Калі ў першы дзень выставы-кірмашу народны літаратурны тэатр «Жывое слова» ўдзельнічаў у прэзентацыі персанальнай энцыклапедыі пра Уладзіміра Караткевіча, то яшчэ не ведаў, што гэтая кніга атрымае Нацыянальную прэмію «Мастацтва кнігі» ў намінацыі «Залатыя скрыжалі», а выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» атрымае Гран-пры 60-га конкурсу.
Кожнае пакаленне «жываслоўцаў» звярталася да творчасці У. Караткевіча. У рэпертуары тэатра ў розныя часы былі літаратурна-музычныя кампазіцыі, складзеныя з вершаў Уладзіміра Сямёнавіча, спектаклі паводле твораў пісьменніка.
Цяперашнія ўдзельнікі тэатра «Жывое слова» таксама вырашылі дакрануцца да спадчыны класіка беларускай літаратуры. Таму, калі «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» запрасіла паўдзельнічаць у прэзентацыі, то «жываслоўцы» адразу адгукнуліся. Яны падрыхтавалі адразу дзве літаратурна-музычныя кампазіцыі па творах У. Караткевіча. У кампазіцыі «Радок бяззбройны і бясспрэчны» былі задзейнічаны ўсе ўдзельнікі тэатра «Жывое слова», якія паказалі наведвальнікам выставы-кірмашу ўзор харавога чытання. А ў новай кампазіцыі пра каханне «Цягнікі», якую падрыхтавалі кіраўнікі тэатра Алеся Сівохіна і Алесь Мойскі між радкоў можна было прачытаць лёс аўтара.
Трэба адзначыць, што мастацкі кіраўнік «Жывога слова» Алеся Сівохіна паўдзельнічала і ў прэзентацыі дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якая ладзіла конкурс чытальнікаў да 120-годдзя Уладзіміра Дубоўкі. Алеся канстанцінаўна ўваходзіла ў склад журы конкурсу, таму распавяла некалікі слоў пра яго вынікі і праспявала ўласную песню.