На яго былі запрошаны кіраўнікі структурных падраздзяленняў, загадчыкі кафедраў, прадстаўнікі студэнцкага актыву і грамадскіх арганізацый БДПУ. На пасяджэнні таксама прысутнічалі прарэктар па метадычнай і ідэалагічнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Алена Віктараўна Даўгун і дырэктар сярэдняй школы №126 г. Мінска, якая з’яўляецца школай-лабараторыяй вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі, Алена Мікалаеўна Карасташова.
З інфармацыяй «Аб выніках прыёмнай кампаніі 2017 года і задачах па ўдасканаленні прафарыентацыйнай работы» выступіў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Сяргей Уладзіміравіч Якавенка. Дакладчык адзначыў, што рэктарат, прыёмная камісія сумесна з факультэтамі і інстытутамі БДПУ забяспечылі правядзенне ўступнай кампаніі 2017 года на высокім прафесійным ўзроўні. У прыватнасці, Дзяржаўнай камісіяй па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўніверсітэце не ўстаноўлена ніводнага выпадку невыканання пунктаў «Правіл прыёму», «Палажэння аб арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання», «Парадка прыёму ў БДПУ».
Вынікам такой зладжанай працы стала выкананне планаў прыёму па дзённай (800 чалавек) і завочнай (360 чалавек) формах навучання за кошт сродкаў бюджэту.
С.У. Якавенка асабліва падкрэсліў, што ўніверсітэт поўнасцю выканаў план прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі (224 чалавекі), і агучыў прыемны факт: на першы курс БДПУ залічаны 175 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і прафесійна-тэхнічных вучылішчаў з адзнакай, а таксама 350 выпускнікоў ліцэяў і гімназій.
Асаблівасцю прыёмнай кампаніі 2017 года стала тое, што ўпершыню адбыўся набор выпускнікоў педагагічных класаў. У выніку 107 выпускнікоў профільных класаў педагагічнай накіраванасці паспяхова прайшлі субяседванне і былі залічаны на першы курс. Адметна, што больш за ўсё выпускнікоў педкласаў паступілі на спецыяльнасці «Лагапедыя» (20), «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова» (8), «Біялогія і хімія» (8), «Псіхалогія» (8). Пераважна гэта абітурыенты з добрай падрыхтоўкай па вучэбных прадметах: бал атэстата выпускнікоў педкласаў вагаецца ў межах ад 8 да 9,9 балаў, а 8 з іх узнагароджаны залатым або сярэбраным медалём.
Адказны сакратар прыёмнай камісіі адзначыў, што найбольш высокі конкурс на дзённую бюджэтную форму навучання склаўся на спецыяльнасці «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)» – больш за 15 чалавек на месца. Гэты паказчык стаў найвышэйшым сярод усіх ВНУ нашай краіны.
Высокімі конкурсамі адзначаюцца таксама і іншыя спецыяльнасці: «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)» (6 чалавек на месца), «Практычная псіхалогія» (5,5 чалавекі на месца), «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» (5 чалавек на месца), «Фізічная культура (лячэбная)» (3,6 чалавекі на месца), «Тыфлапедагогіка», «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць» (2,9 чалавекі на месца), «Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы» (2,8 чалавекі) на месца.
Па большасці спецыяльнасцей дзённай і завочнай формаў навучання прахадныя балы істотна выраслі ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Самыя высокія прахадныя балы па дзённай форме навучання – на спецыяльнасцях «Выяўленчае мастацтва і камп’ютарная графіка» (336), «Лагапедыя» (333), «Гісторыя і экскурсійна-краязнаўчая работа» (316), «Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы» (31%). На 11 спецыяльнасцей філалагічнага, гістарычнага факультэтаў, Інстытута псіхалогіі і факультэта фізічнага выхавання залічаны толькі льготныя катэгорыі абітурыентаў.
