На пасяджэнні прысутнічалі намеснікі дэканаў факультэтаў і дырэктараў інстытутаў па навуковай рабоце, загадчыкі кафедраў, прадстаўнікі студэнцкага актыву і грамадскіх арганізацый.
У пачатку пасяджэння А.І.Жук адзначыў, што ў БДПУ забяспечваецца ўстойлівае планамернае развіццё навукова-даследчай і эксперыментальнай дзейнасці, павышаецца яе сацыяльна-эканамічная эфектыўнасць для ўстойлівага развіцця грамадства.
Рэктар падкрэсліў, што разглядаемае пытанне з’яўляецца актуальным у плане перспектыў развіцця ўніверсітэта, паколькі ў сучасных умовах удасканальваць адукацыйны працэс можна толькі на падставе навуковых, эксперыментальных і інавацыйных распрацовак.
З асноўным дакладам выступіла дэкан факультэта дашкольнай адукацыі Вольга Мікалаеўна Анцыпіровіч. Яна адзначыла, што навуковая, эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць факультэта характарызуецца належным узроўнем і разнастайнасцю формаў яе арганізацыі, садзейнічае якаснай падрыхтоўцы студэнтаў па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” і ўносіць значны ўклад у развіццё сучаснай сістэмы дашкольнай адукацыі краіны.
Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта з 2016 г. да 2021 г. прымаў удзел і працягвае ўдзельнічаць у рэалізацыі навуковых праграм рознага ўзроўню (28 тэм): Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, галіновых навукова-тэхнічных праграм, тэм навукова-даследчай работы па забеспячэнні дзейнасці Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кафедральных тэм. Супрацоўнікі факультэта дашкольнай адукацыі з’яўляліся і з’яўляюцца кіраўнікамі 14 эксперыментальных і інавацыйных праектаў Міністэрства адукацыі. Вынікі навукова-даследчай дзейнасці прафесарска-выкладчыцкага складу ўкаранёны ў адукацыйны працэс БДПУ і ўстаноў дашкольнай адукацыі.
У 2016–2020 гг. выкладчыкі факультэта атрымлівалі гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у адукацыі і Міністэрства адукацыі, стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь таленавітым маладым вучоным.
На факультэце значная ўвага надаецца падрыхтоўцы кадраў вышэйшай кваліфікацыі. За апошнія 5 гадоў адбыліся абароны чатырох дысертацый на саісканне вучонай ступені кандыдата навук.
Прафесарска-выкладчыцкі склад факультэта актыўна ўдзельнічае ў двух праектах з прыцягненнем замежнай бязвыплатнай дапамогі, якія рэалізуюцца БДПУ сумесна з ЮНІСЕФ, што з’яўляецца стымулам да распрацоўкі новых практыкаарыентаваных напрамкаў навуковай работы, крыніцай павышэння матэрыяльна-тэхнічнага патэнцыялу ўніверсітэта.
Стварэнне на факультэце Цэнтра сучасных методык дашкольнай адукацыі адпавядае асноўным трэндам у рэалізацыі канцэпцыі ўніверсітэта 4.0 праз інтэграцыю адукацыйнай, навуковай, прадпрымальніцкай дзейнасці і новых магчымасцей шырокага ўваходжання ўніверсітэта ў соцыум. Дасягненню гэтай жа мэты садзейнічае ўдзел выкладчыкаў факультэта ў працы Навуковай крамы, стварэнне сеткавай супольнасці ўстаноў дашкольнай адукацыі і інш.
Навукова-даследчая работа студэнтаў на факультэце арганізуецца ў рамках дзейнасці студэнцкага навуковага таварыства і чатырох студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый. Сярод студэнтаў факультэта – тры Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця, уладальнікі грантаў Мінгарвыканкама, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, два студэнты атрымалі заахвочванне спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Студэнты факультэта з’яўляюцца пастаяннымі ўдзельнікамі Рэспубліканскага конкурсу студэнцкіх навуковых работ: у 2016–2020 гг. 40 з іх атрымалі прызавыя катэгорыі.
Разам з тым на факультэце ёсць патрэба ў актывізацыі сумесных фінансуемых навуковых даследаванняў з замежнымі партнёрамі, павелічэнні публікацыйнай актыўнасці выкладчыкаў у выданнях, якія маюць высокі імпакт-фактар, а таксама ўзроўню публікацый студэнтаў з мэтай павышэння выніковасці іх удзелу ў конкурсах навуковых работ.
Ксенія Скачко, студэнтка 2 курса факультэта дашкольнай адукацыі, Маладзёжны пасол Мэт устойлівага развіцця, паведаміла членам Савета пра вопыт уласнай даследчыцкай працы ў складзе СНДЛ “Зялёная планета”, якая займаецца вывучэннем механізмаў фарміравання ў дзяцей дашкольнага ўзросту культуры рэсурсазберажэння ў розных відах дзейнасці ва ўмовах установы дашкольнай адукацыі.
Па выніках пасяджэння была прынята пастанова Савета ўніверсітэта, у якой вызначаны канкрэтныя задачы па далейшым развіцці навукова-даследчай, эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці БДПУ. Поўны тэкст пастановы будзе накіраваны ва ўсе структурныя падраздзяленні ўніверсітэта.