Штогод у верасні на ФФВ першакурснікі здаюць яшчэ адзін іспыт на спрыт, моц, хуткасць рэакцыі і, самае галоўнае, на наяўнасць каманднага духу. Усе групы першага курса ўдзельнічаюць у фірменным спартыўна-адукацыйным праекце ўніверсітэта «Беларусіяда» – спаборніцтвах па беларускіх народных гульнях. Сёлета ў аснову мерапрыемства былі пакладзены беларускія народныя гульні «Лапта», «Дзень-ноч», «Пальчатка» і «Перацяжкі».
У спаборніцтвах разам з сямью камандамі першага курса прымала ўдзел і зборная каманда другога курса – юнакі і дзяўчаты, якія прайшлі праз выпрабаванні «Беларусіяды» летась, але пажадалі не спыняцца і зноў сыграць у захапляльныя камандныя і індывідуальныя народныя забавы.
Распачаўся праект цырымоніяй адкрыцця, а завяршыўся ўзнагароджаннем пераможцаў. Цудоўнае надвор’е падтрымлівала добры настрой удзельнікаў і балельшчыкаў. Адчувалася, што напрацягу ўсіх дзвюх гадзін (менавіта столькі доўжылася свята) студэнцкая моладзь атрымлівае асалоду.
Як і мае быць, перамаглі мацнейшыя: чэмпіёнам праекта «Беларусіяда» стала студэнцкая група № 330618, срэбраны прызёр – зборная каманда другога курса, бронзавы прызёр – каманда факультэцкай групы № 330118.
Арганізатарамі праекта выступілі студэнты 2-4 курсаў, якія навучаюцца па спецыяльнасці «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)», дэканат факультэта фізічнага выхавання, выкладчыкі кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры.
Больш фотаздымкаў глядзіце ў фотаальбомах группы спартыўна-адукацыйнага праекту «Беларусіяда» у «ВКонтакте» тут і тут.