Новости События Общее

Статьи по дате "Февраль 2021"

Лекцыі для студэнтаў 2 курса ІІА (ТСА) па прадмеце «Беларуская мова (прафесійная лексіка)»

22-02-2021 Публикации
Лекцыі для студэнтаў 2 курса ІІА (ТСА) па прадмеце «Беларуская мова (прафесійная лексіка)» Уводзіны ў дысцыпліну “Беларуская мова” 1. Прадмет і задачы дысцыпліны, яе спецыфіка. 2. Роля дысцыпліны ў фарміраванні і развіцці сацыяльна-асобасных і сацыяльна-прафесійных кампетэнцый выпускнікоў ВНУ. 1. Беларуская мова (прафесійная лексіка) – дысцыпліна, якая дапамагае студэнтам далучыцца да багаццяў нацыянальнай культуры, сфарміраваць камунікатыўна развітую асобу, здольную наладжваць зносіны на роднай мове ў прафесійнай сферы, перакладаць і рэферыраваць прафесійна арыентаваныя і навуковыя тэксты, весці дзелавую дакументацыю, выступаць з навуковымі паведамленнямі і публічнымі прамовамі і інш. Асноўныя мэты выкладання дысцыпліны: • выпрацаваць і замацаваць практычныя ўменні і навыкі граматнага карыстання вуснай і пісьмовай мовай; • развіць моўна-эстэтычны густ студэнтаў, звязаны з чысцінёй і правільнасцю мовы; • пашыраць і ўзбагачаць прафесійны лексічны запас будучых спецыялістаў, выпрацаваць уменне практычнага карыстання тэрміналогіяй і прафесійнай лексікай па абранай спецыяльнасці; • фарміраваць устаноўкі на практычнае ўкараненне атрыманых сту¬дэн-тамі ведаў у іх прафесійнай дзейнасці і іншых сферах сацыяльнай актыўнасці; • выхоўваць любоў і павагу да мастацкага слова, духоўнай і інтэлектуальнай спадчыны беларускага народа, пачуццё нацыянальнай самапавагі і самаідэнтыфікацыі, імкнення да далейшага ўзбагачэння беларускай мовы. Задачы вывучэння дысцыпліны: • сфарміраваць у студэнтаў разуменне неабходнасці ведаць і кары¬стац-ца беларускай мовай у прафесійнай дзейнасці; • даць студэнтам неабходную сістэму ведаў аб лексічным складзе, тэрміналогіі і маўленчай культуры; • дапамагчы студэнтам усвядоміць месца беларускай мовы ў развіцці культуры і ў духоўным адраджэнні нацыі; • садзейнічаць падрыхтоўцы высокаадукаваных, творчых і крытычнадумаючых спецыялістаў, здольных вырашаць складаныя моўна-сацыяльныя праблемы бытавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму. 2. Студэнт павінен ведаць: • ролю мовы і маўлення ў працэсе сацыяльных зносін, • функцыі беларускай мовы як асноватворнага кампанента нацыянальнай культуры, • месца і ролю беларускай мовы ў славянскай і еўрапейскай супольнасці народаў і моў, • сістэму лексічных, граматычных і стылістычных сродкаў беларускай мовы, • поўны набор прафесійнай лексікі, • тэрміналагічныя слоўнікі і даведнікі па адпаведных сферах навукова-прафесійнай дзейнасці. • Студэнт павінен умець: • граматна карыстацца вуснай і пісьмовай мовай, • адэкватна ўспрымаць прафесійныя тэксты і навуковую галіновую інфармацыю, • перакладаць, анатаваць і рэферыраваць прафесійна арыентаваныя тэксты, • складаць і весці на беларускай мове дзелавую дакументацыю, рыхтаваць навуковыя і публічныя выступленні, • выконваць тэсты і тэставыя заданні, якія садзейнічаюць замацаванню вучэбнага матэрыялу. Асноўнымі метадамі (тэхналогіямі) навучання, што адпавядаюць мэце і задачам вывучэння дысцыпліны, з’яўляюцца: • праблемнае навучанне; • тэхналогія вучэбна-даследчай дзейнасці; • праектныя тэхналогіі; • камунікатыўныя тэхналогіі (дыскусія, прэс-канферэнцыя, мазгавы штурм, вучэбныя дэбаты і інш.); • гульнёвыя тэхналогіі, у межах якіх студэнты ўдзельнічаюць у дзелавых, ролевых, імітацыйных і іншых гульнях. Беларуская мова і яе месца ў сістэме агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей Мова і соцыум. Функцыі мовы ў грамадстве. 1. Мова і соцыум. 2. Функцыі мовы ў грамадстве 1. Мова – гэта і сродак зносін, і адзнака этнічнага калектыву, і сродак захавання і перадачы ведаў. У кожнага народа свой гістарычны шлях і сваё бачанне свету. Сваё разуменне жыцця, дабра і зла этнас перадае словамі. Таму мова – гэта памяць народа, універсальная форма захавання ведаў, якія на працягу стагоддзяў назапашвалі нашы продкі. У мове выяўляецца самабытнасць народа, яго адметнасць, па мове пазнаюць, да якой нацыі належыць чалавек. Адметнасць кожнай мовы — гэта вынік уплыву геаграфічных умоў, у якіх працяглы час знаходзяцца людзі, і адрозненняў у іх гістарычным развіцці. Мова, такім чынам, адлюстроўвае жыццёвы вопыт народа, асаблівасці яго мыслення і псіхікі, маральна-этычныя і эстэтычныя нормы. Інакш кажучы, мова замацоўвае ўсё тое, што прынята называць культурай грамадства. Яна з’яўляецца спецыфічным спосабам існавання і захавання культуры. Ландшафт, клімат, раслінны і жывёльны свет прадвызначаюць характар заняткаў народа і накладваюць адбітак на яго ўспрыманне свету. Таму мова – істотная адзнака этнічнага калектыву – народа, нацыі, племені. Мова народа, з аднаго боку, аб’ядноўвае прадстаўнікоў дадзенага народа, а з другога – з’яўляецца адметнай адзнакай і вылучае нацыю з шэрагу іншых, адна з прыкмет вылучэння этнасу. Нярэдка адной мовай карыстаюцца прадстаўнікі некалькіх нацый (англійскай – англічане, амерыканцы, насельніцтва былых калоній і дамініёнаў Велікабрытаніі; нямецкай – немцы, аўстрыйцы, значная частка насельніцтва Швейцарыі і Люксембурга і г.д.). Разам з тым, напрыклад, швейцарцы, якія карыстаюцца чатырма мовамі (нямецкай, французскай, італьянскай, рэтараманскай) зліваюцца ў адну нацыю. 2. Асноўнымі функцыямі мовы з’яўляюцца наступныя: • Камунікатыўная (лац. communicatio – зносіны, сувязь). У першую чаргу мова забяспечвае нашы патрэбы ў зносінах. Праз мову мы дзелімся ўражаннямі пра ўбачанае, вырашаем важныя жыццёвыя пытанні, абмяркоўваем навіны. У працэсе зносін можна выкарыстаць іншыя спосабы перадачы інфармацыі – рухі, жэсты, міміку, фарбы, малюнкі, знакі, але толькі мова здольная найбольш поўна і дакладна перадаць нашы думкі і пачуцці. • Паколькі мова дазваляе нам не толькі перадаць інфармацыю, але і выказаць свае адносіны да яе – негатыўныя і станоўчыя, прыязныя і не зусім, можна гаварыць пра экспрэсіўную функцыю мовы (лац. expressio – выражэнне).  З камунікатыўнай цесна звязана фатычная (грэч. phatos – сказаны) функцыя – функцыя ўстанаўлення кантактаў, наладжвання і рэгулявання ўзаемаадносін паміж людзьмі.  Дзякуючы мове, мы пазнаём навакольны свет, даведваемся пра адкрыцці, сведкам якіх не былі, знаёмімся з жыццём людзей, якіх ніколі не ўбачым. Мова робіць навакольны свет блізкім і знаёмым для нас. Таму мова выконвае і пазнавальную функцыю.  