З інфармацыяй «Аб выніках прыёмнай кампаніі 2018 года і кадравым забеспячэнні сістэмы адукацыі г. Мінска і Мінскай вобласці» выступіў адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ Сяргей Уладзіміравіч Якавенка. Дакладчык адзначыў, што прыёмная камісія БДПУ ў рамках сваёй кампетэнцыі забяспечыла няўхільнае выкананне ўсіх пунктаў Правіл прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені, Палажэння аб арганізацыі і правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання, Парадку прыёму ў БДПУ. Універсітэт выканаў планы прыёму па дзённай (800 чалавек) і завочнай (345 чалавек) формах навучання за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Ва ўніверсітэт залічаны 179 чалавек па плане прыёму на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. У бягучым годзе на першы курс БДПУ залічаны 167 медалістаў і ўладальнікаў дыпломаў ССНУ і ПТВ з адзнакай, 335 выпускнікоў ліцэяў і гімназій.
Найбольш высокія конкурсы на дзённую бюджэтную форму навучання склаліся на спецыяльнасцях «Біялогія і хімія», «Спартыўна-педагагічная дзейнасць (спартыўная рэжысура)» – 14 чалавек на месца, «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)» – 12 чалавек на месца, «Псіхалогія» – 11 чалавек на месца.
У цэлым на шэраг спецыяльнасцей прахадныя балы выраслі ад 20 да 50 пунктаў. Так, на спецыяльнасць «Алігафрэнапедагогіка» прахадны бал склаў 268 (у 2017 г. – 218), на спецыяльнасць «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога» – 271 (у 2017 г. – 229), «Псіхалогія» – 316 (у 2017 г. – 282). Асабліва высокі рост балаў назіраецца на факультэце сацыяльна-педагагічных тэхналогій, прычым, на ўсіх трох спецыяльнасцях – «Сацыяльная педагогіка», «Сацыяльная работа», «Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога» (на 20, 26 і 42 балы адпаведна). Стабільныя, дастаткова высокія прахадныя балы зарэгістраваны і на факультэтах з самымі высокімі наборамі.
С.У. Якавенка праінфармаваў, што на 11 спецыяльнасцей – «Беларуская мова і літаратура», «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова», «Руская мова і літаратура», «Руская мова і літаратура. Замежная мова», «Гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «Фізічная культура. Фізкультурна-аздараўленчая і турысцка-рэкрэацыйная дзейнасць», «Фізічная культура (лячэбная)», «Аздараўленчая і адаптыўная фізічная культура (аздараўленчая)», «Спартыўна-турысцкая дзейнасць (менеджмент у турызме)», «Сурдапедагогіка», «Тыфлапедагогіка» – былі залічаны толькі льготныя катэгорыі абітурыентаў (абітурыенты, якія паступаюць без экзаменаў, па-за конкурсам, па мэтавых накіраваннях).
Атрыманыя вынікі сталі магчымымі дзякуючы сістэмнай прафарыентацыйнай рабоце, якую праводзіў універсітэт у 2017/2018 навучальным годзе.
Асаблівая ўвага падчас пасяджэння надавалася арганізацыі працы з вучнямі профільных класаў педагагічнага напрамку.
У 2018 годзе на першы курс БДПУ былі залічаны 223 выпускнікі педагагічных класаў. У тым ліку 51 выпускнік профільных класаў з г. Мінска і 78 з Мінскай вобласці. Больш за ўсё выпускнікоў педагагічных класаў паступілі на спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» – 29, «Беларуская мова і літаратура. Замежная мова» – 19, «Біялогія і хімія» – 14, «Алігафрэнапедагогіка» – 12. Бал атэстата выпускнікоў педкласаў вагаецца ў межах ад 8,5 да 9,9 балаў; 11 з іх узнагароджаны залатым (сярэбраным) медалём.
Падводзячы вынікі абмеркавання, старшыня Савета Аляксандр Іванавіч Жук адзначыў, што разгледжанае пытанне мае асаблівае значэнне для ўніверсітэта, паколькі ад таго, наколькі ўдала праведзена прыёмная кампанія, у многім залежыць і якасць падрыхтоўкі педагагічных кадраў. У апошнія гады было шмат зроблена па ўдасканаленні прафарыентацыйнай працы, аднак калектыву БДПУ нельга спыняцца на дасягнутым, а неабходна прапаноўваць і ўкараняць новыя падыходы ў працы з абітурыентамі. Так, маюцца пэўныя магчымасці для паляпшэння выніковасці прыёмнай кампаніі за кошт узмацнення сувязяў паміж універсітэтам і іншымі навучальнымі ўстановамі, больш актыўнай работы з вучнямі педагагічных класаў і іх бацькамі, далейшай актывізацыі прафарыентацыйнай працы, арганізацыі падрыхтоўкі школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах па вучэбных прадметах, актывізацыі дзейнасці філіялаў кафедраў.
Па ініцыятыве рэктара БДПУ было прынята некалькі важных рашэнняў. Поўны тэкст пастановы Савета БДПУ будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.