Святкаванні юбілею пачаліся 3 лістапада ранкам з ускладання кветак да помніка на плошчы Якуба Коласа. У мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч, старшыня саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, нашчадкі паэта, літаратары, навукоўцы, а таксама мастацкі кіраўнік Народнага літаратурнага тэатра «Жывое слова» Алеся Сівохіна. Пасля дэлегацыя накіравалася ў Стоўбцы, дзе быў адкрыты помнік песняру, а на яго малой радзіме – у філіяле музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына» адбылося літаратурна-музычнае свята. У яго межах у Смольні Алеся Сівохіна прачытала вершы народнага паэта.
4 лістапада ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбыўся юбілейны вечар. Народны літаратурны тэатр «Жывое слова» падрыхтаваў кампазіцыю паводле кнігі «У палескай глушы» з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» і па іншых творах. У кампазіцыі было адлюстравана шмат тэм, якія падымаў народны паэт у сваёй творчасці – тэмы кахання, роднай зямлі, пошуку свайго месца ў жыцці, вёскі і горада, палескіх павер’яў і забабонаў, месца літаратуры і ўвогуле творчасці ў звычайным быцці чалавека. Быў паказаны і адзін з галоўных матываў у прозе Коласа – тэма настаўніцтва, педагагічнай дзейнасці, бо Канстанцін Міцкевіч амаль усё жыццё працаваў у тым ліку і настаўнікам па ўсёй Беларусі. Дарэчы, гэта выступленне стала дэбютам для першакурснікаў, якія толькі прыйшлі ў гэтым годзе ў тэатр «Жывое слова». Іх цёпла сустрэлі наведвальльнікі, супрацоўнікі і нашчадкі паэта ў доме-музеі Якуба Коласа.