Кожны з нас хоць раз уяўляў сябе персанажам любімай кнігі. А кім уяўляе сябе чалавек у свеце, дзе кнігі асуджаны на знішчэнне, дзе забаронена чытаць і адбываецца падмена сапраўдных каштоўнасцей? Ці стане ён змагацца за іх? Перад якім выбарам апынецца гэты ўяўны герой? У новым прачытанні вядомых твораў тэатр “Жывое слова” прапанаваў гледачам разам пагуляць у вандроўныя сюжэты знакамітых пісьменнікаў. Спектакль “Вецер” узняў хвалі памяці і на паверхню ўсплылі радкі, якія аднойчы трапілі ў сэрца і засталіся там назаўсёды: “Кнігі сябры, іх кідаюць у першую чаргу…”
Сярод наведвальнікаў тэатра было шмат выпускнікоў, якія ўзгадалі творы Караткевіча і Брэдберы, што ставілі самі на сцэне 500-й аўдыторыі БДПУ. Самым шаноўным госцем на адным з паказаў стаў заснавальнік тэатра, былы акцёр Купалаўскага тэатра, выкладчык Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага, прарэктар Акадэміі мастацтваў, перакладчык Андрэй Андрэевіч Каляда. Ён ухваліў літаратурны матэрыял, адабраны цяперашнімі кіраўнікамі тэатра Алесяй Сівохінай і Алесем Мойскім, адзначыў рэжысёрскія знаходкі, але і паказаў, куды сучаснаму “Жывому слову” можна рухацца далей, падкрэсліў, над чым трэба працаваць кожнаму герою – камусьці з акцёраў трэба актыўней займацца над галасавой падачай, а некаторым і над развіццём унутранага стану персанажаў.
− Гэты матэрыял настолькі багаты, што яго можна развіваць бясконца. Для нашага тэатра стала традыцыйным аб’ядноўваць пад вокладкай спектакля розныя творы аднаго аўтара, двух, трох ці болей… На гэты раз было неістотным, якую кнігу ўзгадалі гледачы, якія прыйшлі паглядзець спектакль “Вецер”. Галоўнае, што ён пакінуў, навеяў цёплы ўспамін пра любімы твор, нагадаў пра шолах старых пажоўклых старонак, аднавіў у памяці эмоцыі і падзеі, – лічыць кіраўнік тэатра Алеся Сівохіна.
Спектакль “Вецер” накіроўваў гледачоў то ў час паўстанняў і войнаў 18 стагоддзя, то ў антыўтапічную будучыню, то ў звыштэхналагічную сучаснасці.
− Для мяне “Вецер” – гэта замова на кнігі, у якой славесныя формулы Уладзіміра Караткевіча і Рэя Брэдберы набываюць магічнае значэнне. У 18 стагоддзі на Беларусі верылі, што з дапамогай слова можна ператварыць жаданае ў рэальнасць, падобным выклікаць падобнае. Мы пайшлі на эксперымент і прачыталі сучасную замову для цяперашніх чытачоў, якія ўсё яшчэ памятаюць, што кнігі ёсць, – адзначыў кіраўнік тэатра Алесь Мойскі.
Пасля абодвух спектакляў “жываслоўцаў” чакалі авацыі поўнай залы, але яны былі з прысмакам суму для чатырох удзельнікаў тэатра, для якіх гэтая пастаноўка была выпускной – для студэнтаў 4 курса факультэта журналістыкі БДУ Святланы Чыжык, Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ Настассі Грыцкевіч, філалагічнага факультэта БДПУ Анатоля Глямбоцкага і Веранікі Бусел. Аднак яны зрабілі сваю справу, бо спектакль уразіў некаторых гледачоў настолькі, што яны выказалі жаданне ў наступным годзе далучыцца да старэйшага народнага калектыву педуніверсітэта.