Бурак І.Л.
Пабочныя канструкцыі як функцыянальныя аналагі злучнікаў у сучаснай беларускай літаратурнай мове
У сучаснай беларускай мове ідзе няспынны працэс развіцця і ўдасканалення сістэмы фармальных сродкаў сувязі: з аднаго боку, утвараюцца новыя злучнікі, а з другога – некаторыя часціны мовы (часціцы, мадальныя словы, прыслоўі) і асобныя канструктыўныя кампаненты сказа, што па сваіх уласцівасцях збліжаюцца са злучнікамі, пачынаюць выконваць іх функцыі ў сказе і тэксце. Да такіх кампанентаў адносяцца пабочныя канструкцыі, якія, як і злучнікі, не з’яўляюцца членамі сказа, не ўступаюць у сінтаксічныя сувязі з асобнымі словамі-членамі сказа, а, далучаючыся да ўсяго сказа ў цэлым, суадносяць змест другой часткі ва ўсім аб’ёме са зместам першай часткі [3], г.зн. выступаюць у якасці своеасаблівага сродку сувязі паміж імі. Пабочныя канструкцыі часцей за ўсё выкарыстоўваюцца для афармлення сэнсава-граматычных адносін пры далучальнай сувязі, ускладняючы іх рознымі адценнямі.

RSS





















