя ў творы, паведаміць новыя звесткі для таго, каб дапамагчы свядома ўспрыняць тэкст, стварыць умовы, пры якіх вучні суаднясуць факты, падзеі, з’явы мастацкага твора з тым, што бачылі, назіралі ў жыцці; 2) пазнаёміць з жыццём пісьменніка, выклікаць цікавасць да яго творчасці; 3) падрыхтаваць да эмацыянальнага ўспрымання твора; 4) раскрыць значэнне слоў, без разумення якіх школьнікам цяжка ўспрыняць і засвоіць змест.
Практыкаванні на этапе першага сінтэзу: 1) уступная гутарка, паведамленне ці расказ настаўніка (пра аўтара), правядзенне экскурсіі, выкарыстанне нагляднасці; 2) першае знаёмства з творам (самастойна, чытае настаўнік, ащдыёзапіс); 3) гутарка з мэтай праверкі першага ўспрымання твора
Другі этап (аналіз).
Задачы і змест працы: устанаўленне прычынна-выніковых сувязей у развіцці сюжэта; высвятленне матываў паводзін дзеючых асоб, раскрыццё кампазіцыі твора, аналіз выяўленчых сродкаў у адзінстве з раскрыццём канкрэтнага зместу і ацэнкі матываў паводзін герояў.
Практыкаванні на этапе аналізу: 1) выбарачнае чытанне; 2) гутарка (па пытаннях настаўніка і вучняў), 3) ілюстраванне тэксту (вусныя ці графічныя малюнкі і падабраныя з твора подпісы да іх); 4) складанне плана; 5) падрыхтоўка пераказу; 6) падрыхтоўка апавядання пра героя (падбіраюць матэрыял, які характарызуе дзеючую асобу, яе ўчынкі, паводзіны); 7) раскрыццё галоўнай думкі твора (знаходзяць патрэбныя сказы); 8) падрыхтоўка да выразнага чытання, да чытання па ролях, дыялогаў; 9) падрыхтоўка да інсцэніравання (драматызацыі) твора.
Трэці этап (другасны сінтэз).
Змест працы: абагульненне характэрных рыс дзеючых асоб, супастаўленне герояў і ацэнка іх, высвятленне ідэйнай накіраванасці твора, ацэнка мастацкага твора як крыніцы пазнання навакольнай рэчаіснасці і як твора мастацтва.
Практыкаванні на этапе другога сінтэзу: 1) выразнае чытанне твора вучнямі; 2) пераказ твора; 3) інсцэніраванне (драматызацыя) твора, 4) заключная гутарка.
Літаратура
- Львов, М. Р. Методика преподавания русского языка в начальных классах: учебное пособие для студентов высших педагогических учебных заведений / М. Р. Львов, В. Г. Горецкий, О. В. Сосновская. М., 2002.
- Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах. / Пад. рэд. А. П. Шанько. Мiнск, 1986.
- Методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання ў пачатковых класах : вучэбны дапаможнік / Н. М. Антановіч [і інш.] ; пад рэд. М. Г. Яленскага. — Мінск : Вышэйшая школа, 2019.
- Оморокова, М. И. Чтение в начальных классах: Методическое пособие / М. И. Оморокова. – Тула: ООО Издательство “Родничок”; М.: ООО “Издательство Астрель”: ООО “Издательство АСТ”, 2003.

RSS





















