На пасяджэнні прысутнічалі намеснікі дэканаў факультэтаў і дырэктараў інстытутаў па вучэбнай рабоце, загадчыкі кафедраў, вядучыя прафесары і дацэнты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый.
У пачатку пасяджэння А.І. Жук адзначыў важнасць разглядаемага пытання. Па словах рэктара, пераход на падрыхтоўку спецыялістаў на кампетэнтнаснай аснове − гэта магістральны напрамак развіцця адукацыі ў краіне наогул і ў нашым універсітэце ў прыватнасці. У БДПУ праведзена значная праца па навукова-метадычным забеспячэнні такога пераходу, а адпаведныя пытанні неаднаразова заслухоўваліся на пасяджэннях Савета ўніверсітэта і рэктарата.
З асноўным дакладам выступіла дэкан факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій Вера Васільеўна Мартынава. Яна адзначыла, што з мэтай выканання рашэння Савета ўніверсітэта на факультэце распрацавана і ўкараняецца структурная мадэль прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў на кампетэнтнаснай аснове, рэалізуецца адпаведны комплекс мерапрыемстваў па мадэрнізацыі зместу, тэхналогій адукацыі, рэфлексіўна-дыягнастычнай рабоце. Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта актыўна ўдзельнічае ў выкананні галіновых і рэспубліканскіх НДР. Кафедральныя навукова-даследчыя тэмы носяць практыка-арыентаваны характар, вынікі іх укаранення дазволілі распрацаваць праграмнае, вучэбна-метадычнае забеспячэнне прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў на кампетэнтнаснай аснове.
Найбольш актуальныя праблемы падрыхтоўкі будучых спецыялістаў абмеркаваны ў 2017 г. на міжнародных навукова-практычных канферэнцыях: «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога сям’і: вопыт, праблемы, перспектывы», «Рэсурсы развіцця адукацыйнага асяроддзя бесперапыннай прафесійнай педагагічнай адукацыі», на Нацыянальным форуме «Сям’я XXI стагоддзя». На факультэце з 2016 г. дзейнічае навукова-метадалагічны семінар для прафесарска-выкладчыцкага складу «Кампетэнтнасны падыход: сутнасць і шляхі рэалізацыі».
Развіццю суб’ектнай пазіцыі студэнтаў спрыяе засваенне вучэбных дысцыплін «Уводзіны ў вучэбную дзейнасць студэнта» і «Сацыяльна-псіхалагічны трэнінг». Кафедрамі факультэта вядзецца сістэматычная праца па абнаўленні зместу вучэбных дысцыплін, укараненні інавацыйных тэхналогій, арыентаваных на фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці будучых сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных работнікаў. Унесены змены ў суадносіны лекцыйных і семінарскіх заняткаў (па спецыяльнасці «Сацыяльная педагогіка» змены склалі ад 20% да 40% ад колькасці гадзін па вучэбных дысцыплінах). Укаранёны модульны падыход у падрыхтоўцы спецыялістаў.
Выкладчыкамі распрацаваны рознаўзроўневыя заданні, практыка-арыентаваныя рэйтынгавыя кантрольныя работы. У 2017/2018 навучальным годзе ўнесены змены ў экзаменацыйныя матэрыялы па комплексным кантролі вучэбных дасягненняў, ацэнцы працэсу фарміравання кампетэнцый студэнтаў.
На факультэце актыўна рэалізуецца вядучы прынцып кампетэнтнаснага падыходу − шырокае ўзаемадзеянне з працадаўцамі. Павышана доля правядзення заняткаў на базе філіялаў кафедраў, ва ўстановах адукацыі і ўстановах сацыяльнай абароны. Колькасць «выязных» заняткаў вырасла за год у 1,5 разы.
