З інфармацыяй «Аб падрыхтоўцы будучых педагогаў да выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці» выступіла дэкан фізіка-матэматычнага факультэта Ганна Фёдараўна Клімовiч.
Дакладчык адзначыла, што ў БДПУ праводзіцца сістэматычная работа па падрыхтоўцы і выкарыстанні ў вучэбным працэсе электронных вучэбна-метадычных матэрыялаў з улікам асаблівасцей спецыяльнасцей інстытутаў і факультэтаў універсітэта.
Выкладчыкі універсітэта выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе рэсурсы дыстанцыйнага навучання (СДН Moodle, Zoom), SMART-тэхналогіі (інтэрактыўныя дошкі, фліп-чарты, сістэмы галасавання), тэхналогіі групавога ўзаемадзеяння (праграмы сумеснай працы ў камп’ютарным класе праз лакальную сетку), анлайн-сэрвісы і розныя тэхналогіі, накіраваныя на вырашэнне задач у прафесійнай сферы (вучэбныя дадаткі, інтэрактыўнае відэа і карты, 3D-мадэляванне, дапоўненую рэальнасць, сэрвісы WEB 2.0). Выкарыстоўваюцца воблачныя тэхналогіі, сайты ўніверсітэта, факультэтаў, кафедраў, блогі выкладчыкаў; для правядзення вебінараў і канферэнцый – сістэмы BigBlueButton, Microsoft Teams і інш.
У CДН Moodle БДПУ зарэгістраваны і размешчаны разнастайныя ІЭВМК, электронныя дапаможнікі, відэалекцыі па распрацоўцы электронных адукацыйных рэсурсаў.
Вядзецца праца па абнаўленні вучэбных планаў і адукацыйных рэсурсаў. Па выніках удзелу ў міжнародным праекце «Інавацыйная адукацыя ў галіне інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій для сацыяльна-эканамічнага развіцця» Erasmus+ у вучэбныя планы фізіка-матэматычнага факультэта ўключаны сучасныя вучэбныя дысцыпліны «Кіраванне ІТ-праектамі», «Тэхналогіі сеткавага педагагічнага ўзаемадзеяння», «STEM- тэхналогія» і інш.
На факультэтах пачатковай адукацыі і дашкольнай адукацыі выкладаецца факультатыўная дысцыпліна «Асновы візуальнага праграмавання і адукацыйнай робататэхнікі», дзе вывучаюцца адукацыйныя і метадычныя магчымасці асяроддзя візуальнага праграмавання Scrаtch і праграмуемага канструктара LegoWedo.
Падрыхтоўцы будучых педагогаў да выкарыстання ІКТ спрыяе дзейнасць Рэспубліканскага рэсурснага цэнтра адукацыйнай робататэхнікі, на базе якога праводзяцца заняткі па праграмаванні, робататэхніцы і методыцы выкладання інфарматыкі, рэалізуюцца праграмы факультатыўных дысцыплін «Камп’ютарнае прататыпіраванне» і «Упраўленне беспілотнымі лятальнымі апаратамі», арганізавана работа СНДЛ, працуюць школы юных інфарматыкаў, матэматыкаў.
Таксама выступалі: начальнік ЦРІТ Аксана Анатольеўна Мініч, начальнік Каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ Інеса Уладзіміраўна Зубрыліна, начальнік цэнтра цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ Аляксандра Валянцінаўна Пазняк, выпускніца БДПУ 2006 г. па спецыяльнасці «Матэматыка і інфарматыка», настаўнік матэматыкі, інфарматыкі, педагог дадатковай адукацыі ДУА «Сярэдняя школа № 59 г. Мінска» Карына Мікалаеўна Баранец.
Па выніках пасяджэння было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.