30 лістапада 2018 года, № 15 (1219)
ПЕРАЙМАЕМ ВОПЫТ STEM, КАБ ВУЧЫЦЦА БЕЗ ПРАБЛЕМ
Арыентуючыся на інавацыйнасць і міждысцыплінарнасць адукацыі ў сучасным свеце, многія прагрэсіўныя педагогі звяртаюцца да STEM-адукацыi. Запатрабаванасць адпаведных дысцыплін (прыродазнаўчыя навукі, матэматыка, інжынерыя) у іх узаемасувязі і прыкладным аспекце штодня ўзрастае, а значыць, такі зварот выглядае больш чым апраўданым. І, безумоўна, вітаецца імкненне паглыбіць свае веды ў гэтай сферы. Выкладчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі БДПУ Аляксандр Аляксандравіч ФРАНЦКЕВІЧ скарыстаўся магчымасцю прайсці адпаведную стажыроўку ў ЗША. Яго назіранні і высновы, упэўнены, будуць карысны многім зацікаўленым асобам.
— Раней, калі я пісаў дыпломную і магістарскую работы, ды і зараз, падчас працы над кандыдацкай дысертацыяй, інфармацыя пра STEM-адукацыю была і застаецца даволі скупой. Таму, калі даведаўся пра магчымасць прайсці стажыроўку ў ЗША дзякуючы USAID Belarus «Community connections», сабраў усе неабходныя дакументы і паспяхова прайшоў конкурсны адбор. Думаю, мая кандыдатура была ўхвалена таму, што я займаюся распрацоўкай вучэбных праграм факультатыўных заняткаў па праграмаванні і робататэхніцы для вучняў 4—9 класаў сярэдняй школы.
У штат Нью-Ёрк з Беларусі паляцела група ў складзе 10 чалавек. У гарадах Рочэстар і Нью-Ёрк для нас быў запланаваны шэраг мерапрыемстваў. У адзін дзень мы маглі пабываць адразу ў некалькіх установах адукацыі і параўнаць адны і тыя ж класы прыватнай і дзяржаўнай школ, даведацца пра іх дасягненні і праблемы. Безумоўна, у прыватных цяжкасцей менш. Але не таму, што бюджэт большы, а таму, што тут вучацца матываваныя дзеці, якіх стымулюе прынцып «чым лепшыя адзнакі — тым меншая аплата». Бюджэт дзяржаўнай школы, як ні дзіўна, наўпрост залежыць ад таго, у якім раёне горада размешчана ўстанова адукацыі, бо фарміруецца ён з падатку на нерухомасць. Калі вакол шмат катэджаў, то падатак вышэйшы. Тады ў школу паступае больш грошай, і яна можа дазволіць сабе больш дарагога настаўніка… У раёнах са шматпавярховай забудовай, як разумееце, усё адбываецца з дакладнасцю да наадварот. Аднак у дзяржаўных школах ёсць адзін велізарны плюс — наяўнасць праграмы дадатковага навучання. Яно нагадвае нашу сярэднюю спецыяльную адукацыю. Так, мы сталі сведкамі, як у адной са школ вучні здавалі прафесійныя тэсты CISCO па сістэмным адміністраванні. Паспяховае праходжанне дазволіць ім атрымаць кваліфікацыю і першае ў жыцці працоўнае месца. І тут усё залежыць ад мэтанакіраванасці вучняў і разумення бацькоў, бо апошнія рэдка могуць дазволіць сваім дзецям 12-гадовы тэрмін навучання ў школе: трэба працаваць і дапамагаць сям’і. Таму ў дзяржаўных школах толькі 40 % выпускнікоў атрымліваюць пасведчанне аб адукацыі, а 60 % пакідаюць яе без адпаведнага дакумента. Дарэчы, у прыватных установах працэнт тых, хто атрымлівае атэстат, набліжаецца да 100.
Многія праблемы амерыканскай сістэмы адукацыі падобныя да нашых. Толькі бюджэты розныя. Але і ў ЗША грошы ў школу не падаюць з неба. Мы прысутнічалі на ўроку педагога, якая з’яўляецца прыхільніцай STEM-адукацыі. Для таго каб закупіць для класа неабходнае абсталяванне, яна падала заяўкі на ўдзел у 15 конкурсах і ў выніку атрымала адзін грант на 15 тыс. долараў. Вось такі прыклад славутага чалавечага фактару ў дзеянні.
Безумоўна, настаўнік — краевугольны камень адукацыі. Але ў дачыненні да STEM-ініцыятыў, па словах аднаго з куратараў нашай стажыроўкі, педагогі старой фармацыі не вельмі жадаюць перабудоўвацца, вывучаць і ўкараняць новыя тэхналогіі. Таму амерыканцы пры рэалізацыі новых праграм робяць стаўку на студэнтаў старшых курсаў і маладых выкладчыкаў. Я не па чутках знаёмы з блізкай сітуацыяй, якая склалася ў свой час у Беларусі падчас укаранення мовы праграмавання SCRATCH. Яе выкарыстанне ў школах краіны ініцыявалі Міністэрства адукацыі і адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій. Было арганізавана навучанне настаўнікаў, абраны школы для ўкаранення. Аднак не ўсе педагогі і ўстановы адукацыі справіліся з задачай паспяхова. Тым не менш, да гонару беларускай педагагічнай грамадскасці, іншыя школы і настаўнікі, якія не ўдзельнічалі ў эксперыменце, атрымалі імпульс да ўжывання мовы SCRATCH і напоўніцу ўвялі яе ў навучальны працэс.
