Кіраўнікі Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі падрыхтавалі адмысловую канцэртную праграму, а таксама адказалі на пытанні наведвальнікаў, як напрыклад, якім было жыццё рэжысёраў да прыходу ў калектыў.
Падчас праграмы Алесь Мойскі прачытаў свой першы верш, які ён напісаў у 15 гадоў, а таксама творы, якія пазней друкаваліся ў часопісах “Бярозка” і “Маладосць”, у газеце “Літаратура і мастацтва” і кінаальманаху “Адваротная перспектыва”. Наведвальнікі музея пачулі і новыя вершы, напісаныя за апошнія 10 гадоў, якія яшчэ не гучалі на шырокую аўдыторыю. Кіраўнікі тэатра падрыхтавалі інтэрактыў і некаторыя радкі прачыталі хорам з гледачамі, а пару вершаў - у дуэце.
Алеся Сівохіна заспявала пераважна песні з рэпертуару “Жывога слова”, якія звычайна чуюць удзельнікі тэатра падчас “капуснікаў” і тэатральных пасядзелак. У зале прысутнічалі выпускнікі тэатра, якія з задавальненнем падпявалі кампазіцыям на вершы Еўдакіі Лось, Анатоля Сыса, Міколы Мятліцкага і нават Элвіса Прэслі.
Кіраўнікі тэатра “Жывое слова” падрыхтавалі як лірычныя творчыя нумары, так і вясёлыя, гумарыстычныя, а таксама паказалі кампазіцыю па вершах народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, з якой пачалася іх сумесная праца над спектаклямі і імпрэзамі.

WI-FI




















