На пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі дэканатаў, загадчыкі кафедраў, кіраўнікі іншых структурных падраздзяленняў, выкладчыкі, супрацоўнікі рэсурсных цэнтраў і лабараторый, прадстаўнікі студэнцкага актыву.
На пачатку пасяджэння А.І. Жук уручыў дыплом кандыдата навук К.Ю. Тарановіч, якая паспяхова абараніла кандыдацкую дысертацыю, прысвечаную рэалізацыі Сталыпінскай аграрнай рэформы ў Беларусі. Дыпломы атрымалі таксама студэнты-пераможцы конкурсу на лепшую курсавую работу.
З дакладам выступіў прарэктар па вучэбнай рабоце Валерый Міхайлавіч Зелянкевіч. Ён падкрэсліў, што ў БДПУ комплекснае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій ажыццяўляецца ў кантэксце рэалізацыі праграм развіцця ўніверсітэта. У 2014 г. пачалося сістэмнае стварэнне інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя ўніверсітэта на базе сучасных падыходаў з выкарыстаннем найбольш актуальнага праграмнага забеспячэння. У межах праекта «Электронная адукацыя» ў БДПУ актыўна фарміруецца мультысэрвіснае інфармацыйнае адукацыйнае асяроддзе. Вынікам гэтай працы стала стварэнне адзінай сеткі, да якой падключаны інтэрактыўныя кабінеты біялогіі, матэматыкі, фізікі, хіміі, абсталяваныя поўнафарматнымі электроннымі дошкамі, мультымедыйным праектарам і кіруючым камп’ютарам з камплектам лічбавых інструментаў і рэсурсаў для правядзення заняткаў.
Валерый Міхайлавіч пазнаёміў з вопытам факультэтаў па выкарыстанні рэсурсных цэнтраў у вучэбным працэсе і акрэсліў далейшыя шляхі для развіцця інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя ўніверсітэта. Прарэктар адзначыў, што за апошнія тры гады на базе рэсурсных цэнтраў і лабараторый створана 50 ЭВМК, больш за 250 флэш-анімацый, звыш 100 тэставах заданняў, 15 лабараторных практыкумаў, а таксама банк-прэзентацыя па 200 тэмах дысцыплін спецыяльнасцей.
Асобна В.М.Зелянкевіч засяродзіў увагу прысутных на тым, што ў сучасным грамадстве студэнты атрымліваюць веды і вопыт не толькі дзякуючы традыцыйным формам камунікацыі з выкладчыкамі, але і за кошт актыўнага сеткавага ўзаемадзеяння паміж сабой, праз зносіны з выпускнікамі, патэнцыйнымі працадаўцамі і інш. Таму функцыянаванне рэсурсных цэнтраў з'яўляецца найважнейшай асновай развіцця ўніверсітэцкага сеткавага ўзаемадзеяння.
Загадчык вучэбнай лабараторыі па развіцці інфармацыйных тэхналогій у спецыяльнай адукацыі “Адукацыя без межаў” Вольга Міхайлаўна Вабішчэвіч прадставіла відэа-справаздачу па асноўных напрамках дзейнасці лабараторыі. Яна адзначыла, што ў рамках арганізацыйнай дзейнасці па ўкараненні інфармацыйных камп’ютарных тэхналогій у адукацыйны працэс спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі лабараторыя прымае актыўны ўдзел у міжнародных і рэспубліканскіх выставах праграмна-апаратных сродкаў, электронных адукацыйных рэсурсаў для асоб з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця. Адным з кірункаў дзейнасці вучэбнай лабараторыі з'яўляецца суправаджэнне адукацыйнага працэсу падрыхтоўкі настаўнікаў-дэфектолагаў у інстытуце інклюзіўнай адукацыі. Вучэбная лабараторыя актыўна ўдзельнічае ў пазабюджэтнай дзейнасці, на яе базе праводзяцца курсы па стварэнні і выкарыстанні электронных адукацыйных рэсурсаў у працы з дзецьмі з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця.