Дарэчы, у якую амерыканскую школу, што культывуе STEM-ініцыятывы, мы б ні завіталі, нам усюды паведамлялі пра супрацоўніцтва з пэўным універсітэтам. У ЗША ўстанова вышэйшай адукацыі з’яўляецца галоўным правайдарам STEM-тэхналогій. Выкладчыкі ўніверсітэтаў навучаюць настаўнікаў, курыруюць праграму, укараняюць ініцыятывы. Формы супрацоўніцтва розныя. Але часцей за ўсё прадстаўнік установы вышэйшай адукацыі сам прыходзіць у школу і працуе з настаўнікам і яго класам. Такая амерыканская рэальнасць нагадала мне нашу практыку. Шмат кафедраў БДПУ праз свае філіялы падтрымліваюць трывалыя сувязі са школамі і гімназіямі. Асабіста я — кіраўнік філіяла кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі ў гімназіі № 20 г. Мінска. Мы з калегамі супрацоўнічаем не толькі падчас педагагічных практык. Настаўнікі наведваюць універсітэцкія канферэнцыі, выкладчыкі БДПУ праводзяць заняткі па інфарматыцы з дзецьмі, а вучні, у сваю чаргу, займаюцца са студэнтамі сумеснай навуковай дзейнасцю. У такім жа ключы ўзаемадзейнічаюць і іншыя кафедры фізіка-матэматычнага факультэта. Так што, мне здаецца, калі б замежныя дэлегацыі наведалі беларускія школы або гімназіі, то не раз пачулі б пра тое, як ім дапамагае педагагічны ўніверсітэт. Акрамя таго, студэнты БДПУ ў якасці валанцёраў наведваюць школы, дзе распавядаюць пра навукова-даследчыя лабараторыі, у якіх прымаюць удзел. Напрыклад, СНДЛ «8 біт», кіраўніком якой з’яўляецца старшы выкладчык нашай кафедры С. Л. Глухарова, арганізуе на базе гімназіі пазнавальныя заняткі з серыі «Гэта цікава». Усе яны звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі і інфарматыкай. Мы не стаім на месцы. Таму, аналізуючы ўбачанае ў ЗША, я разумею, што шмат у чым нашы падыходы падобныя, што многія рэчы мы робім аналагічна, што мы — педагогі Беларусі і ЗША — знаходзімся ў самым пачатку STEM-шляху.
Было ў Амерыцы і тое, што падалося мне незвычайным. Напрыклад, павышэнне кваліфікацыі настаўнікаў адбываецца без адрыву ад вытворчасці. Наведваць курсы можна толькі пасля заканчэння працоўнага дня і па ўзгадненні з адміністрацыяй. Парадаваўся за калег з прычыны таго, што выкладчык у ЗША мае права праводзіць заняткі са студэнтамі, дзе палічыць патрэбным, напрыклад, у бібліятэцы. Асабіста я, працуючы ў школе, таксама імкнуся знайсці спосабы замацавання класічных тэм прыкладамі з жыцця. Праз гады сённяшнія дзеці ўспомняць перш за ўсё сітуацыю, а потым ужо будуць аперыраваць ведамі. Скажам, калі на занятках па робататэхніцы трэба праехаць па вызначанай траекторыі пэўны шлях, то яго можна пракласці па класе, а можна выйсці на вуліцу і, паставіўшы перашкоды, паспрабаваць іх пераадолець.
Мы ў Беларусі даўно гаворым пра STEM-адукацыю і яе развіццё. Але ў мяне толькі цяпер, пасля стажыроўкі, з’явілася глыбокае разуменне, што гэта насамрэч такое. STEM — гэта адмысловы падыход да навучання з прымяненнем даследчай і праектнай дзейнасці (спачатку прагноз, затым назіранне і вынік з тлумачэннем), заснаваны на міжпрадметных сувязях прыродазнаўства, тэхналогіі, інжынернай справы і матэматыкі. Таму на занятках з выкарыстаннем STEM у фокусе знаходзіцца найперш даследчая дзейнасць дзяцей.
Каб перадаць атрыманыя веды калегам, праз некалькі дзён пасля вяртання на фізіка-матэматычным факультэце былі праведзены канферэнцыя і круглы стол з удзелам настаўнікаў і студэнтаў. У пачатку снежня плануем арганізаваць вэбінар. Упэўнены, дадзеныя падыходы ў хуткім часе знойдуць прымяненне і на маёй кафедры. Паездка аказалася для мяне выключна карыснай. Справа ў тым, што зараз я працую над дысертацыйным даследаваннем, адзін з параграфаў якога прысвечаны STEM-адукацыі. Сёння прыступлю да яго карэкціроўкі ў адпаведнасці з атрыманымі падчас стажыроўкі ведамі.
Запісалі Таццяна БАШМАКОВА і Вераніка МАНДЗІК
https://issuu.com/nastaunik/docs/1219
https://nastaunik.bspu.by/wp-content/uploads/2018/12/3_big.jpg