На пачатку пасяджэння рэктар А.І. Жук падкрэсліў, што міжнародная дзейнасць БДПУ накіравана на інтэграцыю ўніверсітэта ў еўрапейскую і сусветную адукацыйную прастору, актывізацыю супрацоўніцтва паміж ВНУ, развіццё і пашырэнне экспарту адукацыйных паслуг. Міжнароднае супрацоўніцтва становіцца эфектыўным інструментам удасканалення якасці адукацыі, нарошчвання навукова-кадравага патэнцыялу, важным фактарам павышэння ўстойлівасці і стабільнасці эканамічнага стану БДПУ. Для таго, каб дабіцца поспеху на рынку адукацыйных паслуг, універсітэту неабходна пашыраць спектр паслуг і пры гэтым дзейнічаць больш інтэнсіўна.
З асноўным дакладам выступіла начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Святлана Міхайлаўна Кабачэўская. Яна адзначыла, што экспарт адукацыйных паслуг ва ўніверсітэце ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Нацыянальнай праграмай падтрымкі і развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2016−2020 гады, Канцэпцыяй развіцця экспарту паслуг Міністэрства адукацыі на 2018−2020 гады і Праграмай стратэгічнага развіцця БДПУ на 2020 гады.
Валютная выручка за 2018 год склала каля 1945 тыс. дол., што на 18% вышэй за планавую велічыню і на 32% больш, чым у 2017 годзе.
На першай ступені атрымання вышэйшай адукацыі экспарт павялічыўся на 34%, на другой ступені − на 13%, у аспірантуры і дактарантуры − на 53%, іншых адукацыйных паслуг − на 10%.
Назіраецца станоўчая дынаміка ў павелічэнні колькасці замежных грамадзян, якія навучаюцца ў БДПУ. Ва ўніверсітэце ў 2018−2019 навучальным годзе на ўсіх ступенях вышэйшай адукацыі праходзяць навучанне 1100 чалавек з 20 краін свету, што значна вышэй за паказчыкі 2018 навучальнага года (678 чалавек), з іх больш за 430 чалавек − студэнты першага курса.
Пашырылася геаграфія і напрамкі ўніверсітэцкіх міжнародных кантактаў, вырасла інтэнсіўнасць адукацыйнага, навуковага і культурнага абмену з замежнымі ўніверсітэтамі-партнёрамі.
Павялічылася колькасць рэалізуемых дагавораў (па стане на 2017 год заключаны 122 дагаворы, на 2019 год − 152). Упершыню на першай ступені вышэйшай адукацыі пачалі масава навучацца грамадзяне Узбекістана (143 чалавекі). У верасні 2018 года ў рамках дагавора аб супрацоўніцтве з Ташкенцкім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Нізамі адкрыты сумесны факультэт «Інавацыйная педагогіка».
За 2017-2019 гг. назіраецца рост фінансавых сродкаў, прыцягнутых інстытутамі і факультэтамі ў рамках акадэмічнай мабільнасці, “уключанага навучання”, павышэння кваліфікацыі, стажыровак. Так, аспірантура і дактарантура за апошнія два гады арганізавала 17 стажыровак для грамадзян КНР. 17 магістрантаў і 1 дактарант з універсітэтаў-партнёраў з Казахстана прайшлі стажыроўку на факультэце прыродазнаўства. Рост колькасці стажыровак адзначаецца ў ІПКіП (у 2019 г. − 123 стажоры, што на 81% больш, чым у 2018 г.).
3 мэтай прыцягнення да навучання замежных абітурыентаў у 2018 годзе БДПУ прыняў удзел у 5 адукацыйных выставах за мяжой (Азербайджан, Расійская Федэрацыя, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан).
Пашырэнню экспарту адукацыйных паслуг і эфектыўнаму пазіцыянаванню сістэмы адукацыі ў БДПУ спрыяе супрацоўніцтва з кампаніямі-пасрэднікамі, якія накіроўваюць у краіну патэнцыйных абітурыентаў, праца з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу ў замежных краінах, прадстаўнікамі беларускіх дыяспар за мяжой.
Заўважны ўклад у выкананне плану прыёму замежных грамадзян ажыццяўляе ўпраўленне міжнароднага супрацоўніцтва, філалагічны факультэт, фізіка-матэматычны факультэт, факультэт прыродазнаўства, гістарычны факультэт.
Разам з тым побач з дасягненнямі ў галіне экспарту адукацыйных паслуг у БДПУ маецца і шэраг праблем, своечасовае вырашэнне якіх будзе садзейнічаць выкананню мэтавых паказчыкаў і дыверсіфікацыі экспарту. Не ў поўнай меры арганізавана праца па прыцягненні замежных абітурыентаў Інстытутам псіхалогіі, факультэтамі пачатковай адукацыі, сацыяльна-педагагічных тэхналогій, даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Недастаткова актыўна ўкараняецца вопыт рэалізацыі сумесных міжнародных адукацыйных праграм у межах дагавораў аб супрацоўніцтве («1 + 1» − для магістрантаў, «2 + 2» − для студэнтаў першай ступені). Слаба выкарыстоўваецца патэнцыял міжнародных цэнтраў БДПУ ў сферы экспарту адукацыйных паслуг. Адзначаецца недахоп выкладчыкаў з кваліфікацыяй «Выкладчык рускай мовы як замежнай». Патрабуецца павышэнне пазіцый БДПУ ў міжнародных адукацыйных рэйтынгах, павелічэнне колькасці адукацыйных праграм на англійскай мове (у тым ліку на другой ступені атрымання адукацыі), актывізацыя аказання адукацыйных паслуг замежным грамадзянам за межамі краіны ў дыстанцыйнай форме навучання. Існуе неабходнасць выхаду на іншыя рынкі экспарту адукацыйных паслуг, пашырэнне геаграфіі і кантынгенту замежных студэнтаў у БДПУ.
Выступленне Сяргея Іванавіча Васільца, дэкана фізіка-матэматычнага факультэта, члена камісіі па падрыхтоўцы пытання, было прысвечана ўдасканаленню экспартна-адукацыйнай дзейнасці ўніверсітэта. Дакладчык прааналізаваў эфектыўнасць арганізацыі летніх школ і летніх адукацыйных курсаў, арганізацыю працы на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі з замежнымі грамадзянамі і магчымасці рэалізацыі сумесных праграм па вывучэнні рускай мовы, выказаў прапановы па ўдасканаленні работы па выкананні мэтавых паказчыкаў экспарту адукацыйных паслуг і яго дыверсіфікацыі.
Вера Валер’еўна Хітрук, дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі, падзялілася вопытам рэалізацыі патэнцыялу Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра інклюзіўнай адукацыі з мэтай экспарту дадатковых адукацыйных паслуг, у тым ліку пры правядзенні ў рамках цэнтра міжнародных мерапрыемстваў, адукацыйных курсаў, арганізацыі платных кансультацый і вебінараў.
У прынятым рашэнні Савета вызначаны канкрэтныя задачы, накіраваныя на далейшае павелічэнне экспарту адукацыйных паслуг БДПУ. Поўны тэкст пастановы Савета будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.