Граматычныя ўмовы ўзмоцненага адасаблення
Адасабленнем, як вядома, лічыцца сэнсава-граматычнае і інтанацыйнае выдзяленне даданых членаў у сказе. Адасобленыя члены на пісьме аддзяляюцца ці выдзяляюцца ў сказе з дапамогай коскі: Галлё спусціўшы над парканам, расла тут грушка з тонкім станам (Я. Колас); Паветра, напоенае пахамі хвоі, навісла сіняватай смугой (М. Лынькоў). Адасабленне можа мець узмоцнены характар, і тады пры вымаўленні перад адасобленымі членамі (і пасля іх, калі адасобленыя члены размешчаны ў сярэдзіне сказа) робіцца больш працяглая паўза, а самі адасобленыя члены вымаўляюцца з узмоцненай інтанацыяй і на пісьме аддзяляюцца ці выдзяляюцца з дапамогай працяжніка: Зімовай ноччу – зорнай, белай – ніяк заснуць я не магу (М. Машара); Сонца – у здзіўленні – ціха з-за таполі жоўты сноп прамення кінула на поле (А. Вялюгін).

RSS





