Наблізіць працэс падрыхтоўкі да рэальнай сацыяльна-педагагічнай дзейнасці дазваляе сістэма практык, якая забяспечыла паэтапнае ўскладненне заданняў ад знаёмства з будучай прафесійнай дзейнасцю да распрацоўкі і рэалізацыі вучэбна-даследчых, сацыяльна-педагагічных праектаў ва ўстановах адукацыі і сацыяльнай абароны.
Комплекснымі відамі работы па фарміраванні прафесійнай кампетэнтнасці выпускнікоў факультэта сталі курсавыя і дыпломныя праекты. Усе выпускнікі спецыяльнасці «Сацыяльная работа» выконваюць практыкаарыентаваныя дыпломныя праекты на базах устаноў сацыяльнай абароны і ўстаноў адукацыі з абавязковым укараненнем вынікаў, пра што сведчаць акты аб укараненні.
Фарміраванню канкурэнтаздольнага спецыяліста садзейнічае навукова-даследчая работа студэнтаў у СНДЛ, праца па выкананні грантаў Міністэрства адукацыі, правядзенне штогадовай Міжнароднай студэнцкай навукова-практычнай канферэнцыі «Умовы паспяховай сацыялізацыі дзяцей і моладзі: перспектыўныя даследаванні будучых педагогаў». Высокі ўзровень работы СНДЛ і НДРС пацвярджаецца паспяховым удзелам студэнтаў у Дэкадзе студэнцкай навукі.
На факультэце створана і развіваецца інтэграванае інфармацыйна-развіццёвае адукацыйнае асяроддзе «Мой факультэт − мой поспех», асновай якога з’яўляецца Рэспубліканскі Рэсурсны цэнтр сацыяльна-педагагічных тэхналогій. Выкарыстанне распрацаваных вучэбна-праграмных і метадычных матэрыялаў па ўсіх вучэбных дысцыплінах (104) і практыках спрыяе эфектыўнаму фарміраванню прафесійных кампетэнцый. У Рэсурсным цэнтры назапашаны відэа-, аўдыакантэнт, выкарыстоўваюцца больш за 400 падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў на электронных і папяровых носьбітах. На базе цэнтра распрацаваны і рэалізаваны студэнцкія вучэбна-даследчыя і сацыяльна-адукацыйныя праекты, праводзяцца трэнінгі і інтэрактыўныя заняткі, кансультацыі і сустрэчы з вядучымі педагогамі-практыкамі, што садзейнічае фарміраванню інфармацыйнай культуры студэнтаў. У мінулым навучальным годзе праведзены 38 вебінараў, 4 семінары для педагогаў-практыкаў г. Мінска і Мінскай вобласці.
Інтэграцыі вучэбнага, навукова-даследчага і практычнага складнікаў падрыхтоўкі спецыялістаў садзейнічала рэалізацыя двухгадовага Рэспубліканскага сацыяльна-адукацыйнага праекта БДПУ і Беларускага саюза жанчын «Здаровая сям’я − здаровая нацыя». Удзел большасці студэнтаў факультэта ў праекце спрыяў фарміраванню сацыяльна-асобасных кампетэнцый, з’явіўся эфектыўнай формай іх падрыхтоўкі да працы з сям’ёй.
Выступленне Вольгі Мікалаеўны Анцыпіровіч, дэкана факультэта дашкольнай адукацыі, старшыні рабочай групы па падрыхтоўцы пытання, было прысвечана вынікам праверкі дзейнасці факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій. В.М. Анцыпіровіч адзначыла, што камісія аналізавала працу ФСПТ па наступных напрамках: планаванне працы па арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў на кампетэнтнаснай аснове, арганізацыя адукацыйнага працэсу, вучэбна-метадычнае забеспячэнне, арганізацыя практык, дзейнасць філіялаў кафедраў, арганізацыя ідэалагічнай і выхаваўчай работы, стан навукова-даследчай работы на факультэце, дзейнасць рэсурсных цэнтраў і інш. Аналіз прадстаўленых кірункаў дзейнасці факультэта, па словах дакладчыка, дазволіў зрабіць выснову пра мэтанакіраваную сістэмную працу па прафесійнай падрыхтоўцы студэнтаў на кампетэнтнаснай аснове, якая праводзіцца ўсімі структурнымі падраздзяленнямі ФСПТ на працягу шэрагу гадоў. Факультэт дэманструе дакладнае размеркаванне функцыянальных абавязкаў савета факультэта і навукова-метадычнага савета, адсутнасць дубліравання і аднастайнасці ў пастаноўцы разглядаемых патанняў.
