З інфармацыяй “Аб узаемадзеянні факультэта прыродазнаўства з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў па павышэнні якасці падрыхтоўкі выпускнікоў” выступіла дэкан факультэта прыродазнаўства Галіна Уладзіміраўна Скрыган.
Дакладчык адзначыла, што педагагічныя работнікі арганізацый-заказчыкаў кадраў актыўна далучаюцца факультэтам да падрыхтоўкі вучэбных праграм, арганізацыі практык студэнтаў на базах устаноў адукацыі, правядзення выніковай атэстацыі студэнтаў, фарміравання заявак для распрацоўкі тэматыкі дыпломных работ.
У якасці баз практык у 2023 / 2024 навучальным годзе было задзейнічана звыш 30 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (у 9 з іх ёсць профільныя класы педагагічнай накіраванасці). Кіраўнікамі ад устаноў адукацыі былі 40 настаўнікаў-метадыстаў і настаўнікаў вышэйшай катэгорыі.
У мінулым навучальным годзе амаль палова ад агульнай колькасці дыпломных работ студэнтамі факультэта выканана па заказе школ г. Мінска, атрыманы 30 актаў аб укараненні вынікаў дыпломных работ у вучэбны працэс. У базавых арганізацыях забяспечана апрабацыя вынікаў навукова-даследчых работ магістрантаў і супрацоўнікаў факультэта.
Выкладчыкамі і студэнтамі факультэта на працягу года праведзена больш за 150 мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці ў Мінску, гарадах і сельскіх населеных пунктах Мінскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей. Тры з іх былі масавымі і ахапілі каля 1500 навучэнцаў (“Дзень прафарыентацыі” ў БДПУ; “Будучыню выбіраю сёння” і “100 пытанняў па прафарыентацыі”).
Выкладчыкі факультэта ў 2024 г. удзельнічалі ў выставе-прэзентацыі БДПУ ў Барысаве ў межах абласнога форуму “Педагог. Адукацыя. Якасць”, ХХХ Міжнародным форуме па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях “Tibo-2024”. Пры правядзенні 59-га Зорнага паходу ў мерапрыемствах студэнтаў і выкладчыкаў факультэта ўдзельнічалі больш за 730 навучэнцаў школ Крупскага раёна. Рэгулярная работа з навучэнцамі педагагічных класаў праводзіцца ў ДУА “Мінскі гарадскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр Лідар”.
Прафарыентацыя ўключана ў навуковыя, адукацыйныя, метадычныя, выхаваўчыя мерапрыемствы факультэта, планы рэсурснага цэнтра Green office БДПУ, трох СНДЛ, навуковых гурткоў “Пошук” і “Заолаг”, летніка “Прыродазнаўца”, праводзяцца майстар-класы і экскурсіі па БДПУ і факультэце. Традыцыйна факультэт працуе з адоранымі навучэнцамі ў рамках інтэрнэт-алімпіяды БДПУ па вучэбных прадметах “біялогія”, “геаграфія”, “хімія”, праводзіць па запыце ўстаноў адукацыі г. Мінска, Мінскай і Брэсцкай абласцей падрыхтоўку да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый.
Эфектыўнасць прафарыентацыйнай працы факультэта прыродазнаўства пацвярджаецца стопрацэнтным выкананнем кантрольных лічбаў прыёму ў 2022–2024 гадах.
Па выніках пасяджэння было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.