Мерапрыемства прымеркавана адразу да дзвюх юбілейных дат. Першая з іх – 105 год з дня нараджэння Аркадзя Куляшова – былога навучэнца літаратурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута (так у 1930-я гады называўся БДПУ). Юбілей славутага студэнта супаў з юбілеем ВНУ – конкурс чытальнікаў стаў на факультэце першым у ліку святочных падзей, прымеркаваных да 105-га дня нараджэння нашага ўніверсітэта. Пра гэта прысутным расказала кіраўнік студэнцкай лабараторыі «Сучасны літаратурны працэс у рэцэпцыі будучых настаўнікаў», намеснік дэкана па навуковай рабоце Наталля Віктараўна Заяц.
Дзякуючы замежным удзельнікам конкурс атрымаў міжнародны статус. Вершы Аркадзя Куляшова ў перакладзе на рускую мову прачыталі кітайскія студэнты, якія вучацца па праграме абмену з Паўночна-заходнім педагагічным універсітэтам г. Ланьчжоў. Беларускае паэтычнае слова прагучала і ў выкананні туркменскіх студэнтаў. Падрыхтаваць яркія выступленні гасцям нашай краіны дапамагла намеснік дэкана па рабоце з замежнымі студэнтамі Людміла Аляксандраўна Бяссонава. Дарэчы, некаторыя з выступоўцаў актыўна працуюць у СНДЛ «Лінгвакультуралагічны аспект вывучэння рускай мовы ў ВНУ і школе», якой кіруе Людміла Аляксандраўна.
Ацэньвала выканаўчае майстэрства студэнтаў журы ў складзе загадчыка кафедры беларускай і замежнай літаратуры Ірыны Мікалаеўны Гоўзіч, дацэнта Таццяны Пятроўны Хоміч, выкладчыка Марыі Сяргееўны Рак і студэнткі 4 курса Вольгі Бадытчык. У выніку лепшымі выканаўцамі твораў Аркадзя Куляшова сталі:
1 месца – Святлана Калесніковіч (1 курс);
2 месца – Тань Эньцзэ (3 курс);
3 месца – Кацярына Ісаенка (2 курс).
Спецыяльны прыз журы атрымала Кацярына Каляда (2 курс).
Усім удзельнікам конкурсу выдадзены сертыфікаты, а пераможцам – падарункі. Завяршылася мерапрыемства, якое стала сапраўдным святам паэзіі, віншаваннямі дэкана філалагічнага факультэта Васіля Дзянісавіча Старычонка.