Чалавек, паступова пазнаючы свет, дае назвы розным прадметам, з’явам, працэсам рэчаіснасці. Гэта намінатыўная (лац. nominatio – называнне) функцыя.  У кожным слове ці фразеалагізме людзі занатоўваюць свае веды пра свет, яго будову. Нярэдка гісторыкі называюць мову “рыдлёўкай гісторыі”, таму што ў мове захаваліся звесткі пра культуру, традыцыі, гісторыю народа. Функцыя назапашвання і захавання ведаў называецца акумулятыўнай (лац. accumulatio – збіральнік). Чалавеку дадзена здольнасць адчуваць і разумець не толькі тое, што сказана, але і як сказана. Адметна падбудаванае выказванне выклікае ў нас пачуццё асалоды ці крыўды, натхнення ці смутку. Тады мы кажам пра эстэтычную функцыю мовы – здольнасць мовы ўздзейнічаць на пачуцці людзей. Часцей за ўсё з рэалізацыяй эстэтычнай функцыі мы сутыкаемся, калі чытаем мастацкую літаратуру, глядзім спектакль у тэатры, слухаем выступленні бліскучых аратараў. Паходжанне беларускай мовы і асноўныя этапы яе развіцця 1. Беларуская мова сярод моў свету. 2. Старабеларуская літаратурная мова і яе роля ў XIV- XVI стагод-дзях. 3. Нацыянальная моўная палітыка ў XVІІ- XVІІI стагоддзях і яе вынікі. 4. Новая (сучасная) беларуская літаратурная мова і яе лёс у канцы XVІІІ- пачатку XХI стагоддзяў. 5. Закон “Аб мовах у Беларускай ССР” (1990 г.) Беларуская мова – адна з высокаразвітых нацыянальных моў народаў свету. Яе карані ідуць у глыбіню сівых вякоў. Прыкладна на мяжы ІІІ-ІІ тысячагоддзяў да н. э., па меркаванні даследчыкаў, адбываецца распад так званага індаеўрапейскага моўнага адзінства на больш дробныя моўныя групы. Сярод раманскай, германскай, іранскай, кельцкай, індыйскай, балтыйскай і іншых моўных груп індаеўрапейскай сям’і (вучоныя выдзяляюць 16 такіх груп) з гэтага часу пачынае самастойнае існаванне і славянская. Першапачаткова славяне жылі на адносна невялікай тэрыторыі і карысталіся агульнай мовай, якая атрымала назву праславянскай або агульнаславянскай мовы-асновы. Існавала яна толькі ў вуснай форме і, безумоўна, не была аднастайнай на ўсёй тэрыторыі пражывання славян, а мела дыялектныя адрозненні. Трэба меркаваць, што мова продкаў беларусаў у межах праславянскай моўнай прасторы адрознівалася сваімі спецыфічнымі дыялектнымі асаблівасцямі. Прычым многія вучоныя схільныя лічыць, што мова прабеларусаў займала адно з цэнтральных месцаў у славянскім свеце. Паступовае рассяленне славян на большую тэрыторыю прыводзіць да аслаблення сувязей паміж імі і распаду праславянскага моўнага адзінства. Так, прыкладна з VІ-VІІ стст. н. э. пачалося выдзяленне асобных славянскіх груп: усходняй, заходняй, паўднёвай. Гэтыя групы аб’ядноўваліся адзінствам свайго паходжання, але характарызаваліся спецыфічнымі моўнымі асаблівасцямі, што і адасабляла адну групу ад другой. З’яўленне ў IX ст. (прыкладна 863 г.) першай славянскай пісьмовай мовы, якая атрымала назву стараславянскай (у мясцовых рэдакцыях царкоўнаславянскай), у значнай ступені прадвызначыла развіццё літаратурных моў не толькі паўднёвых славян, але і ўсходніх, і заходніх. Ва ўмовах феадальнай раздробленасці, эканамічнага і палітычнага адасаблення асобных зямель усходніх славян паступова намячаецца яшчэ большае дыялектнае размежаванне агульнаўсходнеславянскага моўнага адзінства. На базе агульнай пісьмовай мовы ўсходніх славян, у аснове якой царкоўнаславянская мова, недзе з канца XII - пачатку XIII ст. і пачынаецца фарміраванне самастойных беларускай, рускай і ўкраінскай пісьмовых літаратурных моў. Асабліва інтэнсіўнае фарміраванне беларускай народнасці і ўласна беларускай літаратурнай мовы адзначаецца з сярэдзіны XIV ст., калі ўтвараецца шырокавядомая шматнацыянальная беларуская дзяржава Вялікае княства Літоўскае. Пры скрыжаванні этнічна разнастайнага насельніцтва стваралася новая арыгінальная культура. Агульная пісьмовая мова ўсходніх славян паступова насычалася элементамі народных гаворак, і такім чынам стваралася непаўторная, самабытная беларуская літаратурная мова. Аднак першапачаткова ў пісьмовых крыніцах спецыфічныя беларускія рысы адлюстроўваліся зрэдку і не зусім паслядоўна, бо старажытныя кніжнікі вельмі строга прытрымліваліся традыцыйных агульнаўсходнеславянскіх моўных нормаў. Тым не менш прыкладна да сярэдзіны XV ст. пісьменства на беларускіх землях, якія ўваходзілі ў склад Вялікага княства Літоўскага, папоўнілася адметнымі арфаграфічнымі, граматычнымі і лексічнымі асаблівасцямі настолькі, што з’явіліся ўсе падставы гаварыць пра самастойную беларускую літаратурную мову. Канчаткова ж сфармавалася яна к канцу XVI ст. 2. У гісторыі беларускай літаратурнай мовы перыяд XV-XVI стст. быў перыядам фарміравання моўнай сістэмы.Станаўленню і развіццю беларускай літаратурнай мовы ў XV-XVI стст. садзейнічала тое, што беларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім. Гэта была мова дыпламатыі, на ёй выдаваліся законы, ажыццяўлялася справаводства, перапіска, ствараліся летапісы, помнікі дзелавога пісьменства, арыгінальная і перакладная мастацкая літаратура і г. д. Найбольш распаўсюджаным было дзелавое (актавае, канцылярска-юрыдычнае) пісьменства. Да яго адносяцца шматлікія акты, граматы, дагаворы, статуты. Першапачаткова, безумоўна, на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага існавала некалькі мясцовых варыянтаў актавай мовы, якія адрозніваліся некаторымі асаблівасцямі. Але з цягам часу рэгіянальныя тыпы актавай мовы зніклі. Узорам беларускай актавай мовы сталі моўныя нормы дакументаў, якія грунтаваліся на паўночных беларускіх гаворках, што бытавалі каля Вільні. Разнастайныя па змесце і форме дакументы, выдадзеныя сеймамі і ўрадавымі асобамі, або тыя, што паступалі ад іншаземных урадаў, службовых і прыватных асоб, найважнейшыя заканадаўчыя акты і кодэксы сістэматызаваліся і афармляліся ў выглядзе статутаў і так званых метрык. Сярод іх найбольш буйнымі значацца Літоўская метрыка (Метрыка Вялікага княства Літоўскага) і Літоўскі статут (Статут Вялікага княства Літоўскага) у трох рэдакцыях (1529, 1566, 1588 гг.). У гэтых i іншых творах канцылярска-юрыдычнага пісьменства найбольш паслядоўна адлюстроўваліся рысы жывой беларускай мовы. Даволі часта спецыфічныя асаблівасці народнай гаворкі выяўляюцца і ў творах свецка-мастацкай літаратуры. Самым старажытным і пашыраным жанрам указанага віду пісьменства з’яўляюцца летапісы. Крыху пазней афіцыйнае дзяржаўнае летапісанне папаўняецца гістарычнымі запіскамі мясцовага характару, мемуарнымі творамі, перакладнымі воінскімі і рыцарскімі раманамі і аповесцямі, хронікамі і хранографамі. Тыповымі ўзорамі такіх помнікаў можна лічыць летапіс Аўраамкі, Баркалабаўскі летапіс, «Дзённік» Ф. Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А. Філіповіча; перакладныя творы: «Александрыя», «Аповесць пра Трою», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гісторыя пра Атылу» і інш. Жанравае багацце беларускіх гістарычных помнікаў сведчыць пра высокую ступень развіцця старабеларускай літаратурнай мовы, багацце і разнастайнасць яе выяўленчых сродкаў. Такія творы аказвалі ўздзеянне на іншыя жанры тагачаснага беларускага пісьменства, у тым ліку і на пераклады рэлігійнай літаратуры, напрыклад: «Пакуты Хрыста», «Аповесць пра трох каралёў-вешчуноў», «Жыціе Аляксея, чалавека Божага» і інш. Надзвычай вялікую ролю ў развіцці беларускай літаратурнай мовы адыграла дзейнасць усходнеславянскага першадрукара, асветніка, гуманіста, вучонага, перакладчыка Францыска Скарыны (прыкладна 1490-1551 гг.). Ён займаўся перакладам і друкаваннем біблейскіх кніг. Сваю першую кнігу «Псалтыр» Ф. Скарына надрукаваў у 1517 годзе ў Празе, а пасля таго выдаў больш за 20 кніг свяшчэннага пісання (1517-1525 гг.). Гэтыя выданні ён суправаджаў даволі вялікімі прадмовамі, пасляслоўямі і «глосамі» (тлумачэннямі некаторых слоў), а часта адыходзіў ад царкоўных традыцый і па магчымасці набліжаў мову перакладаў да жывой тагачаснай гаворкі. У цэлым жа аснова скарынінскіх выданняў была царкоўнаславянскай. Паслядоўнікамі славутага палачаніна на Беларусі былі Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Мялецій Сматрыцкі, браты Мамонічы, Пётр Мсціславец і інш., дзейнасць якіх прыпадае на перыяд інтэнсіўнага пашырэння ў краіне рэфармацыйнага руху. Яны фактычна давялі справу Ф. Скарыны да завяршэння і далі свайму народу рэлігійныя кнігі, у тым ліку і перакладныя, на тагачаснай беларускай літаратурнай мове. Буйны асветнік і ідэолаг гуманізму і рэфармацыі С. Будны надрукаваў у 1562 г. у Нясвіжы «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам». Гэтыя тэксты, па сутнасці, свабодныя ад слоў і зваротаў царкоўнаславянскага, кніжнага паходжання, успрымаюцца як звычайныя бытавыя апавяданні на беларускай літаратурнай мове. Тое ж можна сказаць і пра «Евангелле», якое выдаў каля 1580 г. В. Цяпінскі. Безумоўна, і ў далейшым працягваецца збліжэнне мовы рэлігійнай літаратуры з народнай гаворкай. Такім чынам, з рэлігійна-асветніцкім рухам, з дзяржаўнасцю беларускай мовы ў Вялікім княстве Літоўскім, са з’яўленнем кнігадрукавання звязаны перыяд фарміравання і росквіту беларускай мовы. К канцу XVI ст. старабеларуская літаратурная мова дасягнула вышэйшага ўзроўню свайго развіцця. Так, у гэты час складваецца старабеларуская літаратурная мова як з’ява непаўторная, своеасаблівая, са спецыфічнымі рысамі, якія чэрпаліся з жывой народнай гаворкі і фіксаваліся ў пісьмовых помніках. Нават у першых слоўніках, граматыках, букварах царкоўнаславянскай мовы сустракаем элементы беларускай мовы. Выкарыстоўваецца яна для тлумачэння незразумелых шырокаму колу насельніцтва кніжных слоў. Такія тлумачэнні знаходзім на палях скарынінскіх выданняў, у першым славяна-беларускім слоўніку Лаўрэнція Зізанія (1596 г.), слоўніку Памвы Бярынды (1627 г.). Беларускамоўны матэрыял змяшчаецца, напрыклад, у першай граматыцы, якая выйшла ў 1586 г. у друкарні братоў Мамонічаў, граматыцы Л. Зізанія (1596 г.), грунтоўнай граматыцы М. Сматрыцкага (1619 г.) і іншых выданнях. Пачынаючы з XIV ст., у помніках пісьменства сустракаем амаль усе адметныя моўныя асаблівасці, характэрныя для сучаснай беларускай мовы. Гэта прыстаўныя галосныя і зычныя (іржавы, аржаны, восень і інш.), зацвярдзелыя шыпячыя, ц, р, ч (чый, іншы, крык і інш.), у нескладовае на месцы былых в, л (воўк, уздумаў і інш.), змяненне роду ў назоўніках тыпу пыл, стэп, насып і іншыя спецыфічныя беларускія рысы. 3. Лёс беларускай мовы на розных гістарычных этапах мяняўся. Калі ў Вялікім княстве Літоўскім беларуская мова была адзінай дзяржаўнай мовай і не мела перашкод для свайго развіцця і функцыянавання, то ўжо ў другой палове XVI - пачатку XVII ст. сфера выкарыстання беларускай мовы пачала звужацца. Вялікае княства Літоўскае паступова траціла палітычную і эканамічную самастойнасць і ўсё больш падпадала пад уладу Польшчы. Польская культура, у тым ліку і польская мова, з другой паловы XVI ст. пачала інтэнсіўна распаўсюджвацца ў вышэйшых колах беларускага грамадства. Каб абараніць беларускую мову, у Літоўскі статут 1566 г. быў уключаны спецыяльны пункт аб ужыванні ў справаводстве толькі беларускай мовы (раздзел 4, артыкул 1). Захаваўся гэты артыкул і ў Статуце 1588 г., прычым фармальна ён меў сілу на працягу ўсяго XVII ст. Тым не менш пасля аб’яднання ў 1569 г. Вялікага княства Літоўскага з Польшчай у адзіную феадальную федэратыўную дзяржаву Рэч Паспалітую ў афіцыйным ужытку было тры мовы: польская, лацінская і беларуская. Такая складаная моўная сітуацыя, якая існавала на беларускіх землях у XVII ст., спрасцілася ў канцы стагоддзя. Польская і беларуская шляхта і каталіцкае духавенства дамагліся таго, што Варшаўскім сеймам у 1696 г. была прынята пастанова пісаць дзелавыя паперы дзяржаўнага значэння па-польску, а не па-беларуску. Праўда, на ўсходніх беларускіх землях, дзе паланізацыя праходзіла павольней, па традыцыі дакументы мясцовага значэння (запаветы, дакументы пра падзел маёмасці, распіскі, прыватныя лісты і г. д.) яшчэ пэўны час працягвалі пісаць па-беларуску. Заняпад беларускай мовы адзначаецца з XVII ст. не толькі ў афіцыйным справаводстве, але і ў іншых сферах культурнага жыцця. Мясцовыя пануючыя класы, па сутнасці, адракаюцца ад сваёй старадаўняй рэлігіі, спрадвечных звычаяў, абрадаў, культуры, ад сваёй роднай мовы як ад мовы «мужыцкай». Адбываецца і паланізацыя школы. На тэрыторыі Беларусі ўзнікаюць рымска-каталіцкія школы; у Мінску, Полацку, Нясвіжы адкрываюцца так званыя езуіцкія калегіумы, у Вільні і Слуцку – лютэранскія гімназіі. Усе гэтыя навучальныя ўстановы, безумоўна, прапагандавалі лацінскую і польскую мовы і