Новости События Общее

Сучасны гукавы аналітыка-сінтэтычны метад навучання грамаце

09-05-2020 Лекции
Характарызуюцца рысы сучаснага метаду навучання грамаце

Сучасны гукавы аналітыка-сінтэтычны метад навучання грамаце

 

Паколькі навучанне грамаце – спецыфічны раздзел у навучанні мове, то ён мае і свой спецыфічны метад навучання. Па традыцыі гэты асноўны метад называюць гукавым аналілыка-сінтэтычным. Але больш дакладна было б называць яго комплексным (А. П. Шанько ), таму што: 1) пры прачытанні і запісе слова вучань зыходзіць з графічнай формы слова, але побач з гэтым гукавая абалонка слова супастаўляецца з літарным саставам слова. Таму ён (метад) гука-літарны і літарна-гукавы; 2) у аснову навучання чытанню і пісьму пры навучанні па сучасным метадзе кладзецца склад як найменшая вымаўленчая адзінка мовы. У гэтым сэнсе дадзены метад з’яўляецца складовым; 3) навучанне элементарнаму чытанню і пісьму па сучасным метадзе грунтуецца на ўменні вучняў ажыццяўляць склада-гукавы і склада-літарны аналіз слова [2].

Традыцыйныя рысы метаду: 1) з пункту гледжання мэт фарміравання асобы: навучанне грамаце па аналітыка-сінтэтычным метадзе носіць выхаваўчы і развіццёвы характар, забяспечвае разумовае развіццё праз сістэму аналітыка-сінтэтычных практыкаванняў, праз маўленчыя практыкаванні, яно абапіраецца на сістэму назіранняў прыроды і навакольнага жыцця, на жыццёвы вопыт саміх дзяцей, патрабуе высокага ўзроўню свядомасці чытання і іншых відаў вучэбнай працы вучняў;

2)з пункту гледжання псіхолага-лінгвістычнага: а) навучанне грамаце абапіраецца на жывое маўленне вучняў, на маўленчы навык, які ўжо ёсць, на ўзорныя тэксты, уключае ў сябе сістэму развіцця маўлення саміх дзяцей. Развіццё маўлення і мыслення вучняў адбываецца пры рабоце над матэрыяламі пропісі і выкананнем спецыяльных практыкаванняў над словам (лагічныя практыкаванні тыпу групоўкі, абагульнення і класіфікацыі, назіранні над аманімічнасцю, мнагазначнасцю слоў, антонімамі, словаўтварэннем і словазмяненнем), сказам (складанне сказаў па малюнках, разгортванне сказаў па схемах і інш.), над звязным маўленнем (складанне апавяданняў, пераказ тэксту па пытаннях);

б) за аснову аналітычнай і сінтэтычнай работы бярэцца гук (літара ўводзіцца як абазначэнне гука пасля знаёмства з гукам; адсюль – вялікая ўвага да выдзялення гукаў, гукавога аналізу і сінтэзу, артыкулявання гукаў, развіцця маўленчага слыху).

в) за адзінку чытання і пісьма бярэцца склад (складовы, або пазіцыйны, прынцып чытання, які вынікае са складовага прынцыпу беларускай графікі); адсюль – увага да складовай работы: чытанне складоў, іх вымаўленне, выкарыстанне складовых табліц.

3) з пункту гледжання арганізацыйнага: вызначаецца пэўная паслядоўнасць вывучэння гукаў і літар; выдзяляюцца дабукварны (падрыхтоўчы), букварны (асноўны) і паслябукварны (заключны) перыяды; пісьмо не адрываецца ад чытання, а ідзе паралельна з ім. За кожным прачытаным і запісаным словам павінен стаяць сэнс, а для гэтага ўвага дзяцей прыцягваецца ў даступных для іх межах да розных бакоў роднай мовы – фанетычнага, лексічнага, граматыка-арфаграфічнага, арфаэпічнага, стылістычнага [2].

