На пасяджэнні з дакладам выступіў рэктар Аляксандр Іванавіч Жук. Ён адзначыў, што ў 2024 г. фінансава-эканамічная дзейнасць БДПУ была накіравана на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2021–2025 гады, фінансавага забеспячэння эфектыўнай дзейнасці ўсіх структурных падраздзяленняў універсітэта, павышэнне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, паляпшэнне сацыяльных і матэрыяльных умоў працы супрацоўнікаў.
Рэктар падкрэсліў, што асноўныя сродкі бюджэту накіроўваліся на заработную плату, стыпендыі і сацыяльныя выплаты, аплату камунальных плацяжоў, іншыя бягучыя і капітальныя выдаткі.
Выдаткі на заработную плату склалі 60 % ад агульнага аб’ёму выдаткаў. Заработная плата прафесарска-выкладчыцкага саставу і іншага персаналу ўніверсітэта ў 2024 г. вырасла ў параўнанні з 2023 г. на 8,5 %.
Вялікая ўвага надаецца стымуляванню якасці працы ўсіх работнікаў. У 2024 г. на выплату прэміі накіравана амаль 2 млн. руб. Кожнаму работніку выплачвалася дадатковая прэмія за паспяховае выкананне эканамічных паказчыкаў, да Дня настаўніка, Дня ўніверсітэта, Новага года, 23 лютага, 8 Сакавіка, дня Перамогі, па выніках навучальнага года. Усе супрацоўнікі ў снежні 2024 г. атрымалі матэрыяльную дапамогу.
На выплату стыпендый у 2024 г. было накіравана 7 млн. руб.
Уладальнікамі стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з’яўляліся 8 студэнтаў БДПУ, імянных стыпендый – 28 чалавек. Штомесячную надбаўку (да 380 руб.) атрымлівалі 400 студэнтаў і 8 аспірантаў, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, навуковай і грамадскай працы. Матэрыяльную дапамогу атрымалі амаль 700 студэнтаў, прэмію – 470 студэнтаў.
У 2024 г. павысілася эфектыўнасць працы амаль усіх факультэтаў, інстытутаў і структурных падраздзяленняў па атрыманні даходаў ад аказання дадатковых платных паслуг. Універсітэтам забяспечана выкананне ўстаноўленага паказчыка па знешнеэканамічнай дзейнасці.
Большая частка даходаў, атрыманых ад пазабюджэтнай дзейнасці БДПУ, накіроўваецца на мадэрнізацыю і абнаўленне вучэбных карпусоў, інтэрнатаў, дапаможных памяшканняў.
Падагульняючы выступленне, А.І.Жук вызначыў асноўныя напрамкі развіцця фінансава-эканамічнай дзейнасці БДПУ на 2025 г. і наступныя гады:
захаванне фінансавай стабільнасці ўніверсітэта;
павышэнне пазабюджэтных даходаў БДПУ за кошт дыверсіфікацыі іх відаў;
аптымізацыю структуры бягучых выдаткаў і капітальных укладанняў на аснове эканоміі;
максімальную актывізацыю знешнеэканамічнай дзейнасці.
Па выніках пасяджэння прынята пастанова Савета ўніверсітэта, поўны тэкст якой будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні БДПУ.