літаратуры. Значна скарачаецца колькасць рукапіснай свецкай і рэлігійнай літаратуры на беларускай мове. Амаль не выдаюцца і друкаваныя беларускія творы. Фактычна другая палова XVII і ўсё XVIII ст. вядомыя як час панавання польска-лацінскай кніжнасці. Беларуская пісьмова-літаратурная мова прыходзіць у поўны заняпад. У гэты перыяд яна вывучалася толькі ва ўніяцкіх базыльянскіх школах. Уніяцкая царква выкарыстоўвала вусную беларускую мову ў неафіцыйных частках набажэнства. Працягвала развівацца толькі народная гутарковая мова, хоць і яна адчувала на сабе ўплыў польскай мовы. Паланізмы, аднак, у большасці сваёй не замацоўваліся ў жывой народнай гаворцы, паколькі народ ужываў толькі тыя запазычанні, якія былі жыццёва неабходнымі пры адпаведных зносінах. Захавальнікамі сваёй самабытнай, роднай мовы, такім чынам, заставаліся, як правіла, сяляне, дробная шляхта і гарадское рамеснае насельніцтва. Беларускі народ ствараў на роднай мове ўзоры вуснай творчасці. У казках, легендах, песнях, паданнях, прыказках і прымаўках зберагаліся лепшыя моўныя здабыткі і пазней шырока выкарыстоўваліся ў новай прафесійнай літаратуры. 3 пісьмовых жа помнікаў канца ХVІІ-ХVIII стст., напісаных на беларускай (старабеларускай) мове, вядома не так шмат. Найбольш адлюстравалася беларуская мова ў так званых інтэрмедыях і інтэрлюдыях дашкольных драматычных твораў, прычым асаблівую цікавасць з іх маюць дзве камедыі выкладчыкаў рыторыкі Забельскай дамініканскай калегіі К. Марашэўскага і М. Цяцерскага. Уся сістэма моўных асаблівасцей гэтых твораў вельмі блізкая да сістэмы сучаснай беларускай мовы. Названыя творы можна разглядаць як першыя спробы стварэння новай беларускай літаратурнай мовы. У канцы XVIII ст. гістарычны лёс беларускага народа значна мяняецца. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 г.) беларускія землі поўнасцю далучылі да Расійскай імперыі. Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт беларускага народа не зменшыўся. Фактычна гвалтоўная паланізацыя была заменена гвалтоўнай русіфікацыяй, і афіцыйнай мовай на тэрыторыі Беларусі стала руская. Засілле рускай і ўжыванне польскай моў, бясспрэчна, замаруджвалі ўзнаўленне беларускай літаратурнай мовы. Беларуская мова, як правіла, жыла толькі сярод прыгнечаных слаёў насельніцтва, выкарыстоўвалася пераважна ў вуснай форме. Невыпадкова шматлікія польскія і рускія даследчыкі не прызнавалі беларускую мову самастойнай. Першыя лічылі яе дыялектам польскай мовы, а другія – рускай гаворкай («западнорусским наречием»). Такое становішча не магло задаволіць усё насельніцтва Беларусі, таму шырэй і шырэй разгортваецца нацыянальна-вызваленчы рух. Падтрымліваецца ён перадавой рускай і польскай грамадскасцю. Менавіта ў рускіх і польскіх выданнях прагрэсіўныя даследчыкі друкуюць шмат цікавых навуковых распрацовак па фальклоры, мове і быце беларускага народа. Гэта ў значнай ступені садзейнічала фарміраванню беларускай інтэлігенцыі і росту яе нацыянальнай самасвядомасці. З’явіліся грамадскія сілы, якія павялі рашучую барацьбу за ўкараненне беларускай мовы ў літаратуры. 4. 3 канца XVIII ст. пачынае паступова адраджацца новае беларускае пісьменства і складвацца новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова. Па словах Л. М. Шакуна, гэта «пярэдадзень» новага перыяду ў гісторыі беларускай літаратурнай мовы. Працэс станаўлення ішоў марудна, паколькі друкаваць па-беларуску было забаронена. Аднак на старонках рускага і польскага друку час ад часу з’яўляюцца творы беларускай літаратуры і вуснай народнай творчасці. Так больш чым праз стагоддзе ўзнаўляецца ў пісьменстве беларуская мова. Узнаўляецца яна не на традыцыйнай кніжнай аснове, бо ў значнай ступені традыцыі старабеларускага пісьменства аказаліся перарванымі, а на базе жывых беларускіх народных гаворак. Асновай для выпра-цоўкі літаратурных норм сталі сярэднебеларускія гаворкі. Гэта невыпадкова, паколькі найбольшы ўплыў на фарміраванне беларускай літаратурнай мовы аказвалі пісьменнікі, якія былі выхадцамі пераважна з цэнтральнай Беларусі. Ля вытокаў новай беларускай літаратуры стаялі шматлікія ананімныя аўтары. Мова іх твораў вызначалася шырокім адлюстраваннем асаблівасцей мясцовых гаворак. Ужыванне народных моўна-выяўленчых сродкаў насіла яшчэ ў пэўнай ступені стыхійны характар. Элемент стыхійнасці прысутнічаў таксама і ў творах вядомых паэтаў і пісьменнікаў першай паловы XIX ст.: Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В.Равінскага, В. Каратынскага, У. Сыракомлі, А. Плуга і інш. Па-сапраўднаму свядома стаў апрацоўваць жывую мову беларускага народа, шукаць у ёй адпаведныя сродкі і прыёмы літаратурнага выказвання В. I. Дунін-Марцінкевіч. Ён даволі паслядоўна абапіраўся на асаблівасці роднай гаворкі і звяртаўся да найбольш тыповых рыс іншых беларускіх гаворак. Дзякуючы В. Дуніну-Марцінкевічу ў беларускай мове пачалі выпрацоўвацца лексічныя, фанетычныя і граматычныя нормы, якія ўлічваліся яго паслядоўнікамі. У сувязі з народнымі хваляваннямі на Беларусі і паражэннем паўстання 1863 г. рэзка ўзмацняецца русіфікацыя «западнорусского края», царскім урадам забараняецца кнігадрукаванне. Творы на беларускай мове пісьменнікі вымушаны друкаваць за межамі Расійскай імперыі, а на радзіме - часцей за ўсё нелегальна. Беларускі народ не меў у гэты час сваіх нацыянальных культурных устаноў, школ з выкладаннем на роднай мове. Нягледзячы на шматлікія цяжкасці на шляху фарміравання беларускай літаратурнай мовы, у другой палове XX ст. яе развіццё фактычна не спынялася. У прыватнасці, гарачы прыхільнік беларускага слова Ф. Багушэвіч адным з першых на Беларусі загаварыў аб беларускай мове як найважнейшым элеменце нацыянальнай культуры беларускага народа і ўзняў пытанне пра яе лёс. Ён узбагаціў нашу літаратуру новымі моўна-выяўленчымі сродкамі і прыёмамі, надаў беларускай літаратурнай мове яшчэ большую гнуткасць і дасканаласць, карпатліва працаваў над складаннем слоўніка беларускай мовы, марыў пра выданне граматыкі. Станаўленню роднай мовы спрыяў і выхад у свет слоўнікаў I. Насовіча, М. Гарбачэўскага, а таксама творы публіцыстычнага характару, найперш беларуская нелегальная газета «Мужыцкая праўда» К. Каліноўскага. Патрэбна, аднак, заўважыць, што на мове кожнага дзеяча нашага адраджэння таго часу адбіўся ўплыў польскай і рускай моў. Не далі жаданых вынікаў і спробы П.