З дакладам “Аб арганізацыі культурна-масавай і дасугавай дзейнасці як сродку эстэтычнага і маральнага выхавання студэнтаў БДПУ” выступіла начальнік цэнтра студэнцкай творчасці Алена Віктараўна Жураўская.
Дакладчык адзначыла, што ў БДПУ склалася эфектыўная сістэма арганізацыі пазавучэбнай дасугавай дзейнасці, якая прадстаўлена двума ўзроўнямі: агульнаўніверсітэцкім і факультэцкім (інстытуцкім).
Штогод ва ўніверсітэце праводзіцца больш за 50 буйных агульнаўніверсітэцкіх культурна-масавых мерапрыемстваў у форме канцэртных праграм, акцый, праектаў і конкурсаў. Сярод традыцыйных – святочныя канцэрты да Дня ведаў, Дня настаўніка, Дня ўніверсітэта “Vivat, Alma Mater!” і Міжнароднага жаночага дня “З любоўю да жанчыны”.
З мэтай рэалізацыі творчага патэнцыялу студэнцкай моладзі праводзяцца такія папулярныя конкурсы, як “Міс БДПУ” і “Містэр БДПУ”, а з 2022 года – танцавальны конкурс “БДПУ: ты ў танцах!”.
Важным напрамкам з’яўляецца праектная праца. Яркімі прыкладамі служаць “Зорныя паходы” па месцах баявой і працоўнай славы, а таксама фестываль-конкурс пастановак “У славу подзвігу народа, у славу міру на зямлі!”.
З 2022 года паспяхова рэалізуецца культурна-адукацыйны праект “Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў”, які ўключае тэатральны, музейны і экскурсійны напрамкі. У рамках тэатральнага напрамку з пачатку 2025/2026 навучальнага года больш за 300 студэнтаў і работнікаў БДПУ паглядзелі 15 спектакляў. У сакавіку 2025 г. было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.
Ва ўніверсітэце дзейнічаюць праекты “Клуб творчых дыялогаў” (сустрэчы з дзеячамі культуры), “Гармонія. Стыль. Дасканаласць” (па фарміраванні іміджу педагога), “Вялікая сцэна БДПУ” (выяўленне талентаў) і інфармацыйны праект у Telegram “Культурная пятніца з Алесем Мойскім”.
На сёння ў БДПУ дзейнічае 101 клубнае фарміраванне рознай скіраванасці, у працу якіх уключана звыш 2500 студэнтаў. Гонарам універсітэта з’яўляюцца 5 калектываў з найменнем “народны”.
Асобна была адзначана праца па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы. За апошнія 5 гадоў набыта новае гукавое і светлавое абсталяванне для вялікай актавай залы, праведзены капітальны рамонт малой актавай залы, а ў студэнцкім гарадку паспяхова функцыянуе “Арт-прастора БДПУ” і інш.
Старшыня студэнцкага савета БДПУ, студэнтка 4 курса філалагічнага факультэта Сафія Юр’еўна Смолікава ў сваім выступленні адзначыла, што студсавет актыўна развівае пазавучэбную дзейнасць як важны кампанент прафесійнага станаўлення будучых педагогаў. Рэалізуюцца разнастайныя праекты – ад тэматычных акцый і інтэлектуальных гульняў да творчых шоў і анлайн-ініцыятываў, – якія спрыяюць фарміраванню лідарскіх якасцей, каманднага духу і грамадзянскай адказнасці студэнтаў.
Па выніках абмеркавання было даручана ўзмацніць працу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні і фарміраванні нацыянальнай ідэнтычнасці, актывізаваць музейны і экскурсійны напрамкі праекта “Праз мастацтва – да культуры будучых педагогаў”, пашырыць колькасць клубных фарміраванняў з улікам запытаў студэнтаў і ўкараняць новыя метады працы, надаючы ўвагу зместу рэпертуарнай палітыкі.
Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.

WI-FI




