Дэкан факультэта прыродазнаўства Наталля Уладзіміраўна Навуменка пазнаёміла Савет з дзейнасцю вучэбна-метадычнай лабараторыі інфармацыйных тэхналогій ў прыродазнаўчай адукацыі. Яе тэхнічнай асновай з’яўляюцца камп'ютары, атрыманыя па праграме «Тэмпус». Выкладчыкі і студэнты факультэта маюць магчымасць займацца ў інтэрактыўных класах «Біялогія» і «Хімія», адкрытых сумесна з Ашчадным банкам Расійскай Федэрацыі, і выкарыстоўваць сучасны камплект абсталявання «лабараторыя Фур'е». На базе інтэрактыўнага класа «Біялогія» працуе студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя «ІКТ у прыродазнаўчай адукацыі». Праект удзельнікаў СНДЛ стаў пераможцам у намінацыі «Лепшы мультымедыйны стартап» на Рэспубліканскім конкурсе даследчых стартапаў у сацыяльна-адукацыйнай сферы.
Дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Вера Васільеўна Мартынава акрэсліла асноўныя задачы работы рэсурснага цэнтра сацыяльна-педагагічных тэхналогій і расказала пра дарожную карту цэнтра. У дакладзе былі асветлены найважнейшыя напрамкі функцыянавання цэнтра, сярод якіх: далейшае развіццё інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя факультэта, якое ўключае фарміраванне інфармацыйнай культуры, садзейнічанне ўсведамленню выкладчыкамі і студэнтамі ролі і месца інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, актыўнае далучэнне студэнтаў у напаўненне электронных і друкаваных рэсурсаў і дзейнасць студэнцкай IT-каманды; сеткавае ўзаемадзеянне ў рамках вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара і міжнароднага супрацоўніцтва. Дадзены напрамак уключае арганізацыю і правядзенне сумесных навуковых даследаванняў, праектаў і абмеркаванне іх вынікаў, навуковыя стажыроўкі, навуковае кіраўніцтва і кансультаванне ў рамках праблематыкі навукова-педагагічных школ вядучымі навукоўцамі факультэта; аказанне дапамогі педагогам-практыкам, правядзенне вебінараў, online-канферэнцый, майстар-класаў, кансультаванне і распрацоўку ва ўстановах адукацыі даследчых і адукацыйных праектаў.
Падагульняючы выступленні В.М.Зелянкевіча і яго судакладчыкаў, Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе ўніверсітэта ў 2014 – 2016 гг. развіваецца дастаткова дынамічна, з улікам сучасных міжнародных тэндэнцый, а ажыццяўленне канцэпцыі інфарматызацыі БДПУ дае рэальныя вынікі. Вельмі важна, што сёння ў гэтую працу ўключаюцца студэнты.
Разам з тым рэктар падкрэсліў, што ў перспектыве неабходна планамерна ўдасканальваць сістэму ўзаемадзеяння структурных падраздзяленняў універсітэта з рэсурснымі цэнтрамі. Патрабуецца перагляд арганізацыйна-кіраўнічых механізмаў, якія рэгулююць працэс стварэння электронных адукацыйных рэсурсаў універсітэта як адзінай сістэмы. Вызначальнымі напрамкамі далейшага павышэння эфектыўнасці рэсурсных цэнтраў і лабараторый павінна стаць тэхнічнае і тэхналагічнае перааснашчэнне працоўных месцаў, уніфікацыя патрабаванняў і дакументацыі для арганізацыі дзейнасці рэсурсных цэнтраў і лабараторый, выпрацоўка адзіных крытэрыяў удзелу рэсурсных цэнтраў і лабараторый ў фарміраванні інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ўніверсітэта.
Па ініцыятыве рэктара было прынята некалькі важных рашэнняў. У прыватнасці, дэканам факультэтаў і дырэктарам інстытутаў было даручана выступіць з прапановамі па арганізацыі новых рэсурсных цэнтраў на базе структурных падраздзяленняў БДПУ. Вырашана прапрацаваць пытанне аб наданні рэсурсным цэнтрам статусу цэнтраў вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара непарыўнай педагагічнай адукацыі і падрыхтаваць адпаведную нарматыўна-прававую базу. Дадзена даручэнне забяспечыць стварэнне і пастаяннае абнаўленне тэматычных старонак (сайтаў), якія асвятляюць дзейнасць рэсурсных цэнтраў і лабараторый на сайце БДПУ, размясціць рэкламу рэсурсных цэнтраў і лабараторый на сайтах устаноў – членаў вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара непарыўнай педагагічнай адукацыі, на сайтах упраўленняў адукацыі абласных выканаўчых камітэтаў і інш.