Кожную восень тэатр «Жывое слова» ладзіць набор у калектыў, і сёлета да яго далучыліся 9 новых удзельнікаў з філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Такую актыўнасць філолагаў можна патлумачыць тым, што калісьці ў 1966 годзе тэатр быў створаны выкладчыкам Андрэем Калядой якраз на філфаку, каб будучыя настаўнікікі беларускай мовы і літаратуры былі ўзорам для вучняў у чытанні і разуменні літаратурных тэкстаў. А, можа быць, прычынай таму і тое, што рэжысёры Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі напярэдадні завіталі ў акадэмічныя групы першага курса філфака, каб распавесці пра гісторыю тэатра і паказаць літаратурна-музычную кампазіцыю з рэпертуару “Жывога слова”. Варта нагадаць, што ў студэнтаў іншых факультэтаў таксама будзе магчымасць трапіць у тэатр, бо кожны аўторак і чацвер іх чакаюць на рэпетыцыях у малой канцэртнай зале БДПУ.
Падчас прагляду ў студэнты ў сваю чаргу распавялі пра сябе, расказалі, што чакаюць ад тэатра, а таксама праспявалі і прачыталі творы Янкі Купалы, Міхаіла Лермантава, Роберта Раждзественскага, Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, Аркадзя Куляшова і Сяргея Ясеніна. Уразіла і геаграфія новых удзельнікаў, бо яны прыехалі навучацца ў БДПУ з Любані, Маладзечна, Ліды, Ліёзненскага раёна, Столінскага раёна, Мінска і Мінскага раёна.
Здзівіў кіраўнікоў «Жывое слова» і ўзровень падрыхтоўкі першакурснікаў, бо большасць з іх займалася ў тэатральных гуртках і калектывах творчай самадзейнасці, удзельнічалі ў раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсах чытальнікаў. Такім чынам, у новых «жываслоўцаў» цяпер будзе магчымасць праявіць сябе і на сцэне БДПУ.

WI-FI




















