Сёлета госцем клуба стала дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірына Мацяс. Яна з’яўляецца выпускніцай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Музейная справа і ахова помнікаў культуры». Ірына доўгі час працавала ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, удзельнічала ў шматлікіх міжнародных канферэнцыях і зладзіла шэраг выставачных праектаў.
Распачалася сустрэча з паказа ўдзельнікамі тэатра літаратурна-музычнай кампазіцыі “Водгулле сэрцаў…” паводле першай кнігі трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” і па іншых творах народнага паэта да 140-годдзя з дня яго нараджэння. У гэтым міні-спектаклі было адлюстравана шмат тэм, якія падымаў народны паэт у сваёй творчасці – тэмы кахання, роднай зямлі, пошуку свайго месца ў жыцці, вёскі і горада, палескіх павер’яў і забабонаў, месца літаратуры і ўвогуле творчасці ў звычайным быцці чалавека. Кіраўнікі тэатра Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі не абыйшлі ўвагай і адзін з галоўных матываў у прозе Коласа – тэму настаўніцтва, педагагічнай дзейнасці, бо Канстанцін Міцкевіч амаль усё жыццё працаваў у тым ліку і настаўнікам па ўсёй Беларусі.
Пасля прэм’еры кампазіцыі гледачы змаглі задаць свае пытанні Ірыне Мацяс і даведацца пра яе захапленні музеямі ў розных краінах і гарадах, пра вопыт музейнай працы і цікавыя выставачныя праекты, пра Якуба Коласа і Максіма Багдановіча, пра асабістае жыццё, выбар шляху і поспех. Удала кіравала сустрэчай студэнтка трэцяга курса факультэта пачатковай адукацыі Маргарыта Стрыевіч.