Вера Віктараўна Васільева, загадчык аддзела ДУ «Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г. Мінска» пазнаёміла з дзейнасцю філіялаў кафедраў ФСПТ на базе названага тэрытарыяльнага цэнтра. Па словах дакладчыка, дзякуючы ўзаемадзеянню выкладчыкаў факультэта і супрацоўнікаў цэнтра, стала магчымым правядзенне шэрагу сумесных сацыяльных праектаў: «Даступная медыцынская дапамога і догляд», «Акадэмія сярэбранага ўзросту», «Прамая дапамогу і развіццё сацыяльнай актыўнасці былых вязняў нацыянал-сацыялізму ў г. Мінску» і інш. Вынікі праведзеных студэнтамі БДПУ даследаванняў актыўна выкарыстоўваюцца ў дзейнасці ўстаноў адукацыі і сацыяльнай абароны. Напрыклад, па спецыяльнасці “Сацыяльная работа” перадабарона дыпломных работ ажыццяўляецца на базах філіялаў кафедраў ва ўстановах сацыяльнай абароны. Дыпломныя праекты падмацоўваюцца актамі аб укараненні. В.В. Васільева выказала падзяку кіраўніцтву ўніверсітэта і факультэта за арганізацыю плённага супрацоўніцтва.
Кацярына Юр’еўна Пяткевіч, педагог-псіхолаг ДУА «Сярэдняя школа №180 г. Мінска», выпускніца ФСПТ, падкрэсліла, што падрыхтоўка ва ўніверсітэце дазваляе на высокім узроўні рэалізоўваць самыя розныя інавацыйныя праекты. К.Ю.Пяткевіч, адзначыла, што сярэдняя школа №180 цесна супрацоўнічае з кафедрай узроставай і педагагічнай псіхалогіі БДПУ. На базе гэтай установы ў верасні 2017 г. быў адкрыты філіял кафедры з мэтай павышэння якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў і ўмацавання практычнай скіраванасці адукацыйнага працэсу, замацавання тэарэтычных і практычных ведаў, фарміравання прафесійных кампетэнцый студэнтаў. Дзякуючы цесным сувязям школы і ФСПТ, ажыццяўляецца абмен вопытам практычнай і навуковай дзейнасці паміж факультэтам і СШ №180, на базе школы пастаянна арганізуюцца семінары, канферэнцыі, круглыя сталы. Адміністрацыя і настаўнікі школы прымаюць таксама ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца выкладчыкамі ФСПТ у сценах універсітэта. Зараз вывучаецца магчымасць адкрыцця на базе ДУА «Сярэдняя школа №180 г. Мінска» сумеснага з факультэтам сацыяльна-педагагічных тэхналогій рэсурснага цэнтра па выхаванні псіхалагічнай культуры асобы вучня.
Падводзячы вынікі абмеркавання пытання, старшыня Савета ўніверсітэта рэктар А.І. Жук адзначыў, што факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій працуе сістэмна, мэтанакіравана, на навуковай аснове, а яго вопыт павінен быць вывучаны іншымі структурнымі падраздзяленнямі і ўкаранёны ў паўсядзённы вучэбны працэс.
Па ініцыятыве кіраўніцтва БДПУ была прынята пастанова Савета ўніверсітэта, у якой вызначаны канкрэтныя задачы па далейшым развіцці прафесійнай падрыхтоўкі студэнтаў на кампетэнтнаснай аснове. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.