Літаратурна-музычная праграма была складзена з твораў і кампазіцый, якія тэатр «Жывое слова» ставіў на сцэне педуніверсітэта і на розных культурных і адукацыйных пляцоўках горада Мінска ў апошнія гады. Вядома, прагучалі творы гаспадара дома па вул. Янкі Купалы, 4. «Жываслоўцы» выканалі вершы і песні на словы Івана Дамінікавіча «Над калыскай», «І прыйдзе...» і інш. Цікава, што сам пясняр пры жыцці любіў працаваць са студэнцкімі таварыствамі і адну з першых пастановак «Паўлінкі» зладзіў з падобным калектывам у Санкт-Пецярбургу.
Сімвалічна, што ў гэты вечар прагучалі творы Максіма Танка і Максіма Багдановіча, адзінай прыжыццёвай кнізе якога спаўняецца сёлета 110 гадоў. «Жываслоўцы» паказалі інсцэніроўкі іх казак і паэм. Гледачы змаглі ўбачыць узоры харавога чытання, якія так любяць прыхільнікі народнага калектыву.
Дарэчы, 21 сакавіка споўнілася183 гады з дня нараджэння Францішака Багушэвіча, таму лейтматывам выступлення сталі словы класіка, што нельга кідаць родную мову – словы, якія можна прачытаць на фасадзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і ў сталічным метрапалітэне.
Наведвальнікі музея з захапленнем слухалі перад творчымі нумарамі біяграфічныя звесткі пра беларускіх пісьменікаў і абавязкова зазірнуць у кнігу дома, каб узгадаць вершы паэтаў, якія пачулі ў гэты вечар. А тэатр «Жывое слова» дамовіўся пра далейшае супрацоўніцтва з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.

WI-FI




















