З дакладам “Аб выніках унутраных аўдытаў СМЯ і анкетавання знешніх і ўнутраных спажыўцоў” выступіў прарэктар па вучэбнай рабоце Валерый Міхайлавіч Зелянкевіч.
У сваім выступленні В.М. Зелянкевіч адзначыў, што ўнутраныя аўдыты і анкетаванні знешніх і ўнутраных спажыўцоў праведзены ў адпаведнасці з праграмай аўдытаў на 2018/2019 навучальны год і стандартам сістэмы менеджменту якасці БДПУ “Маркетынг і ўзаемадзеянне са спажыўцамі і зацікаўленымі бакамі”.
У працэсе правядзення 67 унутраных аўдытаў выяўлены 2 неадпаведнасці, якія былі ліквідаваны ў тэрміны, вызначаныя планамі карэктуючых дзеянняў.
У 2018/2019 навучальным годзе сярэдні паказчык задаволенасці працадаўцаў узроўнем прафесійнай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў (выпускнікоў БДПУ) склаў 89,2 % і на 2,5 % перавысіў запланаваны мэтавы паказчык.
Студэнты і выпускнікі задаволены атрыманымі тэарэтычнымі і практычнымі ведамі, уменнямі і навыкамі, гатовы выкарыстоўваць іх у сваёй прафесійнай дзейнасці, у прыватнасці пры арганізацыі педагагічнага працэсу, рэалізацыі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыі і інш.
Аналіз вынікаў анкетавання студэнтаў паказаў, што ў цэлым студэнты задаволены якасцю адукацыйных паслуг, сярэдні паказчык іх задаволенасці якасцю выкладання вучэбных дысцыплін – 88 %, што на 1,5 % больш за запланаваны мэтавы паказчык. Пры гэтым, сярэдні паказчык іх задаволенасці якасцю прадстаўленых паслуг склаў 85,1 %, якасцю выкладання вучэбных дысцыплін і якасцю правядзення педагагічных практык – 89,5 %.
У той жа час, па меркаванні В.М. Зелянкевіча, актуальным з’яўляецца ўзмацненне практыка-арыентаванасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, павышэнне якасці выкладання вучэбных дысцыплін, сярэдні бал паспяховасці па якіх ніжэй за мэтавы паказчык, пераход на электронную сістэму анкетавання спажыўцоў, фарміраванне ў студэнтаў навыкаў падрыхтоўкі вучняў устаноў адукацыі да прадметных алімпіяд і правядзення даследчай дзейнасці.
Падводзячы вынікі абмеркавання пытання, старшыня Савета БДПУ А.І. Жук адзначыў, што інстытутам і факультэтам, паказчыкі СМЯ па якіх ніжэйшыя за сярэднія па ўніверсітэце, неабходна ўсебакова прааналізаваць іх прычыны і распрацаваць сістэму мерапрыемстваў па павышэнні задаволенасці знешніх і ўнутраных спажыўцоў якасцю прадастаўляемых паслуг.
Па выніках абмеркавання пытання была прынята пастанова Савета ўніверсітэта, у якой вызначаны канкрэтныя задачы па далейшым удасканаленні сістэмы менеджменту якасці.
Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.
Таксама на пасяджэнні быў аднагалосна прыняты план работы Савета БДПУ на наступны навучальны год.