Шпілеўскага і К. Нядзвецкага стварыць граматыку і правапіс беларускай мовы (іх распрацоўкі не былі апублікаваны). У сувязі з гэтым, нягледзечы на плённую дзейнасць пісьменнікаў ХІХ ст., некаторыя даследчыкі адзначаюць, што літаратурная мова ў ХІХ ст. яшчэ не склалася, паколькі не былі дадзены ўзоры пісьмовай мовы. Тым не менш, Л. М. Шакун лічыць, што «літаратурная мова пачынаецца тады, калі пачынаецца асэнсаваны адбор з дыялектаў менавіта тых сродкаў, якія павінны служыць агульналітаратурным задачам». У пачатку XX ст. нацыянальна-вызваленчы рух на ўскраінах імперыі прымусіў царскі ўрад пайсці на некаторыя ўступкі ў нацыянальным пытанні. У 1905 годзе ўступае ў дзеянне закон аб свабодзе друку, пасля якога ажыўляецца літаратурнае жыццё, шырока разгортваецца кнігавыдавецкая справа. Заснаванае ў 1906 годзе ў Пецярбургу беларускае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» друкуе творы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я.Купалы і іншых аўтараў, пачынае выпускаць першыя падручнікі па роднай мове. Сярод апошніх «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К. Каганца (1906 г.), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі (1906г.), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа (1910 г.). Пазней з’яўляюцца выдавецкія таварыствы ў Вільні, Мінску і іншых гарадах. 3 1906 года ў Вільні пачынае выходзіць першая беларуская легальная газета «Наша доля», а пасля яе забароны – «Наша ніва». Акрамя таго, выдаюцца іншыя газеты, часопісы, літаратурна-навуковыя штомесячнікі. Гэтыя выданні адыгралі вялікую ролю ў нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы, паколькі вакол іх групуюцца асноўныя сілы беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Для станаўлення пэўных моўных нормаў шмат зрабілі вядомыя беларускія пісьменнікі Янка Журба, Уладзіслаў Галубок, Карусь Каганец, Гальяш Леўчык, Цётка, Цішка Гартны, Ядвігін Ш., Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Канстанцыя Буйло, Сяргей Палуян і інш. Значны крок у развіцці не толькі беларускай літаратуры, але і беларускай літаратурнай мовы быў зроблены волатамі, класікамі беларускай літаратуры Я. Купалам, Я. Коласам, М. Багдановічам і некаторымі іншымі. Яны надалі народнаму слову выключную выразнасць і самабытнасць, хоць беларуская літаратурная мова па-ранейшаму заставалася неўнармаванай, развівалася галоўным чынам у жанрах мастацкай літаратуры. Новы этап у развіцці і станаўленні беларускай літаратурнай мовы пачынаецца, па сутнасці, з абвяшчэння незалежнасці Беларусі. 31 ліпеня 1920 года была прынята адпаведная «Дэкларацыя», якая забяспечыла беларускай мове статус дзяржаўнай. 3 гэтага часу значна пашыраецца сфера ўжывання роднай мовы. Тым больш што 15 ліпеня 1924 года прымаецца пастанова «Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі». У адпаведнасці з названай пастановай на беларускую мову пераводзіцца дзяржаўнае і судовае справаводства, навучанне ў школах, тэхнікумах, вучылішчах і ВНУ. На беларускай мове друкуецца шмат газет і часопісаў, выдаюцца творы мастацкай літаратуры, ствараецца навуковая літаратура і г. д. Гэта патрабавала неадкладнай ліквідацыі разнабою ў вымаўленні і напісанні пэўных формаў, выкарыстанні лексічных сродкаў. Таму пачынаецца работа па выпрацоўцы і замацаванні стабільных правілаў арфаграфіі і граматыкі. Першыя спробы такога характару былі зроблены ў 1918 годзе, калі адразу выходзяць пяць граматык беларускай мовы. Сярод іх найбольш дасканалай і аўтарытэтнай была «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча. На яе аснове ствараліся і іншыя падручнікі, але канчаткова вырашыць праблему нармалізацыі беларускай мовы не ўдалося. У 20-я гады разгортваецца шырокая дыскусія па гэтых пытаннях. У лістападзе 1926 года праходзіць Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Матэрыялы канферэнцыі апрацоўваюцца спецыяльнай камісіяй, і ў 1933 годзе выдаецца «Праект спрашчэння беларускага правапісу». На яго аснове Саўнаркамам прымаецца пастанова «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу». Так упершыню ў гісторыі беларускай мовы юрыдычна зама-цоўваюцца абавязковыя для ўсіх нормы беларускага правапісу і граматыкі. У 20-я гады вядзецца вельмі актыўная работа па выпрацоўцы беларускай тэрміналогіі. Навукова-тэрміналагічная камісія, якая была створана ў 1921 годзе, да 1930 года падрыхтавала і апублікавала 24 слоўнікі тэрмінаў па граматыцы, логіцы, арыфметыцы, алгебры, геаметрыі, батаніцы, геаграфіі, псіхалогіі, іншых навуковых дысцыплінах. Выхад такіх слоўнікаў, нягледзячы на некаторыя недахопы, узбагаціў родную мову. Такім чынам, намаганнямі лепшых прадстаўнікоў літаратуры, навукі і культуры беларуская літаратурная мова к 30-м гадам XX ст. дасягнула высокага ўзроўню развіцця. Але ўжо з канца 30-х гадоў па розных суб’ектыўных і аб’ектыўных прычынах сфера выкарыстання беларускай мовы паступова пачынае звужацца. Па сутнасці, складваецца становішча вымушанага двухмоўя, прычым у афцыйным ужытку фактычна замацоўваецца толькі руская мова, рэзка скарачаецца колькасць беларускамоўных школ. У прыватнасці, у 1929/30 навучальным годзе прыкладна 90 % школ былі беларускімі, а праз 10 гадоў амаль усе гарадскія школы сталі змешанымі беларуска-рускімі. Узмацненню русіфкацыі навучальных устаноў садзейнічала пастанова СНК і ЦК УКП(б) ад 13 сакавіка 1938 г. «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». Тым не менш, беларуская мова, як правіла, ужываецца ў сферы адукацыі, мастацкай культуры, у галіне гуманітарнай навукі. У такіх абставінах працягваецца праца па ўпарадкаванні правапісу беларускай мовы. У1957 годзе Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу». Паводле гэтай пастановы ў звод правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыіі, арфаграфічныя слоўнікі, граматыкі, розныя даведнікі і лексіка-графічныя дапаможнікі былі ўнесены адпаведныя змены. Нягледзячы на вялікія цяжкасці, у пасляваенныя гады актывізуецца навуковае даследаванне беларускай літаратурнай і дыялектнай мовы. 3 друку выходзяць шматлікія вучэбныя дапаможнікі, розныя слоўнікі, манаграфіі, публікуюцца артыкулы па разнастайных праблемах нацыянальнага мовазнаўства. Акрамя філалагічнай навукі, захавальнікамі нацыянальнай кугьтуры, роднай мовы заставаліся мастацкая літаратура, у пэўнай ступені публіцыстыка, радыё, тэлебачанне, тэатр, кіно. Так, на старонках некаторых перыядычных выданняў, у творах шырокавядомых майстроў слова Я. Коласа, У. Дубоўкі, М.