Сёлета Навуму Якаўлевічу споўнілася 70! Яго творчы і жыццёвы шлях прасачылі супрацоўнікі бібліятэкі БДПУ, падрыхтаваўшы цудоўную выставу ў 500-й аўдыторыі, а яе дырэктар Надзея Паўлаўна Сяткоўская сабрала ўсе публікацыі і інтэрв’ю з Н.Гальпяровічам, што адзначыла ў прадмове да выступлення «Жывога слова». Паэт з’яўляецца даўнім сябрам тэатра, а яго ўдзельнікі не раз станавіліся героямі праграм радыё «Беларусь», кіраўніком якога Н. Гальпяровіч з’яўляецца.
Рэжысёры тэатра Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі падрыхтавалі праграму па творах пісьменніка, якая дазволіла яму самому і ўсім гледачам павандраваць у часе. З дапамогай адмысловых дэкарацый і касцюмаў яны трапілі у тое месца і час, дзе паэт адчуваў сябе найбольш шчаслівым. Як прызнаўся Навум Гальпяровіч па заканчэнні літаратурна-музычнай кампазіцыі «Сюжэт для вечнасці», гэты эксперымент атрымаўся, і ён зноў перажыў тыя ж эмоцыі і пачуцці, што і ў маладосці. Трэба адзначыць, што паэт таксама паўдзельнічаў у некаторых дзеях на сцэне.
Клуб творчых дыялогаў «Сустрэча другая. Сюжэт для вечнасці» па сутнасці прапанаваў прэм'еру міні-спектакля са сваім сюжэтам і арыгінальнайай ідэяй, якую адчулі не толькі студэнты БДПУ, але і іншыя госці тэатра, сярод якіх былі расіяне і іспанцы, што цікавяцца беларускай мовай і культурай. Пасля эксперыменту гледачы змаглі задаць свае пытанні журналісту і паэту, а ўдала кіравала другой сустрэчай студэнтка трэцяга курса філалагічнага факультэта Лізавета Тумар.
Нагадаем, што тэатр «Жывое слова» аднавіў праект «Клуб творчых дыялогаў» у гэтым годзе сумесна з бібліятэкай БДПУ, і падчас першай такой сустрэчы студэнты пазнаёміліся з дачкой паэта Сяргея Грахоўскага, а на гэты раз не толькі пачулі адказы на пытанні, але і вершы ў выкананні аўтара. Н. Гальпяровіч узгадаў твор, які быў напісаны першым, але яго тады прызналі няўдалым. Пісьменнік падарыў тэатру свае кнігі і ўжо вядома, што падобную сустрэчу з аўтарам хоча арганізаваць Бібліятэка №14 імя Ф. Багушэвіча ў Мінску, куды запрасілі і «жываслоўцаў» паказаць сваю кампазіцыю.