У першы дзень зімы Народны літаратурны тэатр «Жывое слова» запрашае студэнтаў і выкладчыкаў БДПУ паглядзець кампазіцыю «Водгулле сэрцаў…» паводле першай кнігі трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» і іншых твораў. Паказ гэтага, па сутнасці, новага міні-спектакля адбудзецца ў межах праекта «Клуб творчых дыялогаў». Штогод тэатр «Жывое слова» ладзіць падобныя творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, музыкамі, літаратуразнаўцамі і іншымі дзеячамі культуры. Папярэднія сустрэчы былі з кандыдатам філалагічных навук Анатолем Вераб’ём, дачкой паэта Сяргея Грахоўскага, з заслужаным дзеячам культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменнікам і публіцыстам Навумам Гальпяровічам, аўтарам-выканаўцам, паэтам і перакладчыкам Алесем Камоцкім, загадчыкам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і паэтам Міхалам Бараноўскім.
Сустрэча пятая плануецца з дырэктарам Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Ірынай Мацяс. Яна з’яўляецца выпускніцай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Музейная справа і ахова помнікаў культуры». Ірына доўгі час працавала ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, удзельнічала ў шматлікіх міжнародных канферэнцыях і здадзіла шэраг выставачных праектаў.
Пасля паказу капмазіцыі «Водгулле сэрцаў…» гледачы змогуць задаць свае пытанні Ірыне Мацяс пра мерапрыемствы да 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа, пра жыццё і творчасць народнага паэта, пра яе вопыт музейнай працы і захапленнем літаратурнымі музеямі ў розных гарадах і краінах, пра яе асабістае жыццё і сакрэты поспеху, як стаць паспяховым у сваёй справе.


WI-FI




