С.У. Якавенка падкрэсліў, што атрыманню такіх добрых вынікаў у значнай ступені садзейнічала выкарыстанне разнастайных метадаў правядзення прафарыентацыйнай работы: выступленняў студэнтаў і выкладчыкаў перад школьнікамі ў рамках «Дзён адчыненых дзвярэй», «Зорных паходаў», на «апошніх званках», падчас правядзення заключнага этапу ўніверсітэцкай інтэрнэт-алімпіяды. Акрамя таго, значная прафарыентацыйная работа сярод навучэнцаў праводзілася падчас педагагічнай практыкі. У бягучым навучальным годзе да гэтага напрамку работы масава падключыліся студэнты завочнай формы навучання. Важным кірункам дзейнасці ўніверсітэта па арыентацыі навучэнцаў на педагагічныя прафесіі з’явілася работа з вучнямі профільных класаў педагагічнага напрамку, метадычнае забеспячэнне вучэбнага працэсу ў іх. Усяго за мінулы год сіламі факультэтаў і інстытутаў БДПУ было праведзена 1555 разнастайных мерапрыемстваў, а ўдзел у іх прынялі больш за 35 тысяч школьнікаў рознага ўзросту.
Дырэктар СШ №126 г. Мінска Алена Мікалаеўна Карасташова адзначыла, што ўступная кампанія 2017 года дала магчымасць абітурыентам не толькі паказаць свае веды па чатырох прадметах цэнтралізаванага тэсціравання, але і дазволіла выпускнікам педкласаў стаць студэнтамі вядучай педагагічнай ВНУ краіны. У адпаведнасці з рашэннем педсавета СШ № 126 пяцёра выпускнікоў атрымалі накіраванне для паступлення на педспецыяльнасці і сталі студэнтамі. Усе яны ўсвядомлена і мэтанакіравана ішлі да сваёй мэты. Умовы для іх прафесійнага самавызначэння ствараліся ў многім дзякуючы рэалізацыі сумеснага эксперыментальнага праекта «Апрабацыя мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі».
Алена Мікалаеўна падзякавала кіраўніцтву БДПУ за ініцыятыву па ўключэнні ў школьны вучэбны працэс курса «Уводзіны ў педагагічную прафесію», які дае і змястоўны тэарэтычны матэрыял, і фарміруе пэўную жыццёвую пазіцыю.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня Савета Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што разгледжанае пытанне мае асаблівае значэнне для ўніверсітэта, паколькі ад таго, наколькі ўдала праведзена прыёмная кампанія, у многім залежыць і якасць падрыхтоўкі педагагічных кадраў. У апошнія гады было шмат зроблена па ўдасканаленні прафарыентацыйнай працы, аднак калектыву БДПУ нельга спыняцца на дасягнутым, а неабходна прапаноўваць і ўкараняць новыя падыходы ў працы з абітурыентамі. Так, маюцца пэўныя магчымасці для паляпшэння выніковасці прыёмнай кампаніі за кошт узмацнення сувязяў паміж універсітэтам і навучальнымі ўстановамі, больш актыўнай работы з вучнямі педагагічных класаў і іх бацькамі, далейшай актывізацыі прафарыентацыйнай працы, арганізацыі падрыхтоўкі школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах па вучэбных прадметах, актывізацыі дзейнасці філіялаў кафедраў.
Па ініцыятыве рэктара БДПУ было прынята некалькі важных рашэнняў. У прыватнасці, кіраўнікам структурных падраздзяленняў пры правядзенні масавых мерапрыемстваў рэкамендавана асаблівую ўвагу надаваць іх прафарыентацыйнаму аспекту. Дырэктарам інстытутаў і дэканам факультэтаў неабходна распрацаваць планы прафарыентацыйнай работы на 2018 год, а таксама правесці ў час восеньскіх, зімовых і вясновых школьных канікул «Дні адчыненых дзвярэй» факультэтаў, у тым ліку і выязныя. Акрамя таго, дырэктару Інстытута інклюзіўнай адукацыі, дэканам факультэтаў дашкольнай адукацыі, пачатковай адукацыі, фізічнага выхавання, эстэтычнай адукацыі даручана заключыць дагаворы аб супрацоўніцтве з ССНУ з мэтай прыцягнення абітурыентаў для паступлення ва ўніверсітэт на скарочаны тэрмін навучання. Начальніку цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі, дэкану факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі рэкамендавана працягнуць працу па арганізацыйнай і метадычнай падтрымцы педагагічных класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі г. Мінска і Мінскай вобласці. Былі прыняты і іншыя важныя рашэнні.
Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.