Лужаніна, П. Глебкі, К. Крапівы, М. Танка, I. Мележа, У. Караткевіча, П. Панчанкі, Я. Брыля, В. Быкава, Н. Гілевіча прадстаўлена самабытная, непаўторная, мілагучная беларуская мова. Значная цікавасць да гісторыі, культурыі мовы абуджаецца з канца 80-х - пачатку 90-х гг. Рэспубліка Беларусь становіцца незалежнай, суверэннай дзяржавай. 26 студзеня 1990 года Вярхоўным Саветам прымаецца закон «Аб мовах у Беларускай ССР», паводле якога беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі. Была распрацавана дзяржаўная праграма рэалізацыі гэтага закона. Першыя мерапрыемствы, якія ажыццяўляліся ў межах выканання закона, сведчылі пра тое, што, па сутнасці, пачынаецца новы этап адраджэння беларускага слова, новы этап у развіцці і ўзбагачэнні беларускай мовы і беларускай культуры ў цэлым. Такі ўздым нацыянальнага адраджэння запаволіўся пасля рэспубліканскага рэферэндуму 1995 года. Руская мова побач з беларускай набыла статус дзяржаўнай і стала дамінаваць у афіцыйным ужытку. Сфера прымянення беларускай літаратурнай мовы па-ранейшаму застаецца не вельмі шырокай. 5. Прыняцце закона «Аб мовах...» (26 студзеня 1990 г.) і ўнясенне адпаведных дапаўненняў у Канстытуцыю рэспублікі чарговы раз падкрэслілі дзяржаўны статус беларускай мовы. Ідэя стварэння закона нарадзілася невыпадкова. Яна абумоўлена тым, што звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ў апошнія дзесяцігоддзі ХХ ст. паставіла пад пагрозу само яе існаванне. Такая сітуацыя, безумоўна, выклікала занепакоенасць грамадскасці, натуральнае імкненне да сама-сцвярджэння. Гэта своеасаблівая праява духоўнага жыцця народа, рух грамадства да нацыянальнага адраджэння. У прэамбуле закона так і сказана: «Мова - не толькі сродак зносін, а і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова - жыве народ». Для распрацоўкі закона была створана камісія, у склад якой уваходзіла 49 дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў краіны, пісьменнікі, вучоныя, работнікі іншых сфер грамадскага жыцця. Створаны праект шырока абмяркоўваўся на старонках газет і часопісаў, на радыё і тэлебачанні, у розных працоўных калектывах. Закон «Аб мовах у Беларускай ССР» пачынаецца з прэамбулы і ўключае шэсць раздзелаў, у якіх змешчана трыццаць шэсць артыкулаў. У трыццаці шасці артыкулах закона прадугледжваецца максімальнае пашырэнне беларускай мовы на ўсе сферы жыццядзейнасці краіны. Артыкулы рэгулююць моўныя працэсы ў грамадска-дзяржаўным жыцці рэспублікі, вызначаюць правы грамадзян і акрэсліваюць абавязкі службовых асоб у выкарыстанні мовы. Тэрміны рэалізацыі закона «Аб мовах...» вызначаны пастановай Вярхоўнага Савета ад 26 студзеня 1990 года. У адпаведнасці з гэтай пастановай закон уводзіцца ў дзеянне з 1 верасня 1990 года, рэалізуецца на працягу 3-х - 10-ці гадоў. Згодна з пастановай урадам распрацавана «Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР». Зацверджана праграма 20 верасня 1990 года. Яна прадугледжвае правядзенне цэлага комплексу мерапрыемстваў, якія будуць садзейнічаць выкананню закона. Аднак пасля 1995 года выкананне закона спыняецца.
лекции
подробнее Вложенные файлы 1

Лекцыі для студэнтаў 1 курса ІІА (ТСА) па прадмеце «Сучасная беларуская мова»

22-02-2021 Публикации
Лекцыі для студэнтаў 1 курса ІІА (ТСА) па прадмеце «Сучасная беларуская мова» Графіка. 1. Графіка як раздзел мовазнаўства 2. Пісьмо, віды пісьма. 3. Нялітарныя графічныя сродкі беларускага пісьма. 1. Графіка – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма суадносін паміж літарамі і гукамі, сукупнасць усіх сродкаў перадачы вуснай мовы на пісьме, напісанне літар і іншых графічных сродкаў. Беларуская графіка заснавана на двух прынцыпах – гукавым (калі літара абазначае толькі адзін гук) і складовым (калі літара як графічны знак можа абазначаць два гукі, а таксама выконваць дадатковую, акрамя абазначэння гука, функцыю). Графіка, як і алфавіт, а таксама арфаграфія, з’яўляецца асноўнай часткай фанаграфічнага пісьма. 2. Пісьмо – форма фіксацыі вуснай мовы. Яно мае доўгую гісторыю ўзнікнення. Самы старажытны від пісьма – піктаграфія. Другі від – пісьмо ідэаграфічнае. Трэці від пісьма – складовае, сілабічнае. Самы дасканалы від – фанаграфічнае, або літарна- гукавое. Гук – гэта элемент вуснай мовы. Літара – гэта графічны знак у складзе алфавіта, якая на пісьме абазначае адзін ці некалькі гукаў. У сучаснай беларускай мове 45 гукаў, якія на пісьме абазначаюцца 32 літарамі: 10 галоснымі, 21 зычнай. Функцыі літар е, ё, ю, я, і: пасля зычных – абазначэнне аднаго гука, у астатніх выпадках – абазначэнне двух гукаў: зычнага й і адпаведнага галоснага. У першым выпадку яны служаць таксама і для абазначэння мяккасці зычных на пісьме. Беларускі алфавіт. 3. Нялітарныя графічныя сродкі: апостраф, злучок, пунктуацыйныя знакі, знак націску, знак параграфа. Гісторыя фарміравання беларускай графікі доўгая. У аснове графікі ляжыць кірыліца – аснова графікі ўсходнеславянскіх моў. Фарміраванне графічнай сістэмы беларускай мовы адбывалася і пазней, асабліва ў XV – XVI стст. Вялікую ролю ў гэтым адыграў друкаваны шрыфт беларускага першадрукара Ф.Скарыны, а таксама ўвядзенне грамадзянскага шрыфту (1708 г.). Мела месца паралельнае выкарыстанне ў кнігадрукаванні XIX – пачатку XX стст. кірыліцы і лацінкі. Існавала на Беларусі і арабскае пісьмо. Істотнымі былі і змены ў беларускай графіцы ў 20 – 70 гадах XX ст. Лексікалогія 1. Лексікалогія як раздзел мовазнаўства. 2. Слова як адзінка мовы, яго лексічнае і граматычнае значэнні. 3. Мнагазначнасць слова. Прамое і пераноснае значэнні слова. 4 Амонімы. Паронімы. Сінонімы. Антонімы. 5. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання. 6. Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання. 7. Актыўная і пасіўная лексіка. 1. Усе словы беларускай мовы ўтвараюць яе лексічны склад – лексіку. Тэрмінам «лексіка» называюць таксама сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці пісьменніка (лексіка Я. Коласа, У. Караткевіча і інш.), у пэўнай мясцовай гаворцы (дыялектная лексіка), у якой-небудзь сферы дзейнасці (прафесійная лекіка) і г. д. Менавіта ў лексіцы адлюстраваны змены, якія адбываюцца ў палітычным і культурным жыцці грамадства, здабыткі ў галіне навукі, тэхнікі і вытворчасці. Вывучэнне лексікі роднай мовы ўзбагачае слоўнікавы запас чалавека, павышае культуру яго вуснай і пісьмовай мовы, пашырае веды пра навакольную рэчаіснасць. Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца лексічны склад мовы, называецца лексікалогіяй. У задачу лексікалогіі ўваходзіць таксама вывучэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятленне сувязі значэння слова з паняццем, выдзяленне розных тыпаў значэння слова. Лексікалогія даследуе шляхі развіцця і папаўнення слоўнікавага складу, вызначае сферы ўжывання слоў. 2. Слова — гэта асноўная адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і служыць сродкам моўных зносін. Слова мае шэраг асаблівасцей: аднаўляльнасць, устойлівасць, ізаляванасць. Ужываючы ў сваім маўленні словы, мы не ўтвараем іх кожны раз, а выкарыстоўваем як гатовыя, вядомыя нам адзінкі мовы, г. зн. Аднаўляем. Устойлівасць слова выражаецца ўстойлівасцю яго гукавога складу, марфемнай будовы і значэння. Паколькі слова з’яўляецца назвай пэўнага аб’екта рэчаіснасці і носьбітам цэласнага значэння, яно можа быць вычленена з кантэксту. У гэтым праяўляецца яго ізаляванасць. Слова ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняу. Граматычнае значэнне ўласціва цэламу класу слоў. Яно праяуляецца ў граматычных катэгорыях роду, ліку, склону, трывання, часу, ладу і інш. Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны, рэальны змест слова. У залежнасці ад таго, можна ці не вызначыць характэрную рысу, спецыфічную прымету, якая была пакладзена ў аснову назвы, выдзяляюць матываваныя і нематываваныя назвы. Для нематываваных назваў нельга вызначыць, на аснове якіх рыс, прымет яны ўзніклі, нельга растлумачыць іх з дапамогай іншых слоў. Нематываванымі звычайна бываюць словы з невытворнай асновай: стэп, луг, нос, год і пад. Аднак трэба памятаць, што калі перад вамі слова мнагазначнае, то у ім матывацыя мае зусім іншы характар і не залежыць ад марфемнага складу слова. Так, у слове ‘дуб’ першае значэнне (‘буйное лісцевае дрэва з моцнай драўнінай’) нематываванае, а іншыя значэнні (‘драўніна гэтага дрэва’, ‘высокі моцны чалавек’) павінны кваліфікавацца як матываваныя (матывуюцца першым, зыходным значэннем). Словы з вытворнай асновай – матываваныя. Можна лёгка вызначыць, на аснове якой прыметы яны ўзніклі, і матывуюцца, тлумачацца яны з дапамогай іншых слоў: буслянка – ад слова бусел, падбярозавік – ад бяроза, дзялянка – ад дзяліць і инш.. Выкарыстанне назвы з тым значэннем, якое за ёю замацавалася ў працэсе развіцця мовы, – галоўнае правіла словаўжывання. Ніколі нельга карыстацца словам, калі сэнс яго дакладна невядомы. Трэба высветліць значэнне слова ў тлумачальным слоўніку і толькі тады ўжываць яго вусна або на пісьме. Адрозніваюць два асноўныя тыпы лексічных значэнняў слова: прамое і пераноснае. Прамое значэнне – гэта першаснае, зыходнае значэнне слова, якое непасрэдна паказвае на прадмет, дзеянне, якасць і замацавалася за ім як асноўнае. Пераносным называецца такое значэнне, якое развіваецца ў выніку пераносу назвы з аднаго прадмета, дзеяння, з’явы, працэсу на іншыя, чым-небудзь падобныя. Такое значэнне слова набывае пры свядомым вобразным яго ўжыванні, напрыклад: усміхацца – 1) выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь паспявае адказваць (А.Васілевіч); 2) перан. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак... (П.Панчанка). У мове твораў мастацкай літаратуры ўжыванне слоў з пераносным значэннем – яркі сродак стварэння вобразнасці і маляўнічасці апавядання. 3. Словы, якія маюць толькі адно значэнне, называюцца адназначнымі Адназначныя словы заўсёды маюць толькі прамыя значэнні. Здольнасць слова ўжывацца з некалькімі значэннямі называецца мнагазначнасцю, або полісеміяй. Вылучаюцца наступныя спосабы пераносу значэнняў: на аснове метафары, метаніміі і сінекдахі. Метафарычныя значэнні ўзнікаюць у слове ў выніку пераносу назвы аднаго прадмета ці з’явы на другі прадмет ці з’яву на аснове падабенства формы (напр., слова ‘конь’: жывёла; шахматная фігура; гімнастычны снарад), колеру (белыя палотны і белыя ночы), функцыі (слова сдворнік ': 1) работнік, які падтрымлівае чысціню і парадак на двары і на вуліцы каля дома і 2) прыстасаванне ў выглядзе стрэлкі, якое служыць для ачышчэння ветравога шкла аўтамашыны ад снегу, вільгаці, пылу). Метанімічныя значэнні ўзнікаюць у словах на аснове пераносу назваў адных прадметаў ці з’яў на другія, калі асацыяцыі, аналогіі ўзнікаюць па сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці. Сумежнасць можа быць такой: 1) матэрыял і вырабы з яго (ваза са шкла – шкло зараз не ў модзе); 2) ёмістасць і рэчыва, якое ўтрымліваецца ў гэтай ёмістасці (купіць міску – з'есці міску баршчу, тут ‘пасудзіна’ і ‘колькасць стравы’); 3) працэс і вынік гэтага працэсу (праводзіць дыктант – раздаць дыктанты); 4) памяшканне, установа, прадпрыемства і людзі, якія ў ім знаходзяцца, працуюць (напр., светлая аўдыторыя – аўдыторыя слухала ўважліва, новы завод – заводы бастуюць); 5) выкарыстанне прозвішчаў пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў і г. д. для абазначэння іх твораў (творы Багдановіча – перачытваю Багдановіча); 6) прадмет, уласцівасць і той, хто валодае гэтай уласцівасцю (ён меў прыгожы тэнар – выступае тэнар). Сінекдаха – замена назвы цэлага назвай асобнай яго часткі або наадварот. Нярэдка сінекдаха разглядаецца як від метаніміі. Выдзяляюцца дзве разнавіднасці сінекдахі: 1) называнне замест цэлага часткі, якая ў пэўнай сітуацыі мае сэнс цэлага: У сям 'і з'явіўся лішні рот. Ён у іх за галаву; 2) ужыванне аднаго ліку замест другога: У маі 1945 года немец быў канчаткова разгромлены. Ем вішню і пад. 4. Амонімы – словы, якія аднолькава гучаць і пішуцца, але маюць зусім розныя, не звязаныя паміж сабой значэнні. Напр.: тур (‘першабытны дзікі бык’ і ‘перыяд, этап гульні, спаборніцтва’), гасцінец (‘шырокая, бойкая дарога, шлях’ і ‘рэч, ласунак, які госць падносіць як падарунак’), лама (‘будыйскі манах-свяшчэннік у Тыбеце’ і ‘ўючная паўднёваамерыканская жывёліна сямейства вярблюдаў’), бот (‘абутак з высокімі халявамі’ і ‘невялікае вёсельнае, паруснае або маторнае судна’) і інш. Амонімы складаюць значны пласт лексікі (іх каля 4000). Шляхі ўзнікнення амонімаў: 1. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку гукавога супадзення этымалагічна розных беларускіх (уласнабеларускіх або агульнаславянскіх) слоў. Напр.: абора ‘вяровачка для лапцей’ і абора ‘вялікае памяшканне для жывёлы; кароўнік’; ласка ‘выражэнне пяшчоты’ і ласка ‘невялікая драпежная жывёліна сямейства куніцавых’; слаць ‘адпраўляць, пасылаць’ і слаць ‘рассцілаць, засцілаць’ і інш. 2. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення спрадвечна беларускіх і запазычаных слоў. Напр.: бел. Байка ‘кароткі літаратурны твор’ і галанд. Байка ‘мяккая баваўняная тканіна’; бел. Бор ‘стары сасновы лес’, лац. Бор ‘хімічны элемент’, нямец. Бор ‘свярло для лячэння зубоў’; бел. Лава ‘прадмет сялянскай мэблі’, іт. Лава ‘вулканічная маса’, польс. Лава ‘баявы парадак конніцы’ і інш. 3. Амонімы, якія ўтварыліся ў выніку выпадковага супадзення запазычаных слоў з розных моў. Напр.: грэч. Грыф ‘драпежная птушка’, нямец. Грыф ‘дэталь струннага музычнага інструмента’, франц. Грыф ‘штэмпельны адбітак чыйго-небудзь подпісу’ і пад. 4. Амонімы, запазычаныя з якой-небудзь адной мовы. Напр.: фр. Міна ‘выбуховы снарад’ і ‘выраз твару’; англ. Танк ‘баявая бронемашына на гусенічным хаду’ і ‘спецыяльны бак для захоўвання і транспарціроўкі вадкасцей’ і инш.. Ад лексічных амонімаў трэба адрозніваць наступныя групы слоў, сумежныя з амонімамі: 1) амафоны – словы, якія аднолькава гучаць, але пішуцца па-рознаму (напр.: род і рот, код і кот, грыб і грып, казка і каска і пад.). Да амафонаў павінны быць аднесены і такія апазіцыі слоў, як вера ‘ўпэўненасць у чым-небудзь’ і Вера ‘ўласнае імя’, раман ‘жанр літаратурнага твора’ і Раман ‘уласнае імя’ і г. д.; 2) амаформы – словы, якія супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх граматычных формах. Такое супадзенне можа адбывацца ў межах як адной, так і розных часцін мовы: соты (васкавыя ячэйкі) і соты (парадкавы лічэбнік); румяны (касметычная фарба) і румяны (ярка-чырвоны, ружовы); люты (злы, крыважэрны) і люты (другі месяц каляндарнага года) і інш.; амографы – словы, якія аднолькава пішуцца, але ў вымаўленні адрозніваюцца пастаноўкай націску (напр.: атлас - атлас, вяла – вяла, капаць - капаць, кара - кара, пара - пара і інш.). Яркія прыклады амографаў знаходзім у «Каламбурах» Ніла Гілевіча: Барсукі ў глыб нары, баючыся кары, Нацягалі шмат кары і зрабілі нары. Там жа: Што ні хвіля, ні гадзіна – лезе з скуры гадзіна. Увесь век яму гадзіла, А ён кажа: гадзіла! Амонімы трэба адрозніваць ад мнагазначных слоў. Калі мнагазначнае слова, нягледзячы на рознасць сваіх значэнняў, захоўвае іх адзінства, то амонімы такой сэнсавай сувязі не маюць, значэнні іх зусім розныя. У тлумачальных слоўніках кожны амонім падаецца асобным слоўнікавым артыкулам і пазначаецца надрадковай арабскай лічбай: бабка1, бабка2, бабт3... і г. д., а ўсе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным артыкуле. Сінонімы – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне (напр.: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г. д.). Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне. Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне. У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя. Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш. Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя семы ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае. Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. Бнрйешіа – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напр., замест спазняецца гавораць затрымліваецца. Антонімы – словы адной часціны мовы, якія маюць палярна супрацьлеглыя значэнні: верх – ніз, белы – чорны, вясёлы – сумны, звонка – глуха, увайсці – выйсці, усход – захад, экспарт – імпарт, вясна – восень і інш. Антанімічная група складаецца толькі з двух слоў. Не маюць антонімаў, як правіла, уласныя назоўнікі і назоўнікі з канкрэтным значэннем, лічэбнікі і большасць займеннікаў. Антонімы могуць абазначаць прасторавыя і часавыя паняцці (неба – зямля, верх – ніз, дзень – ноч, лета – зіма, поўдзень – поўнач, пачатак – заканчэнне, імгненне – вечнасць і інш.); пачуцці, эмоцыі, настрой, стан чалавека (шчаслівы – няшчасны, п ’яны – цвярозы, любоў – нянавісць, актыўнасць – пасіўнасць, весялосць – паныласць, смеласць – баязлівасць, удача – няўдача, упэўненасць – няўпэўненасць і інш.); стан прыроды (світанне – змярканне, мароз – спёка, усход – захад, шторм – штыль і інш.); якасць і ацэнку (трывалы – нетрывалы, моцны – слабы, якасны – няякасны, высакародны – подлы, станоўчы – адмоўны і інш.). Па структуры антонімы падзяляюцца на рознакаранёвыя і аднакаранёвыя. У рознакаранёвых (лексічных) антонімах супрацьлегласць выражаецца рознымі каранямі ці асновамі: добры – злы, жыццё – смерць, доўгі – кароткі, вайна – мір, паміраць – нараджацца, лёгка – цяжка, аналіз – сінтэз і інш. У аднакаранёвых (граматычных) антонімах супрацьлегласць узнікае пры дапамозе антанімічных прыставак: фашызм – антыфашызм, гармонія – дысгармонія, праўда – няпраўда, увезці – вывезці, адчыніць – зачыніць, упісаць – выпісаць і інш. Паронімы – гэта аднакаранёвыя словы, блізкія, але не тоесныя сваім гучаннем і напісаннем і розныя па значэнні. Напр.: чарнець ‘станавіцца чорным, чарнейшым’ і чарніць ‘рабіць што-небудзь чорным, чарнейшым’; карыслівы ‘прагны да нажывы, карысталюбівы’ і карысны ‘які прыносіць карысць’; адрасат ‘той, каму адрасавана паштовае адпраўленне’ і адрасант ‘той, хто пасылае паштовае адпраўленне; адпраўнік’; абагуліць ‘зрабіць асабістае, уласнае калектыўным, грамадскім’ і абагульніць ‘знаходзіць агульнае ў розных думках, фактах, выказваннях і на падставе гэтага рабіць вывад’; дыпламат ‘службовая асоба, упаўнаважаная ўрадам для зносін, перагавораў з замежнымі дзяржавамі’ і дыпламант ‘удзельнік конкурсу, агляду і пад., узнагароджаны дыпломам’ і інш. Паранімічныя групы складваюцца рознымі шляхамі. Важнейшымі з іх з’яўляюцца: марфалагічны спосаб словаўтварэння (бялець і бяліць, крыўдлівы і крыўдны, літарны і літаральны і інш.); змяненне семантыкі (дрэўка і дрэўца, вянец і вянок, стралец і стралок і інш.); запазычанне іншамоўных слоў (абанент і абанемент, статут і статус, эканомія і эканоміка, сталактыт і сталагміт і інш.).
лекции
подробнее Вложенные файлы 1