Новымі рысамі метаду, якія сфарміраваліся параўнальна нядаўна, з’яўляюцца:

  1. з пункту гледжання арганізацыі вучэбнага працэсу: дыферэнцыраваны і індывідуальны падыход да вучняў у працэсе навучання грамаце, што звязана са значнымі адрозненнямі і ў агульным развіцці, і ў гатоўнасці да чытання і пісьма дзяцей, якія прыйшлі ў 1 клас;
  2. з пункту гледжання перспектыў навучання: сістэматычнае ўвядзенне прапедэўтычных элеметаў граматыкі, словаўтварэння, арфаграфіі, лексікалогіі – без тэарэтычных звестак – на практычнай аснове;
  3. з пункту гледжання псіхолага-лінгвістычнага: не толькі выдзяленне гукаў, вызначэнне іх колькасці і паслядоўнасці, але і вызначэнне сувязей паміж імі: уводзіцца склада-гукавы аналіз слова. Для гэтага падбіраюцца такія словы, у якіх гукі знаходзяцца ў аптымальнай пазіцыі. Аналіз праводзіцца з апорай на схемы-мадэлі аналізуемых слоў. Апошнія дапамагаюць вучню вызначыць колькасць складоў у слове, устанавіць месца націску, выявіць колькасць гукаў у складах і ў слове ў цэлым, высветліць характар сувязей паміж гукамі, размежаваць адзіныя комплексы (ЗГ) і гукі, якія ў іх не ўваходзяць; выдзеліць, назваць і ахарактарызаваць той гук, які вывучаецца на дадзеным уроку. Пры чытанні першых жа букварных слоў увага дзяцей прыцягваецца да славеснага націску, да яго аб’ядноўваючай функцыі. Вучні падыходзяць да вывучаемых гукаў з розных бакоў: успрымаюць іх на слых, вымаўляюць, назіраючы за іх артыкуляцыяй, асэнсоўваюць гукі як фанемы, класіфікуюць галосныя і зычныя гукі па іх характэрных прыметах. Сучасная методыка навучання грамаце будуе свае тэарэтычныя палажэнні і практычныя рэкамендацыі з улікам чатырох састаўных частак фанетычнай структуры слова (складовай, гукавой, структуры звязанасці фанем і акцэнтна-рытмічнай). Паглыбленая работа над гукавым саставам слоў прыводзіць да больш выразнага разумення тых складаных суадносін, якія часта існуюць паміж гукамі і літарамі, папярэджвае іх змяшэнне.
  4. з пункту гледжання метадаў навучання: увядзенне элементаў мадэліравання – мадэлі складоў, слоў, сказаў;
  5. з пункту гледжання задач выхавання: выхаваўчая задача ўключаецца ў сістэму работы па буквары [2].

 

Літаратура

  1. Львов, М. Р. Методика преподавания русского языка в начальных классах: учебное пособие для студентов высших педагогических учебных заведений / М. Р. Львов, В. Г. Горецкий, О. В. Сосновская. М., 2002.
  2. Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах. / Пад. рэд. А. П. Шанько.  Мiнск, 1986.

Методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання ў пачатковых класах : вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» / Н. М. Антановіч, Н. У. Антонава, І. А. Буторына, В. І. Свірыдзенка, М. Г. Яленскі ; пад рэд. М. Г. Яленскага. — Мінск : Вышэйшая школа, 2019. — 263 с.

УМК

Похожие публикации


Арганізацыя і змест працы ў асноўны перыяд навучання грамаце

17-03-2020 Лекции
Дыферэнцыраваны падыход пры навучанні грамаце
ЭУМК
подробнее

Навучанне пісьму ў асноўны перыяд навучання грамаце

17-03-2020 Лекции
Графічныя навыкі пісьма як маўленчыя навыкі. Задачы навучання пісьму і этапы фарміравання графічнага навыку. Метадычныя прыёмы навучання пісьму
подробнее